Адам Глёбус

Культуры і стылі

З кнігі «Кішэнная гісторыя культуры»

 

Эгіпэт

Тутанхамон дагэтуль вучыць жанчын, і некаторых мужчын гэтаксама, як трэба падфарбоўваць вочы, каб падабацца. Ты толькі паглядзі на ягоную залатую маску.

 

Эгіпэт і Рубэнс

Ёсьць пытаньні значныя, лёсавызначальныя, а ёсьць мізэрныя. На адны адказваеш лёгка й хутка, хоць яны й важныя, а на другія па некалькі гадоў ня можаш знайсьці адказаў. На лекцыі, у часы майго студэнцтва, мы разглядалі творы Рубэнса. Тады й нарадзілася пытаньне... Чаму ў чараватага мужчыны пуп знаходзіцца значна лявей восі сымэтрыі? Адпаведна, чаму чэлес выпірае ня проста ўперад, а крышку зьбіваецца леваруч? Пытаньне малазначнае, тэрміновага адказу не вымагала. Зносіць нейкая сіла жывот, пуп і чэлес у левы бок, і хай сабе зносіць. Навет прыблізнага тлумачэньня не знайшлося. Зрэшты, не шукалася. Пытаньне завісла. І... Не забылася. Празь пятнаццаць гадоў я вярнуўся да яго, бо знайшоў хоць нейкі адказ. Ад няма чаго рабіць, пад час летняга адпачынку, седзячы ў кавярні на беразе мора, я падлічваў уласныя болькі. Правае вока бачыць горш, і ў яго часьцей трапляюць парушынкі, мошкі, а зь імі інфэкцыі. Правая рука пачуваецца ня лепшым чынам, і працавала болей, і калечылася ня раз, то ўдарыў няўдала, то парэзаў, то ўсуну не туды, ці схапіў ня тое. Правае калена ды ўся правая нага нацярпелася болей за левую. Атрымалася: правы бок тым ці іншым чынам сутыкаецца са зьнешнім сьветам часьцей. А гэта значыць, што я рухаюся не франтальна, як сабе ўяўляў, а правым плячом наперад. Калі сесьці на гаўбцы над ажыўленай вуліцаю, паглядзець зьверху на рух людзей, дык бязь цяжкасьці можна пабачыць, што ўсе рухаюцца не франтальна, а правым бокам наперад. У мастацтве гэтую акалічнасьць лепей за астатніх бачылі і ўвасаблялі старажытныя эгіпцяне. Фігуры багоў і людзей рухаюцца плячом наперад. Такое назіраньне дае права сказаць, што пуп зносіць рухам, і чым большае чэрава, тым болей яго адносіць улева ад восі сымэтрыі.

 

Кітай

Кітайская культура — перш-наперш гіерогліф. І доказам хай паслужыць вялікая й непараўнальная Японія, якая больш за тысячагодзьдзе адлучаецца ад Кітая і дагэтуль належыць яму й ягонаму гіерогліфу.

 

Раманскі стыль

Паўглядайся ў сьценапісы, выкананыя ў раманскім стылі, і пачуеш галасы барбараў, якія руйнавалі вялікую культуру старажытнага Рыму.

 

Готыка

Гатычны стыль — камень, дакінуты да неба.

 

Босх

Згадваю шэдэўры генія паўночнага Адраджэньня Гераніма Босха й з сумам канстатую: ягонае ўяўленьне пра Рай вельмі падобнае да ўяўленьня пра Пекла. Рай Босха — пекла канцэнтрацыйнага лягеру, намаляванае зыркімі фарбамі.

 

Маньерызм

Мастакі, што мелі дачыненьне да стылю Маньерызм: Эль Грэка, Парміджаніна, Панторма — канкістадоры поўні, іх палотны перапоўненыя месяцовым сьвятлом.

 

Барока

Алтары ў хрысьціянскіх саборах падобныя да буфэтаў. Вельмі добра тое відаць у баракальных касьцёлах.

 

Клясыцызм

Самы архітэктурны з усіх архітэктурных стыляў эўрапейскай культуры, клясыцызм, зводзіцца да незбудаванага праекту архітэктара Лёду: домік садоўніка ў выглядзе шару. Ідэальнае таму й ідэальнае, што не ўвасабляецца ў абцяжараную побытам матэрыю.

 

Мадэрн

Накірунак Мадэрн можна параўнаць з выгінам марской хвалі, якая ня можа ўпасьці, з дарожным скрыжаваньнем, па якім ніхто ня едзе.

 

Мадэрн

Мадэрн — звалка мэтафізычных мэтафараў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0