Пра ідэалы

У год, калі памёр Сталiн, мой бацька стаў у сваёй вясковай школе старшынём камсамолу. У той час ён быў захоплены Кастусём Калiноўскім i паклаў нямала намаганьняў, каб школе надалi iмя слыннага паўстанца. Канстанцiн Вiкенці Калiноўскi ўяўляўся яму тады хлопцам у сялянскай сьвiтцы, рыхтык як на палотнах Гугеля й Кудрэвiч, дзе ён ачольвае сярмяжнае сялянскае войска. Юначы iмпэт, аднак, ня быў ухвалены ў вышэйшых iнстанцыях, хоць бацькава школа й выбiлася ва ўзорна-паказальныя. Грамату далi. Пра Калiноўскага параiлi не шумець. Недзе тады ў юначых душах i былi пасеяныя зярняты нязгоды i прынцыповае беларушчыны.

... Iдэалы-пэрсаналii — усё ж справа ўзроставая. I я быў у дзяцiнстве неарыгiнальны, калi марыў быць мараком, геолягам i лётчыкам. Тады для мяне iдэаламi былi пэрсанажы Стывэнсана, Вэрна i Сабацiнi. Праўда, невядома адкуль, праклюнулася і любоў да каўкаcкiх гeрояў з расейскае лiтаратуры. Я вельмi шанаваў Шамiля, чым зьдзiвiў настаўнiцу тае самае лiтаратуры. Гэтак i напiсаў у сачыненьнi, што мае iдэалы — гэта Спартак, якi ваяваў з Рымам i Шамiль, якi ваяваў з Расеяй. Савецкая школа ў БССР спараджала i такiя гiбрыды. Бракавала толькi беларускага кампанэнту. Калi ж па праграме дайшлi да Калiноўскага, дык я «адхiнуў усе сумненьнi разам». Натуральна, маё захапленьне, па сямейнай традыцыi, было бязьмежным. Калi ж я перажыў i ўзрост Калiноўскага, дык узораў для перайманьня й шанаваньня стала меней...

Сталеючы, людзі разумеюць, што гeроі кніг і кіно — гэта мастацтва. Толькі мастацтва... І пакрысе забываюцца на мушкецёраў, індзейцаў ды палярнікаў. Шукаюць узораў сярод жывых. Аднак ідэал — недасяжны. І ў наблiжэньнi многiя кумiры могуць аказацца ня гэткiмi, якiмi нам iх малюе нашае ўяўленьне. Чытаючы кнігі Караткевіча, я ўяўляў яго калі ня Чорным Воінам, дык прынамсі Андрэем Беларэцкім. Мне пашчасьціла пазнаёміцца зь ім асабіста. Я не расчараваўся. Проста раз і назаўсёды пераканаўся ў тым, што творца й ягоная торчасьць ня тоесныя.

Аўтарытэтам для мяне ёсьць асобы, якіх я ведаю асабіста і якія мяне не расчаравалі на працягу нашага знаёмства. Асобы, якія мяне здзіўляюць. Мяне зьдзіўляе папа Ян Павал ІІ, які кожны дзень прамаўляе да людзтва, заклікаючы быць людчэйшымі, і, сярод бальканскае куламесы не шукае «сваіх» і «чужых», каб нешта зьмяніць у нашых душах. Мяне зьдзіўляе Васіль Быкаў, які па-ранейшаму піша і не мяняе сваіх прынцыпаў, які не пакідае старацца нешта зьмяніць у людзкіх галовах. Мяне зьдзіўляе мой бацька, які штодзённа ходзіць настаўнічаць за мізэрныя грошы, каб штосьці зьмяніць ва ўяўленьнях студэнтаў і па-ранейшаму шануе Кастуся Каліноўскага... Асобы, якія добра робяць сваю справу.

S.H.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0