Тры пытаньні і тры адказы

Гісторык, аўтар кніжак пра беларускую мінуўшчыну для дзяцей і дарослых Генадзь Сагановіч:

Пра хрышчэньне Беларусі

Ніякіх сьведчаньняў пра хрост на землях Беларусі, такі як у Кіеве ці Ноўгарадзе, у нас проста няма. У падручніках, у папулярнай літаратуры гаворыцца, што адразу пасьля Кіева хрысьціянства было ўведзена і ў старажытнабеларускіх княствах. Але гэта нічым не пацьвярджаецца.

На хрысьціянізацыю Полацкай зямлі паўплывала яе адасобленасьць, барацьба за самастойнасьць. Як вядома, мясцовыя князі працівіліся ўвядзеньню новай, унівэрсальнай рэлігіі, што мацавала цэнтральную ўладу імпэрыі. Айчынны гісторык Георгі Філіст ужо даказваў, што хрысьціянства ў Полацку не было ні пры Ізяславе, ні пры Брачыславе. Сапраўды, Ізяслаў на момант кіеўскага хросту ўжо сядзеў у Полацку ды так і не прыняў хрышчэньня. Няхрышчаным заставаўся і тураўскі князь Сьвятаполк. Брачыслаў Ізяславіч сцьвердзіў незалежнасьць Полацка, распачаў барацьбу з Кіевам, узяў Ноўгарад! А праціўленьне палітыцы Кіева азначала і непрыняцьце ягонай веры.

Сытуацыя стала мяняцца толькі пры Ўсяславе, які ў 1062-1066 г. будуе полацкую Сафію – фактычна адзіны ў нас мураваны храм да канца ХІ ст. Падобна, толькі пасьля вяртаньня Ўсяслававых сыноў з бізантыйскае высылкі хрысьціянства тут стала распаўсюджвацца шырэй. Тады ў Полацкай зямлі вырас дзясятак мураваных храмаў. Пад 1105 летапісцы згадваюць ужо і рэальнага япіскапа Полацкай япархіі. Так што ў Беларусь, прынамсі Паўночную і Цэнтральную, Хрыстовая вера прыпазьнілася прыкладна на стагодзьдзе.

Пра Яўнута, сына Міндаўга

Яўнут быў зьвергнуты Кейстутам зімою 1344/45 г. Пасьля гэтага ён колькі месяцаў прасядзеў у палоне, а тады ўцёк на Русь. Спачатку затрымаўся ў Смаленску, але там не знайшоў належнай падтрымкі і падаўся ў Маскву. У Маскве Яўнут прыняў праваслаўны хрост. У 1347 г. ён ужо вярнуўся ў айчыну, памірыўся з братамі і атрымаў у валоданьне Заслаўе. Замірэньню і спакою пэўна паспрыяла тое, што вярнуўся ён праваслаўным і цяпер наўрад ці мог прэтэндаваць на вялікакняскі пасад.

Вось вэрсія, якая паўстае з аналізу небагатых зьвестак летапісаў і хронік. Яна даўно прынятая і гісторыкамі, такімі аўтарытэтамі, як Стадніцкі, Любаўскі, Пашкевіч. Нават Віснэр, вялікі летувафіл, піша, што Яўнут шукаў дапамогі ў Маскве. Не разумею, чаму і на якой падставе літоўцы пішуць іншае. У Польшчу Яўнут не ўцякаў бы, бо Кейстут і Альгерд, рыхтуючы пераварот, дачыняліся акурат з Польшчаю, схіляючы яе да антыордэнскага саюзу. І Трокі ён атрымаць ня мог, бо гэта была сталіца ўладаньняў Кейстута.

Пра школьную гістарычную адукацыю

У савецкія часы гісторыі Беларусі як асобнага прадмету ў школах проста не існавала. Яна была неабавязковым дадаткам да галоўнага курсу — гісторыі СССР (фактычна Расеі). Пасьля развалу Саюзу становішча стала хутка мяняцца.

Ужо ў 91-м была апублікаваная новая канцэпцыя гістарычнай адукацыі ў Беларусі, якая ўпершыню скасавала гісторыю СССР, а гісторыі Беларусі надала статус асобнай дысцыпліны. Канцэпцыя арыентавала выкладаньне гісторыі на адраджэньне гістарычнай памяці і нацыянальнай сьвядомасьці, на выхаваньне патрыётаў Беларусі незалежна ад нацыянальнасьці. Так што прынцыпы пасьпелі закласьці нармальныя. На іх распрацаваная Праграма па гісторыі для базавых агульнаадукацыйных школ, якая выйшла ў 95-м і пакуль не адмененая. Да праграмы дастасаваныя новыя падручнікі, па якіх таксама яшчэ вучацца. Праўда, ужо некалькі гадоў іх фільтруе ад "крамолы" спэцыяльная ўрадавая камісія, а вэтэраны і камуністы пішуць свае, альтэрнатыўныя падручнікі.

На курс гісторыі Беларусі ў нас адводзіцца 152 гадзіны, а на сусьветную гісторыю – 300. Ці нармальная гэта прапорцыя? Наўрад ці. Ва Ўкраіне, напрыклад, 225 гадзін – на ўкраінскую гісторыю, і 272 – на сусьветную. На жаль, пакуль пануе цяперашні рэжым, сытуацыя з нашай гісторыяй будзе пагаршацца. Прагназуецца, што ў бліжэйшым часе ў сувязі з пераходам на 12-годку будзе скарочана колькасць гадзінаў на гісторыю наагул, і зробяць гэта найперш за кошт гісторыі Беларусі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0