Чэслаў Мілаш

Прыдарожны сабачка

 

Летась Чэслаў Мiлаш, вяльможны патрыярх лiтаратуры, атрымаў сваю чарговую значную ўзнагароду: за кнiгу «Прыдарожны сабачка» аўтарытэтнае журы адзначыла нобэлеўскага ляўрэата найпрэстыжнейшай польскай лiтаратурнай прэмiяй «Nike». «Прыдарожны сабачка» — пад такiм агульным загалоўкам пабачылi сьвет творы, напiсаныя ў адпаведнасьцi з выбранай Мiлашам дырэктываю «пошуку больш ёмiстае формы». У гэтай кнiзе новыя вершы, мэдытацыi, успамiны, своеасаблiвыя тэалягiчныя мiнiтрактаты, паэтавы разважаньнi пра ўласнае жыцьцё й творчасьць. Калi акрэсьлiваць максымальна сьцiсла, можна сказаць: «Прыдарожны сабачка» — гэта пранiклiвы пагляд на ўсялякiя рэчы нашага з вамi сьвету.

«НН» прапануе фрагмэнты з «Прыдарожнага сабачкi» — як здаецца ўжо сёньня, адной з найбольш значэнных i важных Мiлашавых кнiг.

 

Прыдарожны сабачка

На спазнаваньне маёй зямлi я выбраўся параконным возам, зь вялiкiмi запасамi фуражу i з бляшаным грукатлiвым вядром. Вядро патрэбнае, каб напаiць конi. Я спазнаваў паветы гайкоў i пагоркаў, спазнаваў паветы пушчанскiя, у якiх дым клубiцца па-над падворкамi, нiбыта гарыць нешта, а ўсё таму, што хаты курныя. Або ехаў я праз польныя ды азёрныя аколiцы. Як жа цiкава пасоўвацца так наперад i патолю даць, i чакаць, аж паволi з-за дрэваў пакажацца вёска далавах або парк, i ў iм бель сядзiбы. І зараз усчынаў праз нас зьвягу сабачка, старанны ў выкананьнi сваiх абавязкаў. Быў тады пачатак стагодзьдзя, цяпер — канец. Я думаў ня толькi пра людзей, якiя жылi там, думаў таксама пра пакаленьнi сабачкаў, што людзём у штодзённай мiтусьнi спадарожылi, i аднаго разу, немаведама скуль, пэўне, у сьне пад ранак, паявiўся гэты сьмешны й мiлы назоў: «прыдарожны сабачка».

 

Пошукi

Адчуваньне, што мусiць iснаваць такое спалучэньне словаў, у якое была б нейкiм чынам схопленая iста жахлiвасьцi, спазнанай у гэтым стагодзьдзi. І чытаньне дзёньнiкаў, успамiнаў, рэпартажоў, раманаў, вершаў, заўсёды з надзеяй i з тым самым вынiкам: «Гэта — ня тое». Толькi нясьмела мацнее думка, што праўда аб лёсе чалавека на зямлi iншая, чым тая, якой нас вучылi. Мы пазьбягаем яе называць.

 

На месцы Тварца

Калi б далi табе ўладу стварыць нанова сьвет, ты б думаў а думаў i ўрэшце б выснаваў, што ня ўдасца вымысьлiць нiчога лепшага за той, якi iснуе. Сядзь у каўнi й паглядай на мiнакоў. Згода, маглi б гэта быць iстоты зь целам нематэрыяльным, не падлеглым прамiнаньню, хваробам i сьмерцi. Але ж якраз бясконцае багацьце, складанасьць, разнастайнасьць зямных рэчаў паходзiць ад залучанае ў iх супярэчнасьцi. Розум бы ня вабiў, каб жа ня тое, што напамiнае пра яго закарэненасьць у матэрыi: рэзьнi, шпiталi, клады, парнафiльмы. І наадварот, фiзiялягiчныя патрэбы прыгняталi б сваёй жывёльнаю тупасьцю, каб жа ня розум, якi сваволiць i ўзносiцца над iмi. Праваднiца сьвядомасьцi, iронiя, не магла б практыкавацца ў сваiх улюбёных занятках — падгляданьнi цела. Выходзiць так, што Творца, этычныя матывы якога людзi навучылiся падводзiць пад сумнеў, кiраваўся перш за ўсё жаданьнем, каб было як мага цiкавей i як мага забаўней.

 

Апяваць багоў i герояў

Розьнiца памiж такою паэзiяй, у якой «я» апавядае пра сябе, i тою, якая «апявае багоў i герояў», невялiкая, бо ў абодвух выпадках прадметам апiсаньня стаюцца мiталягiзаваныя стварэньнi. І ўсё ж...

 

Удзячны

Я ўдзячны за тое, што некалi, даўно, у драўляным касьцёлiку памiж дубоў прынялi мяне ў рымска-каталiцкi Касьцёл. А таксама за тое, што меў я доўгае жыцьцё i мог, верачы цi ня верачы, разважаць пра дзьве тысячы гадоў маёй гiсторыi.

Д’ябальская гэтая гiсторыя, i на столькi ж нябёсная. Мы збудавалi месты, большыя за Ерусалiм, Рым i Александрыю. Нашыя караблi абплылi акiяны. Нашыя тэолягi змайстравалi сылягiзмы. І адразу пачалося зьмяненьне плянэты Зямля. Каб жа мы хаця б не ўсьведамлялi, але не. Нiякай нявiннасьцi ў нашых паходах крыжа й меча.

 

Немагчымае

У тым палягае тайнiца крыжа,

Што з агiднага снадзiва катаваньняў зроблены знак збаўленьня.

Як жа людзi могуць ня мысьлiць, што носiцца iмi ў iхных касьцёлах?

Пакаральны агонь няхай зьнiшчыць фундамэнты сьвету.

 

Загана

Паэзiя i ўсякае мастацтва — гэта загана, якая напамiнае людзкой супольнасьцi, што мы не здаровыя, хаця нам было б цяжка ў гэтым прызнацца.

 

Дзяцiнасьць

Паэт як дзiця сярод дарослых. Ён ведае, што ён дзяцiны, i змушаны безупынку рабiць выгляд, што ўдзельнiчае ў дзеяньнях ды звычаях дарослых.

Загана: сьвядомасьць дзiцяцi ў сабе. Гэта значыць, наiўна-эмацыйнага стварэньня, якое ўвесь час перабывае пад пагрозай рогату сталых людзей.

 

Ня той

Я й яны. Наколькi можна ў iх пранiкнуць? Паэт ведае, што яны прымаюць яго за кагось iнакшага, чым ён ёсьць, i што будзе так пасьля яго сьмерцi, i не зьняпраўдзiць гэтага нiводзiн знак з таго сьвету.

 

Мiнуўшчына

Мiнуўшчына — недакладная. Той, хто доўга жыве, ведае, як усё, што ён бачыў на свае вочы, вельмi абрасло плёткамi, легендамi, дэталямi — разраслося або здрабнела. «Гэта было зусiм ня так!» — ён хацеў бы закрычэць, але не закрычыць, бо ўсе б толькi пабачылi, як варушацца вусны, i не пачулi б голасу.

 

Сiла мовы

«Тое, чаго не прамовiлi, iмкне ў неiснаваньне»: гэта здумляе — мысьлiць пра мноства падзеяў ХХ ст. і пра засталых у iх людзей, разумеючы, што кожная з тых сытуацыяў заслугоўвала на эпас, трагедыю або лiрычную паэму. І нiчога, сышлi, пакiдаючы ледзь значны сьлед. Можна сказаць, што нат найбольш магутная, крывiстая, дзейная асоба ў параўнаньнi з трапным спалучэньнем некалькiх словаў, хай хоць бы апiсаньнем месяцу на ўсходзе, застаецца ўсяго толькi ценем.

 

Лекцыя

Доўгае жыцьцё. Але ж яно — вынiк мэдычнае веды. Ён ведаў хваробу, якая павалiла б яго, калi б ня выпiсаныя й спраўна прыманыя штодня лекi. Таму не падтрымлiваў тых, якiя кпяць з iдэяў прагрэсу.

 

Сумнеў

Я быў, быццам нехта з ранаю жывата, нехта, якi бяжыць, трымаючы кнiжкi, каб ня выпалi. Праўда, я ведаў, што ня я адзiн. Але чалавек, змушаны няспынна думаць пра сваю рану, цi можа сьведчыць разумна?

 

Калi б я вёў дзёньнiк

Калi б я вёў дзёньнiк, такi, напрыклад, як Налкоўская й Дамброўская, адно тады была б нагода зьдзiвiцца, бо нiчога б не супадала з маiм вобразам, зафiксаваным у вачох чытачоў. Мае нутраныя мучэньнi маглi б падацца хваравiтымi (якiмi й былi), але разам з тым кантраст памiж iмi й маёй упорнасьцю ў працы здабываў бы, вiдаць, пашану. Аднак я не хачу пiсаць такога дзёньнiка, не хачу сябе раскрываць. Бо, урэшце, каму б з гэтага быў пажытак, апрача гiсторыкаў лiтаратуры?

 

Мужчынскi

Усьведамляе супернiцтва. Напяўшыся. Чуйнуе. Гатовы пабегчы. Агрэсiўна мысьлiць. Ведае лепей за iншых. Папраўца сьвету. Перажывае гадамi кожнае паражэньне. Кiдае асуджальныя вырокi. Няздатны пагадзiцца з самiм сабой.

А жанчына паглядае на гэта з усьмешкаю, ведае, што ён заняты рэчмi, якiя прамiнаюць i ня маюць нiякага значэньня.

 

Талеранцыя

З гадамi зьнiкала ягоная зацятасьць, але разам з талеранцыяй разрастаўся ўсюдыiсны сумнеў. Ён сядзеў у цемры перад сцэнаю тэатру марыянэтак i глядзеў пагонi iхныя, маленьнi, задаваньнi, каяты, пазнаючы ў гэтым сваё глупства.

 

Самапагарда

Чаму палякi схiльныя ўсюдых бачыць зраду й кiдаюцца словам «зраднiк» у дачыненьнi да кожнага, хто — так цi начай — адхiнецца? А затым, што носяць у сабе сьвядомасьць уласнае пагарды да сваёй нацыi й сьвядомасьць уласнага жаданьня адарвацца ад гэтай, званай iмi нiжэйшаю, супольнасьцi.

 

Нязломнасьць

Чужнiкi не маглi ведаць, што крылася за нязломнасьцю гэтага чалавека, але я, маючы перадваенны досьвед, не павiнны быў патрапiць у аблуду. Шмат якiя паддалiся камунiзму, таму што ён апэляваў да найлепшых рысаў iхнае палiтычнае натуры. Але былi й такiя, што ўмелi ўстояць, бо iм у гэтым дапамагалi рысы найгоршыя.

 

Вымыць

Пры канцы жыцьця думае сабе паэт: «Якiх жа я толькi ня зьведаў манiяў i дуратлiвых парываньняў майго часу! Усадзiць бы мяне ў ванну дый шараваць дзень i ноч, пакуль увесь бруд гэты зь мяне не сплыве. А ўсё ж, толькi з прычыны гэтага бруду я мог быць паэтам дваццатага стагодзьдзя, i, мабыць, так хацеў Спадар Бог, каб мець зь мяне карысьць».

 

Даты

Нарадзiўся ён, дапусьцiм, у 1811-ым. А жывучы шчэ ў 1896-ым, цi ж ён меў турбавацца аб тым, што станецца зь людзтвам, зь яго краем, зь яго местам у ХХ ст.? Улучаны цалкам у звычаi й клопат свайго асяродзьдзя, ён знаходзiў поўна работы — даваў ацэнкi сваiм сучасьнiкам, iхным паглядам, зьдзяйсьненьням, хаўрусам i гэтак далей. А ўжо нарыхтоўвалiся жахi ХХ веку, якiх яму ня выпала пабачыць. Дантэ, гаворачы з асуджанымi ў Пекле, ужо ведаў, што здарылася пазьней, пасьля сьмерцi гэных нешчасьлiўцаў. Але што новы Дантэ, пiшучы, дапусьцiм, у 1960-ым, мог бы сказаць духам з папярэдняй гiстарычнае пары?

 

Каб гэта

Каб жа льга было верыць, што iзь сьмерцю скончыцца ўсё! Тады б не было боязi, што нам будуць паказваць нашыя ўчынкi й несьцiся будзе магутны сьмех. Анi боязi, што нашую правiнцыю, якой былi адданыя, мы будзем назiраць у поўным сьведам’i, бясьсiльныя перад аблудамi й лiхадзействам люду. І будзе нам прыпамiнацца клопат Мiцкевiча, якi казаў, што духу надта цяжка дзеяць бязь цела.

 

Беззаганнасьць

Калi я быў, як гаворыцца, пагадзiўшыся з Богам i сьветам, то адчуваў сябе ненатуральна, нiбы пераймаў каго. Вяртаў сабе сваю iндывiдуальнасьць, калi зноў апынаўся ў скуры грэшнiка й недаверка. Гэта паўтаралася ў маiм жыцьцi не адзiн раз. Бо я, безумоўна, любiў вобраз сябе як беззаганнага чалавека, але адразу ж пасьля надзяваньня сабе ягонае маскi сумленьне падшэптвала, што я ўсяго толькi ашукваю iншых i сябе.

Панятак sacrum патрэбны, але немагчымы без зазнаваньня грэху. Я заплямлены, я грэшнiк, я нягодны, i гэта нат не праз мае ўчынкi, а дзеля зла, якое сядзiць ува мне. І толькi прызнаючы, што ня мне сягаць завысока, я адчуваю сябе аўтэнтычным.

 

85 гадоў

Гэты мой юбiлей, гэтыя краскi, гэтыя воплескi, гэтыя тосты. Калi б ведалi, што я думаю. Было гэта, як халоднае важаньне прыбыткаў i страт. Страты — гэта аблудныя словы, якiя выйшлi з-пад майго пяра, ужо не вярнуць, бо яны надрукаваныя й застаюцца назаўжды, але яны акурат будуць для людзей найболей звабнымi i найчасьцей будуць паўтарацца. Дык жа я пытаўся ў сябе, цi так мусiць быць, што напiсаць пэўную колькасьць дапраўды добрых рэчаў можна толькi плацячы, ня толькi скрыўленьнем свайго жыцьця, такога, як маё, але таксама сьмецьцем, адкiдамi па дарозе да пары знакаў, дасканала чыстых.

 

Жальба клясыка

Жальба клясыка, то бо такога паэта, якi замест авангардавых пошукаў займаўся шлiфаваньнем мовы сваiх папярэднiкаў: «Але ж я выдатна ведаў, як мала сьвету сiляе сетка маiх фраз i сказаў. Быццам манах, што асуджае сябе на аскетызм, на перасьледы эратычнымi вiдзежамi, я хаваўся ў рытм i слоўнае суладзьдзе ад страху перад уласным хаосам».

 

У тым месьце

Гэта быў труп места. Дазваньня зьлiквiдавалi руiны, парупiлiся пра абсаду й кветнiкi, паставiлi лаўкi ў сьвежараззначаных сквэрах. Толькi людзей не было. Рэдчас пара турыстаў прыпынялася пад сьцяною й сьлiбiзавала лiтары мэмарыяльнае дошкi.

 

Адкуль гэта бярэцца

Адкуль гэта бярэцца? — пытаньне. Гэтыя дваццацiгадовыя вусны, лёгка ўвiльготненыя кармiнам, каштанавыя валасы вязкамi, занадта свабодна, каб сказаць — струкамi, гэтыя паглядныя вочы ў аправе веек i броваў, што вяшчуюць? Чаму я скуголю, уражаны яе харашынёй? Яна нарадзiлася тады, калi я выкладаў Дастаеўскага, спрабуючы даць рады разуменьню, што я — стары. То ж няма канца iх нараджэньню нанова, i я, каб жа мог жыць далей, iзноў канаў бы ў любосным захапленьнi?

 

Стратэгiя

Быў там усюдых, у цягнiку, што вёз у лягеры дэпартаваных, у месьце, якое дрыжэла ад страху перад званком у дзьверы на сьвiтанку, у вязьнiцы, адкуль выводзiлi й пакавалi ў цяжарнiкi асуджаных на расстрэл. Ненавiдзеў Імпэрыю, але мусiў гэта скрываць. Быў паэтам, а ўспамiнаньне, што тое дзеецца тут побач, адначасна, зрабiла б немагчымым напiсаньне вершаў. Апроч таго, ён пiсаў жа для тых, якiя, хоць бы нат i ведалi тэарэтычна, не хацелi пераносiцца туды ўяўленьнем. З такiх вось прычын, адчуваючы, што парушае абавязак сьведчыць, ён шукаў спосабу, як, складаючы словы, захаваць нявымаўленую прысутнасьць таго памiж словамi й радкамi.

 

Там

Але, я паехаў туды й апынуўся ў краiне маiх трынаццацi гадоў. Я быў там той самы, бо з тым самым пачуцьцём кiрунку. Рэчка, дарога ўяжджаць ад галоўнай дарогi, лес — лева, проста, направа. Усё зьмянiлася, але кiрунак застаўся. Гэта як бы мiнула ня колькi дзесяткоў, а колькi сотняў год, i я нат ня вельмi непакоiўся, цi сосны тыя самыя, цi вырасла новае пакаленьне соснаў.

 

Лiтасьць

У дзявятай дэкадзе майго жыцьця пачуцьцём, якое ўва мне нарастае й мяне напаўняе, ёсьць лiтасьць, зь ёю немаведама што зрабiць. Мноства, вялiзарнае мноства твараў, постацяў, лёсаў паасобных людзей i манера атаясамлiваць сябе зь iмi ад глыбiняў iхных душаў, а разам з тым усьведамленьне, што я ўжо не знайду спосабу, каб маiм гэтым гасьцём ахвяраваць дом у маiх вершах, бо ўжо запозна. Думаю таксама, што калi б пачынаў я нанова, то кожны мой верш быў бы жыцьцяпiсам або партрэтам нейкае канкрэтнае асобы, а праўдзiвей, галашэньнем над яе доляй.

Пераклаў з польскае Юрась Бушлякоў

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0