У гутарках пра трагедыю на Нямізе 30 траўня, у ацэнках і высновах вылучаецца адзін настойлівы матыў — Няміга жорстка нагадала людзям пра патрэбу жыць у гістарычным часе. Ня толькі днём сёньняшнім, ня толькі ў рамках праўленьня Аляксандра Лукашэнкі або ўласнай кар'еры, або нават уласнага жыцьця, а з адчуваньнем папярэдніх і наступных часоў і пакаленьняў, з прысутнасьцю вечнага. Інакш незразумелыя і таму ня надта патрэбныя такія паняцьці як чалавечая прыстойнасьць, вера, свая краіна і яе незалежнасьць. Інакш магчымыя самыя неверагодныя маніпуляцыі з падставовымі і неаспрэчнымі ісьцінамі. Інакш пачынаецца хлусьня.

Чалавек абураецца — як можна пражыць на такі закробак! І тут жа "адумваецца" — заробак малы, затое рэгулярны. Наш чалавек часьцяком адвучаны думаць і жыць у гістарычным часе. Ён ня ставіць пытаньне: што я на гэткі заробак здолею пакінуць сваім дзецям і ўнукам? А калі б ставіў, дык патрабаваў бы ад уладаў ужо не вышэйшага заробку, а эканамічнай свабоды. Бо нашчадкам трэба пакінуць шмат, каб адтрымаўся дом і працяг роду. Няміга напомніла нам пра нашых дзяцей і ўнукаў.

Няміга напомніла нам пра нашых бацькоў і дзядоў, пра Беларусь. Ня тую, з 1917 году, а тую, тысясячагадовую, у "Слове пра паход Ігаравы". Гістарычнае прадоньне страшыць, калі ня маеш у сэрцы любові да ўласнага краю. А каб любіць — трэба ведаць. А калі зьведваеш, тады разумееш, што твая Беларусь — нармальная эўрапейская краіна, а не прыдатак да Расеі. Няміга трагічна нагадала пра тое, што сваё трэба любіць.

Пасьля Нямігі беларусы мусяць лепей распазнаваць хлусьню і меней верыць у інтанацыйную шчырасьць словаў. Інакш канца Нямізе ня будзе.


 

Тацяна Сьнітко

БЕЛАРУСКІ АРМАГЕДОН

Сьведчаньні пацярпелых

Яны кажуць: нельга было прадугледзець... нельга было прадухіліць... Яны цяпер кажуць: вінаваты дождж. Спрачаюцца, колькі хто чаго піў, так, нібыта ад гэтага вартасьць чалавечага жыцьця зьмяняецца. Прыносячы спачуваньні, думаюць ня столькі пра бязьвінных людзей, колькі пра свае ўласныя іміджы, кар'еры, пасады, бясьпеку. Не пасьпелі далучыцца да чужых “гарачых кропак”, адправіць уласных дзяцей на чужыя войны; не дачакаліся, пакуль жаданых імі барыкадаў з масавымі беспарадкамі ўрэшце наробяць “ворагі” зь ледзь жывой апазыцыі. Таму і “ўсе мы ва ўладзе прыроды”.

А мы... Прыйшло пачуцьцё віны. Адчуваньне, што ты (а калі ня ты, дык хто?) мог нешта зьмяніць...

Вы бачылі той пераход на Нямізе. Вы ведаеце, колькі разоў на сьценах Нямігі паўтараюцца словы: “Прабачце, што нас не было побач”.

Той, хто зьбіраўся на тое месца менавіта ў той час, але цалкам выпадкова збочыў, не дайшоў, адышоў патэлефанаваць і г.д., зразумее. Але гэта толькі адзін бок мэдалю. Калі хто з вас трапляў выпадкова ў разборку крымінальнікаў, гуляў полем, якое аказвалася мінным, адыходзіў убок за хвіліну да страшэннага пабоішча, выходзіў з машыны за пяць хвілінаў да аўтакатастрофы — той зразумее гэты цяжар да канца.

Я зьбіралася туды двойчы за вечар. Добра памятаю, як не магла ні на чым засяродзіцца: сьвядомасьць настолькі не ўспрымала часопісаў, тэлеперадачаў, музыкі, размоваў...

Кніжка, якую я чытала 30 траўня, так і ляжыць на тым самым месцы ў тым самым стане. Старонку нумар 99 няма сілаў закрыць альбо перавярнуць на сотую. Бо ранкам наступнага дня, даведаўшыся пра Нямігу, я глянула: што чытала, з чаго цяпер ня памятаю ні слова?

“Мёртвым не баліць” Быкава.

Хаджу цяпер, гутару з людзьмі. Некаторыя баяцца гаварыць. Некаторыя хацелі б, але мала памятаюць падзеі, бо ледзьве апрытомнелі. А тыя ўжо не загавораць ніколі.

Падае дождж, падаюць людзі...

Шмат каго з іх ужо проста ня будзе...

У пераходзе потым зьявіцца безьліч такіх вершаў. Сьцены ведаюць шмат, нездарма штоночы нехта размазвае на сьценцы нечыя імёны, нечыя надпісы. Гэта не зьдзіўляе. Зьдзіўляе, што частка людзей раней проста не разумела: па сьценцы размазваюць нас усіх і ўжо ня першы год.

Некаторыя сьведчаньні пра падзеі на Нямізе я зараз не прыводжу: іх ужо цытавалі ў прэсе. Іншых пакуль не магу даслоўна цытаваць, тым больш — называючы імёны. Пра некаторыя расповеды цяпер цяжка казаць як пра факты, зьвестак такіх вельмі шмат. Праўду ўсё роўна не схаваць. Пачакайце, усяму свой час.

Сяргей, 15 гадоў:

“Я ня памятаю... Мяне задушылі ўсярэдзіне ўсяго гэтага. Я страціў прытомнасьць. Спачатку мы стаялі каля сцэны. Сабралася хмара. Ніхто не зьвяртаў увагі, каб усе пачалі разыходзіцца — мы б таксама разышліся. Стаялі, проста сяброў чакалі. Пачаўся дождж. Куды бегчы? Бліжэй за ўсё быў гэты пераход. Падбеглі пад пераход — не, ня пойдзем, там натоўп. Але нас ужо занесла туды натоўпам. Першыя прыступкі мы прайшлі нармальна, проста трохі штурхаліся, як у звычайным натоўпе. На пляцформе паміж першым і другім шэрагам прыступак нейкі мужчына расставіў рукі і сказаў: “Тут дзіця ляжыць!” Але ззаду яго ніхто ня чуў. І вось я бачыў, як мужчына наступіў на дзіця: я аб гэтае дзіця спатыкнуўся й вывіхнуў нагу. Я яго нават ня бачыў, гэтае дзіця, толькі чуў, як мужчына сказаў... Потым я ўбачыў, што ў канцы другога шэрагу прыступак пачынаюць спатыкацца й проста класьціся пластамі. І ўвесь натоўп пачаў спатыкацца і класьціся пластамі. Мне прыціснула правую руку і грудзі, уздыхнуць не магу. Я кагосьці ўдарыў ззаду, каб уздыхнуць, і вось я і чалавек, які быў перада мною, уздыхнулі. Другі раз мне прыціснула абедзьве рукі. Я глянуў наперад, там быў такі душаразьдзіральны лямант, усе спрабавалі неяк вырвацца на двор. А ззаду, я нават ня ведаю, хто яны, моладзь, проста з жыцьцярадасным крыкам перлася наперад. Пабраўшыся за рукі.

Я страціў прытомнасьць. Ня памятаю, як мяне выцягнулі. Далей я памятаю, як сон, што апынуўся ў нейкай цёмнай, змрочнай палаце ў другой больніцы. Там было шмат народу, хто плакаў, хто кагосьці адкачваў... Мы былі зь сябрам, ён ішоў на тры прыступкі сьпераду мяне. Я хадзіў сярод людзей, глядзеў ім у твары і шукаў яго. Потым зноў нічога ня памятаю. Апрытомнеў, абапершыся на сьценку, на падлозе. У калідоры пару чалавек ляжыць. Падыходзіць нейкая жанчына: “Дадому дойдзеш?” — “Дайду”. Я ўстаю. Мяне пахіснула. Яна: “Выхад там”. Я ўстаў і пайшоў. Я жыву на Заслаўскай, там побач.

Памятаю, што ўпаў у лужыну ў Траецкім прадмесьці, там, дзе спуск ад больніцы да “востраву сьлёз”. Памятаю, як стаяў на прыпынку, абапершыся, на мяне ўсе глядзелі. Тралейбус пад'ехаў, я рукой хапаўся, мяне нехта ззаду занёс, паставіў у гэты тралейбус, спытаў, дакуль я еду... Ня памятаю, як я ехаў — памятаю, што на маім прыпынку мяне таксама вынесьлі з тралейбуса й паставілі. Я сустрэў сябра, які ня быў на Нямізе. Ён потым распавядаў, што думаў, быццам я накалоўся, ужыў наркотыкі. Потым памятаю свой пад'езд: я літаральна паўзком узьбіраўся на прыступкі. Клямку навобмацак шукаў, бо... Ну вось як касавокасьць: бачыш, а ўхапіцца ня можаш! У ліфце я намацаў кнопку паверху. Сумясьціў два шэрагі кнопак і неяк намацаў. Выйшаў зь ліфту. Бацькі потым расказвалі: там быў такі званок, што ажно суседзі павыбягалі. Руку націснуў і стаяў... Гэта было недзе а палове на адзінаццатую ночы.

Бацькі падумалі таксама, што я “накалоўся, напіўся й пабіўся”. Пакуль не прыйшоў мой сябра ды не распавёў, што была цісканіна — тады яны паверылі майму расказу. Выклікалі “хуткую”, мяне адвезьлі ў бальніцу хуткай дапамогі, зрабілі здымкі. Лекары сказалі: “У нас тут цяжкія, вязіце яго ў інстытут траўматалёгіі”, нешта побач там такое. Трэба было везьці на каталцы па калідорах. Бацькі: “А куды везьці? Хоць дарогу скажыце”. Лекары сышлі. Гадзіны паўтары я спаў у чаканьні, каб мяне завезьлі. Прыехала “хуткая”. У інстытуце зрабілі здымкі, сказалі везьці ў іншую бальніцу: “Усё нармальна”. У прыймовым пакоі дзявятай бальніцы было многа міліцыі. Як быццам нічога ня ведалі, сядзелі й распытвалі. Што там было, як там было...

... Я ўвогуле ня бачыў каля пераходу нікога зь міліцыянтаў. Міліцыянтаў я бачыў толькі каля сцэны. Я ня бачыў, каб было марадзёрства, але сам я прыйшоў дадому бяз кепкі, байка была

разарваная, капюшон на плячы, адарваны кавалак джынсаў і ў кедзе не было падэшвы.

Мае сябры ўцалелі. У сябра, які прыйшоў са мной, было нешта з мозгам. Ён два ці тры дні знаходзіўся ў коме ў рэанімацыі. Цяпер прыйшоў у сябе, здаецца, нармальна. Але яму яшчэ там штучнае дыханьне падключана”.

Я запыталася ў Сяргея, як выглядалі людзі, якія з крыкамі беглі, напіраючы ззаду. Менавіта гэтую групу людзей адзначалі амаль усе пацярпелыя. “Гэтыя людзі былі лысыя і апранутыя ў чорную скуру. Яны ўзяўшыся пад рукі, ішлі напралом з крыкам, сьвістам. Калі я першы раз азірнуўся паглядзець, хто мяне здушыў, я ўбачыў іх, а не таго, хто мяне душыць. Ім было па 18-20 гадоў. І, было бачна, п'яныя. Гэта яўна было бачна”.

“Мне казалі, што там стралялі. У паветра, — распавядае яшчэ адзін удзельнік падзеяў, таксама Сяргей. — Ці гэта былі пэтарды? Я ня ведаю, мне распавядалі, што міліцыянты стралялі ў паветра, каб спыніць. Каб людзі ня ціснулі, а проста спыніліся і ўздыхнулі. Страляў нехта з натоўпу. Здаецца, я й сам чуў адзін стрэл — перад удушшам. Я быў у самым пачатку... А сярэдзіну ўсю насьмерць задушылі.

Мы беглі разам зь сябрам Сашам. Яго ўчора выпісалі са шпіталю. Ён бег на колькі прыступак раней. Яму проста пашанцавала — шокам абышоўся. Я яго згубіў проста зь віду, і перада мной апынулася дзяўчына. Меншая за мяне ростам на пару сантымэтраў, валасы чорныя і ў джуце яна была. У мяне неяк так атрымалася, што левая рука схапілася за жывот яе. Правая была свабодная, наверсе. Я ня мог уздыхнуць, і яна не магла ўздыхнуць. Яна крычала. І за мной мужык стаяў, я лакцём яго раз! — ударыў. Ён неяк паварухнуўся. Я адчуў, што дзяўчына ўздыхнула. І я ўздыхнуў адразу за ёй. Зноў пачалі душыць. Я зноў ударыў лакцём па мужчыну, трапіў у твар. Ён адрэагаваў рухам. І зноў: і яна ўздыхнула, і я. Я пачуў крык: “Натоўп!...”, і ўсё, потым пачалося ўдушша. Бачыў (калі не памыляюся, бо ўжо задыхаўся), там былі ў мэтро трое дзьвярэй адчынены. І здаецца, адны дзьверы пад ціскам чалавек вынес. Ня бачыў, мужчына то быў ці жанчына. Ці мне гэтак здалося, ці што... Але адтуль, з мэтро, даставалі людзей. Там былі рукі мужчынаў, жанчынаў; трэція дзьверы былі адчынены, і яны іх даставалі адтуль, з гэтага натоўпу.

Мне казалі — я ня бачыў — што калі ўжо трупы ляжалі, дык тады толькі марадзёрствам займаліся. Пярсьцёнкі залатыя здымалі... Гэта мне маці распавядала. Хто памёр, хто не памёр — здымалі залатыя пярсьцёнкі, ланцужкі, з вушэй усё. Усё, што ёсьць каштоўнага. Гэтыя людзі — марадзёры. Вось дзяўчына, якая толькі што заходзіла сюды — яна кажа: у яе завушніцы прапалі. У хлопца прапалі два напульсьнікі. (Сусед па палаце дадае: “... запальнічка, паўкалоды картаў і пачак цыгарэтаў”). У мяне былі пярсьцёнак і ланцужок, але іх, цьху-цьху, не зьнялі.

Прыяжджалі хлопцы з маёй вучэльні, казалі, што мяне вынес адзін знаёмы чалавек. Ён мяне пазнаў у твар. Саша, мой сябра, менш за мяне пацярпеў, але ён быў у шоку. А я ўвогуле як самнамбула хадзіў. Ён мне распавядаў, што ў прыёмным пакоі мяне міліцыянт ахоўваў: я, як лунатык, уцякаў ад яго. Дадому хацеў уцячы. Учора мы хадзілі туды, і я ўзгадаў гэты пакой. Узгадаў: так, насамрэч, уцякаў. Міліцыянт мяне некалькі разоў лавіў ды саджаў на месца.

Кажуць, на канцэрце было шмат п'яных. Не, такіх, каб сабой не валодалі, я асабіста ня бачыў. А нападпітку, вельмі вясёлых — дык такімі былі амаль усе, за выняткам, можа, зусім дзяўчатак”.

Маша, 16 гадоў:

“Так, сапраўды, быў дождж, але не з-за дажджу гэтая трагедыя пачалася. Усе нармальныя людзі. Цывілізавана спусьціліся б у мэтро і як спусьціліся, так бы прайшлі ды выйшлі. Але грамадзтва не бязь іншых людзей...

Першая частка натоўпу прайшла, я якраз была ўсярэдзіне. Першую лесьвіцу мы прайшлі, там такая пляцовачка; з другой лесьвіцы ўсё пачалося. Я згубіла шлёпанец, але шукаць яго ня стала, бо гэта было немагчыма. Натоўп звужаўся, дыхаць не было чым. Але было ня страшна, як у любым аўтобусе... Я азірнулася выпадкова назад (я б ня ведала, што адбылося), а там на лесьвіцы... Ня ведаю, як іх назваць: сатаністы ці як іх там? Прадстаўнікі адной зь нейкіх тусовак? Яны пачалі крычаць, што “Давай, талкай, даві, бей!” Мы спускаліся з прыступак — яны пачалі ўсіх штурхаць, пачалі ўсе падаць. Гэта было так! Ніхто, ніякі ня дождж!.. Алкаголікаў там хапала, дыхаць не было чым, смурод, перагар! Ня ведаю... Не “кефірная” доза была. Піва там прадавалі, але, ведаеце, можна й півам напіцца.

Ну, хто пра гэта скажа? Проста атрымалася так, што пачалі штурхаць, скакаць жартам наверх, на людзей. Гэта я бачыла на свае вочы. Я толькі пасьпела азірнуцца, як паляцела ўніз.

Колькі хвілін гэта працягвалася? Колькі ляжалі? Не, ня дзесяць, не пятнаццаць, не дваццаць, а трыццаць і болей. Я думаю, за дзесяць хвілінаў людзі б не папаміралі... Ляжыш, паніка напачатку, усе крычаць. Пад канец ужо не было чаго рабіць, крычаць ужо не было сілаў. Ляжыш і глядзіш, як паміраюць, як чыясьці рука там з-пад нізу вылезла...

Я ў бальніцу паступіла праз пару дзён, глядзела ўсе навіны. Усе. Ніводнай праўдападобнай вэрсіі не было. Дождж няма чаго вінаваціць. Людзі не настолькі дурныя... Я думаю, у мэтро беглі ня дзеля таго, каб схавацца (я чыста так думаю), а для таго, каб ісьці дадому, на прыпынкі. Бо натоўп ня стаў у мэтро, ён далей пайшоў. Але самае цікавае, што зачынілі мэтро. Першая частка натоўпу прыпынілася там, а зьверху ляцяць. Бачаць ці ня бачаць, што робіцца — ня ведаю, бо я ўжо ляжала. Людзі ляцелі на нас. Ногі спляліся, выцягнуць іх было немагчыма.

Мяне вынесьлі адну з самых апошніх. Вынесьлі, а ўсе людзі плачуць. Я разумею, што гэта жорстка, але яны ніколі не адчуюць таго, што мы там, лежучы. І стоячы адной нагой недзе там, а недзе тут... Мне пашанцавала, што я засталася жывою. Выпадак... Мы былі ўтрох з сяброўкамі. Адна загінула...

Другая сяброўка не пацярпела, але... Яна проста ўдала ўпала. Яна паднялася хуценька ды стала да сьцяны. Я ўжо не змагла падняцца, калі мяне цягнулі першы раз — не выцягнулі. Ці балюча было, калі цягнулі? (Сьмяецца з горыччу) Канечне, балюча, але там было — абы выцягнулі, разумееце? Мяне выцягнуў той хлопец, вялікі яму дзякуй. Я ня ведаю, як яго знайсьці. Запомніла, што ён быў сьветлы... Разумееце, там не было сьвятла, яно потым засьвяцілася. Спачатку нічога ўвогуле было не відаць. Глядзіш — на табе людзі, яны да столі дастаюць рукамі. Ня два пласты там былі, а чатыры, пяць, ня ведаю. Усярэдзіне.

Сустрэчнага патоку людзей ад царквы я ня бачыла. Ніводнага чалавека не сустрэла. Таму што яны, вядома, пабаяліся ісьці, калі ў мэтро ўваходзіў такі натоўп. Вельмі страшна было. ... Я калі павярнулася і ўбачыла гэтых “брытагаловых”... Іхныя галовы толькі бачныя былі, яны поўнасьцю п'яныя — я не пасьпела нават іх разгледзець. Але я зразумела, што нам — канец. Яны штурхаліся. А разумныя людзі, якім трэ было схавацца ад дажджу, станавіліся пад навесы крамаў, пад дрэвы. Я асабіста ішла, каб дадому даехаць. Мне трэ было перайсьці пераход.

Возьмем маю сяброўку. Добрая, нявінная. Ну вось за што было ёй гінуць? З-за нейкай сволачы, якая напілася? Незразумела гэта. Гэта трэ было адчуць...

Шчыра вам скажу, я раней ня ведала, дзе жыву. Што я магу пайсьці ў мэтро і мяне там могуць забіць, проста затаптаць. Пра такое я нават не здагадвалася. Цяпер я ня ведаю, як буду хадзіць мэтром. Ня ведаю, як буду спускацца ў пераходы. Думаеш: хоць бы мне з пад'езду выйсьці, ці мала дэбілаў. Але, калі зразумееш, што такое сьмерць, дык... ужо нібы ня так страшна... І ўсё роўна. Маглі, мне здаецца, на канцэрце задавіць фанаты, можна патрапіць пад аўтобус, пераходзячы дарогу. Гэта зразумела. Але ў пераходзе... Гэта дзіка!

Маю сяброўку даставілі ў 2-ю бальніцу жывую. Яе выкацілі бацькам з рэанімацыі і напісалі, што яна памерла ад удушша. Труп не павезьлі б у рэанімацыю. Ясна, яе спрабавалі ўратаваць. Але ад удушша — гэта калі задыхаесься на месцы, і ўжо труп. А яна ж была шчэ жывая... Калі мы там ляжалі, мёртвых людзей было можна адрозьніць. Спачатку многія крычалі, потым частка людзей ужо ляжала бяз крыкаў і стогнаў. Кажуць, сто зь лішкам у шпіталях, 52 загінулі. Кажуць, тысяча чалавек набілася ў той пераход, іншыя — што пяцьсот. Няхай пяцьсот. А дзе астатнія?

Разумееце, пасьля таго, што я бачыла, проста так устаць і сысьці адтуль... Гэта — дзесяць чалавек, хто ляжаў наверсе. І то расьцяжэньне нагі якой або рукі. Але ляжалі з хрыбтом паламаным, з рукамі-нагамі пераламанымі, з горлам, да крыві праткнутым абцасамі... Гэта немагчыма!...”

Шмат хто з пацярпелых на Нямізе кажа, што трупаў можа быць і больш, што ўлады кагосьці “пакрылі”, што астатніх маглі недзе таемна пахаваць. Пакуль што такія зьвесткі ня маюць рэальнага пацьверджаньня.

Міліцыянты

Тых супрацоўнікаў міліцыі, якія апынуліся ў эпіцэнтры трагедыі, можна “вылічыць” у любым натоўпе. Кругі пад вачыма, ледзь прыкметна дрыжаць рукі, нейкая асаблівая маўклівасьць, не такія, як у астатніх іхных калегаў, вочы. Я ведаю, як яны сябе адчуваюць. Так, нібыта гэта іх выцягнулі ды адкачалі.

Больш за тое, менавіта на шараговых людзей у міліцэйскай форме пасьля трагедыі і паў народны гнеў. Калі пахавалі іхных калегаў Генадзя Рабаконя і Ўладзімера Говена (абодва прыйшлі адпачываць!), лекара шпіталю МУС Алу Мельнікаву (разам з мужам і сябрамі яна прыйшла адзначыць гадавіну свайго вясельля!) — амонаўцы былі ў стане, ніколі мной дагэтуль ня бачаным. Пра нешта запытаўшы тых, хто стаяў у ачапленьні ля пераходу, я заўважыла, што людзі не разумеюць сэнсу словаў. Што яны недзе далёка-далёка. І каб схаваць гэты стан, прыкрыкнулі: “Адзін крок назад!” Ад бездапаможнасьці.

АМОН перад людзьмі станавіўся на калені й прасіў прабачэньня, што не ўбярог. Міліцыянты з мэтро казалі, што не маглі бачыць падзеяў наверсе, напачатку яны толькі выканалі загад зачыніць дзьверы з-за шматлікіх нецьвярозых людзей, што запоўнілі пляцформу. А потым было ўжо позна. Потым засталося толькі выцягваць людзей, рукі, ногі, целы якіх цесна перапляліся ў вузел.

Просяць прабачэньня невінаватыя. Тупое й “паслухмянае”, адданае Лукашэнку, няздольнае цьвяроза думаць мянтоўскае начальства прабачэньня не папросіць нізавошта!

Што кажуць у міліцэйскіх колах? Кажуць праўду.

У мэтро ў той вечар было сем міліцыянтаў. Амонаўцаў наверсе — не 195 і нават не 150, а толькі чалавек 25—30. Прычым частка амону пасьпела пад час сьвята прыкласьціся да бутэлек зусім не з кока-колаю. Камандзір амону, падпалкоўнік, імя якога не афішуюць, але якога многія й так добра ведаюць, быў проста п'яны.

Цяпер некаторых міліцыянтаў прымушаюць складаць і падпісваць сфабрыкаваныя паперы, у якіх сьцьвярджаецца, нібыта колькасьць міліцыі на канцэрце ды ў мэтро была нашмат (прыкладна ўдвая) большай. За адмову браць удзел у гэтах фабрыкацыях афіцэрам

пагражаюць звальненьнем... Не выпадковае, на мой погляд, дружнае ўзгадваньне маімі суразмоўцамі пра зьнікненьне генэрала Захаранкі.

Гэтыя людзі выдатна разумеюць, што іх у чарговы раз спрабуюць уцягнуць у саўдзел. У злачынствы крымінальныя й маральныя. Скажам, калі нехта з міліцыянтаў усё ж падробіць дакумэнты дзеля пакрываньня Тарлецкага, хто гарантуе, што тая ж дзяржкамісія — з Лінгам на чале, з Шэйманам усярэдзіне — не адправіць гэтага ж самага міліцыянта на Валадарку? Ну, а калі адмовіцца хлусіць і фабрыкаваць — што тады?

Пасьля размоваў зь міліцыяй у мяне склалася ўражаньне, што “вінаватых” у трагедыі, акрамя дажджу, улады могуць адшукаць сярод простых выканаўцаў загадаў. Хоць у той сытуацыі менавіта яны нічога не вырашалі, а ў нечым і не маглі вырашаць ні пры якім раскладзе.

“У аднаго Ярмошына загаварыла сумленьне, але ж пад час сьвята ён мала што мог зьмяніць, — лічаць міліцыянты. — “Аліварыя” — пад апекай Ціцянкова; забараніць самому Ціцянкову прадаваць і раздаваць піва мэр гораду ня мог”. Дадам, што асаблівы клопат прэзыдэнцкай адміністрацыі датычыць і транснацыянальнай карпарацыі, якая заклікала нас “пачаць лета з “Магны”. І радыё “Мір”, ужо напэўна не забытае спадаром Пашкевічам. Лета не пачалося, і ніхто ня ведае, для колькіх людзей насамрэч.

Калі праз тыдзень пасьля трагедыі я зайшла ў пераход, можа, у шосты раз, там сьпявалі й маліліся дзеткі з праваслаўнай нядзельнай школы — тыя, хто ня зьехаў з гораду на лета. Іхная выхавальніца-манашка цытавала словы Хрыста: “Хто не пакаецца — той жа сьмерцю й загіне...” Яна казала пра маланку, якая, паводле Бібліі, спаліць “вянок народу”, калі народ заграз у беззаконьні ды блюзьнерстве. Напэўна, пасьля чарговай у нашай гісторыі крывавай падзеі на Нямізе многія людзі ўпершыню задумаліся над тым, што ёсьць Бог.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0