Знакам тым

Праспэкт імя яго перамогі

 

Ці чулі вы калі-небудзь, што кажуць людзі, якія перабываюць на пляцы Свабоды, калі едзе Лукашэнка? За канстатацыю самай нэўтральнай фразачкі газэта можа атрымаць папярэджаньне. Кіроўцы на перакрытых вуліцах пачынаюць салідарна гудзець. Да жудасьці ва ўнісон. У мяне ёсьць знаёмы, які адмыслова дачэкваецца равучага эскорту й упарта дэманструе навязаны Захадам жэст: «Факс ю». Што ён зьбіраецца факсануць прэзыдэнту — тайна майго знаёмага.

Кожны па-рознаму тлумачыць, чаму Лукашэнка — гэта кепска. Бацькам мала пэнсіі і раздражняе хлусьня. Беларускамоўных абурае моўная дыскрымінацыя. Нехта злуецца на ідэалягічныя чысткі. Інтэлектуалы абстрагаваліся да такой ступені, што сфармуляваць сваё бачаньне сьвету па-людзку ня могуць. Бізнэсоўцы — зразумела. Апазыцыянэры – таму, што ці ніколі не былі ля ўлады ці іх пагналі ад улады. Калега з Варшаўскага ўнівэрсытэту ня вытрымаў -- ужо праспэкт імя Францішка Скарыны ППРБ надумаў перайменаваць у частковую незалежнасьць ці незразумелую перамогу!

Бацькам я казала ў 1994 годзе — ня верце ідыётам, якія сьцьвярджаюць, што антыкарупцыяніст хутка заблытаецца й адмовіцца ад улады. Паверылі, а цяпер за гэта ім і заплаціць няма чым. Няма ані грошай, ані здароўя.

Беларускамоўным прывяду такі факт: апазыцыйна скіраваная сунаведніца лазьні неяк пад маім уплывам замест слова «хорошо» сказала «добра», а пасьля задумліва прааналізавала: «Ха, калхозныя корні пра сябе знаць даюць...»

Ідэалягічныя чысткі ў нас грунтуюцца на ідэалёгіі: «Ёсьць што сказаць? Скажаш суду. Калі яго дачакаесься».

Інтэлектуалы! Піць больш трэба! І ня дома ці ў нумарах, а ў публічных месцах. А то й застанецца піва «Старожитным», а ў рэстарацыі «Пан хмелю» вам настойліва а 15.00 будуць прапаноўваць сьвечачку на столік, якую пасьля ўпішуць у рахунак — нешта крыху больш за 300 тысячаў...

Бізнэсмэны. Цяжкавата ў кіраванай непрадказальнымі дэкрэтамі краіне захаваць сэнсавую напоўненасьць абедзьвюх частак гэтага слова. Затое бізнэсмэн можа выкарыстаць барацьбу з цэнаўтаварэньнем і захаваньнем цнатлівасьці беларускага спажывецкага рынку — можна перапрадаваць у неабмежаваных колькасьцях сподні ці шампанскае, бо ў дзяржаўным гандлі цяпер дазваляецца набыць толькі адну штуку на рукі. Лепш бы гарэлку на разьліў прадавалі — 100 грамаў у дзень на чалавека. Па талёнах.

З апазыцыяй яшчэ весялей. 17-га траўня кампанія БелаПАН распаўсюдзіла папярэднія вынікі прэзыдэнцкай кампаніі — 78% за Чыгіра, 22% — за Пазьняка. БНФ падзяліўся на Фронт веруючы і Фронт няверуючы. А ў сераду Цэнтравыбаркам сьцьвердзіў перамогу Пазьняка, натуральна ў выбарах, не прызнаных старшынём кампаніі Віктарам Ганчаром. Затое аформленае волевыяўленьне народа можна добра прадаваць і на Захад, і на Ўсход — народ хоча пераменаў і да ўлады можа прыйсьці радыкал-нацыянал. Глядзі, Расея! А далей будуй сваю мадэль разьвіцьця сытуацыі.

Навукоўцу з Інстытуту арыенталістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, расхваляванаму апантанасьцю беларускага прэзыдэнта, хочацца адказаць:

«А няхай ён сабе называе праспэкт хоць імем яго перамогі, абы не Івана Фёдарава. Няхай ганяе з шайбай, абы хлопцам-хакеістам плаціў. Няхай едзе ў Маскву, нават алімэнты прыплацім».

За цараваньнем Аляксандра Рыгоравіча Першага Беларусь згубіла талерантнасьць, але набыла шарм — непаўторнасьць, непрадказальнасьць, нерастрачанасьць. Засталося дачакацца таго, хто здолее ўсё гэта ўзяць.

Вольга Караткевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0