Малая падарожная кніжыца

 

22 сакавіка, панядзелак, Ворша. У РАФіку-маршрутцы сядзіць кандуктар. Гэта — на дзесяць пасажыраў максымум. Так бы мовіць, барацьба зь непрацоўнымі даходамі шафёра. А ў кандуктара яны працоўныя?

 

Бобр. Сустракае Алесь Пушкін. Увесь у чорным. Начышчаныя боты, пад пахай — тэчка. Ходзіць трэці дзень па Бабры і высьвятляе ў людзей, каго б тыя хацелі ў прэзыдэнты. Карціна наступная: зь дзесяці мясцовых — тры цьвёрда «за Луку», пяцёра — балота: нікому ня вераць, і — па адным за Пазьняка з Чыгіром. «Але за Пазьняка ўсё ж больш», — кажа Алесь. Увогуле, баброўскія самазабясьпечваюцца: у кожнай хаце бочкі, мяшкі, скрыні з прадуктамі — так любую ўладу можна ператрываць. Крочым да пушкінскай сядзібы. Па дарозе Алесь паказвае на прыватныя крамкі з таньнейшымі за дзяржаўныя таварамі, падводзіць да царквы, пабудаванай на народныя сродкі за Гарбачова. Сам Пушкін набыў для царквы звон за шэсьцьдзесят баксаў і бясплатна расьпісаў яе фрэскамі. Царква зачыненая, але Алесь кажа, што мае ў хаце свой ключ ад храма: «паямо і зойдзем», але зайсьці не выходзіць. Сядзім, п’ем каву. Стук. Участковы. Апраўдваецца, што чалавек ён паднявольны, але мусіць везьці Пушкіна ў Крупскі РАУС на размову, бо так загадаў начальнік. Коцім утрох на міліцэйскім «Жыгулёнку». Пра мяне Алесь кажа як пра рок-музыку. Участковы — аматар панку. Пра панк і размаўляем.

 

Крупкі. Пушкін прапаноўвае мне выйсьці ля школы, дзе працуе наш сябра Андрэй Аляхновіч. Школа сталінскай пабудовы нагадвае гарадзенскую турму. Калі выходзім з Аляхновічам, бадзёры Пушкін крочыць насустрач. Маўляў, размова прызначаная на другую. А пакуль — рэдакцыя раёнкі «Ленінскім курсам». Алесь дае аб’яву, што набудзе зруб пад лазьню — знайшліся аматары яго творчасьці ў Нямеччыне і, адпаведна, грошы. Дамаўляемся, што калі праз гадзіну Пушкін ня вернецца з РАУСу, пойдзем з Аляхновічам вызваляць. Гляджу матэрыялы тутэйшых археалягічных раскопаў і слухаю расповеды пра Малое Палесьсе (так географы завуць рэгіён Крупак). Ля трэцяй прыходзяць Аляхновічава жонка Натальля і Яніна Пушкіна. Завіхаюцца ля стала, а мы з Андрэем рушым да РАУСу. З-за дзьвярэй кабінэту начальніка міліцыі Зімніцкага даносяцца галасы трох чалавек. Там яшчэ й раённы пракурор. Начальніцкі голас лае Басаева ды іншых чачэнскіх змагароў. Тады — ізноў глухая размова. Нарэшце ля дзьвярэй гучыць: «Пішыте лучшэ картіны, Александр Нікалаевіч». З абеду ледзь пасьпяваю на электрычку. Без квітка. Хлопцы супакойваюць: там будуць прадаваць, а не — скажаш: «ад Беражка».

 

Менск. На занятках у Беларускім Калегіюме Ігар Бабкоў даводзіць, што, каб разважаць пра сутнасьць чалавека, трэба яго ўпісаць у пэўную мадэль сьвету.

 

24 сакавіка. Ля прадуктовай на Дарашэвіча пад сотню чалавек стаяць па яйкі.

 

25 сакавіка, Гомель. Бамбяць Югаславію. Уразіла, што й Чарнагорыю таксама. А калі б бамбілі Беларусь зь яе казармамі ва Ўруччы, Баравусе, Пячах, аэрадромам пад Воршай і РЛС пад Баранавічамі? Ні Хусэйна, ні Кадафі бамбардаваньнямі ня скінулі.

 

27 сакавіка, Ворша. Гена й Ларыса — «духоўныя кіраўнікі» Культурна-Асьветніцкага Цэнтру імя Караткевіча — вырашылі павіншаваць усіх аршанцаў з Днём Волі празь мясцовую тэлекампанію. Падрыхтавалі тэкст, пазычылі ў касьцёле відэакасэту з кліпамі віцябляніна Савельева, узялі грошы, пайшлі замаўляць. Галава тэлекампаніі Сяргей Бойка адразу ж запрацівіўся: няма ў нас дыктара, які б валодаў беларускай мовай. Гена й Ларыса прапануюць відэатэкст без агучваньня: «КАЦІК віншуе з Днём Волі ўсіх шчырых беларусаў». Бойка катэгарычна супраць Дня Волі: «У меня отберут лицензию!» Кліпы Савельева таксама адмятаюць: там усюды бел-чырвона-белыя спалучэньні. У выніку, Гена й Ларыса сядзелі і віншавалі аршанцаў з Днём Волі з хатніх тэлефонаў.

 

Доўск. Браты, як зазвычай, на рыбе. Наконт майго праекту з канцэртам: новы дырэктар школы адмаўляе любыя рок-канцэрты — хопіць сустрэчаў выпускнікоў раз на год. Узорная СШ.

 

Гомель. Цяплынь. Усюды гарыць сухатраўе. Яек і масла ў магазінах няма, малако — дзіцячае ў пакеціках па 200 г, 20 тысяч за пакет. Увечары тэлефануе знаёмы фэрмэр. Патравілі яму буйную жывёлу — пяць кароў і каня. Добра шчэ, што не самога фэрмэра.

 

1 красавіка, чацьвер, Бобр. Зноў у Пушкіна. Яго размова з пракурорам раёну мела працяг. Даслалі паперку за подпісам старшыні пассавету: «Александр Николаевич! 30 марта 1999 года приглашаю тебя явиться в Бобрский пос. Совет к 11.00. С тобой из г.Борисова должен встретиться работник органов госуд. власти. Прошу не игнорировать». «Работник органов» прадставіўся як Сяргей Міхайлавіч Гапееў — старлей, опэрупаўнаважаны Барысаўскага УКГБ. Старшыню пассавету зь ягонага кабінэту на час сустрэчы з Пушкіным прыбраў. Алесь паставіў умовай размаўляць толькі па-беларуску. Старлей пагадзіўся, але пратакол адначасова пісаў на расейскай. Дамагаўся ад Пушкіна прызнаньня, што той зьбіраў подпісы за кандыдатаў у прэзыдэнты. Алесь не прызнаўся й пратаколу не падпісаў. Да Вялікадня Алесь пасьціцца, робіць для Бобрскай царквы дзьве вялікія выявы Хрыста на дыхце. Надвячоркам заходзім у царкву. Частка фрэсак зьлева ад уваходу разбураецца ад вільгаці — будаўнікам забракла грошай, каб дарабіць дах.

 

4 красавіка, нядзеля, Крупскі раён. З Андрэем Аляхновічам на ягонай «аўдзюсе» швэндаемся па паганскіх капішчах Малога Палесься. Ля самой шашы мінаем «сьвяты дуб» — адзін з дванаццаці колішніх волатаў. Дарожныя службы здаўна намагаліся яго сьпілаваць, але людзі тутэйшыя не далі. У Старой Слабадзе да нас далучаецца дырэктар мясцовай школы Міхал Адамаў сын Баравуля — былы аднакурсьнік Лукашэнкі ды руплівы краязнаўца. Адамыч зьнешне падобны на Сокалава-Воюша. І таксама піша вершы зь песьнямі. Але краязнаўства перамагае. Наведваем разам велічэзную паганскую абсэрваторыю са шматвыяўным валуном на чале кампазыцыі і курганамі, што паўтараюць Вялікую Мядзьведзіцу, «божае крэсла», што лечыць радыкуліты, «паганскія могілкі» з магічнай сымболікай і беларускімі кірылічнымі надпісамі паэта Івана Алексіевіча, адзін з твораў якога ходзіць па Менску ў выглядзе беларускага дзіцячага фальклёру. Алексіевіч жыве ў Сомрах — вёсцы з паганскімі культамі. Тутэйшую царкву спалілі ў 1942-м партызаны, а большасьць іконаў панішчыў яшчэ да вайны дасланы з Воршы настаўнік Урода Аўсюк. Сомраўцы штогод ладзяць «Піва» — крывавае родавае сьвята, замест Пасхі сьвяткуюць «шулу» і пакланяюцца дубам, камяням ды крыніцам. Выдаць Алексіевічу зборнік зьбіралася сама Данута Бічэль.

Андрэй Мельнікаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0