Васіль Быкаў

БАЙКІ ЖЫЦЬЦЯ

Трыпціх*

 

2. СЬМЕХ

На трэці дзень, калі грамадзяне больш-менш угаманіліся ад радасьці вялікай перамогі, было абвешчана, што кіраўніком дзяржавы робіцца той самы тоўсты палкоўнік, які першым засьмяяўся над паразай страху. Газэты пісалі пра «подзьвіг самага адважнага вайскоўца, грамадзяніна краіны». Першым дэкрэтам новага кіраўніка стала асуджэньне страху і запачаткаваньне барацьбы зь ягонымі наступствамі. У гарадах і вёсках выяўлялі плаксівых і напалоханых і бязьлітасна асуджалі іх. Упартых саджалі ў турмы — асабліва тых, хто не хацеў сьмяяцца, а тым болей, плакаў ад жалю па звыклым і любым страху. Мірона таксама пасадзілі, бо выявілася, што ён ня ўмеў сьмяяцца і нават адмовіўся вучыцца тое рабіць. Патомныя страхавіты ў масавым парадку пераходзілі ў стан сьмехавітаў. Самыя спрытныя зь іх сьцьвярджалі, што нават і ў змрочныя часы страху часьцяком сьмяяліся. Хто — зачыніўшыся ў прыбіральні, хто — на ўласнай кухні, хто — у сьне. І тое была праўда.

Сьмех паступова, але няўхільна рабіўся нацыянальнай ідэалёгіяй, урэшце абвешчанай у адмысловым дэкрэце кіраўніка дзяржавы. З нагоды абвяшчэньня на цэнтральнай плошчы адбыўся грандыёзны мітынг. Там жа на былым п’едэстале страху была ўстаноўленая постаць Сьмеху — мармуровая скульптура прывабнай дзяўчыны, якая аж кладзецца ад неспатольнага сьмеху-рогату. У горадзе адчыніўся ўнівэрсытэт сьмеху, дзе вывучаліся ягоныя аспэкты — псыхалягічны, фальклёрны, паліталягічны. У школах былі ўведзеныя ўрокі сьмеху (замест літаратуры і матэматыкі), якія вельмі падабаліся вучням. Зьявіліся першыя вучоныя — важныя профі ў галіне новай стваральнай навукі — сьмеху. Спакваля ў краіне распладзілася мноства ансамбляў сьмеху і весялосьці , якія, добра зарабляючы, езьдзілі па гарадах і электрамузыкай сьмяшылі публіку, асабліва моладзь. У іншых мясьцінах выступалі вучоныя-лектары, што распавядалі, як хутка добра будуць жыць людзі, што выклікала няспынны рогат у залі, і вучонаму добра плацілі. Усё тое надта падабалася, асабліва моладзі: канцэрты і лекцыі сьмеху часам доўжыліся да ранку. Вядомы пісьменьнік, патрыярх айчыннай літаратуры, нядаўні апалягет страху, стаў ня меншым апалягетам сьмеху і і напісаў новы раман, трохі гульліва названы «Хі-хі». Праўда, жаданы аптымізм аўтара ня спраўдзіўся: адмысловыя літаратуразнаўцы (вядома ж, у штацкім) знайшлі між радкоў замаскаваныя прыкметы страху, і аўтар быў падвергнуты грамадзкаму астракізму. Ён перастаў змушана ўсьміхацца і неўзабаве памёр. Па-людзку пахаваць яго не было за што.

Увогуле ж справа сьмеху ў дзяржаве разьвівалася добра. Арганізацыямі ды гурткамі была ахопленая ўся краіна — уся краіна заўзята сьмяялася.

Усё было б добра, калі б не адна неспадзяванка — стала не хапаць ежы. Сьпярша паасобныя грамадзяне, а затым гаспадаркі і цэлыя калектывы, захапіўшыся сьмехам і весялосьцю як асноўным спосабам існаваньня, амаль перасталі працаваць і адно — сьмяяліся. Але праваахоўныя органы супраць іх не маглі ўжыць аніякіх мераў, бо ўсё было законна. Незаконным быў страх і сум, супраць якіх міліцыянты, судзьдзі і пракуроры прымалі самыя жорсткія меры. Аднак парушэньняў закону ня менела, ад нялёгкага жыцьця нават стала большаць. З падачы органаў правапарадку кіраўнік дзяржавы ўгледзеў у гэтым небясьпеку для існаваньня дзяржавы і вырашыў узмацніць барацьбу зь перажыткамі страху. Але якім чынам? Было вызначана, што ў гэтай справе больш прыдатныя мэтады страху. Філёзафы пачалі казаць пра дыялектычнае разьвіцьцё папулярнай ідэі — дзеля аб’яднаньня нацыі, натхненьня яе на барацьбу за лепшае жыцьцё, калі нікога ня трэба будзе прымушаць сьмяяцца, а ўсе стануць сьмяяцца самахоць, ад душы. А пакуль што, сьцьвярджалася ў законе, трэба прымушаць сьмяяцца, не зважаючы ні на што, адно — у інтарэсах дзяржавы.

Тым ня менш, сьмяяцца людзям хацелася ўсё меней, часьцяком хацелася плакаць.

Уся рэч у тым, што жыцьцё сьмехавітаў катастрафічна пагаршалася — да недахопу харчу прыбавіўся недахоп адзеньня, абутку, паліва і гарэлкі. Зімой у кватэрах было надта халодна, купіць паліва ня мелі за што. З-за недахопу лекаў дактары пачалі шырока лячыць мэтадамі сьмехатэрапіі, але той мэтад чамусьці мала памагаў хворым, якія паміралі плачучы, што было недапушчальна. Ды й дактары перасталі сьмяяцца. Тады ўрад пайшоў на паслабку рэжыму сьмеху. Для некаторых катэгорыяў насельніцтва ўводзіліся прывілеі. Было дазволена плакаць тым з намэнклятуры, каго зьнімалі з пасады (адзін плач у месяц); жанчыны-вэтэраны органаў мелі права на 2-3 плачы ў квартал. Плач і нават публічны сум катэгарычна забараняўся працаўнікам праваахоўных органаў, міліцыі і вайскоўцам. Выключэньне рабілася толькі для бацькоў вайскоўцаў, якія атрымлівалі «груз-2000», і то на працягу аднаго дня з часу атрыманьня грузу.

Але харчу ўсё ня большала. Абставіны ўскладніліся яшчэ й тым, што заходнія высокаразьвітыя краіны перасталі даваць крэдыты. Замест крэдытаў яны разгарнулі ў сваіх СМІ паклёпніцкую кампанію, галоўным накірункам якой стала сьцьверджаньне, што ў краіне сьмехавітаў усе зьехалі з глузду. Гэта, вядома, было нечуванай абразай нацыі, кіраўніцтва, дыскрэдытацыяй вялікай сьмехатворнай ідэі. Урад угледзеў у тым непрыкрытую варожую вылазку і прыняў рашэньне ўзмацніць узброеныя сілы. Першай і галоўнай мерай стала прысваеньне вялікай групе афіцэраў званьня палкоўніка, а палкоўнікам — генэрал-палкоўніка. Усе іншыя, прамежкавыя званьні, былі зьліквідаваныя як непатрэбныя. Тое дужа спадабалася вайскоўцам. Па колькасьці генэрал-палкоўнікаў войска краіны пераўзышло арміі самых разьвітых краінаў Захаду. Гэта быў несумнеўны і вялікі посьпех!

Есьці яшчэ ўбавілася; ня стала хапаць жыльля — нават для генэрал-палкоўнікаў. А калі ў каго й было жытло, дык не ставала добраўпарадкаваных летнішчаў, што выклікала вялікае напружаньне ў грамадзтве, якое часам аж пераставала сьмяяцца. Не хапала таксама грошай, бэнзыну, транспарту. Ды сьмехавіты ня скардзіліся, адно сьмяяліся, разумеючы, што калі не задаволіць вайскоўцаў, дык тыя не абароняць ад ворагаў, якія ўсіх сьцяруць у парашок і панішчаць іхную самую жыватворную ідэю сьмеху.

Але так думалі, мабыць, ня ўсе. У сталічным горадзе пачалі ўтварацца падпольныя групы, названыя дысыдэнцкімі, якія выпрацоўвалі альтэрнатыўныя ідэі — таго ж сьмехатворнага кшталту, але не з вар’яцкім — з чалавечым тварам. Твар у некаторых падпольных выявах ужо не нагадваў ні чалавека спалоханага, ні чалавека-вар’ята, а меў нешта сярэдняе і па-навуковаму называўся гома-сапіенс. Гэта быў ідэал. А ідэал належала ўвасобіць, для чаго дысыдэнты сабраліся аднойчы ў сьвяточны адвячорак на прыватнай кухні і стварылі падпольны (ценевы) урад. Як кожную важную справу, тое належала абмыць, што і было неадкладна зроблена. У добрым настроі ўрадоўцы вярталіся дадому, але адзін зь іх (старшыня ценевага ўраду), што вёз сьпіс у кейсе, задрамаў у тралейбусе і згубіў кейс. На другі дзень урад у поўным складзе быў арыштаваны.

Падзеі ў краіне сьмехавітаў не на жарт затрывожылі суседзяў, якія ўсялякімі сродкамі пачалі падахвочваць сьмехавітаў да барацьбы за свае грамадзянскія правы. Сьпярша сьмехавіты надта зьдзівіліся, але паступова ўсьвядомілі сваё першае права — на сум. Натуральна, дамаганьне такога права ў краіне законнага канстытуцыйнага сьмеху было расцэненае ўрадоўцамі як крамола і прыроўнівалася да дзяржаўнага злачынства — замаху на галоўнага кіраўніка краіны ці да абрабаваньня банку. Шмат маласьвядомых грамадзянаў з праваабарончых арганізацыяў, творчых саюзаў і моладзі пацярпела за сваю крымінальную схільнасьць да суму. (Дарэчы, той сум яны здабылі ў часе галадоўкі ў карцары, дзе сум не прысякаўся — сумуй, колькі хочаш. Карцар быў адзіным дазволеным месцам суму ў дзяржаве, чым арыштаваныя ахвотна карысталіся.) Дзіўна, што нават сьмяшлівая моладзь часам стамлялася ад казённай весялосьці і час ад часу адчувала патрэбу пасумаваць. Але такіх хутка выключалі з унівэрсытэтаў, датэрмінова заганялі ў войска, дзе славуты «інстытут дзядоўства» хутка мяняў сьмех на сьлёзы. Пры адсутнасьці паліторганаў «дзяды» вельмі дапамагалі камандзірам выхоўваць падначаленых у атмасфэры аптымістычнага патрыятызму.

А тым часам есьці ў краіне зусім ня стала чаго. Было зразумела, што галоўная нацыянальная ідэя не працуе, што прыйдзецца шукаць новую. І тады вынайшлі ідэю часовую, якая мела выдатную пэрспэктыву стаць фундамэнтальнай. Яна ня толькі не адмяняла ранейшую, але ўзьнімала яе на новую вышыню — што было надта важна. І ўрад кінуў увесь дзяржаўны бюджэт на вытворчасьць гарэлкі.

Гэта сапраўды выклікала небывалы народны ўздым. Народ усё зразумеў і прыняў бяз словаў — што значыць навуковая беззаганнасьць ідэі. На мітынгах у гарадах і вёсках прамоўцы гаварылі пра новую культурна-псыхалягічную рэвалюцыю ў краіне, пра яе лёсавызначальны сэнс. Гарэлкай бясплатна забясьпечвалася кіраўніцтва, пасьля вэтэраны-пэнсіянэры (пры норме 1 бутэлька на 1 дзень), пасьля ўсе астатнія, уключаючы немаўлят. Сем’і, у якіх было шмат дзетак, раскашавалі як мае быць — і дарослыя, і дзеці ўвесь дзень пілі і рагаталі, астатні час спалі і пахмяляліся. І дзякавалі ўладзе, галоўнаму кіраўніку і мясцовым вэртыкальшчыкам, якія займелі адзіны пільны клопат — забясьпечыць самыя глухія куткі краіны сьвежай гарэлкай. Гэта належала рабіць без пасярэднікаў-злыдняў, якія нахабна заніжалі градус. Сацыялягічны інстытут, які правёў апытаньне (было ахоплена 100% насельніцтва) выявіў небывалы паказчык тых, хто ўхваляў новую палітыку ўраду, — 100%. Папулярнасьць кіраўніка-палкоўніка стала такая, што ўрад надаў яму чын Вялікага Каудыльё.

Але заставалася нявырашанай адна застарэлая праблема, якая вынікала з тае аксіёмы, што, выпіваючы, трэба закусваць. Закусваць не было чым; праўда, вучоныя пачалі прапагандаваць новы спосаб ужываньня алькаголю. Спасылаючыся на перадавыя заходнія краіны, яны даказвалі магчымасьць выпіваючы не закусваць; некаторыя даводзілі, што есьці наогул шкодна для здароўя. Але тыя рэкамэндацыі кепска ўспрымаліся насельніцтвам. Дайшло да таго, што некаторыя зь несьвядомых грамадзян (пераважна жанчыны) пакрысе пачалі адмаўляцца піць. Пачуліся нават размовы, нібыта малако было болей карыснае, асабліва для дзетак. Але калі б малако было болей карыснае, дык бы яно было і даражэй. А так з усіх харчовых тавараў гарэлка мела самы вялікі кошт. Вядома, то былі правакацыйныя размовы з мэтай дэстабілізацыі грамадзтва, і праваахоўныя органы, якія даўно і справядліва зрабіліся карнымі, сурова каралі адступнікаў ідэі. Як і тых вучоных, якія ўзяліся (вядома, беспадстаўна) прапагандаваць цьвярозасьць. Наперакор ім у прыклад ставілася сьвятое жыцьцё Вялікага Каудыльё, які піў з дня нараджэньня і давёў дзённую норму да аднаго літра чыстага алькаголю. Менавіта дзякуючы гэтаму, пісалі прыдворныя акадэмікі мэдыцыны, палітолягі, сацыёлягі ды іншыя, любы народам Каудыльё падарыў ім такую дасканалую ідэю. І калі яна ня ўсюды і не ва ўсім дае плён, дык у тым не ягоная віна — віна тых, хто недасканала авалодаў ёю. Значыць, трэба больш піць і лепш працаваць.

Супраць таго, каб больш працаваць, не пярэчыў ніхто — ні адна ўрадавая ці апазыцыйная партыя — з тым сапраўды былі згодныя ўсе. Але ніхто ў гэтай краіне ўжо даўно не працаваў, нашмат больш прыемна было піць. Паколькі гарэлкі на кожны дзень не хапала, пілі ўсё, што лілося: самагон, сусла, піва, воцат, клапамор, тармазную і мазольную вадкасьці, тасол, бэнзын, газу. Ніхто ў краіне не баяўся нікога, нікога ня слухаў — ні дактароў, ні міліцыянтаў, якія таксама пілі ня менш за астатніх.

Калі жыць зусім стала неяк, зрабіўся вялікі пераварот, які назвалі па-заходняму — дэмакратычны. Да ўлады прыйшлі тыя самыя людзі, што валадарылі раней. Толькі цяпер яны апранулі двухбартовыя гарнітуры і пачалі салодка ўсьміхацца перад народам. Калі ж ніхто ня бачыў, зубамі ірвалі адзін аднаму горла, дамагаючыся поўнай улады. Для таго патрэбныя былі асаблівыя здольнасьці, якімі з ранейшых ніхто не валодаў. Тады немаведама адкуль зьявіўся незвычайны чалавек, што перагрыз усіх і авалодаў уладай.

Пачалася новая эра — эра Вялікага Жаху.

Але тое — асобная гісторыя, пра якую летапісец раскажа наступным разам.

 

*Працяг, пачатак у папярэднім нумары.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0