Віктар Шніп
***
Незадаволены сабой, як вецер,
Якому нават цесна ў чыстым полі,
Які, сумуючы аб белым сьвеце,
Ня будзе ведаць белы сьвет ніколі,
Бо ён радзіўся тут і тут сканае,
Як пыльная дарога палявая,
Што мёртваю травою зарастае.
Незадаволены сабой і сьветам
Іду дамоў, нібы ў палон здаюся
Спакою, што паэтамі апеты,
Спакою, быццам бы зьмяі баюся,
Але іду дамоў, нібы ўцякаю,
Нібыта грэшнік, што прагнаны з раю...
Іду дамоў і дзе мой дом — ня знаю.
Іду дамоў, як Біблію чытаю.
***
Тваё жыцьцё — туман па-над дарогай,
Якая зарасла даўно травой, —
Тут не цікавіць болей анікога
Апроч хмурын, што плачуць над табой.
І гэты дождж ты любіш за самоту,
Што сеецца на травы і кусты,
Змываючы зь лістоты пазалоту
Да чорнай, як вугольле, чарнаты.
Ты зойдзеш да Яе папіць гарбаты
І будзеш ля Яе, як раб, стаяць,
Які заўсёды ў нечым вінаваты,
Якога можна за пятак прадаць.
Ды пойдзеш ты, каб болей не вярнуцца,
Па той дарозе, што даўно ў траве.
І зоркі зь неба ў росы перальюцца
І ў росах цень твой сьветла праплыве.
І будзе ўсё, як і было заўсёды,
Але захоча некалі й Яна
Твайго каханьня і тваёй самоты,
Нібы ў царкве царкоўнага віна...
***
Настрой такі, што ўсё няміла,
І шэры горад, як магіла,
Дзе мы, як прывіды, жывём.
І жоўты сьнег, і белы вецер,
І сонны, як хвароба, вечар
Душу апальваюць агнём.
Агонь жа не стушыць вадою,
Ён быццам крыж па-над царквою,
Якая ў памяці стаіць.
І я іду дамоў з работы,
І ўсьлед сьмяюцца ідыёты,
І сіл няма, каб іх любіць.