Мікола Рабчук

Да Чаплі на дзень ражджэньня

 

Міхась нідзе не працаваў і таму вельмі стамляўся за дзень. Сёньня ён стаміўся асабліва, бо зьбіраўся да Чаплі на дзень ражджэньня. Чапля папраўдзе звалася Аксанай, а за «Чаплю» гатовая была задушыць. Час ад часу Міхаська яе кахаў. Чапля працавала на вакзале – прадавала квіткі інтурыстам, а таксама патрэбным людзям. З такімі квіткамі можна было заехаць вельмі далёка.

Міхась зьбіраўся ўвесь дзень, але ўрэшце пайшоў у будзённай вопратцы, бо, вяртаючыся назад уначы, можна паваліцца ў гразь, дый госьці на такіх сьвятах, як вядома, бываюць розныя: некаторыя проста фізычна не пераносяць чыстых кашуляў і гальштукаў. У двары Міхась спаткаў Доктара.

Доктар быў чалавек ціхі: хадзіў з брунатным «дыпляматам». Ён скончыў стаматалягічны факультэт мэдыцынскага інстытуту і працаваў цяпер грузчыкам на заводзе аўтапагрузчыкаў. У вольны час Доктар займаўся ёгай: сьцьвярджаў, што ня есьць і ня п’е, хоць насамрэч і еў, і піў.

Піў Доктар усё, што гарыць.

Тыдзень таму ён атрымаў зарплату і цяпер ледзь не штоночы бачыў Канфуцыя. Міхаська пайшоў зь ім на піва, бо й сам быў ня супраць бліжэйшага знаёмства з Канфуцыем, нягледзячы на яго кітайскае паходжаньне.

У брудненькім, зь невынішчальным пахам ванітаў павільёне Доктар распавёў яму пра пераўвасабленьні Буды і пра несьмяротнасьць душы.

Міхаську гэта спадабалася, але ён зусім не жадаў, каб ягоная душа пасьля сьмерці перасялілася ў нейкую карову, якую гаспадыня штодня будзе цягаць за цыцкі і штогод вадзіць да бугая. Думка, што ня ўсё тое, што добра для паўфэадальнай Індыі, прыймальнае для нас, узьнікла і замацавалася ў ім.

– Час ісьці – выдыхнуў Міхась і даканаў сваё вінішча, якое Доктар купіў замест піва, дзеля вышэйшай калярытнасьці.

– Куды? – зьдзівіўся Доктар, але Міхась зьдзівіўся яшчэ больш.

– Як гэта «куды»? – сказаў ён. – На дзень ражджэньня да Чаплі!

– А я яе знаю? – спытаўся Доктар.

Міхасёк паварушыў мазгой і выдаў:

– Мабыць, што не.

– Нядобра хадзіць на дзень ражджэньня да незнаёмых людзей, – сказаў Доктар і замовіў яшчэ дзьве шклянкі віна.

– Яна вельмі добрая дзяўчына, – сказаў Міхась. – Ты ня думай, што яна Чапля і зусім непрыгожая. Яна цудоўная дзяўчына, лепшая за нас з табою.

Ён сказаў шчырую праўду, якую, аднак, імгненна аспрэчыў Канфуцый:

– Ня квапся, – вымавіў ён Доктаравым голасам і ўзьняў дагары запэцканы гарчыцай палец, – і ня дбай пра дробныя выгоды. Хто квапіцца, той не заходзіць далёка. Хто дбае пра дробныя выгоды, той не ўздымаецца да велічных зьдзяйсьненьняў. Шляхетная асоба мае вялікія мэты, нікчэмнасьць – да дробных імкнецца.

Міхась расчуліўся і голас ягоны затрымцеў:

– Яна добрая. Яна сказала, што мы можам ня браць шлюб, покуль я сам гэтага не захачу. А ўзімку я згубіў рукавіцы, дык яна купіла мне новыя.

– Як гэта ўсё нікчэмна, – уздыхнуў Доктар. – Нельга так нікчэмна жыць. Ты чытаў калі-небудзь Лі Бо?

Міхась не чытаў.

Доктар ведаў вершы Лі Бо на памяць і пачаў іх дэклямаваць. Чырвананосая буфэтчыца, якая нічога ня цяміла ў паэзіі, выштурхала іх разам зь Міхаськом надвор. На дварэ яны сустрэлі Капітона.

– Здароў, Капітон! – радасна зароў Міхась і палез цалавацца. Капітон быў цьвярозы і абрадаваўся нашмат меней.

– Адвалі, казёл! – сказаў ён. – Я табе ніякі не Капітон.

Насамрэч ён быў усё-ткі Капітонам і прозьвішча ягонае было Капітонаў, але зь дзяцінства хлапчына чамусьці ўбіў сабе ў голаў, што ўсе павінны клікаць яго Капітонам. Мянушка Капітон утварылася як кампраміс паміж ружовай марай і цёмна-брунатнай рэальнасьцю. На яго рэальнасьць кідаў цень кожны першы-лепшы. Найбольшыя намаганьні ў гэтай справе прыкладаў галоўны мастак тэатру лялек, дзе Капітон працаваў дэкаратарам. Капітон вырабляў, трэба сказаць, лялькі, аднак усе пэрсанажы, у тым ліку і самыя пазытыўныя, выходзілі з-пад яго разца падобнымі да балотнай пачвары Бабы Ягі. Зараз у дадатак да службовых непрыемнасьцяў, нейкая малая сікуха навешала яму лапшы, паабяцаўшы прыйсьці ў майстэрню – падзівіцца на яго творы. Сікуха не прыйшла, і Капітон хадзіў, абвешаны лапшой, злы на лялечны тэатар і, увогуле, на лялечны сьвет.

– Хадзем з намі на дзень ражджэньня, – прапанаваў яму Міхась.

– А кір там будзе? – недаверліва перапытаў Капітон.

– Там будзе мора кіру і купа баб’я, – паабяцаў Міхась.

– Трэба купіць падарунак, – падказаў Доктар.

— Я падарую карціну, – пагадзіўся Капітон. Ён, праўда, ня ўмеў маляваць, аднак менавіта таму ўпарта лічыў сябе мастаком-прымітывістам з ухілам да мадэрну.

– Я думаю, варта было б кветак, – сказаў Доктар.

– Дужа ты мудры, – запярэчыў Міхась. Доктар і насамрэч быў дужа мудры, аж брыдка. – Яна глядзець ня можа на кветкі, – растлумачыў Міхась. – Яна іх люта ненавідзіць!

– А што ж яна любіць? – пацікавіўся Доктар.

– Яна... яна... (Міхась аблізаў перасьмяглыя вусны, перш чым асьмеліцца на шчырасьць) – яна любіць віно!

– Сапраўды, – падтакнуў Капітон, – я сам ведаю прыстойных дзяўчат, якія больш за ўсё на сьвеце любяць віно. Іх можна абразіць кветкамі або іншымі якімі бразготкамі.

Аксана была добрая дзяўчына і ніхто не захацеў яе абразіць.

 

У гастраноме яны набылі пяць пляшак пладова-ягаднага віна «Лучистое» агульнай ёмістасьцю каля чатырох літраў, прычым на апошнюю бутэльку ім нястала дваццаць капеек. Гэтыя капейкі знайшліся ў экс-авіятара Лёшы, які незалежна шпацыраваў у арэале дасягальнасьці гастраному, шукаючы нязьведаных прыгод і рамантычных сустрэч. Пляшкі былі акуратна разьмеркаваныя ў доктаравым дыплямаце, а экс-авіятар Лёша – акі ісьцінны сябар – пайшоў з грамадой да Чаплі на дзень нараджэньня.

Дзесьці на ўскраіне Левяндзіўкі Міхасёк забыўся на Чаплін адрас. Будынак, у якім яна жыла, мусіў быць адна- або двухпавярховы, з балконам ці без, з гародам ці з садам, уваход збоку або ззаду. Так выглядалі ці ня ўсе будынкі, таму неўзабаве хлопцы забрылі ў лес, дзе й выпілі ад ператомленасьці дзьве пляшкі віна. Экс-авіятар Лёша сказаў, што служыў у авіяцыі і з прыемнасьцю можа ўсіх пакатаць на самалёце ў Кіеў і назад. Але спачатку трэба было ўсё-ткі павіншаваць Чаплю з днём народзінаў.

Хлопцы абышлі яшчэ некалькі вуліц і абстукалі ўсе весьніцы. Чаплі ніхто ня ведаў, а сапраўднае яе імя вылецела зь Міхаськовай галавы разам зь вялікай колькасьцю іншай інфармацыі.

Ужо зусім сьцямнела, і сябры вярнуліся ў лес, дзе напяклі ў прыску бульбы з чужога гароду. Давялося выпіць яшчэ дзьве пляшкі, пасьля чаго Міхасёк сказаў, што ў Кіеў не паляціць, бо баіцца. Капітону таксама было страшна, і ён сказаў, што не паляціць ня толькі ў Кіеў, але і наагул нікуды. Сказаў, што нават зь месца ня зрушыцца, бо мае ўсіх у ... словам, у адным месцы. Доктар тым часам залез на дрэва.

– Я прыказываю ўсем устаць! – скамандаваў экс-авіятар Лёша, адчуўшы, што надыходзіць час дзейнічаць вельмі рашуча. Ён тут жа растлумачыў цюхцяям, што загад ёсьць загад і хто яму не падпарадкоўваецца, таго трэба расстрэльваць.

– А пацалуй ты мяне ведаеш куды? – адказаў яму Капітон, за што атрымаў некалькі высьпяткаў, а калі паспрабаваў бараніцца, дык скрывавіў сабе выпадкова вусны. Пасьля гэтага Міхасёк узьняўся сам, а Доктар зваліўся з дрэва.

Начальнік Лёша пастроіў іх у шыхт і зь песьняй павёў па левандоўскіх вуліцах. На першым скрыжаваньні яны сутыкнуліся зь мясцовымі лайдакамі і зьведалі адчувальныя страты па ўсім целе. А найгорш, што апошняя бутэлька пладова-ягаднага віна разьбілася аб варожую галаву. Залізваючы раны, яны прыцягнуліся на нейкае падвор’е і сустрэлі там Чаплю. Ніхто яе не пазнаў, затое яна пазнала Міхаська па голасе.

Акрамя голасу ад Міхаська амаль што нічога не засталося.

У хаце было ласкавае сьвятло, музыка, танцы і прыгожыя дзяўчыны. Гэта быў маленькі рай, і Доктар, узьбіўшыся з нагамі на мяккі фатэль, удзячна маліўся вялікаму Будзе. Міхасёк глядзеў адзіным – незапухлым – вокам на імяніньніцу і плакаў ад шчасьця. Капітон здымаў са сьцяны ўсе упрыгожаньні, каб было дзе навесіць уласныя карціны, якія ён зьбіраўся на наступны дзень прынесьці. Экс-авіятар Лёша тым часам прагнуў каханьня.

Урэшце Чапля запытала ў Міхася, каго ён прывёў. Міхась захацеў растлумачыць, якія гэта цудоўныя людзі, захацеў распавесьці ёй пра перасяленьне душаў і пра тое, што ў наступным існаваньні ўсе – усе прысутныя ў гэтым пакоі – зробяцца кветкамі на адным вялікім сонечным лузе, зробяцца рознакаляровымі матылямі па-над сабой – аднак якраз у гэты момант яго прыкра знудзіла, і ён званітаваў праз вакно. Усе зямныя няшчасьці, усе сілы пякельныя сабраліся ў адным пакоі, каб сапсаваць гасьцям нетрывалае шчасьце. Капітон скінуў з шафы крышталёвую вазу і, калі лавіў яе, разьбіў акварыюм. Залатыя рыбкі затрапяталіся на кіліме, а вада паплыла сабе да суседзяў. Хтосьці зь дзяўчат заверашчаў – салдат Лёша прагнуў каханьня. Лёс, відавочна, не хацеў каханьня. Лёс сам ня ведаў, чаго хоча.

Міхасёк зь сябрамі вылецеў з Парадызу і райская брама замкнулася за імі на два замкі, засаўку і ланцужок.

На падвор’і быў столік, і героі вырашылі адпачыць. Разьвітваючыся, авіятар Лёша прыхапіў пару-тройку адкаркаваных пляшак, а мастак Капітон высыпаў у дыплямат тры талеркі – з каўбасой, капустай і заліўной рыбай. Піць авіятар Лёша ўжо ня мог, таму што ціха споўз пад стол і задрамаў. Мастак Капітон, паклаўшы сабе галаву на калені, выў манатонную й нікому ў сьвеце невядомую песьню. Доктар стаяў пад парканам на галаве і працягваў перарваную мэдытацыю.

Чыстае неба палала зоркамі. Міхась піў проста з пляшкі, закінуўшы высока галаву і цешыўся з прыгажосьці Сусьвету. Паветра пахла кветкамі, зоры зьмяняліся й міргалі. Сьвет быў цудоўны й неабдымны, а чарніла – брыдкае й нікчэмнае. Міхасёк гэпнуў недапітую пляшку аб мур будынку і яна, глуха боўкнуўшы, разьляцелася на дробныя драбніцы. Тады ён схапіў другую, але на імгненьне завагаўся. Быццам разьвітваючыся, паднёс яе шыйку да роту і раптам згледзеў у небе самалёт. Самалёт ляцеў зусім нізка, закрываючы зоркі, і ўсярэдзіне сядзеў Буда. На ім быў шлем лётчыка і вялізныя акуляры. Буда заўважыў Міхася і сказаў:

– Мэдытуеш, Міхасёк?

– Так, о гуру, – адказаў Міхась.

– Кантэмплюеш, Міхась?

– Так, о гуру, – адказаў Міхась.

– Ах, мудак ты, мудак! – сказаў Буда і перш, чым Міхасёк пасьпеў адказаць, – пра штосьці спытацца, на штосьці пажаліцца, за штосьці папрасіць прабачэньня, – самалёт пагайдаў крыламі, набіраючы вышыню, і зьнік у кірунку Кіева.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0