Лісты ў рэдакцыю


 

Крокі Правае Беларусі

У адным зь нядаўніх нумароў «Нашае Нівы» была гаворка пра экстрэмісцкія тэндэнцыі ў Беларусі. Усё згадалі: і баркашоўцаў з «Краснымі Звёздамі», і эўрапейскіх «новых правых», і расісцкі белы рок... Але надта куртата прамільгацела што пра правы радыкалізм нацыянальнага кірунку. А дарма. Апошнім часам можна назіраць новую сьпіраль беларускае ультраправае актыўнасьці.

Гэты новы віток у значнай ступені можа адлюстроўваць нядаўна паўсталая газэта «Слова Нацыі». Яна падаецца ці ня якасна наступным этапам у прапагандзе беларускасьці. Дый наогул для Беларускага Шляху гэта нябачаная раней зьява. А ўсё ў тым, што аблічча выданьня дарэшты пазбаўленае лібэральнага «макіяжу». Магчыма, гэта першыя спробы выкрышталізаваць форму скрайняга беларускага нацыяналізму — не размытага БНФаўскага, а менавіта скрайняга. З усёй адпаведнай сымболікай і атрыбутыкай — ад свастыкападобнага трохканцовага «зьмеявіка» й да досыць неадназначных пэрлінаў кшталту «наш ідэал — абсалютны нацыянальны маналіт, якога магчыма дасягнуць адно пільнуючыся прынцыпу Крыві». Агулам усё дужа рамантычнае і ўзьнёслае, шмат з чым можна спрачацца, але сам факт зьяўленьня ўсяго гэтага пра многае гаворыць. Пра што?

Упершыню позірк зьвернуты ў бок радыкалізаванае моладзі — ня толькі й ня столькі голеных скінаў, але перадусім тых маладых людзей, якія, расчараваўшыся ў рахманай лініі апазыцыі, на сёньняшні момант значна адстароніліся ад барацьбы за Беларусь.

Праварадыкальныя тэндэнцыі характэрныя цяпер для ўсёй Эўропы. Тамака йдзе супрацьстаяньне скрайне левых ды скрайне правых. Прычым ня толькі ідэйнае ці слоўнае, але фізычнае. Нешта падобнае, толькі пакуль у бяскрыўдных формах, пачынае адбывацца і ў нас. У сёлетнім «Чарнобыльскім шляху», як вядома, бралі ўдзел прадстаўнікі маскоўскага Антыфашысцкага дзеяньня моладзі, ідэалягічныя паплечнікі тутэйшых анархістаў. Апошнія й «падбілі» чальцоў з АДМ на сымбалічную акцыю супраць ультраправых — супраць ужо згаданае газэты «Слова Нацыі». Яны атачылі вельмі шчыльным колам самотнага распаўсюдніка «Слова нацыі» й паспрабавалі здаць як фашыстоўца міліцыі — але той неяк уцёк. Трыццаць на аднаго — ці сумленна? Аднак падзея застаецца падзеяй. Неўзабаве анархіст Пульша ў «Беларускай маладзёжнай» патасна пісаў пра ўзьнікненьне «Слова Нацыі»: «З нацыстамі павінна быць адна размова ў кожнага сумленнага чалавека — кулаком альбо манціроўкай!» З маскалямі з РНЕ — сто разоў так! Зь беларускімі правымі нацыяналістамі — пытаньне...

У любым разе нішу з краю правага флянгу спрабуюць заняць. БНФ можа з чыстай душой заяўляць: «Гэта мы фашысты?! Ды вы вунь гляньце туды!..»

Амелька Злыдзень


Відэа: цяпер па-беларуску

Майму малому сёлета споўнілася чатыры гады і ад тэлевізару, калі там ідуць мультфільмы, яго проста не адцягнуць. У нашым доме зьявіўся відэамагнітафон, і большая частка відэатэкі — гэта касэты з запісамі лепшых анімацыйных стужак. Упадабалыя мультыкі малы можа праглядаць мільёны разоў.

Нядаўна ад сваёй знаёмай я пачула, што на відэа зьявіўся мультыплікацыйны фільм Ўолта Дыснэя, дубляваны па-беларуску. Яна ж дала мне на дзень касэту. Каб даведацца падрабязнасьці, набрала нумар, напісаны на вокладцы да касэты. Мяне запрасілі ў фірму Sotvar, дзе я пазнаёмілася з фундатарам Алесем Гурковым і каардынатарам праекту Валянцінай Лецкай.

Вось што я дазналася пра «беларускае відэа». «Прыгажуня ў сонным лесе» — выдатная экранізацыя клясычнай казкі Шарля Пэро, аздобленая чароўнай музыкай Пятра Чайкоўскага. Для агучваньня роляў па-беларуску запрошаныя акторы Тэатру юнага гледача. Гэта першая праца падобнага кшталту — у наступным месяцы выйдзе кэралаўская «Аліса ў Краіне цудаў». «Пераклад з ангельскай ужо зроблены, — кажа В.Лецка, — і ён проста цудоўны».

«Гэты праект некамэрцыйны, бо ён скіраваны на культурніцкае і моўнае выхаваньне беларускіх дзетак. На жаль, сёньня яны ня маюць магчымасьці атрымліваць адукацыі і выхаваньня ў беларускамоўным асяродзьдзі, — кажа Алесь Гуркоў. — А што тычыцца акупальнасьці, то спадзяюся, што ў нашай краіне знойдзецца сама меней пяцьсот чалавек (менавіта пры такім накладзе пакрываюцца выдаткі), якія захочуць паказаць «Прыгажуню» сваім дзеткам.»

Далейшыя пляны перакладаньня лепшых замежных відэафільмаў на беларускую залежаць выключна ад попыту на такую прадукцыю. Калі гэта спадабаецца людзям, будуць новыя фільмы. А пакуль што праз пару тыдняў выйдзе аўдыёкасэта з запісамі калыханак і казак. На лета ў плянах некалькі забаўляльных праграмаў для дзяцей. Мяркуецца зрабіць гэта ў якім парку ці паехаць за горад. «Нашыя дзеці мусяць часьцей сустракацца і вучыцца гаварыць па-беларуску ды не саромецца гэтага,» — дадае А.Гуркоў.

Касэты з запісам «Прыгажуні» пакуль не распаўсюджваюцца праз гандлёвую сетку, бо сярод навалы «расейскіх» фільмаў наш мульцік будзе цяжка заўважыць. Тыя, хто хоча набыць касэты, павінны даслаць ліст у фірму Sotvar або патэлефанаваць. Адрас такі: Менск, 220131, вул. Шырокая, 56. Тэл. 8 (017) 228-45-88, факс 8 (017) 228-45-87. Таксама можна пералічыць 800 тыс. на р/р 2120000000541 у філіі № 506 ААБ «Беларусбанк» код 809 ЗАТ Sotvar.

Наста Алехна


Лікантрапія fecit

«Цікава было б прачытаць раман пра Чарнобыль заходняга аўтара. Якую б канцоўку прыдумаў ён?» (С.Паўлоўскі)

Тое самае зацікавіла й мяне ў размове са сп. Краўзэ, філёзафам і перакладчыкам, які не адзін дзясятак гадоў мужна трывае нашую алягічнасьць — «Program… Var… Begin… End.» — падобная нямецкая сьвядомасьць. Сутнасьць адказу зводзілася да таго, што як не магла такая катастрофа здарыцца ТАМ, так ніколі ТАМ не адбудзецца й яе належнага мастацкага асэнсаваньня.

Бадай, самай хуткай творчай рэакцыяй Захаду на выбух некалькіх Хірасімаў адразу стала адмысловая пляма на мапе, прычым Эўропа прапанавала свой «чорны квадрат», Скандынавія — свой. Таму, што да happy — ня ведаю, а пра end тыя «малевічы» думалі напэўна.

Пакуль заходняя літаратура матэрыялізуе катастрофу праз бэры, рэнтгены й кюры, нашая спрабуе ўвогуле яе асэнсаваць як трагедыю: з году ў год старанна штампуе сэмантычна нежыцьцяздольныя пазабіваныя аканіцы ды атручаныя яблыкі (хай даруюць фізыкі лірыкам такую недарэчнасьць). Часам на яе маразматычным фоне праступаюць то няздольнасьць парушыць геапалітычныя межы РБ (украінскае Палессе, Міцінскія клады — ня наша тэрыторыя), то паталагічная боязь перамешаных з цэляфанам рэшткаў целаў.

Маладая беларуская літаратура імкнецца хутчэй стаць «такой, як у людзей», нярэдка патанаючы ў WWW-габлюшках паверх інтэлектуальнага нанізму. Многія яе сюжэты былі б апраўданыя ў часы «перабудовы», калі з разбурэньнем ідэалягічных цытадэляў рэакцыяй на ранейшае табуяваньне сталіся талерантныя адносіны, часам падтрымка ўсялякага сорту парнаграфіі. Сёньня, каб штосьці вылучыць зь нейкага тэксту, трэба зьвяртацца то да Фройда (калі-нікалі Зэйгарніка), то да павеваў авангарду ці яшчэ нечага, ацаніўшы папярэдне, у якой ступені і ў які бок інвэртаваны гэты аўтар. Зразумела, што ў такой сытуацыі крытэрыі правільнасьці (слушнасьці) твору задужа дыфузныя, і годна асэнсаваць Чарнобыль у бліжэйшы час памянёная літаратура наўрад ці здольная.

Патрыярхаў апаноўвае настальгія, зрэдчас сум падаецца ў выглядзе ланцужку канфабуляцыяў. Вынікам бесьперапынных галашэньняў па малой радзіме з пэрыядычнымі надрывамі-зваротамі да братоў-славянаў стала абсалютная бязьдзейнасьць.

Мімаволі азіраесься на ўсемагутны талент В.Быкава. Але ці хопіць яго на ператварэньне ў прыпавесьць яшчэ адной вайны? «Ваўчыная яма» — твор супярэчлівы: досыць ненатуральна выглядае страх дэзэрціра й бамжа перад нябачным ворагам. Можна было б гаварыць пра адну з дамінуючых рысаў нашага мэнталітэту — блякадную сьвядомасьць (пэрманэнтнае адчуваньне небясьпекі), калі б не адно «але»: небясьпека павінна быць бачнай, на нябачнае так рэагаваць здольны толькі Захад.

А часам прыходзіць у галаву ідэя, якой быццам бы й рады: а што, калі самому ператварыцца ў Чарнобыль і весьці свой уласны дзёньнік?

Ліда Куратава, Дружны.


Піва і АПТЫМІЗМ

Калі чалавек не навучыцца трансфармаваць трагічнасьць аб’ектыўнай рэальнасьці ў аптымістычную суб’ектыўнасьць, у нашых умовах ён ня здолее выжыць, перакананы мастак Артур Клінаў. Беларусы рабіць гэта ўмеюць. Пасьпелі ўжо навучыцца.

Напраўдзе, аб’ектыўная рэальнасьць наўрад ці можа даць нам якія-кольвечы падставы для аптымізму. Эканоміка вымушае нас эканоміць ужо літаральна на ўсім, у палітыцы — суцэльная стагнацыя, і спадзявацца на лепшае не выпадае. У культуры тое самае. Хутка беларуская кніга будзе лічыцца бэстсэлерам, калі яе наклад перавысіць сто асобнікаў, праграму па гісторыі ў школах такі зьмянілі... І гэты лысы таварыш усё вярзе і вярзе пра нейкую інтэграцыю. Хоць ты трэсьні. І будзе ж вярзьці яшчэ, відаць, не адзін год, нічога тут не паробіш.

Заняпад, адным словам, прычым заняпад суцэльны. І выйсьця ня бачна. Затое ў Менску смачнае піва. І таннае, да таго ж. Ня тое, што ў якой-небудзь Маскве. Беларусы п’юць піва. Яны паглынаюць яго ў такіх колькасьцях, што проста дзіву даешся. А калі піўны хмель стамляе, ідуць «даганяцца» гарэлкай.

Тыя, хто травеньскімі вечарамі тусаваўся на лавах менскіх сквэрыкаў і піў беларускае піва, размаўлюяючы паміж сабой па-беларуску, вельмі рэдка закранаў у сваіх гутарках тэму прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня. А калі і закранаў, дык з гэткай абыякавасьцю: маўляў, будуць яны, ня будуць — нам усё адно.

Ня веру. Ня ўсё адно ім. Проста навошта псаваць цёплы вясновы вечар сумнымі роздумамі пра надзею, якой наўрад ці дадзена спраўдзіцца?

У Беларусі пэрманэнтна хтосьці сядзіць. Цяпер гэта Чыгір і Клімаў, раней былі Севярынец і Шыдлоўскі, яшчэ раней — Адамовіч і Шарамет... Усе ведаюць, у чым яны на самой справе «вінаватыя». Усе разумеюць, што заўтра на іхным месцы можа быць кожны. Вось за гэта і чокнемся нашымі пляшкамі «Старажытнага».

Правы чалавека ў краіне парушаюцца ўсё больш жорстка. Беларускіх школаў амаль не засталося, і таму наступнае пакаленьне будзе такім жа страчаным, як і папярэдняе. Ці ня большасьць жыхароў нашае краіны даўно пераступілі мяжу галечы, а астатнія пакуль што не, але вось ужо хутка... У цябе няма адкрывачкі?

Можна доўга казаць, што бязьдзеяньне — гэта таксама пазыцыя, але ня лепшая, што трэба актыўна дзейнічаць, што... Досьвед апошніх гадоў пераканаў усіх нас у адваротным. Дзейнічалі, змагаліся, жылі гэтым. Ну і што з таго, які толк? Толку ня бачна, і таму змагары за ідэю пакідаюць раней часу офісы сваіх партыяў і рэдакцыі газэтаў, каб пасядзець трохі на лаве ў якім сквэрыку з пляшкай піва.

Калі б нацыянальна-сьвядомыя беларусы не былі невыпраўнымі «суб`ектыўнымі» аптымістамі, калі б усе паразы ідэі ўспрымаліся імі як асабістыя паразы, усе яны зрабілі б сабе сьмерць яшчэ ў траўні 1995 году. А так жывыя мы ўсе, прыгожыя і ў меру таўстыя. Бо піва п`ем.

Наагул, піва й беларушчына — тэма для дысэртацыі (і ня трэба тут ніякіх аналёгіяў зь Мюнхенам). Моладзь любіць Беларусь і ня любіць саўдэп, бо яна ўпадабала смачнае піва «Леў» і ў яе няма аніякае настальгіі па паскудным «Жыгулёўскім», якое зазвычай абірае старэйшае пакаленьне. А яшчэ ж ёсьць крышталеўскі вэрмут нішто сабе, брэндзі, бальзам... Асартымэнт алькагольных напояў у менскіх крамах і кошты на іх — галоўная падстава для нашага добрага настрою.

Травеньскі вечар у Менску бясконцы. Шмат зеляніны, шмат прыемнага цёплага сумраку... І здаецца, усё гэта будзе вечным. Ня хочацца думаць пра тое, што калі-небудзь непазьбежна прыйдзе зіма.

грыльяж

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0