БІБЛІЯТЭКА


 

Праз 40 гадоў

 

Матэрыялы па археалёгіі Беларусі. Вып № 2. Крывальцэвіч Мікалай Мікалаевіч. Азярное 1 — паселішча эпохі бронзы на поўначы Палесься

Зусім нечаканы сюрпрыз атрымалі ад акадэмічнага Інстытуту гісторыі тыя, хто чытае археалягічныя кнігі. Пабачыў сьвет 2-гі выпуск «Матэрыялаў па археалёгіі Беларусі». Прыгадайма, што 1-шы выпуск выйшаў у далёкім 1957 годзе (а не ў 1959, як пазначана на сёлетнім), і зваўся ён крыху інакш — «Материалы по археологии БССР» (для паўнаты ў дужках зазначым, што сэрыю меркавалі выдаваць на ўзор агульнасаюзных «Матэрыялаў па археалёгіі СССР», а тыя, у сваю чаргу, узялі за ўзор дарэвалюцыйныя «Матэрыялы па археалёгіі Расеі», вытокі якіх ужо губляюцца ў далечыні гадоў).

Увогуле, працяг прызабытых традыцыяў — добрая ініцыятыва археолягаў акадэмічнага інстытуту. Зусім нечакана для некаторых у 1993 годзе адрадзіліся «Гістарычна-археалягічныя зборнікі». Бо першы і, здавалася, апошні такі зборнік быў выдадзены Інстытутам беларускай культуры ажно ў 1927 годзе; так што сама думка адрадзіць выданьне калі і прыходзіла камусьці ў галаву, дык адганялася як сьмешная, нерэальная і непатрэбная. На справу падштурхнула гора, выкліканае сьмерцю вялікага дзеяча Адраджэньня археоляга Міхася Ткачова, і 2-гі выпуск адроджанага зборніка быў прысьвечаны яго сьветлай памяці. Далей выдавецкая справа пайшла шпарчэй; так у 1997 г. зьявіўся № 12 «Гістарычна-археалягічнага зборніку» (прысьвечаны семідзясятым угодкам вядомага археоляга і гісторыка Георгія Штыхава), а хутка справа дойдзе да № 15. І што важна, прыватных высілкаў на выданьне ўсіх нумароў было пакладзена у шмат разоў больш, чым клопату афіцыйна-навуковых уладаў. Ці не паўторыцца тое самае з новай адроджанай вэрсіяй?

Манаграфічнае дасьледаваньне Міколы Крывальцэвіча прысьвечана толькі аднаму археалягічнаму помніку — паселішчу эпохі бронзы Азярное 1 на поўначы Палесься, у Любаньскім раёне. Дасюль беларуская археалёгія ня мела так поўна выдадзеных матэрыялаў па пэўным паселішчы гэтага пэрыяду. Помнік, бясспрэчна, стане ўзорным, эталённым. Ды й сам бронзавы век Беларусі дасьледаваны слаба ў параўнаньні з эпохамі каменя і жалеза, пэўна, гэты самы «цёмны» пэрыяд нашай гісторыі, хоць у ім на тэрыторыі сучаснай Беларусі расьсяляліся індаэўрапейскія плямёны — непасрэдныя продкі балтаў і славянаў. Матэрыялы вывучэньня паселішча апублікаваныя вельмі поўна. У дадатках зьмешчаны працы іншых спэцыялістаў, дзе пададзены мінэралягапэтраграфічнае апісаньне фрагмэнтаў керамікі, вынікі датаваньня матэрыялаў на падставе радыёвугляроднага мэтаду, дадзеныя спора-пылковых аналізаў. Каго не спалохаюць такія тэмы, той, пэўна, адчуе задавальненьне ад чытаньня. У якасьці кірунку далейшага пошуку аўтар спадзяецца на дасьледаваньне суседняга паселішча, тэрыторыя якога пакрыта водамі возера Вячэра. Падводная археалёгія ў Беларусі яшчэ не атрымала распаўсюджваньня і ці будзе яна тут запатрабаваная — гэта, здаецца, пытаньне не аднаго бліжэйшага году. Будзем спадзявацца на лепшае. На заканчэньне трэба адзначыць прыгожую беларускую навуковую мову аўтара.

Валеры Пазьнякоў


 

Гурт «Пошук»: два ў адным

 

Пошук. Падвойны альбом: Наш абавязак заставацца жыць! Першы крок, 1987 (Беларуская музычная альтэрнатыва).

Сёньня ў стракатым скопішчы імёнаў беларускай рок-музыкі слова «Пошук», на першы погляд, нагадвае пра эстрадныя ВІА часоў таталітарнага застою. Але варта праслухаць запісы, каб зразумець, што ўражаньне ад назвы — падманула.

Месца паходжаньня гэтых запісаў — Наваполацак, час — 1987 год. Менавіта там і тады разгарнуў сваю дзейнасьць рок-клюб, а потым і тэатар-студыя «Зьніч». Фэстывалі, прэзэнтацыі, зборныя і сольныя канцэрты, спэктаклі праходзілі рэгулярна і зьбіралі аўдыторыю з розных гарадоў Беларусі. Ды й менскія гурты выступалі на ўсіх наваполацкіх «Рока-колах». Акурат у Наваполацку адбыўся адзін зь першых жывых канцэртаў «Мроі» пасьля адбыцьця вайсковай павіннасьці. На гэтай хвалі ўтварыўся «Рокаш», перайшоў на беларускую мову «Мясцовы час»... І «Рокаш», і «Пошук», і «Грунвальд» — усё гэта творчыя праекты Сержука Анішчанкі, арганізатара і рок-вакаліста. І тэатар-студыя «Зьніч» — ягоны праект, і ў «Мясцовым часе» ён пасьпеў адзначыцца.

На новай касэце прадстаўленыя два альбомы менавіта гурта «Пошук» — «Нам абавязак заставацца жыць» і «Першы крок». Але ўжо на першым зь іх мы знаходзім два гіты «Рокашу» — «Стары дом» і рок-вэрсію Воюшавай песьні «Назад». А куды ж падзелася ў такім разе імя «Рокаш»? Ды час быў такі: «Магістрат» разагналі менавіта з-за стылю (гэві-мэтал) і назвы (гарвыканкамы крыўдзіліся), «Бондзе» забаранялі канцэрты з-за назвы (на што, маўляў, намякаеце — на бандыта Джэймса Бонда ці на забаронены слоўнік Ластоўскага?). Баявы беларускі кліч «Рокаш!» — таксама. Хлопцы шукалі выйсьця і таму, відаць, сталі «Пошукам». Ды й склад калектыву пасьпеў зьмяніцца, пакуль удалося пачаць якасны запіс.

Памятаю эфэктны сцэнічны выхад дуэта Паўлёнак-Анішчанка з воклічам:

Назад! Назад!
І коні ірвуцца ў бой.

Гэта падчас выступу «Рокашу» ў Менску побач з «Мрояй» і «Белым крукам» на 1-м Вальным сойме беларускіх суполак. Але на альбоме «Пошуку» Алега Паўлёнка ўжо няма, хоць ён аўтар многіх гітоў («Назад», «Стары дом» і інш.).

Затое прыхільнікі творчасьці Алена знойдуць у складзе «Пошуку» яшчэ адно знаёмае імя — Андрэй Мітрошкін. Менавіта зь Мітрошкіным пазьней Сяржук Хамякоў стварыў свайго Алена.

Стылістычна гурт працаваў на мяжы арт- і гард-року. Але па-за ёмістай музыкай прывабіў бы сучаснага слухача і зьмястоўнымі тэкстамі. Цытаваны ўжо тэкст «Назад», як і твор «Крыжаванкі», друкаваўся пазьней у зборніку С.Сокалава-Воюша «Кроў на сумётах», а «Стары дом» — пра тое, як...

... пад сьпеў зімовых сьцюж
Зносяць даўнія дамы,
Як часьцінкі нашых душ.
І зьнікаем зь імі мы, —

пры першых акордах заўсёды выклікаў прыхільнасьць публікі ня толькі на рок-канцэртах, але й на бардаўскіх вечарынах, калі твор сьпяваў сам Алег Паўлёнак пад уласны акампанэмэнт акустычнай гітары. Не чужой у творчасьці «Пошуку» аказалася і своеасаблівая даніна гэві-мэтал-року (кампазыцыя «Наскок»), і балядная танальнасьць («Мяне каханым не заві»), і рок-н-рольныя рытмы («Дамавік»). Але такая стылёвая разнастайнасьць, выяўленая больш у другім з прапанаваных альбомаў, не руйнуе амплюа «Пошуку» як прадстаўніка інтэлектуальнай рок-плыні. Ня дзіва, што некаторыя ставіліся да яго як да бард-року, дзе трывалая літаратурная аснова лёгка кладзецца ў любыя рок-рытмы. Адно, што аспрэчвае гэтую тэзу: гэтыя «любыя» рытмы маюць стабільную стылёвую афарбоўку.

Пазьней гурт яшчэ выступаў у зьмененым складзе і пад іншай назвай — «Грунвальд». Але памяць пра «Пошук» засталася, бо, як сьцьвярджаецца ў песьні-візытоўцы:

Пошук — гэта вятры і хвалі,
Пошук скідае з плячэй ярмо.
Той, хто знаходзіць, шукае далей,
Бо ў тым шуканьні жыцьцё само.

Прыйдзе час, і гэтыя песьні ажывуць у выкананьні новых зорак нацыянальнай рок-сцэны.

Вітаўт Мартыненка


 

Фабрыка працуе бесьперабойна

 

NRM. Акустычныя канцэрты канца ХХ ст., 1999. 2 МС

Самым прадуктыўным вытворцам на нашым музычным рынку безь перабольшаньня ёсьць рок-гурт «NRM». І прадукцыя ягоная на дзіва разнастайная — і стылёва, і паводле формы падачы матэрыялу: тут і канцэптуальныя стод-рокавыя альбомы, і дыхтоўныя гіт-складанкі, і вось, нарэшце, ці ня першая ў Беларусі спроба прапанаваць якасную канцэртную праграму.

Сама назва, мабыць, насьцярожыць сталых прыхільнікаў калектыву, якія прызвычаіліся да жорсткіх, замяшаных на панку й гэві-року рытмаў. Але не хвалюйцеся, усё гэта застаецца: акустыка тут зусім ня тая, якую чакаем ад таго ж Алеся Камоцкага або Андруся Мельнікава. «Мрайчукі» зусім не зьбіраюцца ператварацца ў бардаў. Проста да электрычнага драйву тут дадаецца крыху больш чыстага гуку гітарнай струны, а жывая акустыка залі давяршае плястычныя пераўтварэньні.

Яшчэ адна перасьцярога — «live recording». Адразу засьведчу, што ў нас нарэшце яго навучыліся рабіць прафэсійна: слухача зусім не расчаруе наяўнасьць мноства пабочных гукаў у такіх выпадках, затое эфэкт жывой прысутнасьці гарантаваны. Дый калекцыянэраў, якія зьбіраюць усе альбомы гурта, зусім не зьбянтэжыць непазьбежнасьць паўтораў, бо тая ж знаёмая «Одзірыдзідзіна» або «Паветраны шар» гучаць тут сьвежа й арыгінальна. А ёсьць жа й суцэльныя сурпрызы.

Калісьці мяне ўразіў эстонскі праект гурта «Metalist», які зусім ня ў стылі гэві-року, але сучасна прасьпяваў клясыку эстонскага року 60—70-х гадоў. Вось бы, думаю, хто зь беларускіх калектываў да гэтага дадумаўся: у нас жа цэлыя пласты рок-музыкі, якім былыя рэжымы проста не далі дайсьці да масавага слухача. Незапатрабаванымі застаюцца бліскучыя ўзоры творчасьці «Блізьнятаў», «Пані-братоў», «Дойлідаў», «Магістрату», «Белага крука»... І вось «NRM» паспрабавала зрабіць крок у гэтым накірунку, прыгадаўшы стары ўлісаўскі гіт «Радыё Свабода».

Па-новаму гучаць тут і вядомыя гіты з «Народнага альбому» — «Надзенька», «Простыя словы», «Лалалала», «Край ты мой, край». Па-новаму, хоць і там, і тут мы чуем голас Лявона Вольскага (акрамя «Надзенькі»). Толькі вось чаму ў апошняй з названых на гэтым «анплюгедзе» чуецца матыў «El condor pasa»?

Дарэчы, тыя, каму старая «Мроя» падабаецца больш за новы праект «NRM» (хоць бы стылістычна), знойдуць тут водгукі «мроеўскага» фэномэну 80-х, асабліва ў творах «Нацыя», «Трактар», «Мы самі па сабе», «Халодны блюз». Ёсьць у іх крыху маралізатарства, характэрнага для рок-музыкі таго пэрыяду, толькі сыграна больш зьбіта, зладжана, больш тэхнічна, а ў песьнях «Дарога», «Бацька», «Пакуль не пачнецца вайна», «Медны купарос» — проста захапляе.

Асаблівы настрой стварае ў гэтай праграме рэакцыя публікі. Як у папулярных цяпер тэлекамэдыях, пазбаўленых гумару, вам падказваюць, дзе сьмяяцца, устаўляючы фанаграмы запісанага сьмеху, дык і тут воплескі й авацыі дапамагаюць слухачу фармаваць свой настрой. Дый проста прыемна ўсьведамляць, што ты прысутнічаеш там, дзе ня змог пабываць, дзе сабралося гэтулькі публікі, якой надзвычай падабаюцца і старыя «мроеўскія» гіты («Краіна крывавых дажджоў», «Зямля», «На вуліцы маёй»), і новыя («Зомбі», «Бывай», «Са шчытом ці на шчыце», «Мітусьня»).

Бадай, новы прадукт з лэйблам «NRM» не расчаруе нічыіх спадзяваньняў. Ледзь ня ў кожным радку адчуваецца адбітак рэчаіснасьці, толькі не люстэркавы, а гіпэртрафаваны, перабольшаны, саркастычны.

Вітаўт Мартыненка


 

За туманам

 

Крыві. За туманам..., 1998

Гурт «Крыві» ўвайшоў у шэрагі беларускай музычнай эліты імкліва й грунтоўна. «За туманам», «Агу, вясна», «Сьветлая Зоя» сталі сапраўднымі супэр-гітамі праз тэле- й радыёэфір. Прычым дзьве зь іх запісаныя ў дзьвюх вэрсіях, і абедзьве зь іх папулярныя.

Загалоўная песьня альбому ў асноўным матэрыяле праграмы выглядае сьціплей, але бонус-трэк зь ейным мэтал-рымэйкам уражвае эмацыйнай напоўненасьцю. Праўда, стаўка на гучаньне бонусу, магчыма, раскалола б і «Крыві», як раскалоўся «Палац», бо гэта б быў зусім іншы стылёвы праект, а ў «Крыві» ўжо ёсьць і выразны імідж, і свая публіка. Дый гэві-металёвая гітара Піта Паўлава без праблемаў упісваецца ў яго і ў гэтым бонус-трэку, і ў песьнях «Сваточак», «Добры дзень», «Дай, Божа» ды асабліва ў «Агу, вясна».

Дарэчы, «Агу, вясна» — гэта другі прыклад вэрсіяў. Праўда, дыджэеўскі ейны рэмікс зусім ня трапіў у альбом (ён ёсьць на зборным кампакт-дыску «Вольныя танцы: слухай сваё»). І дзякуй Богу. У арыгінальнай вэрсіі гітара Піта Паўлава й голас Веранікі Кругловай настолькі саграваюць песьню, што яна так і зьзяе ўнутранай энэргіяй.

Ня стану сьцьвярджаць, што толькі гэві-металёвая цеплыня прываблівае ў музыцы гурта «Крыві». У песьнях «Бяроза», «Вутачка й селязень», «Коцік», «Каліна», «Сьвякроў» сьпявачка проста душой адчувае народную песьню.

Паводле старой завядзёнкі ў нас любяць параўноўваць айчынных зорак з аналягамі сусьветнага шоў-бізнэсу. Параўнаў бы й я: калі слухаю «Крыві», прыгадваецца творчасьць гуртоў кшталту «Dead Can Dance», «Deep Forest», Dao Dezi... Толькі тыя для сваіх этнатэхналягічных экспэрымэнтаў корпаюцца ў чужых крыніцах, знаходзячы аж зусім экзатычныя фальклёрныя плыні, а «Крыві» сілкуецца папросту з сваіх каранёў. Ня дзіва, што й касэта гэтая выдадзеная пад эмблемаю «вяртаньне да вытокаў».

Вітаўт Мартыненка


 

Беларускія маршы і песьні

музычны зборнік, аўдыёкасэта, CD

«Беларускія маршы і песьні» — супольны праект газэты «Наша Ніва» і мужчынскага хору «Унія». Выйшлі аўдыёкасэта і CD з запісам патрыятычных песень у выкананьні хору і зборнік-сьпеўнік. Апроч гімнаў і маршаў, у сьпеўнік уключаныя шэдэўры беларускай патрыятычнай песьні: «О Беларусь, мая шыпшына», «Магутны Божа» ды іншыя. Праект прысьвечаны 80-годзьдзю БНР.

Пытайцеся ў незалежных распаўсюднікаў. Па даведкі тэлефануйце (017) 227-78-92


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0