ТРАГЕДЫЯ КОСАВА Ў СЬВЯТЛЕ ГIСТОРЫI

Кожны можа зычыць лепшага сэрбам, а не албанцам, толькі хай не паўтарае бессэнсоўныя фразы, быццам тыя другія — тэрарысты, гангстэры й фанатыкі. Сытуацыя ў Косаве вымагае ўзважанага падыходу.

Каму належыць Косава? Косава сэрбскае, — адкажа кожны сэрб, — дастаткова пазнаёміцца з нашай гісторыяй і літаратурай, з вуснымі паданьнямі ці папросту паехаць у тамтэйшыя мясьціны й наведаць найважнейшыя помнікі нашае культуры, пераважна сярэднявечныя цэрквы й манастыры. З гэтым не пагодзяцца албанцы: "Косава — албанская зямля, дастаткова паехаць туды й паслухаць, якою моваю гавораць месьцічы й вяскоўцы. Як маеце болей часу, дык варта пазнаёміцца з гісторыяй рэгіёну".

Сёньня ў выніку этнічных чыстак шторазу цяжэй пачуць у Косаве албанскую мову — гучыць яна пераважна ва ўцякацкіх лягерох. Але гэтым самым не разьвязваецца праблема. Каб зразумець сутнасьць сэрбска-албанскага антаганізму, трэба памятаць пра пэўны шэраг гістарычных ды культурных фактаў.

Сэрбы кажуць пра Косава гэтак:

— Гэта заўжды была наша зямля, вельмі істотная частка сэрбскага сярэднявечнага гаспадарства, што разьвівалася да прыходу туркаў на Балканы ў канцы 14 стагодзьдзя. На фрэсках у косаўскіх цэрквах можна ўбачыць, што сэрбы насілі прыгожыя строі ды елі з культурнага посуду ў часе, калі насельнікі шматлікіх тагачасных дзяржаваў сярэдняе й паўночнае Эўропы вялі вельмі прымітыўны лад жыцьця. Пад Прысьцінаю месьціцца Косава Поле, дзе нашыя войскі супрацьстаялі турэцкай навале ў 1389 годзе. Гэтая падзея апетая ў народных песьнях, што дайшлі да сёньня. Косава Поле — гэта сэрбская нацыянальная сьвятыня і ўвадначасьсе балючы сымбаль пачатку шматвяковага прыгону. Пасьля няўдалых антытурэцкіх паўстаньняў нашыя продкі мусілі ўцякаць з Косава; эміграцыйная хваля ўзмацнілася ад канца 17 ст. Калі туркі ўціскалі сэрбаў, на нашыя абшары пачалі прыходзіць албанцы: мусульмане, паплечнікі туркаў, якія ня толькі заставаліся на гэтай зямлі, але й перасьледавалі тых сэрбаў (праваслаўных хрысьціянаў), якія не далі сябе ў свой час скарыць. Албанцы ў сваёй сутнасьці здраднікі, і заўжды пільнавалі нагоды, каб далучыцца да нашых ворагаў. Калі ўжо не было туркаў, у часе другое сусьветнае вайны, яны супрацоўнічалі з італьянскімі акупантамі. Па вайне албанцы сядзелі ціха, але пасьля збунтаваліся. Мы далі ім аўтаномію, але ім таго не ставала, яны хацелі адлучыцца й прыяднацца да Албаніі. Iхныя бунты нарасталі, пагражаючы спакою ў дзяржаве. Мы, сэрбы, ніколі не аддамо Косава, як жыды ніколі добраахвотна не пакінуць Ерусаліму.

Косаўскія албанцы маюць сваю вэрсію падзеяў.

З Косавам яны злучаныя ад старажытнасьці, бо перад тым, як сюды ў 6 ст. прыйшлі славяне, гэтыя абшары насялялі ілірыйскія плямёны — іхныя продкі. Гэткім чынам, славяне, продкі цяперашніх сэрбаў, змусілі частку ілірыйцаў пайсьці ў горы, але рэшта гэтак і не пакінула сваіх спрадвечных земляў. Гэта праўда, што колькі стагодзьдзяў тут панавалі сэрбы, але пасьля прыйшлі туркі, якія паняволілі албанцаў, як і сэрбаў ды іншыя народы; таму касавары не вінаватыя, што ў часе турэцкага панаваньня адбываліся зьмяшэньні народаў. Сэрбы забываюцца на тое, што албанцы гэтаксама змагаліся з туркамі — і на Косавым Полі, разам з славянскім рыцарствам, і пазьней, у часе паўстаньняў ды бунтаў, асабліва на поўначы, у каталіцкай частцы Албаніі, да якой належыць і Косава. Гэта праўда, што шмат албанцаў навярнулася ў іслам, але перад тым яны процістаялі ісламізацыі; зрэшты, у Босьніі сэрбы таксама станавіліся мусульманамі. За турэцкаю няволяю было правіла "падзяляй і пануй", таму былі выпадкі, калі албанцы-мусульмане ўціскалі ў Косаве хрысьціянскі люд, але наагул лініяй падзелу была вера, а не нацыянальнасьць, бо разам з сэрбамі цярпелі перасьлед і албанскія каталікі. А ўжо ж чым іслам горшы за хрысьціянства?

Заўжды ў Косаве албанцы пераважалі ў колькасьці, а край гэты мае натуральную лучнасьць з рэштаю албанскае тэрыторыі, і разам яны ўтваралі супольны гаспадарчы й культурны абшар. Менавіта ў косаўскіх местах паўсталі пры канцы 19 — на пачатку 20 ст. албанскія палітычныя ініцыятывы й чыннасьць, зьвязаная з нацыянальна-культурным адраджэньнем; тут выпрацоўвалася ідэя незалежнасьці Албаніі. Сэрбы ад пачатку мінулага стагодзьдзя спрабавалі палітычнымі й вайсковымі захадамі (не ўнікаючы ваеннага тэрору супраць албанскага цывільнага жыхарства) не дапусьціць да паўстаньня Албанскае дзяржавы, а калі тое не атрымалася, дамагліся ад "вялікіх" дзяржаваў прызнаньня ўваходжаньня Косава ў склад Сэрбіі. Для албанцаў гэта сталася шокам, бо народ апынуўся падзелены мяжою.

Па першай сусьветнай вайне албанцы змагаліся за вольнасьць Косава, аднак прайгралі. Сэрбы ж уціскалі албанцаў, таму албанцы з радасьцяй віталі ўзьяднаньне Косава з Албаніяй у часе італьянскай акупацыі, тым болей італьянцы забясьпечылі ім лепшыя ўмовы існаваньня (да прыкладу, было арганізаванае албанскае школьніцтва). Iншыя пайшлі да камуністычнае партызанкі Ціты. Але ніводзін з гэтых крокаў ня меў выніку па вайне.

Па другой сусьветнай вайне ў дачыненьні да албанцаў былі ўжытыя палітычныя рэпрэсіі. У 1968 годзе косаўская моладзь, як і ўся эўрапейская, маніфэставала за пашырэньне сваіх грамадзянскіх і нацыянальных правоў. У 1974 годзе краю надалі шырокую аўтаномію, хоць сэрбы працягвалі ўважаць албанцаў за людзей другое катэгорыі. Усе надпісы рабіліся ў дзьвюх мовах, поруч з сэрбскаю працавала албанскамоўная тэлевізія й радыё, выдаваліся албанскія газэты й кніжкі, а дзеткі й моладзь маглі навучацца на ўсіх узроўнях у сваёй роднай мове. Ува Прысьцінскім унівэрсытэце ладзіліся летнія моўныя школкі для іншаземцаў ды нашчадкаў раскіданых у сьвеце албанскіх эмігрантаў. У тым часе Албаніяю кіраваў рэжым Энвэра Ходжы, які шчыльна зачыніў свае межы, таму Прысьцінскі ўнівэрсытэт стаўся своеасабліваю Мэккаю для ўсіх аматараў албанскае мовы й культуры.

У 1981 годзе, па сьмерці Ціты, касавары выйшлі на вуліцы, дамагаючыся сваіх правоў у мірнай дэманстрацыі, што была вытлумачаная ўладамі як бандыцкая акцыя, у выніку чаго палеглі першыя ахвяры. Паступова сытуацыя пагаршалася.

Трагічны злом надышоў у 1989 годзе, калі Мілошавіч скасаваў краёвую аўтаномію. Улады пачалі зачыняць албанскія школкі ды іншыя інстытуцыі. Тысячы албанцаў страцілі працу, магчымасьць вучыцца на роднай мове, удзельнікі пратэстаў траплялі ў вязьніцы. У албанскіх асяродках панавала канцэпцыя мірнага супраціву: байкот сэрбскіх парлямэнцкіх выбараў, выбраньне ўласнага парлямэнту й выканаўчае ўлады (не прызнаных сэрбамі); арганізацыя "паралельнае дзяржавы" з усімі ейнымі інстытуцыямі: прыватныя кватэры спаўнялі функцыю ня толькі партыйных сядзібаў, але й школьных клясаў, унівэрсытэцкіх лекторыяў, лекарскіх кабінэтаў а нават сядзібаў навуковых арганізацыяў. Гэтаму спрыяла салідарнасьць албанцаў ва ўсім сьвеце — гэтак яны бяз збройных сілаў, заклікаючы сьвет дапамагчы ім у абароне сваіх нацыянальных правоў, трывалі колькі гадоў. Ажно зьнянацку нецярплівыя сталі ствараць Вызвольнае войска Косава (УЧК).

У косаўскім канфлікце ахвяраю прапаганды сталіся пераважна албанцы. Шмат хто ўважае за добрую манэту сьцьверджаньні, быццам традыцыя родавага (кланавага) грамадзкага ладу паўночнае Албаніі й Косава ператварылася ў гангстэрска-мафійныя структуры, албанцы ж сталіся фарпостам ісламскіх фундамэнталістаў ды падступнымі тэрарыстамі, ня маючы ніякіх дзяржаватворчых здольнасьцяў. Гэта вельмі падобна да сэрбскае прапаганды, узброенае "доказамі" лекараў, палітыкаў і навукоўцаў, быццам "албанцы прымітыўныя як пралюдзі зь перадгістарычных часоў, якія ад страху перад зьвярамі спалі на дрэвах" (даслоўная цытата з сэрбскае навуковае працы 1913 г.), быццам іхныя зубы падобныя да зьвярыных і г.д. Iншыя пісалі, што албанцаў нагэтулькі шмат у Косаве, бо бальшыня з іх — гэта албанізаваныя сэрбы; даходзіла да вар'яцтва, калі адмаўлялася існаваньне асобнае албанскае нацыі, якая ўважалася за прадукт антысэрбскае аўстрыйска-італьянскае змовы.

Змаганьне косаўскіх албанцаў за сваю незалежнасьць сэрбамі тлумачыцца як тэрарыстычная дзейнасьць, але хіба касавары падкладаюць бомбы на вуліцах Бялграду ці нават Прысьціны, як тое рабілі ірляндзкія ці баскія тэрарысты? Албанцаў вінавацяць у ісламскім рэлігійным фанатызме, аднак гэта пярэчыць праўдзе. У некаторых радзінах дагэтуль ад турэцкага часу перахавалася традыцыя выхаваньня сыноў магамэтанамі, а дачок каталічкамі. Рэч у тым, што вылучна мужчыны даўней сутыкаліся з турэцкімі ўладамі, яны ж плацілі падаткі (гэта было выгадней рабіць мусульманіну, як хрысьціяніну), таму з прагматычнага гледзішча прымалі іслам, але ў доме панавалі даўнія хрысьціянскія традыцыі.

Прыйдзе час, калі касавары вернуцца ў свае хаты й Косава адродзіцца да нармальнага жыцьця, аднак дзеля гэтага трэба, каб у Сэрбіі зьмянілася ўлада й зьявілася разуменьне права кожнага народу на самавызначэньне, незалежна ад таго, якое месца й ролю ён займаў у мінулым.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0