Знакам тым
Democrazy
П’яны дзядзька гадоў сарака пяці з колерам твару, тыповым для мужчынскай часткі беларускага насельніцтва ва ўзросьце пачынаючы ад дваццаці — колерам асфальту, палітага вінцом «Секрет», -- на прыпынку па вуліцы Кірава пільна ўглядаўся ў парачку — нэрваватага рухавага хлопца, чые вочы бегалі наўкола, і звыклую дзеўчыну, чые вочы хацелі злапаць вочы кавалера. Дзядзька заўважыў у бок дзеўчыны: «Я — празарліўца. Усё пра ўсіх магу сказаць, што, каму, калі і як будзе. Ня вер яму, падмане». Жаночая частка прыпынку ажывілася — дзіва што, як кожны зь іх — падманвае. «Дзядзька, — спыталася я, толькі каб хоць крыху сагрэцца, — а што з Лукашэнкам будзе?» Адказам: «Ён будзе доўга». І ўсім стала сумна.
Не дачакаўшыся запаветнай скрыні дома, я патэлефанавала ў Цэнтравыбаркам і рызыкнула, ведаючы, што Ганчар ведае адказы на ўсе пытаньні:
— Віктар Іосіфавіч, а дзе можна «аддацца» майму кандыдату ў прэзыдэнты?
— У гэтай краіне я б вам параіў аддацца толькі справе. Ну ўжо калі так настойліва, дык у камфортных хатніх умовах.
Чакалі ўсёй сям’ёй. Пачуўшы валтузьню на сваім паверсе, выскачыла, каб раптам нашую сьведамую сям’ю не абмінулі. Аказаліся, таксікаманы — дыхалі са скамечанай плястыкавай ёмістасьці «Улыбка» нейкую гадасьць.
А пасьля было рашэньне Зянона Пазьняка зьняць кандыдатуру з галасаваньня на выбарах прэзыдэнта. Акурат у сераду-чацьвер панаехала вельмі шмат замежных журналістаў, экспэртаў, палітыкаў паназіраць за хадою выбараў. У пятніцу гаварыць зь імі было цяжка. Дзяржаўныя СМІ напоўніцу выкарысталі непаразуменьне паміж Пазьняком і Цэнтравыбаркамам. Усьмешлiвыя пасланцы АБСЭ старалiся пазьбегнуць просьбы пракамэнтаваць. Сябры, актывісты выбарчай кампаніі, разводзілі рукамі. Дааздобiла сытуацыю прынесеная рэклямная песьня пра тое, што трэба галасаваць за Чыгіра. Па-расейску, з лексычнымі адзінкамі Белая Русь і Белоруссия:
«Спасёт страну былинный богатырь —
Михайло, по фамилии Чигирь.
Спасём страну от лживого царя.
Отдай свой голос, друг, за Чигиря».
Узгадалася — працаваць для Беларусі, але не зь беларусамі.
Лукашэнка працягвае ствараць iмiдж значэннага эўрапейскага палiтыка — iнiцыятывы па ўрэгуляваньнi канфлiкту на Балканах, добрая арыентацыя ў расейскiх палiтычных працэсах, а таксама клопаты пра дзiцячае харчаваньне i вытворчасьць цуду-камбайна. Антынатаўскі выступ беларускага прэзыдэнта 9-га траўня з экспрэсіўнай крытыкай дзеяньняў Альянсу вельмі кантрастуе з выступам таго ж дня ўкраінскага прэзыдэнта Кучмы, які заклiкаў суграмадзянаў быць вельмі асьцярожнымі з эмоцыямі адносна апэрацыі НАТО на Балканах — цяпер вырашаюць ня толькі моцныя збройна, але й эканамічна.
На пачатку траўня ў Парыжы адбылася канфэрэнцыя аб’яднаньня эўрапейскіх арганізацыяў кансэрватыўнай моладзі DEMYC. Там прыйшлося моцна трымаць абарону й даводзіць, што Беларусь — гэта не Лукашэнка. Што рэйтынг такіх, як містэр Л., вельмі падвысіўся на спэкуляцыях славянскай салідарнасьцяй, а ў выпадку завяршэньня бамбардаваньня рэйтынг Лукашэнкі падвысіцца яшчэ больш — электарат паверыць у ролю свайго прэзыдэнта ў вырашэньні канфлікту. Найбольш радыкальнымі аказаліся ісляндцы. Пакрыкваючы Free Belarus! на вечарыне дружбы, у кулюарах старанна дэманстравалі неразуменьне таго, як могуць быць дзьве краіны, дзьве пазыцыі, дзьве сымболікі, дзьве душы — дзьве Беларусі — адна на рэфэрэндумах, другая — прадстаўляная ў замежжы няхай сабе сымпатычнымі і эўрапеоіднага выгляду людзьмі, аднак з сумненьнямі адносна выкарыстаньня бомбаў у Югаславіі. Госьць канфэрэнцыі, нямецкі сацыял-дэмакрат, шаптаў на вуха кансэрватару-французу, каб ня чулі беларусы, што й краіны такой, як Беларусь, не было ніколі раней. Француз трапіў у канфуз.
А вось палякі, браты-ўкраінцы, хлопцы з Мальты ды італійцы цярпліва выслухоўвалі пра камплікаваны беларускі палітычны й культурны пэйзаж. Палякі з моладзевага крыла Уніі Свабоды паабяцалі правесьці 16-га траўня пікет каля беларускага пасольства ў Варшаве, сябры ўкраінскага Маладога Руху на агульнапартыйным роўнi адпрацоўваюць мэханізмы дэлегітымізацыі Лукашэнкі ва ўкраінскім грамадзтве пасьля 20-га ліпеня, мальтыйцы паведамілі, што арганізуюць беларусам добры і недарагі адпачынак на сваёй выспачцы (даляцець бы!), а італійцы цікавіліся эканамічнымі законамі, бо ўжо завязаныя на купляньні драўніны ў беларускіх запаведніках.
Усё проста — з дыктатарамі дамаўляцца нельга, бо немагчыма. Таму наяўнасьць дыктатара цягам пяці гадоў гаворыць і пра прыхільнасьці насельніцтва, і пра патэнцыю апазыцыі. Гэта — унутрыбеларускі кантэкст. А Эўропа, як заўсёды ў крытычныя дні нашай гісторыі, стараецца паразумецца з Лукашэнкам.
Вольга Караткевiч