Умбэрта Эка

РАЗБОР «КАМУНІСТЫЧНАГА МАНІФЭСТУ» (1848)

ДА 150-ГАДОВАГА ЮБІЛЕЮ

 

Наўрад ці таленавітыя тэксты могуць зьмяніць сьвет. Дантава «Камэдыя» зусім не палегчыла італьянскім камунам перамогі над Сьвятой Рымскай імпэрыяй. Аднак «Маніфэст камуністычнай партыі», падобна, моцна паўплываў на падзеі апошніх 150 гадоў. Давайце разгледзім ягоную мастацкую структуру, хаця б з гледзішча нязвыклага рыторыка-аргумэнтацыйнага багацьця.

Вэнэсуэльскі літаратуразнавец Людавіка Сыльва аналізуе эвалюцыю Маркса-пісьменьніка (ня ведаю, ці знаеце: Маркс складаў у тым ліку і вершыкі, прычым, як сьведчаць сучасьнікі, паскудныя). Шкада, што Сыльва прысьвячае «Маніфэсту» толькі пару радкоў, пэўна, з-за таго, што «Маніфэст» быў створаны ў суаўтарстве. Між тым у гэтым прыўкрасным тэксьце іронія ўмела спалучаецца з апакаліптычнымі інтанацыямі, кідкія лёзунгі — з раскладаньнем па палічках, і (калі б капіталістычнае грамадзтва захацела сяк-так кампэнсаваць шкоду, нанесеную яму з-за гэных пары старонак) яго трэ’ было б ужываць як навучальны матэрыял для сцэнарыстаў-рэклямаробаў.

Усё пачынаецца грамавым набатам у духу Пятай сымфоніі Бэтховэна: «Прывід ходзіць па Эўропе!» Ня будзем забывацца, што ў гэты час літаратура яшчэ недалёка адышла ад перадрамантычнай і рамантычнай готыкі і што прывіды для яе — пэрсанажы, якіх прымаюць сур’ёзна. Пасьля на хапок распавядаецца пра клясавую барацьбу ад эпохі Старажытнага Рыму да зараджэньня й фармаваньня буржуазіі, і старонкі, прысьвечаныя перамогам яе, складаюць ейны гераічны эпас, актуальны, як на думку адэптаў вольнага рынку, дасёньня.

Гэтая новая нястрымная сіла распаўзаецца па ўсёй зямлі (што й паказана, амаль як у мультфільме), шукаючы збыту для тавараў, і абкладае ўсю плянэту. Тут, па-мойму, жыдоўскае, мэсыянскае ў Марксе падказвае яму сапраўды біблейны патас.

Гэтая сіла бунтуе й ператварае далёкія краіны, бо нізкія кошты на тавары руйнуюць любую кітайскую сьцяну лепей, чым самая цяжкая гармата. Гэтая сіла закладае і разьвівае гарады як сымбаль і апору сваёй улады. Яна перарастае ў сілу міжнародную, усеплянэтную, спараджае, у прыватнасьці, і літаратуру ўжо не нацыянальнага, а сусьветнага маштабу...

Пры канцы гэтага харалю (ад якога ў слухачоў дух займае) наступае кульмінацыя: чараўнік ня можа апанаваць энэргію, якую сам спарадзіў: ён, пераможца, задыхаецца ад перавытворчасьці. І зь ягонага ўлоньня вырываецца далакоп, які яго пахавае — пралетарыят.

Хадою ўдумнай выходзіць на авансцэну гэтая найноўшая магута, дагэтуль разьяднаная, разгубленая, што выпускала пару, разбураючы машыны. Але буржуазіі ўдаецца выкарыстаць яе як штурмавы атрад, і работнікі дабіваюць ворагаў свайго ворага: абсалютныя манархіі, лятыфундыі, дробную буржуазію.

Паступова пралетарыят паглынае тых сваіх праціўнікаў, якіх буйная буржуазія зьвяла да стану бедакоў: рамесьнікаў, гандляроў, сялянаў. Пратэст набывае арганізаваныя формы. Работнікі наводзяць кантакты з дапамогай новых сродкаў, распрацаваных буржуазіяй для ўласнай раскошы. У «Маніфэсьце» маюцца на ўвазе шляхі зносінаў, чыгункі, але мы можам уявіць сабе іншыя сродкі масавай камунікацыі.

Тут надыходзіць час выйсьця на сцэну камуністаў. Перш чым вызначыць у праграмнай форме, хто яны такія і чаго ім трэба, «Маніфэст» (бліскучым прыёмам рыторыкі!) быццам бы пачынае гаварыць ад імя пераляканага камуністамі, зьбітага з панталыку буржуа:

— Вы хочаце скасаваць уласнасьць? Вы хочаце абагульніць жанчынаў? Хочаце зруйнаваць рэлігію, бацькаўшчыну, сям’ю?

І тут гульня робіцца вельмі тонкай, бо «Маніфэст» адказвае на ўсе гэтыя пытаньні быццам бы супакойваючы, нібы хочучы залагодзіць праціўніка, — але потым раптам б’е яму пад дых пад бурныя воплескі пралетарскай галёркі.

Што, скасаваньне ўласнасьці? Ды не зусім... Стасункі ўласнасьці заўсёды зьмяняліся... Хіба не Француская рэвалюцыя перайначыла фэадальную ўласнасьць у буржуазную? Ці мы хочам скасаваць прыватную ўласнасьць? Дурасьць! Ды яе не існуе, вы гаворыце аб тым, чым валодае дзясятая частка насельніцтва, якая сядзіць на гарбе ў дзевяці дзясятых... Ах, вы баіцёся за «сваю» ўласнасьць!? Так, менавіта «вашу» ўласнасьць мы й хочам прыбраць!

Абагульненьне жанчынаў? Кіньце, мы проста зьбіраемся вызваліць іх ад ролі прыладаў вытворчасьці. Ды вы ўжо самі даўно абагульнілі жанок, і карыстаецеся з працы жонак пралетараў, адылі, маючы сваіх жанок, спакушаеце яшчэ й жанок такіх сама буржуа, як вы!

Адняць бацькаўшчыну? Ды што вы? Як можна забраць у работнікаў тое, чаго ў іх няма? Мы якраз і хочам, каб пралетары ўсіх краінаў набылі супольную айчыну!

І далей у тым самым духу, аж да шэдэўру ўхіленьня ад адказу, якім ёсьць адказ наконт рэлігіі. Інтуітыўна яно ясна, што адказ такі: «Гэтую рэлігію мы хочам зьнішчыць». Але адкрыта гэта не гаворыцца. Закрануўшы такую дэлікатную тэму, тэкст віхляе, хаваецца за намёкамі, што, маўляў, любыя пераўтварэньні маюць цану, але далібог, ня мае сэнсу проста з моста вырашаць такія вострыя праблемы.

Пасьля пачынаецца тэарэтычная частка — праграмныя прынцыпы, крытыка розных сацыялізмаў, — але чытач ужо захоплены папярэднімі старонкамі, і тэарэтычны граніт яго не палохае, затое тых, хто дабраўся да фіналу, чакае вялікі прыз, збавенны выбух, два абсалютна забойныя лёзунгі, простыя, запамінальныя, бездакорна-дзейсныя, як па-мойму: «Пралетарам няма чаго губляць, акрамя сваіх кайданоў» і «Пралетары ўсіх краін, яднайцеся!»

Дасягнуўшы гэткіх паэтычных і мэтафарычных вышыняў, «Маніфэст» і дагэтуль застаецца выбітным помнікам палітычнага (і ня толькі палітычнага) аратарства. Я рэкамэндую праходзіць яго ў пятай клясе разам з Цыцэронавымі прамовамі супраць Катыліны і маналёгам Марка Антонія над целам Юлія Цэзара ў трагедыі Шэксьпіра.

Пераклаў зь італьянскай А.В.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0