Сiняя царква

 

У дзяцiнстве многiя хлопцы партовага горада Гомеля марылi выключна пра марскую кар’еру. Ня быў выняткам i я. Гэтаму спрыяла ня толькi прыгожая рака, але й наяўнасьць у горадзе над Сожам Клюбу юных маракоў i рачнiкоў, дзе зiмою мы вучылiся вязаць вузлы й махаць сьцяжкамi, увесну налягалi на цяжкiя вёслы ялаў ды красавалiся адпрасаванымi гюйсамi ў Румянцаўскiм парку, а ўлетку выпраўлялiся ў падарожжы на клюбных цеплаходах. Ва ўсiх курсантаў была запаветная мара — патрапiць на «Тайфун», якi спускаўся па Дняпры аж да самага Херсону. Але з далёкай выцечкай мне так i не пашанцавала, бо разьмеркавалi на ўбогi цiхаходны «Цiмур», канцавою мэтай якога быў нiкому невядомы Чарнобыль. Як жа мяне тады зьядала крыўда! I на клюб, i на тых шчасьлiўцаў, што ўбачаць начныя агнi Кiева й Днепрагэсу. Пакуль я на развалюсе «Цiмуры» буду гiбець у нейкiм там Чарнобылi.

Але калi табе дванаццаць i постацi бацькоў паволi аддаляюцца, каб зьнiкнуць за лукавiнаю ракi, тады любая прыстань наперадзе здаецца Кейптаўнам. Сьпяваючы пiянэрска-пiрацкiя песьнi, драючы палубу, стоячы на вахтах, мы ўвесь час марылi толькi пра Чарнобыль. Дзе абавязкова павiнна быць ня так, як паўсюль. Дзе мы нарэшце кiнем якар i, як сапраўдныя марскiя ваўкі, ленаватаю хадою сыйдзем у незнаёмы, амаль замежны, горад. Каб замалявацца загарам перад дзяўчынкамi, растрацiць шчодра дадзеныя бацькамi на цукеркi рублi альбо пабiцца з чарнобыльцамi.

Сваёй мэты мы дасягнулi на пяты дзень паходу. Соннае ды ўтульнае мястэчка сустрэла нас сiняй царквою на беразе, усьмешкамi месьцiчаў ды неверагодным для нас дзiвам — абрыкосавымi дрэвамi, што расьлi ўздоўж вулiц, як у нас таполi. Пакуль нашыя капiтаны п’янствавалi ў мясцовым кабаку, мы бадзялiся па мястэчку, аб’ядаючыся тымi абрыкосамi і, згодна з указаньнем старэйшых, бокам абыходзілі царкву. Але раптам нас аклiкнуў поп. Мы крыху спалохана падышлi да сiняй царквы. У апранутага ў расу мажнога барадатага чалавека аказалiся вясёлыя, жывыя вочы. Распытаўшы, адкуль такiя марачкi, ды пажадаўшы шчасьлiвага плаваньня, ён кожнага перахрысьцiў. Самы нахабны з нас гучна запытаў: «А праўда, што Бога няма?» Але адказу папа я не магу згадаць i да сёньня. Памятаю толькi, як сьвятар праводзiў нас поглядам i як мы пасьля накiнулiся на нахабнiка з асуджэньнем. «Падумаеш, што Бога няма, чалавека ж нельга крыўдзiць». Так у Чарнобылi я быў упершыню ў жыцьцi перахрышчаны сьвятаром, але нiякай увагi таму факту тады не надаў. Неўзабаве мы аддалi канцы й скiравалi на горад Прыпяць. Але сучасны горад нiчым не зьдзiвiў. На зваротным шляху мне выпала вахта. Зноў праплываючы Чарнобыль, сiнюю царкву я сустрэў як нешта вельмi блiзкае i глядзеў на яе, пакуль званiца канчаткова ня зьнiкла з вачэй.

Празь пяць гадоў пасьля той вандроўкi пра невялiкае мястэчка Чарнобыль даведаецца ўвесь сьвет. Для сьвету гэтае слова стане сынонiмам апакалiпсiсу. Для мяне ж яно назаўжды будзе асацыявацца з той бязьмежнай свабодай, якую адчувае птушаня, упершыню пакiдаючы бацькоўскае гняздо. З чаканьнем нечага невядомага, але абавязкова толькi добрага. I зь сiняй царквою, дзе я быў хрышчаны ня згодна з абрадам, а на шчасьлiвы шлях.  

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0