Гоп-гоп

 

Яшчэ нядаўна Менск быў пустым горадам. Ні табе радасных крышнаітаў з кветкамі й званочкамі, ні разгвазданых кіслотнікаў у іншаплянэтнай вопратцы, рознакаляровых гіповых дзяўчат і нейкіх незразумелых падлеткаў надта ўжо афіцыйнага выгляду ў гальштуках і з кейсамі. Нават прапітая мэталюжная Панікоўка й Лошыцкі сквэр не стваралі належнае атмасфэры жывога гораду. Не было руху. Старыя ідэйныя нефармалы (калісьці існаваў афіцыйны тэрмін: «нефармальныя аб’яднаньні моладзі», які тычыўся пазасыстэмных тусовак, якія належала выкараніць) пасталелі, уладкаваліся на паплатныя працоўныя месцы й пакінулі па сабе пустыя вуліцы, а новае «неферскае» пакаленьне яшчэ толькі рыхтавалася да акупацыі асфальтавых пляцовак і цёмных садкоў. Цяпер, пасьля кароткага зацішша, адбыўся сапраўдны ўсплёск маладзёвае актыўнасьці. Цэнтар гораду ператварыўся ў адзіную суцэльную тусоўку, у межах якой круцяцца прадстаўнікі самых розных моладзевых плыняў — ад панкаў да рэйвэраў, ад скіноў да гіпі. За апошні год колькасьць маладых людзей, якія абралі сабе пэўны стыль жыцьця й начапілі адпаведныя іхнаму статусу ярлыкі, павялічылася разоў у дзесяць. Але ідэалягічнага базісу сучасная субкультура моладзі ня мае.

Кіслотнікі — гэта людзі, якія ўпадабалі яркую вопратку й шумлівую музыку. Ні пра якое пашырэньне межаў сьвядомасьці шляхам ужываньня псыхадысьлептычных рэчываў і скокаў пад рэйв дзеля дасягненьня сапраўднага электрызаванага паганскага кайфу яны й ня думаюць. А вось іхныя ангельскія ці нямецкія браты — думаюць, і менавіта гэтыя памкненьні даюць ім права называцца кіслотнікамі — тымі, хто жыве паводле законаў сынтэтыкі.

І панкі, і гіпі бухаюць аднолькава, і першыя тры месцы ў іхных размовах займаюць алькаголь, музыка й кампутары (апошняе захапіла масавую сьвядомасьць зусім нядаўна).

Пройдзе час, і ўсе яны сальюцца з натоўпам, пакідаючы сабе згадкі пра зьлёгку дэструктыўную маладосьць і адчуваньне таго, што «мы маглі ўсё зьмяніць, але…»

А вось гэта — гопнікі. Пра іх амаль не пісалі, але менавіта яны й ёсьць сапраўднымі выказьнікамі імкненьняў большасьці нашай моладзі. Іх сотні й тысячы, яны ствараюць найбуйнейшую субкультуру Менску. Прычым — рэальную, без усялякіх там перайманьняў. Гэтыя плююць на моднае адзеньне ідэалёгіі. Іх асноўнае захапленьне — напівацца ды йсьці біць патлатых (фарбаваных, підараў… каго заўгодна). І рэпэры, і сатаністы з аднолькавай пагардай вымаўляюць «гопнікі», распавядаючы пра свае начныя вяртаньні дадому. Падзяляюцца гопнікі на два лягеры — тых, што ўжо ўладкаваліся на службу ў міліцыю, і тых, якіх гэтая міліцыя час ад часу затрымлівае. Увогуле, значэньне тэрміну «гопнік» надта цяжка акрэсьліць. Аднойчы мая знаёмая спытала, хто гэта такія. Пасьля доўгіх тлумачэньняў прыйшлося прайсьціся зь ёю па вуліцы і ўвесь час паказваць на гопнікаў пальцам, каб яна, нарэшце, зразумела. Скончылася тым, што яна назвала гопнікам нейкага мірнага хлопца ў майцы «Chicago Bulls», лысага й потнага, які, відавочна, проста вяртаўся з трэнажорнае залі.

На дзьвярах гастраному нумар 24 напісаны лёзунг «Забі ўнутры сябе гопа». Моладзь зараз — во дзіва — найбольш пасыўны кляс насельніцтва. І так будзе, пакуль наша апазыцыя будзе, як уперад было, «браць на арла» — заклікаць да патрыятызму, спрабуючы схаваць уласныя хібы і памылкі. Усё перавернецца, калі яна паслухаецца лёзунгу з прадуктовае крамы.

Антон Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0