Віктар Шалкевіч:

Прынцып некалябарацыянізму

 

Віктар Шалкевіч праводзіць канцэртнае турнэ ў Берасьцейскай вобласьці. «Калі мы, грамадзяне сваёй дзяржавы, плацім падаткі, маем нейкія абавязкі, дык мы маем і нейкія правы, а галоўнае права чалавека — гэта выказваць свае пачуцьці, свае думкі. У мяне, напрыклад, яны зьдзяйсьняюцца ў постаці канцэрту, выступу перад гледачамі», — кажа гарадзенскі актор і сьпявак, які даў пасьля імпрэзы ў Баранавічах інтэрвію карэспандэнту «Нашай Нівы».

 

«НН»: Ці адрозьніваецца заходнебеларускі слухач ад усходнебеларускага?

В.Ш.: Я б не сказаў. Калі я быў на канцэртах на Віцебшчыне, там усе ўсё разумеюць. Дарма пішуць пра нейкі адвечны падзел. Можа быць, там у свой час людзей больш выбілі, сьцягнулі, але паколькі мы адзін народ і жывем у адной дзяржаве, то, здаецца, у нас аднолькавая й мэнтальнасьць.

У Віцебску ці Наваполацку слухач нічым не адрозьніваецца ад таго ж заходнебеларускага. Таксама падыходзяць, просяць перапісаць тэкст «Кастрацыі» ці, напрыклад, стаяць на балконе дзяўчаты й сьпяваюць хорам : «Кастусь, е-е, Кастусь...»

 

«НН»: Усе свае песьні вы пішаце самі? Існуе думка, што некаторыя зь іх — гэта перапрацаваныя тэксты 20—30-х гадоў.

В.Ш.: Ну, не. Гэта стылістыка. Разумееце, у беларускай аўтарскай песьні ёсьць пэўная дзіра 30-х гадоў. Ну, што там — «Вечар над Шчараю» Новіка-Пеюна...

Мае песьні — нармальная, з густам зробленая стылізацыя пад 30-я гады. Калі старыя кажуць, што я даўнейшыя песьні сьпяваю, значыцца, у гэтых песьнях нешта ёсьць. Рытм танга, потым — білінгвізм у тэкстах (і па-польску, і па-беларуску). Гэта нармальная стылізацыя. Хтосьці мне казаў, што во «Народны альбом» па тваіх сьлядах ідзе. Хай што хочуць, тое й робяць. У мяне свой шлях, у іх свой. Я вельмі цаню людзей, якія робяць сваю справу, рэалізуюць сябе. Маю на ўвазе Дзіму Бартосіка, Андрэя Мельнікава... Гэта вельмі вартыя людзі, у іншых краінах яны мелі б усё, мелі б аншлагі й авацыі.

 

«НН»: Як успрымаюць вашыя песьні за мяжой, напрыклад, у Расеі?

В.Ш.: Апошні мой выступ быў у Маскве, у Доме Літаратара, пад час Зьезду Беларусаў Расеі. Там прысутнічалі прадстаўнікі Краснаярску, Іркуцку, Сургуту, Пецярбургу й Масквы, даволі прадстаўнічыя дэлегацыі. Дарэчы, там прысутнічала й дачка маршала Жукава.

Расейцы, можа, ня ўсё разумеюць. Пасьля аднаго майго выступу да мяне падышоў Сяргей Нікіцін і кажа: «Виктор, я вот тут не совсем понял содержание вашей песни «Добрай раніцы, жлобская нацыя». А я выступаў а 8-й раніцы. Усе яшчэ сонныя сядзелі. Нікіцін не зразумеў. Тут да яго падскоквае беларускі міністр па культуры: «Я зараз вам усё растлумачу!» І тлумачыць, у чым сэнс гэтай песьні.

Мне падаецца, што кожны нармальны чалавек да нармальнага мастацтва ставіцца нармальна. У той самай Францыі, дзесьці ў 30 км ад Ліможу, на беразе прыгожага возера ў замку 14 ст. мы пілі «Кальвадос», яблычную гарэлку, запівалі яблычным сокам, закусвалі яблыкамі і танчылі з францужанкамі пад песьню «Шалёная». Французы вельмі разумеюць пачуцьцё. Тое самае зь немцамі, але зь імі было прасьцей — у мяне быў пераклад, і Дытар Кальке, нямецкі паэт, чытаў, што я сьпяваю. Але толькі я пачаў сьпяваць, як нямецкія сацыял-дэмакраты ўсталі й вышлі...

 

«НН»: Шмат хто з маіх знаёмых кажа, што Шалкевіч — гэта прадстаўнік заходнебеларускай бардаўскай песьні, а Зьміцер Бартосік ці Андрэй Мельнікаў — усходнебеларускай...

В.Ш.: Паколькі Бартосік перабраўся ў Менск, то значыць, ён прадстаўнік цэнтральнабеларускай бардаўскай песьні? А калі я буду куды пераяжджаць? Гэта ўсё лухта. Проста ўсе мы розныя людзі. Мы бачым сьвет па-рознаму й так яго адлюстроўваем ў сваіх песьнях. Мне, напрыклад, ніколі ў жыцьці не прыйшло б у галаву сьпяваць пра дона Лукаса, а Зьмітру ж прыйшло. Але ж Дзіму не прыйшло ў галаву сьпяваць пра таварыша Сапегу. І таксама мы не маглі скласьці песьню «Пагарэў, сусед, пагарэў», бо гэта стыль Мельнікава. Калі мы зьбіраемся ўдвох ці ўтрох, атрымоўваецца цудоўны канцэрт. Напрыклад, мы з Бартосікам выдатна дапаўняем адзін аднаго. Бартосік сьпявае сваё, я сваё.

Гэта нейкі штучны падзел. Як, дарэчы, і ўсе кабінэтныя падзелы. Мне надакучылі гульні так званых крытыкаў. Гэтыя ж самыя людзі звузілі беларускую нацыянальную ідэю. Зрабілі яе такой страхалюдзінай, такой дзевай. А беларуская ідэя — гэта прывабная беларуская кабета, якая павінна ўсім падабацца. Гэта павінны ўсе зразумець. Усе гэтыя нашы філёзафы й паэты, якія панадзявалі на сябе вянкі, пручыся ў пантэон беларускай справы. Час усё паставіць на сваё месца.

 

«НН»: Ці не перашкаджае Шалкевіч-бард Шалкевічу-актору?

В.Ш.: Не. Я лічу, што нармальны творчы чалавек павінен займацца ўсім, што адпавядае яго сутнасьці. Я ж, напрыклад, ніколі там ня лезу весьці нейкую «Пазорную Простынь» ці нейкія сумнёўныя імпрэзы. Я ніколі туды ня пнуся. Асноўны мой прынцып — гэта прынцып некалябарацыянізму. Гэта вельмі важна. Я не разумею, як некаторыя нашы «таварышы», якія сьпяваюць, могуць зьяўляцца на тэлебачаньні пасьля ўсяго таго бруду, які ліецца стуль. Мне здаецца, што ўсё гэта выглядае «пошла». Я б ніколі ў жыцьці ня лез туды, куды мяне ня просяць. Не патрэбна ім беларускай песьні, ну й ня трэба. Мы прарасьцем, як трава прарастае праз асфальт. Трэба думаць не пра месца ў пантэоне, а проста рэалізоўваць сябе і ўключаць у кола свайго ўзьдзеяньня як мага большую колькасьць людзей. Мне, у адрозьненьне ад усіх так званых беларускамоўных камандаў, патрэбна толькі адно — заля са слухачамі. Нават калі няма мікрафону.

Гутарыў Руслан Равяка, Баранавічы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0