Курдыстан, падзелены на тры

 

Мы хадзілі аднымі калідорамі, езьдзілі адным трамваем, частавалі адзін аднаго гарбатаю ды высьвятлялі дробныя непаразуменьні. Мы ўздымалі келіхі на нечых днях народзінаў ды не забываліся стэлефанавацца, прыкладна ведаючы храналягічныя арыенціры сьвятаў — ці то нашага Дня Волі, ці то мусульманскага Новага году. Апошнім разам з маім колішнім суседам па інтэрнаце мы «перасекліся» каля мэтро. Я вымавіла два словы, ад якіх зь ягонага твару адразу зьляцела звыклая прыветная разважлівасьць. Словы былі — «Курдыстан» і «Аджалан»...

— Нашыя курды ўсе зьехалі, — сказаў Амран. — Нікога зь іх цяпер няма ў Менску. Ты хіба зусім ня памятаеш, якія між намі былі спрэчкі?

Можна падумаць, сам ён шмат разумеў у нашых колішніх спрэчках з палякамі ды ўкраінцамі!

Перш чым пражыць у Менску больш за пятнаццаць гадоў, мой сусед пасьпеў нарадзіцца ў правінцыі Гілян на паўднёвым захадзе Ірану, уцячы ад фундамэнталіста Хамэйні, павучыцца ў Кабульскім унівэрсытэце, потым зьбегчы ад незразумелай яму савецка-афганскай вайны... Цяпер вырашае, ці вернецца на радзіму, ці паедзе на Захад, ці беларускія ўлады дадуць колішняму палітычнаму ўцекачу палітычны прытулак. Курдзкае пытаньне майго знаёмага глыбока хвалюе ня толькі таму, што сярод ягоных сяброў ёсьць курды, але й таму, што ён — гілянец, прадстаўнік яшчэ адной з іранскіх нацыянальных меншасьцяў. У Іране гілянцы маюць тыя ж правы, што й курды, а іранскі Курдыстан знаходзіцца з правінцыяй Гілян зусім побач.

— Усе курды, якіх я сустракаў у Менску, — працягваў знаёмец, — гавораць пра курдзкія праблемы настолькі эмацыйна і па-аджаланаўску, што часам забываюцца нават на праўдзівыя факты гісторыі і сучаснасьці...

Натуральна, я зацікавілася поглядам свайго іранскага суседа на гісторыю ды сучаснасьць курдзкага пытаньня.

 

 

Вытокі

Вытокам сваёй старажытнай дзяржаўнасьці ў курдаў прынята лічыць перамогу над крыжакамі, дасягнутую пад кіраўніцтвам вялікага палкаводца Сурахадзіна Аюбі, вядомага як Саладзін. Зразумела, курды залічваюць яго першым у сьпіс сваіх нацыянальных герояў. Праўда, апанэнты такой трактоўкі гісторыі лічаць Аюбі зусім ня курдам, а пэрсам з паходжаньня, не забываючы ўдакладніць, што кіраваў ён ня курдзкім войскам, а зборным з многіх народаў «войскам ісламу».

Сем стагодзьдзяў таму курды разбурылі старажытную дзяржаву асырыйцаў. Пазьней яны трапілі разам зь іншымі народамі ў Атаманскую імпэрыю. Менавіта распад гэтай ды іншых імпэрыяў і нарадзіў многія зь сёньняшніх курдзкіх праблемаў. На пачатку ХХ ст. пасьля паразы Атаманскай імпэрыі ў каляніяльнай вайне частка падуладных ёй тэрыторыяў адышла пад уладу Вялікай Брытаніі (Эрзэрумскі ды Анаталійскі пакты 1909 ды 1913 г.). Пасьля І сусьветнай вайны, дзе Турцыя выступала ў хаўрусе зь Нямеччынай, распад імпэрыі працягваўся: да пераможцаў, краінаў Антанты, адышлі Ірак, Сырыя, апошняя частка Ярданіі... пад юрысдыкцыяй Стамбулу засталіся спрадвечна турэцкія тэрыторыі. Але разам зь імі — частка Курдыстану.

У 1915 годзе пачынаецца сапраўдная рэвалюцыя з мэтаю стварэньня «новай Турцыі». «Бацька туркаў» Ататурк праводзіць так званую туркізацыю краіны. Курды адыгрываюць фатальную ролю ў гэтым працэсе, мабыць, ня ведаючы, што ваююць супраць саміх сябе. Выкарыстоўваючы курдзкія збройныя атрады, Ататурк праводзіць этнічныя чысткі і вынішчае ў Турэччыне каля паўтара мільёна этнічных армянаў.

У 1919 годзе адбываецца чарговы і апошні перападзел межаў на мапе рэгіёну. Фактычна, умовы пры гэтым дыктуе Вялікая Брытанія. Стварэньня незалежнай, прынамсі, хоць намінальна, але ўсё ж асобнай дзяржавы курдаў, гэтымі ўмовамі не было прадугледжана. Шмат для каго гэта выглядае незразумелым, улічваючы, што менавіта тады атрымаў незалежнасьць раней калянізаваны Ірак — дзяржава, якая ніколі не існавала пад гэткаю назвай — у адрозьненьне ад Ірану-Пэрсіі, што ніколі не была нічыёй калёніяй. На пэрсідзкай мове слова «Ірак» азначае «за ракою». Па-нашаму кажучы, нібыта «Зарэчча» атрымліваецца.

Як мы ўбачым потым, гэтыя тры дзяржавы (Іран з даўняй нацыянальна-дзяржаўнай традыцыяй, шмат часу залежны Ірак і калянізатар Турэччына) праз фармаваньне масавай псіхалёгіі ўскосным чынам адыграюць сваю ролю і ў лёсах курдаў.

Менавіта ў склад Турцыі, Ірану ды Іраку пасьля апошняга перападзелу межаў і адышлі часткі разрэзанага межамі Курдыстану.

Навошта гэта было зроблена? Чаму землі з кампактным насельніцтвам, якое гаворыць на адной мове і мае агульныя традыцыі, трэба было гэтак разьмяжоўваць? Відавочна, ангельскія калянізатары ставілі свае стратэгічныя мэты. Напрошваюцца аналёгіі з перасяленьнем, выгнаньнем цэлых народаў, іхным зьмешваньнем дзеля «фармаваньня адзінага савецкага народу» за Сталіна. Пры спробе вяртаньня да спрадвечных вытокаў, вызначэньні этнічных ды дзяржаўных межаў паміж народамі пры канцы існаваньня СССР тут жа ўзьнікла блытаніна, што перайшла ў некалькі лякальных войнаў на Каўказе. Верагодна, што й Брытанія мела патрэбу ў існаваньні патэнцыйнага асяродку нестабільнасьці на Блізкім Усходзе на выпадак магчымага паслабленьня тут свайго ўплыву.

Між тым вынікі такога падзелу неўзабаве пачалі зьведваць на сабе турэцкія курды. «Туркізацыя» дасягнула апагею. Было абвешчана, што ў Турцыі адгэтуль жывуць толькі й выключна туркі. Што да нацменшасьцяў, дык улады «новай Турцыі» не прызнавалі нават самога факту іхнага існаваньня. Курдаў сталі называць «горцамі», альбо «горнымі туркамі». Ім забаранілі ня толькі пісаць, чытаць, друкаваць, але й проста размаўляць на роднай мове. Яна, дарэчы, роднасная не турэцкай мове, а іранскай: яна ўваходзіць ня ў цюрскую, а ў іранскую моўную групу.

 

 

Спробы адраджэньня

Сказаць, што курды да зьяўленьня Абдулаха Аджалана не адстойвалі свайго права на самастойнасьць, азначала б сказаць няпраўду. У 1943 годзе неразьбярыху падзеяў ІІ сусьветнай вайны паспрабавалі скарыстаць для ўтварэньня незалежнай рэспублікі курдзкія камуністы. На поўначы Ірану, куды ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі, былі абвешчаныя дзьве рэспублікі — Іранскі Курдыстан ды Іранскі Азэрбайджан. Дэкляраваліся іхныя незалежнасьць і дэмакратычнасьць, што не замінала кіраўнічым партыям новых краінаў афіцыйна лічыцца філіямі КПСС. У пляны Іосіфа Сталіна ўваходзіла далучэньне абедзьвюх рэспублік да СССР. Чырвонае войска выкінулі з Ірану ў выніку Тэгеранскага пакту; прэзыдэнт Трумэн тады пагражаў нават ядзернай вайной супраць СССР. Рэспублікі былі зьнішчаныя праманархісцкім войскам Ірану пры падтрымцы мясцовага насельніцтва. Каля 10 тысячаў чалавек у выніку эмігравалі ў Савецкі Саюз, неўзабаве папоўніўшы «насельніцтва» ГУЛАГу. Пракамуністычныя лідэры іранскага Курдыстану, якіх ня змог пакараць сьмерцю іранскі шах, на эміграцыі як бы выпадкова загінулі ў аварыях ды няшчасных выпадках.

Курдзкі рух у Іране пайшоў на спад і змог узьняць галаву толькі пасьля скіданьня ў 1979 годзе шаха дынастыі Пахлеві. Іранскія курды спрабуюць дамагчыся эканамічнай і культурнай аўтаноміі ў складзе гэтай краіны, але аятала Хамэйні душыць іхную барацьбу ня менш жорстка, чым зьнішчаны ім ягоны папярэднік. На думку майго знаёмага, пры ўсім сваім фундамэнталізме Хамэйні не хацеў дзяржавы, у якой усе мусульмане былі б роўнымі, як гэта запісана ў Каране. Пасьля сьмерці Хамэйні ягоныя пераемнікі сталі праяўляць большы лібэралізм у курдзкім пытаньні. Аднак яшчэ задоўга да праяваў гэтага лібэралізму іранскія ўлады негалосна падтрымлівалі рэвалюцыю курдаў, што ўспыхнула ў 1975 годзе ў суседнім Іраку пад кіраўніцтвам Мустафы Барзані. Падтрымка была абумоўленая пэўнымі супярэчнасьцямі, якія на той час існавалі паміж уладамі дзьвюх суседніх краінаў. Рэвалюцыя была падаўленая пасьля заключэньня паміж Багдадам і Тэгеранам дамовы аб спыненьні дапамогі паўстанцам. Цікава, што Мастафа Барзані пасьля паразы курдаў у Іраку эміграваў у Іран. У выніку рэвалюцыі ірацкаму Курдыстану ўлады краіны далі аўтаномію. Аднак пазьней, калі яна выканала сваю «суцяшальную» ролю, яе анулявалі.

 

 

Партыя Аджалана

Курдзкая Рабочая Партыя (КРП) узьнікла на мяжы 70-х і 80-х гадоў. Найбольш прыхільнікаў яна займела ў курдаў Турэччыны, што цалкам заканамерна: менавіта ў гэтай краіне этнічна курдзкае насельніцтва найбольш бяспраўнае. З патрыятычнымі курдзкімі рухамі Ірану, якія дзесяцігодзьдзямі адстойвалі права свайго народу на аўтаномію, КРП сувязяў ня мела. Больш за тое, разыходжаньні ў мэтах і сродках іх дасягненьня даходзілі нават да збройных сутычак паміж курдзкімі патрыётамі Ірану і атрадамі Аджалана. Як вядома, КРП, найбольш вядомая й радыкальная арганізацыя курдаў у сьвеце, ставіць на мэце нацыянальнае самавызначэньне ды стварэньне незалежнай курдзкай дзяржавы. У адрозьненьне ад іранскіх курдаў зь іхнаю выключна мірнай барацьбой за аўтаномію, КРП ня грэбуе тэрактамі й забойствам дзясяткаў людзей.

Калі гісторыя з магабадзкімі прасавецкімі рэспублікамі падказвае, чаму сёньня курдаў можна пабачыць на мітынгах камуністаў, дык ідэалёгія партыі Аджалана тлумачыць карані іншага хаўрусу. Скажам, у гарадах Нямеччыны разам з курдамі на іхныя вулічныя акцыі нярэдка выходзяць нэанацысты. Справа ў тым, што фактычна КРП — арганізацыя шавіністычнага, прафашыстоўскага кшталту. Яна прапагандуе гвалт і забойствы, лічыць ворагамі ўсіх туркаў, з навародкамі ўлучна, а таксама іракцаў ды іранцаў усіх плямёнаў і народнасьцяў. Мой знаёмец, які да знаёмства зь сябрамі КРП сымпатызаваў курдам і шкадаваў іх, пабыўшы безь віны вінаватым у курдзкіх праблемах, «ворагам»-іншародцам, цяпер па-свойму ставіцца да паняцьцяў «курдзкі народ» і «Курдзкая Рабочая Партыя». Што да ідэалягічнага хаўрусу партыі Аджалана з «нэанацы», то менавіта нянавісьць да туркаў увогуле і нямецкіх туркаў, у прыватнасьці, яднае адных і другіх. У Нямеччыне пасьля ІІ сусьветнай вайны асела даволі шмат туркаў, якія, між іншым, адыгралі сваю ролю ў адбудове краіны пасьля паразы гітлераўскага рэжыму.

Нягледзячы на розьніцу ў радыкалізьме мэтаў і сродкаў барацьбы зь вялікай часткай нетурэцкіх курдаў, КРП мае свае базы на тэрыторыі Ірану ды Іраку. Праўда, частка тамтэйшых курдаў лічыць Абдулаха Аджалана ня «бацькам курдзкага народу», а ягонай ганьбай. Ходзіць шмат чутак пра сувязі Аджалана з італьянскай мафіяй і вялізныя сумы «наркадаляраў» на ягоных замежных рахунках.

Ці мог у Турцыі паўстаць нейкі іншы, адрозны ад КРП, менш радыкальны ў сродках барацьбы, не шавіністычны й не мафіёзны рух курдаў? Мой знаёмы іранец катэгарычны: не, ня мог. Зь ягоных словаў, любы рух мірнага супраціву курдаў (кшталту нашага БНФ) быў бы проста фізычна вынішчаны турэцкімі ўладамі. Гвалтоўныя дзеяньні і ідэалёгія КРП — параджэньне акупацыйнага гвалту.

 

 

Тры курдзкія народы?

«Самавызначэньне курдаў — лёзунг, які мае права на існаваньне, але ня мае сэнсу, — лічыць Амран. — Ня мае таму, што аб’яднаньне аднаго народу немагчыма ажыцьцявіць на грунце трох цалкам адрозных культураў». Прадстаўнікі курдзкае нацменшасьці ў Іране, Іраку й Турэччыне ў апошнія дзесяцігодзьдзі існуюць у вельмі розных, часам непараўнальных умовах. Прыкладам, у Іране ў курдаў ёсьць рэальная магчымасьць разьвіваць сваю мову й літаратуру. Па краіне распаўсюджваецца сямнаццаць пэрыядычных выданьняў на мовах нацыянальных меншасьцяў (і нават на дыялектах), і гэта толькі выданьні агульнаіранскія. Па рэгіёнах іх яшчэ больш. Курдзкамоўная прэса — не вынятак з гэтага правіла. У іранскай частцы Курдыстану існуюць ня толькі газэты, але й радыё, тэлевізія на роднай мове тутэйшага насельніцтва — курдзкай. Дасягненьні літаратуры й культуры курдаў у Іране агульнапрызнаныя, яны сталіся часткай культуры краіны. «Я кажу пра гэта зусім не з сваіх патрыятычных іранскіх перакананьняў, — падкрэсьліваў у гутарцы мой знаёмец, — а таму, што ўсё гэта ёсьць насамрэч». Наяўнасьць у Іране свабодаў для нацменшасьцяў тлумачыць пэўную памяркоўнасьць большасьці тамтэйшых курдаў, якім для шчасьця не стае толькі асаблівага статусу іранскага Курдыстану ўнутры Ірану.

Нічога зь пералічанага вышэй курды ня маюць у Турэччыне, дзе іх працягваюць лічыць нейкімі «горнымі туркамі» і забараняюць нават размаўляць на роднай мове. Іхная нацыянальная годнасьць настолькі прыніжаная, што структура кшталту КРП і лідэр тыпу Аджалана паводле ўсіх законаў жыцьця й лёгікі зь філязофіяй ня мог не зьявіцца на гэткай глебе.

Што да курдаў Іраку, то яны, як іхныя браты ў суседнім Іране, не пазбаўленыя ўладамі сваіх СМІ. Але зразумела, што не ад добрага жыцьця й дэмакратычнага ладу ўсе курдзкія СМІ — у апазыцыі да рэжыму Садама Хусэйна (дарэчы, яшчэ ў бытнасьць Садама Хусэйна міністрам замежных справаў паміж Іракам ды Іранам увесь час узьнікалі праблемы з дэмаркацыяй мяжы на памежных курдзкіх тэрыторыях).

Ніводная з трох частак этнічнага Курдыстану ня мае статусу аўтаноміі ў складзе той ці іншай краіны. Між тым умовы жыцьця й палітыкі ўладаў зрабілі сваю справу: іранскі, ірацкі й турэцкі курд — абсалютна розныя людзі, як тры браты-блізьнюкі, якіх выхоўвалі ў зусім розных умовах. Справа ня толькі ў пэрсідзкім альфабэце, якім карыстаюцца іранскія курды пры пісьме на роднай мове, а ў сьветаглядных і духовых адрозьненьнях. Іранскія курды лічаць сябе адным са спрадвечна пэрсідзкіх народаў і жывуць у сапраўды этнічна блізкім атачэньні (уявіце сабе для параўнаньня беларусаў Смаленшчыны, якія мелі б беларускамоўныя СМІ, кнігадрук і школы). Курды Турэччыны й Іраку жывуць сярод цюрскамоўных народнасьцяў зь іншымі традыцыямі і пры той ці іншай ступені ўціску на этнічнай глебе пачуваюцца чужымі. Тым ня менш, як кажа мой знаёмы, курдзкамоўная літаратура іранскіх курдаў — зьява, чужая для іхных суродзічаў зь іншых частак Курдыстану. Але гэта цалкам натуральная зьява для сучаснага Ірану, дадае ён. Духова больш блізкія адзін да аднаго курды Іраку ды Ірану.

У выпадку рэалізацыі такой ідэі КРП, як зьбіраньне ўсіх курдзкіх земляў пад адным дзяржаўным «дахам», гэты народ напэўна б чакала не адзінства, а непаразуменьні, грамадзянская вайна й крывавая барацьба за ўладу. Доўгачаканы нацыянальны дом зусім не абавязкова аказаўся б тады для курдаў крэпасьцю.

Сёньня прыблізна 4,5 мільёны этнічных курдаў пражываюць у Іране і каля 7,5 мільёнаў — у Іраку. У Турэччыне ж курдаў больш, чымся ў гэтых краінах разам — пад 17 мільёнаў.

Пасьля арышту Абдулаха Аджалана турэцкімі ўладамі курды ўсяго сьвету, падобна, забыліся на свае ідэйныя разыходжаньні, выступаючы ў падтрымку лідэра Курдзкай Рабочай Партыі. Ягонае зьняволеньне, магчымае жорсткае абыходжаньне зь ім і пакараньне сьмерцю, што пагражае яму, падштурхнулі курдаў да праяваў этнічнай салідарнасьці. Нягледзячы на колішнія перастрэлкі з баевікамі КРП, іранскія курды цяпер праводзяць мітынгі салідарнасьці з Аджаланам. Іранскія ўлады гэтыя мітынгі не забараняюць...

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0