Павал Севярынец

Салют герою

 

Больш за 300 тысячаў дэманстрантаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі назіралі на беразе Сьвіслачы грандыёзны пераможны салют.

«Народная газета», нумар за 24 траўня.

 

Чытача не павінны палохаць некаторыя звышнатуральныя моманты гэтай гісторыі. Тым больш, таемныя падрабязнасьці, якія маглі б выклікаць масавы шок у грамадзтве, засталіся за кадрам падзеяў. Многія, з кім нам даводзілася размаўляць, зусім не прызнаюць відавочных фактаў, датычных пэўнага часу й месца. Зрэшты, што й казаць: дагэтуль ня так ужо шмат ведама пра легендарны Салют. Таму тут рупліва выкладзена толькі тое, што нам удалося пабачыць на ўласныя вочы й пачуць на ўласныя вушы.

Героем нечакана аказаўся хлопчык, зь якім мы ледзь не сутыкнуліся ўвечары на ўваходзе ў краму. Амаль падлетак, з засяроджаным і пранізьлівым позіркам, даволі нехлямяжы й трохі хваравіты на выгляд, ён прыўстаў каля дзьвераў, прапускаючы нас між зыбкіх шкляных адлюстраваньняў. Мы рынуліся наперад дружнай чаргой, адзін пры адным, гучна пераклікаючыся па-беларуску — ёсьць такі рэфлекс на людзях. Герой пачуў, у ім штосьці салідарна скаланулася. Са шчырай усьмешкай ён абярнуўся і пасьпеў наўздагон ухапіць апошняга з нас цікаўным паглядам.

Я рэзка азірнуўся, быццам атрымаў удар у сьпіну. Побач са мной, паражаны гэткім жа інстынктыўным страсеньнем, спуджана шарахнуўся, трымаючы адварот паліто, той самы апошні.

Мы ўсе моўчкі, нібы аглушаныя, уладкаваліся за столікам. Нарэшце нехта, са сьвятарным жахам пазіраючы ў дзьверы, абвёў вачыма астатніх:

— Ё-маё, хлопцы. Фантастыка. Мне здалося, што гэта ён.

— Падобны, — рэхам азваўся іншы, штосьці зморшчана й пакутліва ўспамінаючы. — Я вам вось што скажу, спадарства: прыкладна такі ён і павінны быць.

І гэта быў сапраўды ён. Той самы герой, якога ўсе так доўга чакалі й прадказвалі, якога кожны так хацеў першым угадаць сярод вулічных натоўпаў пакаленьня X. Той, для каго ўсе мы столькі пісалі, каго спрабавалі разгледзець і над старонкамі сваіх тэкстаў, і між радкоў. Невядомы малады чалавек — ці то пераходнага, ці асьпіранцкага ўзросту, з гіпнатычнымі вачыма, які піша геніяльныя вершы, марыць пра бела-чырвона-белы сьцяг па-над горадам і, вядома, чытае вось у гэты момант сёньняшнюю «Нашу Ніву». Словам, як аднойчы прагучала ў «Новага Неба» — той, хто стаіць у мяне за плячыма.

У прынцыпе, гэта нармалёва, калі герой ходзіць па менскіх вуліцах. Дапусьцім, ён нават наведвае прадуктовую «Падкову», што між Унівэрсытэтам, «Дынамам» і вакзалам. Але ўзьнікнуць вось так, без аб’яўленьня вайны, зьнянацку — мы, калі пазналі яго, ледзь не схапілі ўсе разам інфаркт. Мы ня ведалі, што герой зьбіраецца рабіць далей. Мы маглі толькі здагадвацца, што менавіта яму наканавана выклікаць знакаміты, усепераможны Салют. Адзінае, што можна было сказаць з упэўненасьцю — раптоўная сустрэча прадвяшчала старт усім падзеям. Герой зьявіўся, бомба з гадзіньнікавым мэханізмам пачала адцікваць час, і гэта значыла, што якраз-такі ўсё й пачынаецца.

Мы моўчкі пераглядваліся, пакуль нехта не сказаў:

— За ім.

Тым часам нашага героя займалі абсалютна чалавечыя рэчы. Ён мінаў дрэва за дрэвам у сквэры блізу «Дынама», і зацёклыя за чатыры гадзіны вучобы зьвіліны марудна круціліся вакол купіць-паесьці, хоць бы нечага смутна-малочнага, альбо таннага, хрусткага й запакаванага. У «Падкове» адзінай радасьцю аказаліся беларускія словы, пачутыя ад афіцыйнай дэлегацыі беларускіх незнаёмцаў у сьпінжаках і палітонах. Сыру, як заўсёды, не было, даражэзны ёгурт каштаваў столькі, колькі паўтузіны чэрствых буфэтных булачак, а да кількі, такой пернай, спажыўнай і захапляльна сьмярдзючай, ён яшчэ быў не гатовы псыхалягічна.

Зрэшты, малапаэтычна, але лагодна думаў герой, гэта, зь іншага боку, і добра. Значыць, рэжым галадуе. А рэжым, якому ўвесь час не стае масла, сыру, млека, яйка й курка, насельніцтву ненавісны з часоў вайны. Што ж, дзеля гэтага можна самому вытрываць посны вечар у інтэрнацкім пакоі й нашча адправіцца на заўтрашнія лекцыі.

Было ўжо зусім цёмна. Герой завярнуў на Ўльянаўскую, на велізарны спуск у катлавіну, дзе збудаваны дынамаўскі калізэй. У алеі пад ліхтарамі расьцярушаныя цені дрэваў пакрывалі асфальт нерухомай сеткай расколінаў.

З раптоўным парывам ветру зямля скаланулася. Ён ледзь не прысеў ад страху, раскінуўшы для раўнавагі рукі... Бязважкія цені, як гіганцкае павучыньне, усё яшчэ калыхаліся туды-сюды.

Гэты драпежны эфэкт вымусіў нашага хлопца ўсхапіцца. У героі, як дзікі крык, ускіпеў партызанскі настрой. Жаданьне ўсур’ёз пагуляцца ў вайну ў цёмных кварталах — з вулічным боем, разгромам засадаў і сьцягам над узарванай камэндатурай.

Герой быў ва ўдары. Ён імгненна ператвараўся ў дывэрсанта ў стане ўзброенага афэкту, якому цік часу адлічвае, колькі жыць і ў якога прыцэльна цікуюць вочы. Ён распраўляўся з сустрэчнымі фарамі моцным мірганьнем — машыны ўспыхвалі й кувыркаліся прэч у аблоках выхлапаў. Ён ледзь заўважнымі рухамі корпусу ўнікаў паражэньня чэргамі трасуючых ліхтароў. Ён, не вымаючы рук з кішэняў, адстрэльваўся сорак пятым калібрам па шыбах і постацях пальцамі, зьведзенымі ў пісталет. У вечаровым эфіры, напоеным адрэналінам, яго шалёна натхнялі згадкі пра шматтысячныя шэсьці, прарывы кардонаў таранам і ўзмахі крылатых бела-чырвона-белых сьцягоў з гнёздаў па-над антэнамі й маланкаадводамі. На сэкунду здалося, што страшэнная падсьвядомая сіла, аб якой ён здагадаваўся і ад якой раз-пораз здрыгалася ўся ягоная істота, прызначаная якраз дзеля гэтага.

Хуткасьць спуску, адмераная сажнёвымі крокамі, выносіла яго ў парк, на бераг Сьвіслачы, дзе патанала сьвятло вокнаў вышыннага інтэрнату. Плітка разьбягалася з-пад ног. Літыя трамвайныя рэйкі Ўльянаўскай, з грукатам разагнаўшыся з гары, імклівым трамплінам вывярталі на пад’ём мосту — а за ім успыхвалі агнямі канцэртны комплекс і мікрараёны аж да самае Серабранкі.

Герой задыхана рушыў насустрач мігценьню і бляску агнёў, насустрач армадам утульных, як сьвечкі, сямейных лямпачак і звышновым ліхтарным зорам. На сутыкненьне зь цьмянымі гмахамі гораду ворагаў. Герой амаль бег — каб узьляцець над парэнчамі, над ракой, зрабіўшыся грамадным, пабачыць увесь Менск, неабсяжны пульсуючы мэгаполіс... І рухнуць усім велізарным целам на вежы, будынкі, падломленыя слупы — каб нясьцерпна глушыла й рэзала, каб у целе гасьлі агні, працятыя электрычнасьцю, каб сэрца ўспароў абэліск на плошчы Перамогі, а ў мозгу з жахлівым ударам праз выбітыя вачніцы выбухнулі разваліны цэглы.

***

Мы йдзем па сьлядох героя. Яго чорная постаць мільгае між дрэвамі парку, ён рухаецца дзіўнавата і з падазронай пасьпешлівасьцю. На нашых вачох яго велізарны цень, разгайданы хадою, раптам вырываецца з мосту ў неба й расьсейваецца па-над горадам. Агульны шок; мы спыняемся раіцца, ці ісьці далей. «Ды вось ён!» — ускрыквае нехта. І праўда, герой, жывы й здаровы, праходзіць мост і спакойна збочвае да інтэрнату.

Ён жыве ў студгарадку БДУ сярод хімікаў, радыёфізыкаў, віетнамцаў, арабаў і нэграў, у трынаццаціпавярховай «двойцы». Нясьмела й насьцярожана мы падымаемся на дванаццаты паверх. Пакой героя рыхтык насупраць дзяжурнае чытальні з вокнамі на цэнтар гораду. Толькі зірнуўшы ў вокны, мы ўсе сыходзімся ў адным: няма сумневаў, сёньняшняй ноччу нашае месца тут. Ціха, безь сьвятла, шэптам перамаўляючыся, мы разьмяшчаемся за расстаўленымі ў беспарадку партамі. Хтосьці адпраўляецца да знаёмых на сёмым паверсе — як вы ўжо здагадаліся, знаёмыя ў нас ёсьць паўсюль — і вяртаецца з кавай, кубкамі й попелкамі.

Мы распахнулі абодва вакны, увесь горад зь яго непаўторным пахам і гукамі. Менск адсюль выглядае ўнушальна. Адразу пад намі даліна Сьвіслачы. Выгнутая дугой узьбярэжная — і, быццам велізарная сцэна, плошча перад Канцэртнай заляй «Менск», усеяная начнымі зыркімі ліхтарамі. А за ракой, нібы гіганцкі ўзгорны амфітэатар, шматузроўневыя ступені: аркі стадыёну, Вярхоўны суд, Міністэрства замежных справаў. Установы, офісы й крамы ў будынках сталінскага ампіру, аграмада за аграмадай, падымаюцца да самага грэбню ў цэнтры гораду. Там, на небакраі, паўстаюць гарадзкія вяршыні: вежа КГБ, Макдональдз, цыкляпічная тэлерадыёвышка... І, па-над усім, бастыён рэзыдэнцыі з галоўнай іглой краіны.

Напэўна, гэткі від з вокнаў дадзены герою зусім нездарма. Ён мае магчымасьць штовечар задуменна праходжвацца ў чытальні, разглядаць сталіцу дзяржавы з тылу, з двароў, з чорнага ўваходу. Яму ўсё відаць. Стаўлю нават, што менавіта тут, дапытліва вывучаючы далягляды, ён выношвае ідэі, якія заўтра ахопяць усіх.

Нехта пачне прыладжвацца на падваконьні. Што за праблемы — я адразу перакіну ногі ў прадоньне. Я ўсядуся на вышыні дванаццатага паверху з кубкам гарачае кавы і так эфэктна разьвею воблака пары над дахамі гораду, што ўсім астатнім захочацца зрабіць, як я. Сапраўды, вялікая ноч. Быць на краі, дзе неасьцярожны рух каштуе жыцьця, адчуваць небясьпеку ўсім усхваляваным целам — што яшчэ трэба цяпер, у эпіцэнтры, побач з героем, напярэдадні гістарычных падзеяў!..

Мы з заміраньнем сэрца расьсядземся ў ваконных проймах. Нас не заўважыць ані міліцэйскі патруль ля Цэнтравыбаркаму, ані чэкісцкая оптыка з рэзыдэнцыі, бо мы ня будзем гарланіць песьняў і кідаць уніз піўных бутэлек. Мы сёньня абраныя назіральнікі, і нашая місія — чакаць, сьцішана размаўляючы толькі пра самае важнае, і ўважліва адзначаць, як будуць адбывацца доўгачаканыя й неверагодныя рэчы. Мы ашчаднымі, нетаропкімі порцыямі п’ем чорную каву, каб быць у гэтую ноч асабліва бадзёрымі й пільнымі. Каб чуць і бачыць востра, да ўколу кропкі, да моманту праўды.

У пакоі ўжо выключана сьвятло. Герой даўно памыўся, пачысьціў зубы й варочаецца на ложку. У паўдрымоце ўсплываюць то ўнівэрсытэцкія пары, то беларускія незнаёмцы ў «Падкове», то тэлефонны званок дзяўчыне, голас якой гучаў сёньня ў слухаўцы досыць аддалена й суха. Але сярод іншага юначага хламу раз-пораз, і ўсё больш настойліва, узьнікаюць грозныя вобразы па-над горадам з вокнаў насупраць пакою...

***

Нашая прыцішаная гаворка начных мудрацоў пачнецца зь цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў. Тым больш, што пад бокам Цэнтравыбаркам у будынку канцэртнай залі. Уяўленьне імгненна перапаўняе яго падзеямі восені 96-га: выгнаньне Ганчара, Чыгір выбірае адстаўку, вечаровыя скандаваньні, і ў бой ідуць адныя палкоўнікі. Праз два з паловай гады: Ганчар галадае, Чыгір ужо ў ізалятары, зноўку палкоўнікі, і зноў паўкраіны ў чаканьні цуду.

— Чыгір, у прынцыпе, наш, — стараецца растлумачыць нехта, — пагадзіцеся, больш сымпатычны, свойскі, ды хоць бы й больш чалавечы...

— Хлопцы, толькі Пазьняк, — да ўпору настойвае іншы, — ня трэба сініцу ў руках. Лепш Зянон у небе.

Адзін шэры кардынал выказаў мне калісьці геніяльна простую формулу. Беларусь як дзяржаву, казаў ён, можа ўратаваць толькі саюз Народнага Фронту й беларускае намэнклятуры. І шкада, што не атрымаецца Пазьняка ў прэзыдэнты, а прэм’ерам пры ім Чыгіра. Вельмі шкада.

Мы павінныя будзем паразмаўляць і пра Андрэя Клімава, які таксама быў здольны з посьпехам раскруціцца на прэзыдэнцтва. Проста перад намі, на ўзьбярэжнай — пабудаваны ім дом, вышынны Дом Клімава, аграмадны, элітны, з парадам сатэлітарных талерак на даху. Сёньня Клімаў у турме. Размова зачаравана віруе вакол вобразу беларускага прадпрымальніка, беларускага алігарха, вакол сярэдняе клясы, балазе, «Дынама» побач — і Дом Клімава паціху-патроху засяляецца гандлярамі карэйскай відэапаратуры, маянэзу ды красовак, добрапрыстойнымі гуртавікамі, улальнікамі шапікаў і буйнымі валютчыкамі. Радасьць рэформаў — гэта для іх. Пасьля Лукашэнкі такога люду будзе ўсё больш і больш. «Хаця, па ідэі, — дасадліва дадае нехта, — у такія дамы мусіла б перабрацца зусім іншая эліта...»

Час пераваліў поўнач і набліжаецца да самае глухамані. Мы працягваем свой поўны таемнага сэнсу начны рытуал, які няўмольна, з агульнай маўклівае згоды, вядзе агляд панарамы справа налева, проці бегу вачэй пры чытаньні.

Кагосьці, між іншым, працінаюць дрыжыкі. Нэрвы.

Засяроджваемся на чарговай вышыні — чырвоны маяк пэйджэрнай вежы, што мігціць над Залатою Горкай. Калісьці гэтая аграмадных памераў канструкцыя, расфарбаваная ў белыя й чырвоныя колеры, глушыла варожыя галасы з Захаду. Потым яе разьвянчалі, і з тых часоў маяк абслугоўвае пэйджэрныя кампаніі. Мы па чарзе, як тэлефоны выратаваньня, як магічныя закляцьці, пачынаем называць нумары й абанэнтаў — дзеячоў апазыцыі, праваабаронцаў, тэлевізійнікаў і незалежных сродкаў масавае інфармацыі. Мы перабіраем пазыўныя, паўшэптам, з прыдыханьнем, наперабой успамінаем усіх, і ў адказ на гэтае начное гуканьне расьце, шырыцца трывожны шум — ці то рэха зь вяршыняў гмахаў, ці то хор прамога эфіру, вайсковай спэцсувязі й радыёперахватаў.

Яшчэ далей, у раёне плошчы Перамогі, падсьвечвае неба пражэктар. Нябачныя хмары дымна клубяцца ў расьсеяным сьвятле. Хтосьці ўзгадвае тэлекадры ўспышак над Багдадам і Бялградам. Шум, якім поўніцца горад, перарастае ў гул бамбавікоў і далёкае паветранай сырэны. Мы напаўголасу спрачаемся пра NATO, пра сэрбаў, якія ўсё-такі нам славяне, пра Лукашэнку, які мае ўсе шанцы стаць наступным. А вакол пачынаюць дрыжэць ваконныя шыбы ў прадчуваньні кашмарнага разбурэньня, і хтосьці, на вельмі высокіх нотках, ледзь вымаўляе: «Ой-ёй-ёй...»

Мае суразмоўцы робяцца ўсё больш узбуджанымі. Вочы пабліскваюць, як перад навальніцай. Адчуваеш, што блізка ці то нянавісьць, ці паніка — бо наступнай на даляглядзе паўстае галоўная тэма, цытадэль рэзыдэнцыі. Крэпасьць з асьвечаным сьпічаком, над якім разьвінаецца сьцяг — я вам клянуся, чорны. Гэта апошні бой, мы ўсе разумеем і таму рыхтуемся. Вырашаецца лёс героя. Нехта гатоўна кашляе, я глыбокім каўтком дапіваю каву разам з гушчай, да страшэннае горычы ў сьціснутых зубах, а адразу некалькі назіральнікаў, як па камандзе, салютуюць попелам цыгарэтаў. Рой агеньчыкаў іскрыстым успыхам расьсейваецца ўнізе і гасьне дзесьці на ўзроўні трамвайнага дроту й ліхтарных шаломаў.

У горадзе ные сьцішаны гул.

Нарэшце, пасьля бяздоннае паўзы, хтосьці выказваецца насьмерць:

— Герой на тое й герой, каб адзін раз забіць. Тым больш адсюль, краявід-такі снайпэрскі. А там усё высьветліцца. Разьбярэмся.

Стрэл попелу ў бок рэзыдэнцыі.

— Мяне не пакідае ўражаньне, — з сумневам уступае іншы, — што ўсе мы пакуль не гатовыя. Мы самі ня ведаем, чаго хочам. Наш герой шчэ зусім малы, усё такое юначае й жаласнае... Глядзець немагчыма. Вось вы ўяўляеце сабе, што мяняць? — зьвяртаецца ён да тых, хто паліць. — Што гэта будзе за краіна... Пасьля?..

— Хлопцу яшчэ расьці й расьці, — паціскае плячыма адзін.

— Ну, абрадавалі, — зло абрывае наступны, — што ж нам цяпер яго, выкормліваць і гадаваць сорак гадоў, каб дзеячом стаў? Лухта. І ўвогуле, майце на ўвазе, спадарства, нічога ня будзе.

— Будзе! — ня вытрымаўшы, перапыняю я ўголас так, што спалоханым рэхам адкашліваюцца сьцены. — Беларусь будзе роўна такой, як у гэтым вакне. Ня трэба расейскіх штучак наконт таго, што дзелаць. Госпад Бог ведае, што зробіцца з гэтай краінай. Бо гэта Яго пакаленьне X. Бо гэта Ягоны сьцяг бела-чырвона-белы. Але шляхі Яго неспаведзеныя і герой разумее, што яму застаецца. Герой ахвярна аддасьць сябе, аддасьць на разрабаваньне, палюбіць усім сэрцам і зямлю сваю, і бліжніх, і ворагаў. І калі вы пабачыце, што за цуды ён будзе тварыць, вы зьдзівіцеся, а засаромецеся яшчэ больш. Бо я вам кажу, менавіта тады будзе дадзеная перамога. Нічога ня зьменіцца пасьля Лукашэнкі, калі не памяняемся мы самі!..

Я ў трансе. Я веру бясконца ў тое, што кажу. Я веру настолькі, што гатовы рвануцца ў паветра, проста раскінуць рукі, і ня ўпасьці. Лунаць!..

Хтосьці рэзка хапае мяне за плечы. «Ты што?!» — я бачу іхныя звар’яцелыя вочы, і разумею, што ледзь не ўзьляцеў.

***

Вялікі й страшны сон сьніцца герою. Ён у бурлівай мутнай рацэ, у патоку віруючае паводкі, і вакол яго сутыкаюцца з трэскам, грувасьцяцца, усплываюць і пагружаюцца вывернутыя карчагі й бярвеньні. Ён выбіраецца на бераг, на чыгуначны схіл, у абвалы сыпучага друзу. Тут дым, адбылося крушэньне вагонаў. Ён кагосьці шукае сярод ахвяраў, кагосьці гукае, і раптам жахаецца думкі, што ў катастрофе застаўся жывы толькі ён і, самае страшнае, вінаваты ўва ўсім ён адзін... Далей забыцьцё, глыбокі гліністы яр, пілётка з чырвонаю зоркай, рэклямныя кадры... Сунічныя паляны, якія зьяўляюцца, як зьміргнуць... Праз гады пасьля гэтага — сквэр, што разросься, стаў разьлеглым і ціхім паркам. Нейкія людзі, здаецца, знаёмыя, перараджаюцца ў іншых, робяцца міліцыянтамі й дзядамі, а пад канец ператвараюцца ў родных сясьцёр... Галавакружна мяняецца час. Усё варочаецца, як цела ў ложку, уся Зямля абарачаецца вакол абодвух паўшар’яў мозгу, то падстаўляючы твар сьвету поўні, то паглынаючы цемрадзьдзю падушкі... І адзінае, што зразумела, што прысутнічае ўвесь час і паўсюль — неўсьвядомленая сіла, якая носіць, ахоўвае й выбаўляе, не дае ні загінуць, ні прачнуцца. І гэтая сіла ёсьць бясспрэчнай праўдай, і яна надае сну найвышэйшы сэнс.

***

Мы чакалі доўга й нерухома, да аняменьня ў целе. Усё было як і раней, толькі горад прыкметна пацішэў, і на ўсходзе, за Канцэртнай заляй, пачало віднець. Ранішнія аблокі запаволеным валам плылі над прасторамі небакраю туды, дзе займаўся сьвітанак. Хтосьці зморана сплюнуў і нахіліўся паглядзець, як плясьне ўнізе. Усе пачулі.

— Раю расслабіцца, хлопцы, — сказаў старэйшы з нас. — Усё-ткі нічога ня будзе. Хадзем адсыпацца.

Ён выбраўся з проймы вакна, з крэхтам пацягнуўся, абтрусіў далоньню штаны. Усе моўчкі глядзелі, як ён зграбае ў гроню кубачкі з лыжачкамі на партах. Усе бачылі, як ён выпрастаўся — і раптам застыў, зірнуўшы паверх галоваў. У дрыжачай руцэ тонка й пранізьліва зазьвінелі, як срэбныя бомікі, лыжачкі ў парцаляне.

— Неба, — кіўнуў ён.

Ціха ўспыхнула, заружавела, яе вянец, высокае воблачка. Праз імгненьне фокусам бліскавіцы хмары з самага дна азарыла румянцам. Зь непрыкметным промнем сэкундавае стрэлкі паўнеба ярчэла, разгаралася ў пяшчотным райскім тамленьні — і вось пад нейкім аптычным вуглом велізарным пераламленьнем скрозь палыхнуў малінавы жар. Увесь нябёсны цуд, адухоўлены сонечным ветрам, залпам ахапіў вышыні, бязгучным азораным выбухам раскінуўся ад краю да краю. Фантастычныя, як пер’е аграмаднага паветранага крыла, разьмяталіся воблачныя барозны. Глыбокія хмары працяло невыразным унутраным рухам. У іх клубах узьніклі няпэўныя вобразы, прывідныя грамады, падобныя да гарадоў, паркаў і людзкіх натоўпаў; яны будаваліся й раставалі перад нашым захопленым позіркам. Ад гэтага займала дух.

Дробныя дымныя сьляды, урыўкі хмараў, расьцягнутыя чарадой, быццам кодавыя радкі, занатаваныя ў небе, прапалі гэтак жа загадкава, як і зьявіліся. Раптам спалохаўся зрок: жэжкія аблокі ўсе разам збляднелі, промні расьсеяліся, спрахлі яркія фарбы. Сонца распаленым шарам рванулася зь нетраў, асьляпіла вокны сталічнага амфітэатру, і скрозь воблачныя руіны заглыбінеў невымерна ясны, напоены дзённым сьвятлом, блакіт. Пачыналася заўтра.

Мае вочы ўсё яшчэ былі паглынутыя сонцам і адценьнямі, калі я ўзрушана агледзеў празрыстую, выразную да апошняе рыскі карціну раньняга гораду. І тут мяне літаральна ўдарыла токам.

Зьдзейсьнілася.

На галоўным штыры краіны трапятаўся бела-чырвона-белы. Адсюль было проста як на далоні відаць дзьве лёзкі — такія чысьцюткія, што яны проста зіхцелі на даляглядзе. Яны блікавалі ў заплюшчаных ад нявер’я вачох.

Мы аслупянелі.

Але гэта было яшчэ ня ўсё. Калі я азірнуўся на сваіх субяседнікаў, дык ледзь насамрэч ня ляснуўся з дванаццатага паверху. Вядомы палітычны аглядальнік быў увесь сівы, як лунь, і яго выратоўвалі толькі знаёмыя акуляры. А рэдактар, заўважаны ўчора з рудаватым калючым шчаціньнем на пашчэнках, сядзеў зь дзікай барадой, прычым такой дрымучай і нахабна каштанавай, што я з маўклівым жахам абмацаў сваё падбародзьдзе (... голенае!), а заадно балюча папляскаў далоньню па шчоках. Пранізьлівыя, як кулі, за вакном праціўкалі птушкі.

— Сёньня што, пятніца?.. — адурэлым голасам спытаў аглядальнік.

Напэўна, пятніца, падумаў я. Ва ўсялякім разе, гэта ўжо яўна пятніца пасьля Лукашэнкі.

Што да гадзіньнікаў, дык і мэханічныя, і электронныя спыніліся разам ва ўсіх.

За сьпінаю грукнулі дзьверы. Гэта выходзіў герой. Я пазнаў яго сходу, з паў-абароту, хаця ва ўзмужнелым, плячыстым хлопцы, кідка падцягнутым, ледзь скразіў учорашні падлетак. Мяне ўразілі вочы, фантастычна яркія, блішчастыя вочы, у якія так хацелася й было так боязна паглядзецца.

Герой выйшаў з інтэрнату, вынырнуў у сьвежым паветры, і за ім шыкоўна бабахнулі шкляныя дзьверы. Ён зрабіў пару крокаў і, колькі хвіляў, рашуча дышучы, любаваўся бела-чырвона-белым сьцягам. Цудоўна. Пакуль гэта была адзіная дэталь у навакольлі, якая задавальняла яго. Усё астатняе ў Менску патрабавала неадкладнага выпраўленьня, адмываньня да люстранога бляску й роспалу сусьветнаю ласкай.

Усе гэтыя запаскуджаныя двары, заваленыя ржавыя бакі з душком, дамы з выбітымі шыбамі, якія ўчора былі запаветнымі катакомбамі для падпольшчыка, у сёньняшніх сонечных мроях шчамілі ўваччу да сьлёзаў. Літасьць да любага гораду, ненатольная прага чысьціні й прыгажосьці проста заступалі дух.

Ён мімаходзь падабраў, парасьпіхваў па кішэнях асабліва злосныя паперчынкі й цэляфаны, што перакочваліся на трамвайных шляхох. Стопрацэнтова, у бліжэйшыя дні трэба арганізоўваць у студгарадку суботнік. Невыносна глядзець на галодныя дрэвы, на пыльны аблуплены тынк, на брудны газон, што яшчэ не пасьпеў крануцца зелянінай. Так і карцела песьціць, выціраць, плюючы на далоні, хоць уласнай насоўкай, прыхарошваць усё — на каленях! — зацалоўваць так, каб квітнела, роднае, каб аж млела ад шчасьця... Ён удыхаў кубамэтрамі вольнае паветра, ён далёка мружыўся на палёт нейкае птушкі па-над горадам, і радасна адчуваў, што маладое магутнасьці многа, ты нават не ўяўляеш, наколькі многа — хопіць скрозь на ўсе вуліцы, паркі й дамы, на ўсё жыцьцё ў гэтым балючым і сонечным горадзе.

***

Калі мы ўсе разам, ледзь ня высадзіўшы дзьверы, выбеглі з інтэрнату, ён ужо перайшоў праз мост. Здалёк здавалася, ён ідзе проста гіганцкімі, нечалавечымі крокамі. Тое, што здарылася потым, мне даводзілася бачыць толькі ў гітах Галівуду.

Герой выбухнуў. Гэта быў бліскучы й аглушальны залп знутры самога сябе. Яркі, з іскрамётнымі люстранымі асколкамі Салют узьвіўся ў высі, і ў бліжніх шапіках з фэервэркам стракатых начыньняў палопалася шкло, ускалыхнуліся тэнты й палаткі «Дынама». Калі дым асеў, я заварожана пачуў, яе дрыжаць і гудуць асьвятляльныя мачты.

Герой выбухнуў. Яго бачылі адначасова ў тысячы месцаў. Ён раздаваў рэфарматарскія брашуркі ў кватэрах Зялёнага Лугу і тут жа разьліваў бясплатны суп для ўдзельнікаў грамадзкіх работаў на Масюкоўшчыне. Ён акопваў шчэпы ў Чыжоўцы й тым жа часам даводзіў дзецям 74-е школы на вуліцы Ляўкова ўсю сутнасьць мяккага знаку. Гэта ён, паўгораду бачыла, штораніцы рэклямаваў на прыступках мэтро «Кастрычніцкая» «Зроблена ў Беларусі» бесьперапынным ударным рэчытатывам, хаця мне кляліся, што а дзявятай ягоная куртка мільгала як мінімум у адзінаццаці пунктах запісу ў Нацыянальную гвардыю запар. Ягоным каронным нумарам былі клюбы, сцэны, рок-фэсты й імпрэзы, якіх з рэформамі распладзілася неймавернае мноства — адначасовыя, адразу ў дваццаці розных месцах гораду: ён заводзіў ашалелую публіку да экстазу. Пасьля такіх выступаў народ валам валіў на масавыя суботнікі й біржы добраахвотнае дапамогі. Яго іскрыстыя вочы, як спэцэфэкт, разраджаліся то на трыбуне мітынгу, то ў тэлеэфіры. Яго беларускамоўная хуткастрэльнасьць павяргала ў шок цэлыя дынастыі патомных расейскіх інтэлігентаў. Ягоны фірмовы знак — растапыраная пяцярня — за нейкія тыдні зрабіўся культава папулярным у нефармальных тынэйджэраў.

Я абярнуўся сказаць вам, што ён, па-мойму, зусім не ашчаджае сябе. Але ўсе вы ўжо былі ў залі Опэрнага, і раўлі, і топалі нагамі ад захапленьня, калі ён аб’яўляў выхад супэр-рок-гурта «Мясцовы час» з найвялікшым гітом усіх часоў і народаў.

***

Цяпер мне ня сорамна прызнацца, што апошнія некалькі гадоў я быў фанатам героя. Калекцыя яго вобразаў, якую мне ўдалося сабраць, хаця й далёка ня поўная, стала сэнсам майго існаваньня. І калі час ад часу я перабіраю дзясяткі тамоў і альбомаў з фотаздымкамі й газэтнымі выразкамі, сотні відэакасэтаў, шматпавярховую фанатэку й кампутаровыя дыскі з праграмамі, мне ўвесь час кідаецца ў вочы яго растыражаваная фраза, сказаная нейкаму прыежджаму журналісту, здаецца, амэрыканцу з CNN.

«Пасьля Хрыста ў чалавека засталася толькі адна праца. Кожны дзень я павінен рассаджваць сябе на тысячу асколкаў, бліскучых, вясёленькіх і шчасьлівых — і раздаваць іх людзям, каб хапіла на ўсіх».

 

Красавік ’99


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0