Ранак, адзін на ўсіх

Ранкам 31 траўня ў цэнтры сталіцы я пачуў фразу з гутаркі двух юнакоў: "Такое магло здарыцца толькi ў Менску". Пра сябе дадаў — i толькi цяпер...

У натоўпе, што напярэдадні мкнуў ад маланак да станцыi мэтро "Нямiга", не было маiх аднакурсьнiкаў, тых, хто паступiў на гiстарычны факультэт БДУ ў 1991 годзе. Можа таму, што яны лiчаць сябе засталымi, каб наведваць "падлеткавыя" iмпрэзы. А можа, гэта тое адчуваньне "элiтнасьцi", што панавала над намi зь першых дзён навучаньня, не дазваляе браць удзел у сёньняшнiх масавых забавах, падагнаных пад бэпээсэмаўскiя ўзоры...

Тады, у 91-м мы сапраўды адчулі сябе элітай. Цi не палова аднакурсьнiкаў гаварылі мiжсобку па-беларуску. А пазьней менавiта з iнiцыятывы студэнтаў-гiсторыкаў пачаўся адлiк менскага вулiчнага супрацiву. 24 траўня 1995 году каля трох сотняў юнакоў абышлі з закінутымі за галаву рукамі рэзыдэнцыю Лукашэнкі — былое ЦК, а затым спалілі каля грамадзкай прыбіральні сьцяг БССР. І гэта была падзея на фоне павольнага, але няўмольнага спаўзаньня ў прыватных дачыненьнях да расейскае мовы.

Так здарылася з маім аднагрупнікам Віцьком. На першым курсе ён сьпяваў уласныя вершы пад гітару, займаўся ўсходнімі адзінаборствамі і марыў зарабіць багата грошай, каб мець магчымасьць выхоўваць маладых нацыяналістаў — фізычна і духоўна. Віцёк, ці не адзіны з усіх, сапраўды ўвайшоў у вялікі бізнэс, на ідэю забыўся, а сёньня... сідзіць у сьледчым ізалятары.

Сьпіс няспраўджаных праектаў можна працягваць доўга... Зрэшты, я рэдка бачуся з былымі аднакурсьнікамі. Хіба пару разоў сустрэў іх на мітынгах. Праўда, ня тых, з кім дзяліў ідэалы юнацтва, а тых, што пайшлі вучыцца ў КГБ.

Мне зараз цяжка прыгадаць якую-кольвек звышiдэю, якая б панавала сярод студэнтаў-гiсторыкаў на пачатку 90-х. Было абсалютна ясна, што створыцца паўнавартасная беларуская дзяржава, i што "элiта" зойме ў ёй адпаведнае месца, якое гарантаванае валоданьнем мовай i веданьнем акалiчнасьцяў паўставаньня Вялiкага Княства Лiтоўскага, недасяжных для большасьцi суграмадзянаў. Гэтага адчуваньня я не знаходжу і ў сёньняшнiх падлеткаў-юнакоў. Тых, што душылi адзiн аднаго ў пераходзе на "Нямiзе".

Я паспрабаваў уявiць, што здарылася б, калi б падобнага кшталту "сьвята" ў тых жа маштабах расьцягнулi ў часе па прыкладзе славутага бразыльскага карнавалу. І зараз адчуў, што наш прэзыдэнцкі карнавал, якi колькі гадоў таму падкупiў сваёй прастатой i дасягальнасьцю i сьвядомых, i несьвядомых, не перапыняўся нi на дзень. Мае "элiтныя" аднакурсьнiкi-гiсторыкi распусьцiлiся ў гэтым "сьвяце жыцьця", так i не дачакаўшыся прыходу незалежнай "сьветлай будучынi".

Ранак 31 траўня быў падобны да раптоўнага працьверазеньня ня толькi ва ўскосным, але і ў непасрэдным сэнсе. Мяркую, ня толькi я, акрамя жаху й шоку, паспытаў пачуцьцё сораму. Гэта была квiнтэсэнцыя сораму, якi набрыньваў апошнiя пяць гадоў.

"Такое магло здарыцца толькi ў Менску, i толькi цяпер". Такое здараецца кожны дзень i кожную сэкунду па ўсёй Беларусi. Ёсьць процьма беларусаў, якiх ужо растапталi, альбо топчуць зараз. Ёсьць беларусы, якiя спрабуюць выратавацца. Яшчэ меншая колькасьць беларусаў спрабуе выратаваць iншых, але большасьць з рогатам нясецца пад зямлю, штурхаючы адзiн аднаго.

Кожны выбiрае свой шлях, але ранак будзе агульны для ўсiх.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0