СЛОЎНІК ПАНЯЦЬЦЯЎ

 

§4. Адам Глёбус і дэфлярацыя беларускай літаратуры.

Куды глядзіць галоўная вуліца Менску, якая ў розных часох і пры розных рэжымах, натуральна, і называлася па-рознаму -- праспэктам Сталіна, Леніна і нарэшце Скарыны? Яна глядзіць на Маскву. У такой «адвольнай» плянамэтрыі прачытваюцца закладзеныя ў беларускай сталіцы сэнсы -- быць горадам імпэрскага значэньня і адначасна гэткім сабе нэкропалем, дзе ўсё, асуджанае пэўнымі сіламі на сьмерць, памірае, адыходзіць, так што толькі ўважлівы назіральнік здолее распазнаць сьляды прамінулага, страчанага, зьбяёданага.

Нішто так не характарызуе Менску, як разьмешчаныя ў ім грамадзкія прыбіральні. Па-першае, іх заўсёды катастрафічна не ставала, і таму ўвесь Менск ператвараўся ў адну вялікую прыбіральню. У адрозьненьне ад сусьветнай практыкі, у ім няма і не было прыбіральняў пры мэтро, буйных установах гандлю і, нават, пры асобных кавярнях і іншых прадпрыемствах грамадзкага харчаваньня. Відаць, ужо на ўзроўні праектаваньня адпаведныя фізіялягічныя патрэбы ўспрымаліся падазронымі й нячыстымі, нечым такім, што савецкаму чалавеку сьветлага заўтра было чужое, чаго ён павінен быў катэгарычна выракацца ці, прынамсі, стрымліваць у сабе ў зародку. Па-другое, як казала мая знаёмая зь Нямеччыны, у Менску самыя сьмярдзючыя [грамадзкія] прыбіральні на сьвеце. Для мяне дагэтуль застаецца загадкай, што ж там так сьмярдзіць, выпаражненьні беларускіх грамадзянаў ці нешта большае. І, можа, гэтая тхліна раскладаньня проста зыходзіць з гэтага ўяўленага намі на хвіліну нэкропалю?

Як бы там ні было, але ўжо адпраўленьне сваіх натуральных фізіялягічных патрэбаў для савецкага кіраўнічага зьвяна было па сутнасьці сэксам. У гэтым мы бачым пэрвэрзію. Увогуле, пэрвэрзія (ці, інакш, вычварэньне, перакручваньне, скрыўленьне) зьяўляецца ўнівэрсальнай характарыстыкай шмат якіх кавалкаў старой і новай беларускай рэчаіснасьці і, у тым ліку, стану гуманітарнай веды. Возьмем, напрыклад, тое, што ляжыць пад рукой. Тое, што называецца ўва ўнівэрсытэцкіх падручніках «сучаснай беларускай мовай» (дык як, паважаныя таварышы акадэмікі, усё-ткі будзе па-беларуску — форм ці формаў?), на добры лад ёсьць ня чым іншым, як радыкальнай пэрвэрзіяй беларускай мовы як такой. Падумаць толькі, якому калясальнаму псэўдаўніфікацыйнаму ціску паддавалася мова, якая да пачатку XX ст. існавала ў нешматлікіх пісьмовых фіксацыях і фактычна ня мела ўласнай кніжнай традыцыі.

Малады беларускі пісьменьнік Адам Глёбус праяўляе цікавасьць да многіх бакоў жыцьця. Таму й палавое жыцьцё, якое так старанна ігнаравалі яго беларускія літаратурныя настаўнікі, ня можа пакінуць Глёбуса абыякавым. Ён не здавальняецца голым апісаньнем адпаведных сцэнаў, яму хочацца дасягнуць максымальнай мастацкай разьняволенасьці. У выніку нярэдка перад вачыма чытача адкрываецца тое, што ў падручніках па сэксалёгіі называецца пэрвэрзіяй — у яго кнігах адна дама суполіцца зь пяцьма панамі, завязваюць трывалыя сяброўскія сувязі людзі зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацяй і г.д. Ня трэба, аднак, забывацца, што для аўтара гэткая пэрвэрзія зьяўляецца ня чым іншым, як дзейсным сродкам эмансыпацыі, адыходу ад састарэлых схемаў і канвэнцыяў.

Валерка Булгакаў

  

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0