Віктар Шніп

МНЕ СЬНІЛАСЯ ВІЛЬНЯ


МНЕ СЬНІЛАСЯ ВІЛЬНЯ

Як кветак букет на шляхецкай магіле,
Зноў Вільня маім уладарыла сном,
Калі мяне ў Вільню, бы ў Храм, не пусьцілі,
Нібы гандляра, што гандлюе віном.
… Я спаў, і прачнуўся, і ўбачыў дарогу,
Якой мне да Вільні ісьці і ісьці,
Нібыта адвечнай дарогай да Бога,
Нібыта агню па апалым лісьці
Да сьвечак у Храме, які шчэ ствараем,
Якога няма і ці будзе зусім…
Мне сьнілася Вільня, як Храм перад раем,
Мне сьнілася Вільня, як Ерусалім.
 

ТУТ

Што мы зьявімся Тут, мы з табою ня зналі.
Гэты сьвет несьвяты мы Радзімай назвалі.
Ці раней мы жылі — мы ня помнім нічога,
Як ня помніцца мёртваму сьмерць і дарога,
Па якой ён прайшоў, бо ён мёртвы, як цені,
Што пад рэшткамі Храма сядзяць у скляпеньні.
Мы зьявіліся Тут, як зьяўляюцца травы
На вясновай дарозе з Масквы да Варшавы.
Мы зьявіліся Тут, дзе ўсё сумна-часова,
Як туман, празь які толькі чуецца слова,
Што да Бога ляціць і вяртаецца з Богам.
Мы зьявіліся Тут і ня трэба нічога
Нам на сьвеце цяпер, што Радзімай завецца.
Гэты сьвет, дзе жывем, быццам божае сэрца…
Толькі ты не кажы, што ўсё дрэнна на сьвеце,
Толькі ты не кажы, бо пачуе нас вецер.
 

МЕНСКАЯ ВЯСНА-99

І сьнег растаў, нібы стушылася сьвятло,
Нібы ўсплыло зь нябыту тое, што было,
Каб зноў напомніць нам, што мы яшчэ жывём.

І выйшаў з дому ты, нібы трава зь зямлі,
Ляцелі ноччу па-над Менскам жураўлі,
Нібыта матылі начныя над агнём.

І горад не прачнуўся, бо каменны ён,
Бо ён, як трэці Рым, як новы Бабілён,
Дзе нам з табой ня жыць, а толькі існаваць.

І сьнег растаў, нібы расплыўся мёртвы дым
З пажарышча, дзе мы з табой сядзім,
Нібы нікому не патрэбная трава.

***

Як незямныя кветкі, ліхтары
У цемрадзі спакойнай за вакном
Зноў асьвятляюць дворык наш стары,
Прапахлы зжоўклым лісьцем і віном.
Суседа ўчора зьвезьлі на клады
Бяз музыкі, бязь сьлёзаў, безь вянкоў,
Але віна было, нібы вады,
І п’яніц, нібы на кладах крыжоў.
І шумна ў нашым дворыку было,
І адзінока, быццам у труне…
У цемру льецца зь ліхтароў сьвятло
На цень суседа ў цемрадзі на дне,
Куды аднойчы кожны паляціць.
І страшна паміраць, і страшна жыць.

***

Я з самотай сваёй адыходжу ў нябыт,
Нібы ранкам туман ад прырэчных ракіт,
Нібы сьнег на пагорках счарнелых вясной,
Нібы сон, што прысьніўся матулі маёй,
Я з самотай сваёй адыходжу ў нябыт.

І мяне ўжо на сьвеце ня будзе празь міг,
Нібы ціхае зьнічкі ў прасторах начных,
Нібы рэха ад крыку ў хаціне пустой,
Нібы мошкі над рыжай агню галавой…
І мяне ўжо на сьвеце ня будзе празь міг.

Толькі сьвет не заўважыць, што я адышоў,
Нібы кропля вады паміж сонных пяскоў,
Нібы з вогнішча стухлага ў полі цяпло,
Нібы з жоўтай лістоты на сьцежках сьвятло…
Толькі сьвет не заўважыць, што я адышоў.

І ўсё будзе штохвілі зьнікаць назаўжды,
Як зьнікае рака, як зьнікаюць сады,
Як за коньнікам збройным над травамі пыл,
Як крыжы і каменьне з забытых магіл,
Усё будзе штохвілі зьнікаць назаўжды,
Покуль буду тут я, покуль будзеш тут ты…
 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0