100 твораў мастацтва ХХ ст.

Уладзімер Кудрэвіч. Раніца вясны

 

Факт навучаньня Ўладзімера Кудрэвіча ў старой Лібаве, дзе былі моцныя нямецкія й скандынаўскія культурныя ўплывы, дзе ізаляцыя ад Расеі, калі й не была прынцыповаю, дык прынамсі падсьведамаю, стаў вызначальным для ягонае раньняе творчасьці. У Латвіі пачатку нашага стагодзьдзя традыцыі францускага мастацтва былі ў модзе. Гэткія мастакі, як жывапісец Пурвіт ці скульптар Залькалн адметны нацыянальны стыль шукалі менавіта ў найноўшых плынях...

... Па вяртаньні ў Беларусь, Уладзімер Кудрэвіч апынуўся ў коле аднадумцаў, гэткіх самых маладых экспэрымэнтатараў, шукальнікаў нацыянальнага зьместу ў транснацыянальных, адпаведна найноўшых формах. Сярод ягоных паплечнікаў, якія ўтварылі ў Менску майстэрню «Выяўленчае мастацтва» ў 1923 годзе, былі і Станюта, і Філіповіч, і Ахола-Вало... Атмасфэра Менску пачатку 20-х гадоў моцна розьнілася ад Віцебску ці Гомеля, дзе ў тыя часы адбываўся таксама нечуваны па маштабах экспэрымэнт — зьмена эстэтычных уяўленьняў нацыі. У Менску ніхто нічога не ламаў. Тут мірна суіснавалі самыя розныя плыні. А асноўнай задачай Галоўпалітасьветы, дзе мастацкі аддзел ачольваў Станюта, было падтрыманьне гэтае разнастайнасьці, пешчаньне багацьця формаў... І беларусізацыя. Як ні парадаксальна, але ня ў Віцебску, дзе былі створаныя сусьветныя шэдэўры, а ў Менску свабода творчасьці была неабмежаванаю. Можа і з прычыны таго, што тут не было гэткіх камісараў, як Шагал, альбо бескампрамісных апалягетаў кшталту Малевіча. «Левізна» толькі кранула некаторых мастакоў. Яе цяжка ўбачыць у работах Станюты ці Астаповіча, ня кажучы ўжо пра Кудрэвіча.

У гэты час Уладзімер Кудрэвіч, насуперак усім тагачасным спакусам, піша дзясяткі пэйзажаў. Толькі на Першай Ўсебеларускай мастацкай выставе ён прадэманстраваў блізу 40 краявідаў. Гэта былі й пісаныя алеем, і акварэльныя работы, якія ўвасаблялі новы, найноўшы погляд на беларускую прыроду. Не фіксатарскі, краязнаўчы позірк, а шырэйшае разуменьне каляровых, сьветлавых адметнасьцяў НАШАГА паветра, не рэчаіснасьць, а ўражаньне ад яе. Уладзімер Кудрэвіч стаў найбуйнейшым майстрам пэйзажу пачатку 20-х гадоў.

«Раніца вясны» была напісаная ў 1924 годзе. Бярозавы гаёк, шапаценьне лістоты, россып пяшчотных веснавых кветак. Ня варта шукаць тут нейкага пэўнага месца, корпацца ва ўспамінах: ці гэта ўскраіна Менску, ці недзе над Дняпром... Не, гэта не сапраўднае месца, не сапраўдная канкрэтыка... Яна йснавала адно ва ўяўленьнях, ва ўражаньнях. Ну, насамрэч, хіба бярозы гэткія танклявыя, хіба шаты іхныя гэткія высачэзныя?..

У гэтым палатне з амаль вучнёўскай руплівасьцю Кудрэвіч скарыстаўся з прыёмаў пуантылізму, аднаго з накірункаў імпрэсіянізму, які быў вынайдзены ды распрацаваны Сёра... Паводле практыкі й тэорыі пуантылізму, усе колеры існуюць паасобна, а вось нашае вока і ўражаньне іх перамешвае. Дык навошта перамешваць на палітры чысьціню, пераўтвараць яе ў нячыстыя плямы, пазбавіўшы вочы й розум радасьці? Гэткае спэктральнае, а не мэханічнае, зьмяшэньне колераў дае ні з чым не параўнальны эфэкт дрыготкага зьзяньня, надматэрыяльнасьці, большае сапраўднасьці ў нашым ўяўленьні, чым гэта ёсьць у сапраўднасьці.

Кудрэвічава манера больш імпульсіўная, лягчэйшая. Прыдуманыя дрэвы ў прыдуманым паветры складеныя з чатырох колераў — зялёнага, блакітнага, жоўтага і сіняга ў іх бясконцым калейдаскапічным судачыненьні. Кропкі колераў то спалучаюцца звонкім дакрананьнем, то разьбягаюцца ў далёкай сьвежай і новай імжы, што пакуль не набрыняла сонцам і летнім скварам... Фантастычная выява трапна й лёгка, нібы ў прымружаных вачах, даносіць нашае не імгненнае, а сабранае ўражаньне, успамін пра канец той вясны...

«Раніца вясны» ўпершыню была экспанаваная ў год свайго напісаньня на Ўсебеларускай выставе ў Менску... За доўгія пазьнейшыя гады Кудрэвіч, на жаль, не пераўзышоў сам сябе. Палотны выдатнага пэйзажыста станавіліся ўсё больш ляпідарныя. Зрэшты, гэтаму ёсьць тлумачэньне. Вонкавыя грамадзкія ўмовы і ўмоўнасьці аказаліся мацнейшымі. Нават у жанры пэйзажу...

Толькі рэхам паваенная карціна, адна з апошніх, «Вечар на возеры Палік» сьведчыць пра высокага кшталту майстэрства аднаго з пачынальнікаў жанру пэйзажу ў нашым мастацтве нашага стагодзьдзя.

Сяргей Харэўскі


 

Уладзімер Кудрэвіч (1884, Чавусы — 1957, Менск), жывапісец, пэйзажыст. З 1903 па 1906 гады вучыўся ў мастацкай вучэльні ў Лібаве (Латвія). Удзельнік выставаў з 1921 году.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0