Фронт і Выбары

 

Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі паказалі, што ў краіне фармуецца новая палітычная воля і што яна імкліва беларусізуецца, гаворыць па-беларуску (Ганчар гаворыць па-беларуску чысьцей за Пазьняка, нават Бегданкевіч загаварыў!) і гаворыць найперш пра нацыянальныя інтарэсы. Яшчэ крыху, і для паспалітага патрыёта ня стане ніякай вонкавай розьніцы паміж Чыгіром і ўчорашнім манапалістам патрыятызму БНФ. Розьніца выявіцца ў іншым — у здольнасьці да рэальнае палітыкі і наяўнасьці згаданай вышэй палітычнай волі. Праўда, нельга не згадаць і ажыўленьне Фронту, які стаіць на парозе радыкальных унутраных зьменаў.

Закіды пра маскоўскую інсьпірацыю Чыгіра на гэтых выбарах выглядаюць непраўдзіва. Інакш пэўная частка расейскіх СМІ крычала б пра выбары ў кожным інфармацыйным выпуску. Аднак на момант падпісаньня гэтага нумару «НН» у друк, увечары 16 траўня — ані слова, ні ў тэлевізіі, ні ў радыё, ні ў газэтах, ні ў левых, ні ў правых.

Другое пытаньне — пра фальсыфікацыю ліку сабраных галасоў, маўляў, яны нерэальныя. Варта ўявіць сабе, што 10 тысячаў зборшчыкаў па ўсёй краіне на працягу 10 дзён ходзяць па кватэрах. Ім трэба сабраць кожнаму па 350–400 галасоў, г.зн. усяго па 35–40 у дзень. Хто калі-небудзь рабіў такія абходы, зразумее, чаму яны зьбіралі болей. А тое, што хадзілі, — пра гэта сьведчаць рэпрэсіі — затрыманьні, штрафы і г.д. зноў жа — па ўсёй краіне.

Аднак, вернемся да палітыкаў. Фронт апынуўся ў цэнтры ўвагі незалежных СМІ. Не Пазьняк, як было ў папярэднія гады, а БНФ, думка якога на гэтых выбарах разыйшлася з думкаю старшыні. Пазьняк зьняў сваю кандыдатуру і даў загад фронтаўцам у выбарах ня ўдзельнічаць. Іншыя лідэры Фронту і Сойм не ўхвалілі гэткага кроку. Выглядае, што калі БНФ у выніку расколецца, дык гэта будзе няроўны раскол, дакладней, адкол той часткі функцыянэраў, якія застаюцца ў думках згодныя з учынкам Пазьняка. Так ці йнакш, а Фронту ў Беларусі відавочна замінае тое, што ягоная палітычная суб’ектнасьць ня першы год знаходзіцца «ў эміграцыі».

Што лідэры Фронту самі гавораць пра рашэньне Пазьняка выйсьці з выбараў і вывесьці зь іх БНФ?

 

Вінцук Вячорка, намесьнік старшыні БНФ:

— Лічу, што гэта безадказнае стаўленьне да сяброў Фронту, якія ахвяравалі сваёй свабодай, патрапіўшы за краты, сваімі месцамі працы, зь якіх яны былі звольненыя. І безадказнае стаўленьне да людзей, якія паверылі ў гэтыя выбары, у іхную ідэю. Існавала мноства іншых магчымасьцяў адстаяць сваю праўду, свой імідж у канкурэнцыі з іміджамі Ганчара ды Чыгіра.

 

— Што, на Вашую думку, стане галоўным вынікам гэтага кроку й гэткага стаўленьня?

— Нанесены вялікі псыхалягічны ўдар па нацыянальна сьвядомай частцы нашага грамадзтва, з наступстваў якога, магчыма, давядзецца выбірацца пэўны час. Насуперак рашэньню Сойму Народнага Фронту, Зянон Пазьняк арганізаваў абзвон сяброў выбарчых камісіяў. Большасьць сяброў гэтых камісіяў — менавіта сябры Фронту. Калі трэба было выкрываць нейкія парушэньні з боку Чыгіра ды Ганчара, гэта ж можна было рабіць пры дапамозе сяброў выбарчых камісіяў, а не правакаваць сытуацыю, калі прэзыдэнцкае тэлебачаньне гаворыць вуснамі Сяргея Папкова...

 

— Дарэчы, а чаму менавіта вуснамі Папкова? Разам са спадаром Крываротам гэты чалавек нечакана для многіх назіральнікаў узьляцеў у фронтаўскія «вярхі» ў другой палове мінулага году. Што за кадры кіруюць сёньня самай аўтарытэтнай партыяй, калі яна фактычна йдзе да расколу?

— Гэта людзі, якія рэалізуюць на практыцы прынцыпы «вэртыкальнага» кіраўніцтва ды тэлефоннага права...

 

Юры Хадыка, намесьнік старшыні БНФ:

— Спадар Юрась, як Вы ацэньваеце апошнюю заяву Зянона Пазьняка наконт зьняцьця сваёй кандыдатуры?

— Ён мае права гэта зрабіць, згодна з заканадаўствам. Іншая справа — адкліканьне людзей з выбарчых камісіяў, бо гэта ёсьць парушэньнем Статуту Фронту. У сапраўды дэмакратычнай арганізацыі ня можа ўсё вырашаць адзін чалавек.

 

— Ці можна сур’ёзна гаварыць, што намеціўся раскол у Фронце?

— Расколу — няма. Існуюць разыходжаньні ў меркаваньнях і ацэнках...

 

— І які прыблізна працэнт сяброў БНФ нязгодны зь ягоным лідэрам?

— Гэта складанае пытаньне. Я магу гаварыць толькі пра кіраўніцтва: два чалавекі ў ім зь Зянонам Станіслававічам згодныя, чатыры — не. Што тычыцца сакратароў, дык іхныя меркаваньні падзяліліся недзе напалову.

 

— Якія наступствы могуць мець гэтыя разыходжаньні, сама пазыцыя сп. Пазьняка?

— Я спадзяюся, што на галоўным выніку выбарчае кампаніі гэтая сытуацыя ніяк ня скажацца. Але не выключаю наступстваў для самога Беларускага Народнага Фронту. БНФ сёньня, напярэдадні свайго зьезду, апынуўся ў цяжкой сытуацыі. Галоўнае пытаньне бліжэйшага часу (і, відаць, будучага зьезду) — як захаваць адзінства.

 

— Ці мае пад сабой рэальную падставу сьцьвярджэньне, што Міхаіл Чыгір — расейскі стаўленік? А калі б было гэтак, дык што лепей: мець такога стаўленіка, як Чыгір, альбо ўцекача Пазьняка, які ніякай альтэрнатывы ні цяперашнім, ні лукашэнкаўскім 2001 году выбарам не прапаноўвае?

— У Зянона Станіслававіча стаць прэзыдэнтам шанцаў менш, чым у Адамкуса, калі казаць шчыра. Абвінавачаньне ж на адрас Чыгіра ў прарасейскасьці ня ўтрымлівае ніякіх рэальных доказаў і сьведчаньняў.

 

Вячаслаў Сіўчык, сакратар управы БНФ

— Спадар Сіўчык, на прэс-канфэрэнцыі 15 траўня Вы публічна прынесьлі прабачэньні сям’і Міхаіла Чыгіра. Спадар Хадыка днём раней заклікаў фронтаўцаў з выбарчых камісіяў працягваць сваю працу ў выбарчай кампаніі. Ці не адбудзецца раскол у Фронце, як ва ўкраінскім Народным Руху?

— Цяпер, акрамя спробаў уратаваць гэтую выбарчую кампанію (а рэальныя мэханізмы гэтага яшчэ засталіся), стаіць пытаньне, якім будзе Фронт пасьля 16 траўня. Прыпыненьне ўдзелу ў выбарчай кампаніі, перш за ўсё, не ўспрынята нашай інтэлігенцыяй, людзьмі, якімі мы заўсёды ганарыліся. І першае, што пагражае Народнаму Фронту — пазбавіцца гэтых людзей, дзякуючы палітыцы, якая навязваецца. Другі момант. Ня ўсе структуры БНФ падтрымалі рашэньні Пазьняка і часткі кіраўніцтва.

Беларускі Народны Фронт павінен пазьбегнуць расколу. За апошнія 2 гады пасьля 5 зьезду БНФ практычна ніводная праведзеная Фронтам масавая кампанія ня мела такога рэзанансу ў беларускім грамадзтве, як гэта было ў 91-м, 94-м, 96-м годзе... І я асабіста гэта зьвязваю з тым, што была парушаная сыстэма кіраваньня БНФ і практычна зьнішчаныя ўсе калектыўныя ворганы.

Зрабіць выгляд, што ўсё добра пасьля сканчэньня выбарчай кампаніі, я думаю, ня ўдасца. У БНФ дастаткова шмат людзей, якія зарыентаваліся. Пасьля нечарговага Сойму будзе бачна, у якім накірунку пойдзе Фронт.

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0