Вязень Ляшук зь вёскі Паніквы

 

“Я стаў ахвяраю рэпрэсіяў не таму, што “нешта ня тое сказаў”, не “па памылцы” пасьля нечага паклёпу... Я сьвядома на гэта йшоў, толькі ня быў дастойны пакараньня — таму, што ня йшоў супраць рэжыму са зброяй у руках. Я проста гаварыў праўду — тую, якую разумеў”.

Гэткімі словамі пачаў нашу размову Іван Ляшук — жыхар Пінску, змагар супраць таталітарнага рэжыму, былы палітвязень. Ураджэнец вёскі Паніквы Камянецкага раёну Берасьцейшчыны, ён меў 21 год, калі апынуўся ў берасьцейскай турме за свае антысталінскія вершы. У чэрвені 1953 году быў асуджаны на дзесяць гадоў лягераў і тры гады паражэньня ў правох па двух крымінальных артыкулах: “антысавецкая агітацыя” і “стварэньне злачыннай групы з мэтай падрыву ўлады”. Апошнія 45 гадоў гэты чалавек ня бачыў сонца: з ласкі “сонца савецкага народа” Сталіна ды ўсяе камуністычнае сыстэмы ён цалкам страціў зрок. Але гэтае няшчасьце ня здолела зламаць ягонага духу.

1.

Спадар Іван быў сямігадовым хлопчыкам, калі ягоную родную вёску ды ўсю Заходнюю Беларусь “вызвалілі” камуністы. З малых гадоў адчуваў на сваім ўласным жыцьці, якую "волю" нясе калгасны лад бацькам, сям'і, аднавяскоўцам... На вёсках пачынаўся голад, за працу ў калгасе людзі нічога не атрымлівалі — ім толькі ставілі “палачкі”.

— Часам за дзень і палову “палачкі” не паставяць, — згадвае спадар Іван. — Пашпарты такія былі, што нікуды ня маеш права сысьці з гэтага калгасу. “Вольны” быў чалавек, нібыта пад прыгонам. Памятаю, як у нас не было чаго есьці, а прыходзілі й забіралі апошняе збожжа...

Старшынёй сельсавету была непісьменная жанчына. Ейнае прозьвішча было Гаўрылюк — яна пісала толькі “Гаўр...”, далей ня ўмела. І мая маці зьвяртаецца да яе: “Прузына!..” — “Я табе не Прузына!” — хоць сама з тае самае вёскі. “Чым жа сеяць будзем?!” — у роспачы працягвае маці. А яна адказвае: “Пяском сей!”

Памятаю, як прыходзілі ноччу зь ліхтарамі, трывожылі майго бацьку, каб вёз сена, мяса, апошнюю карову... Пакінулі нас, малых дзяцей, без малака.

Як можна было чалавеку, які ўсё гэта разумеў і адчуваў, не шукаць нейкага выйсьця? Я з дзяцінства меў рамантычныя погляды, верыў, што справядлівасьць усё адно хутка настане. У дзевятай клясе, ведаючы, які я ёсьць, мне прынесьлі дзьве старонкі, вырваныя з яшчэ раней забароненае кнігі. Гэта былі дзьве частушкі. Сябра адазваў мяне за разьбіты камуністамі касьцёл ды кажа таямніча: “Дай я табе пачытаю!” Тады я ўзяў сам тыя аркушы ды чытаю:

Эх, колхоз, колхоз, колхоз,
Ты — наше страданіе!
Ты довёл людей до слёз
І до голоданія.
За окном сірень цветёт,
На ней ліства зелена.
Сталін всех нас в гроб сведёт
По заветам Леніна.

Гэтыя радкі мяне тады проста акрылілі! Я зразумеў, што не адзін такі на сьвеце. Неўзабаве й сам пачаў выказваць свае пачуцьці вершамі.

У той час камуністы распаўсюджвалі па ўсім сьвеце, што яны змагаюцца за мір. На самай справе яны распальвалі войны. У любой краіне, дзе толькі маглі, сутыкалі адны плямёны з другімі, каб гэткім чынам потым прыбраць усё да сваіх рук. І я паўстаў супраць гэтага. У 9-й клясе я не захацеў падпісацца пад Стакгольмскім вазваньнем за мір.

Тады ўсе павінны былі пад гэтым "вазваньнем" подпісы ставіць. А я тлумачыў людзям: ставячы подпіс пад гэтым дакумэнтам, яны фактычна падпісваюцца за вайну. А калі даць камуністам волю прыкрывацца ілжывай шырмаю, што яны нібыта хочуць міру — што будзе далей?!

Я ледзь перайшоў у 10-ю клясу. Мяне тады хацелі выключыць са школы. Мучыўся цэлае лета. Жаў жыта, а сам думаў: што рабіць, як жыць далей? За тое лета мой зрок, і дагэтуль слабы, яшчэ больш упаў. Школу скончыць мне далі, неўзабаве стала ясна, што далей вучыцца не пашчасьціць. Паступаў у пэдагагічны інстытут двойчы — у Берасьце, потым у Горадню, але вочы ўжо не вытрымлівалі нагрузкі.

Улетку 1953 году да мяне прыйшлі абшукваць. Знайшлі вершы — скокнулі ад радасьці: во, маўляў, ёсьць зачэпка! А я пісаў тады лісты аднаму чалавеку, які таксама траціў зрок. Я добра разумеў ягоны стан, таму пісаў яму: ты трымайся, змагайся, стой моцна. І ў яго дома таксама абшуквалі, ня памятаю, у сувязі з чым. Я ня ведаю, што гэты чалавек рабіў, але, як мне сказалі потым, нешта “палітычнае”.

І вось, калі знайшлі мой ліст да яго, сьледзтва палічыла, што я яго на нешта падбухторваю. Супраць савецкае ўлады. А на самой справе — я яго падтрымліваў маральна...

Знайшлі ў мяне, шукаючы, антысавецкія вершы, а ўжо пасьля арышту ў Берасьці я вырашыў сам пачытаць вершы свае. Зразумеў: усё роўна мяне пасадзяць, дык хоць пачытаю гэтым катам.

...Ноч. Дзьве гадзіны ночы. Падымаюць мяне ў маёй адзіночнай камэры. Вядуць... Рукі назад, сьпераду і ззаду — кагэбісты. Шэраг дзьвярэй камэраў паабапал... Зьлева стаяць ланцугом чалавек шэсьць-восем, такіх адкормленых, і анэкдоты распавядаюць. Рагочуць... Гэта — тыя людзі, якіх выклікаюць, калі трэба катаваць зьняволенага.

Уваходжу ў кабінэт — там сядзіць капітан Філіпаў, быў такі абласны сьледчы. Ну, і падпалкоўнік Зінчанка ў форме (Філіпаў — у цывільным). Стол прывінчаны да падлогі. Табурэтка прывінчана. Пісталеты ляжаць у іх побач. А за вокнамі аўчаркі бегаюць, выюць. А я чытаю сьледчым такі вось верш:

Кто, словно вампір, пьёт народную кровь,
Кто честных людей не шчадіт,
В чьём сердце уже охладела любовь,
Кто правду в неволе томіт,
Кто грозным тіранам — товарішч і брат,
Кто совесть навек потерял —
Тот будет советской страны депутат.
Так Сталін велікій сказал!

Я напісаў “Сталін каварны”, але зьмяніў на “вялікі”. Бо за “каварнага”, бачу, могуць мяне ўдарыць пісталетам па вачах. А я іх бярог. Таму прачытаў верш і дадаю: “Сталін “вялікі” — у двукосьсі”...

2.

Івана Ляшука асудзілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу БССР: 72-а (антысавецкая агітацыя) і 76-б (стварэньне антысавецкай групоўкі). У агульнасавецкім кодэксе гэтым абвінавачаньням адпавядалі артыкулы 58.10 ды 58.11. Яны “пацягнулі” на дзесяць гадоў лягеру, перад адпраўкай у які здарылася цікавая сустрэча. Памяць аб ёй спадар Іван пранёс праз усё жыцьцё. Як і пра сустрэчу другую, ужо ў Комі АССР...

— Калі нас рыхтавалі на этап, мяне на адны суткі пасадзілі зь немцамі. Загадалі, каб я зь імі не размаўляў. Яны думалі, што я нічога не разумею па-нямецку!.. Гэтыя двое немцаў распавялі мне: у гэтай самай турме сядзяць яшчэ 60 чалавек па справе паўстаньня ў Нямеччыне 17 чэрвеня 1953 году. Адзін з арыштаваных нямецкіх паўстанцаў, 36-гадовы Ганс Танэнбэрг, выходзіў на сувязь праз азбуку Морзэ, выстукваючы па ацяпляльнай сыстэме. Аднойчы Танэнбэрг паведаміў, што нас павязуць заўтра з берасьцейскае турмы на ўсход. Мяне потым аддзялілі ад немцаў у вагоне-“сталыпіне” — высадзілі ў Воршы на перасылку. А іх павезьлі на Маскву. А на пачатку таго шляху Ганс Танэнбэрг распавядаў, як камуністы білі па іх з кулямётаў. Людзі ў Бэрліне ды па ўсёй Нямеччыне выйшлі на вуліцы, спачатку меліся выказаць адно эканамічныя патрабаваньні. Потым ужо пайшлі палітычныя... Танэнбэргу далі 25 гадоў. Больш мы ня бачыліся. Я пісаў колькі гадоў таму на “Нямецкую хвалю” ў Кёльн... Мне паведамілі, што мой ліст перасланы ў Чырвоны Крыж і трапіў у Гамбург.

Танэнбэрг жывы... Можа, мне кепска пераклалі адказ, але выходзіла так: што ён не пажадаў, каб я меў ягоны дакладны адрас... Памятаю, калі мы былі ў зьняволеньні разам, ён і ягоныя паплечнікі абяцалі: “Калі камуністаў ня будзе, калі ім прыйдзе канец, дык мы прыедзем да цябе, вылечым табе вочы”. Я тады яшчэ трохі бачыў. А цяпер вось я напісаў быў, што зусім сьляпы, маю трох сыноў...

Мне ня трэба матэрыяльнае, а трэба духоўная падтрымка. У 53-м годзе мне йшоў 22-гі, я быў адзіночкам, вакол быў рэжым страшны. За любое слова саджалі... Знаёмства з немцамі сталася для мяне вялікай падтрымкаю! Танэнбэрг быў для мяне сымбалем, натхняў у барацьбе супраць камуністаў. Я быў уражаны подзьвігам нямецкіх паўстанцаў. Цяпер жа выйшла расчараваньне... Добра, што ўжо ў старасьці.

Хутка я ўжо быў у Комі АССР, трапіў ва Ўсьцінлаг. З Усьцінлагам межаваў Пячорлаг. Я добра памятаю некаторых людзей таксама і з Пячорлагу. Асабліва аднаго, украінца. Яго звалі Раман Місюра. Ён мне не казаў дакладна, за што сядзеў, але я зразумеў, што гэта — нацыяналіст.

Ён быў родам са Станіслава (цяпер Івана-Франкіўск). Яму тады было 57 гадоў. Місюра адбываў у Пячорлагу 10 гадоў. Мы з ім сябравалі, нягледзячы на розьніцу ва ўросьце. Калі я пісаў на расейскай мове дадому лісты, спадар Раман мне казаў: “Чым па-расейску, ты лепш пішы па-ўкраінску. Бо месца, дзе ты нарадзіўся — гэта Підляшша, ля Берасьця”. Ён казаў, што гэта ўкраінская мясьціна. Ну, на ўкраінскай дык на ўкраінскай! Усё роўна Місюра сам стаў пісаць мае лісты. Я тады ўжо настолькі страціў зрок, што ня мог ні пісаць, ні чытаць.

Памятаю, ён мне распавядаў, як катавалі яго, дабіваючыся паказаньняў. Ён быў настолькі стойкі, моцны, што не адказваў. Вось тры расказаныя ім выпадкі.

Вядуць яго па цёмным калідоры. Ноч, холадам дыхае ўсё бліжэй і бліжэй. Холад, вільгаць... І раптам — дарога абрываецца. Чалавек ляціць уніз. А там вада. Халодная вада. Вада падымаецца ўсё вышэй. Вось яна ўжо ля самага роту. Каты чакаюць: ці будзе ахвяра крычаць, ці скажа ім "усю праўду"?

Потым — адмысловая такая скрынка, дзе разводзяць клапы. Засаджваюць Місюру ў гэтую скрынку, дзе не павернесься — ні рукамі, ні нагамі, ні галавой. І ўсе галодныя клапы абрынаюцца на яго. І лезуць яму ў вочы, у нос, у вушы, і кусаюць... Гэтае катаваньне доўжыцца доўга, чалавек выходзіць скрываўлены.

Трэці выпадак. Спадара Рамана вядуць у падвал, і ён бачыць пацукоў ды парэшткі чалавечага цела. Ставяць яго тварам да сьцяны і прыводзяць жанчыну й мужчыну. Мужа ды жонку. Не старыя, не маладыя, сярэдніх гадоў — так яны запомніліся Раману. Ім загадваюць распрануцца і без усялякіх цырымоніяў расстрэльваюць. А Місюру папярэджваюць: “Бачыў гэта? Тое будзе і з табою. Гавары!”. Маўчыць. Стрэл адзін вышэй галавы, другі... Нічога не сказаў! Тады яго выводзяць адтуль і даюць 10 гадоў...

3.

— Спадар Іван, якіх яшчэ людзей вы сустракалі ў зьняволеньні? Ці трымалі нейкую сувязь зь землякамі-беларусамі?

— Я ведаў аднаго беларуса па прозьвішчы Саласай. Гэта быў, як казалі, “андэрсавец”. Тут, у нас, на поўдні Беларусі, былі “бульбашы”, але “бульбашоў” я не сустракаў у лягерах. Ведаю, што былі на поўдзень ад маіх родных мясьцін і бандэраўцы — магчыма, мой сябра Місюра быў якраз зь іх... З Саласаем я сустрэўся на перасылцы ў Воршы. Ён адразу мяне “вызначыў”, хоць было сорак зь лішкам чалавек у камэры. Саласай распавядаў, што шмат пастраляў гэтых чэкістаў (ён, як і Місюра, быў таксама ўжо немалады). Ён рабіў гэта таму, што чэкісты ягоную сям'ю забралі і жонку ў лесе на ягоных вачах згвалтавалі. Саласай, як я зразумеў, паляк па нацыянальнасьці. Выступаў супраць бальшавікоў, але баяўся пра ўсё распавядаць, бо меў яшчэ дзьвюх дачок, якія ад камуністаў хаваліся.

Ведаў я таксама зь Беларусі дзвюх сясьцёр — Моніку і Фяліцу. Яны раней жылі недзе паміж Наваградкам і Маладэчнам. Адна з сясьцёр была з 29-га году, другая з 33-га. У іх была яшчэ маці і брат. Усю сям'ю разабралі па лягерах за тое, што яны накармілі вось такіх партызанаў, як Саласай. Фяліца казала: “Зь лесу прыходзяць да нас, а як жа просты чалавек ня дасьць паесьці, калі да яго са стрэльбай прыйшлі з лесу?” Далі па 25 гадоў. Сапсавалі дзяўчатам маладосьць. Ці вярнуліся гэтыя людзі дамоў, я ня ведаю. Я вяртаўся, а яны засталіся. У санітарным лягеры N1 каля невялікай станцыі Вясьляны, празь якую йдзе чыгунка на Варкуту...

Сустракаў я й некалькіх паліцаяў. Але яны распавядалі, што іх сілай прымусілі. Быў зямляк зь вёскі Выганашч, ад Пінску тут недалёка...

Мне запомнілася таксама мэдсястра-латышка, якая правяла ў лягерох дзесяць гадоў. Яе асудзілі ў 19-гадовым узросьце, а за што, яна мне не казала. Мы часта слухалі разам вершы латыскіх паэтаў, якія перадавалі там, у санітарным лягеры. Яна вызвалілася раней за мяне. Былі там эстонцы... Увогуле, з прадстаўнікамі ўсіх гэтых нацыяў, паняволеных імпэрыяй, мы мелі някепскія дачыненьні. Яны сябравалі са мной, беларусам, яны ўсе хацелі самастойнасьці. Усе! Са мною азэрбайджанцы былі вельмі добрыя. Азэрбайджанцы таксама марылі пра самастойнасьць свайго народу. Мой таварыш Джэмшун Сулейман Оглы запрашаў у госьці пасьля вызваленьня.

4.

Адносіны паміж так званымі “ворамі”, лягернымі крымінальнікамі, ды палітычнымі вязьнямі — асобная старонка. Хоць сам спадар Іван кажа, што, па сутнасьці, “адносінаў не было ніякіх”.

— Лягер падзяляўся на гэткія “выспачкі” — лягерныя пункты. Яны мелі свае падкамандзіровачныя пункты. Памятаю, толькі ў 1954 годзе “вораў” вырашылі зьбіраць у асобных лягерах. А да таго часу яны зьядалі ўсю ежу, якая выдавалася для “палітычных” і для “простых рабацяг”. Пад пагрозай сьмерці самае лепшае крымінальнікі прымушалі аддаваць ім.

Памятаю, як нашу 5-ю падкамандзіроўку пагрузілі на 7-м лагпункце, каб везьці на працы ў тайгу... І яны, гэтыя “воры”, крычаць на чырвоных катаў, якія стаяць побач у доўгіх шынэлях: “Вось Трумэн глядзіць на вас, ён прыйдзе на вас хутка!...” Крымінальнікам нічога за гэта не далі — усьміхаюцца, і ўсё. А калі б сказаў гэта які палітычны, яго б, вядома, тут жа ў карцэр пасадзілі б!

Пад канец майго тэрміну “вораў” сталі разводзіць у розныя камеры й казаць: “Будзеш лепш працаваць — будзеш лепш есьці”. А перад гэтым наглядчыкі карысталіся “ворамі”, каб лепш ціснуць на палітычных. Крымінальнікі мелі поўнае права зьдзекавацца над палітычнымі. А палітычныя ня мелі права прасіць абароны. Я памятаю выпадак... У Каняч-пагосьце быў бунт: супраць “вораў” паўсталі палітвязьні. Яны настолькі надакучылі палітычным, што тыя пабралі калкі і разбурылі барак, у якім “воры” заселі. Загінула тады больш за шэсьцьдзесят чалавек. Але пасьля гэтага “вораў” адтуль прыбралі.

І ў нас, на станцыі Вясьляны, быў падобны выпадак. Нас, палітычных, прывезьлі на адзін лягерны пункт больш за трыццаць чалавек, а плюс да нас яшчэ дваццаць зь лішком кантрабандыстаў. Мясцовыя “воры” вырашылі над намі ўсталяваць уладу. Мы цярпелі ад іх адну ноч, цярпелі другую — нічога добрага з таго не атрымліваецца. “Воры” ужо печ разабралі. Скобы мэталічныя ў пячах былі — іх разагнулі, каб, у выпадку чаго, пакалоць нас. Вось тады мы й паўсталі. На трэцюю ноч згрудзіліся ў некалькі шэрагаў ды ад нараў шчыльнаю сьцяной пачалі ісьці... “Воры” ўбачылі гэта ды спужаліся. Іх было ня так ужо і шмат. Яны пазапаўзалі пад нары, а мы пачалі іх выцягваць адтуль. Выцягалі, білі іх кулакамі, яны прасілі літасьці, плакалі...

Галоўным сярод нас быў тады адзін зьняволены — старшы лейтэнант. Калі прыбеглі наглядчыкі, дык яго тут жа забралі. Але мы запатрабавалі й дамагліся, каб яго вярнулі зноў да нас. І прыбралі “вораў” з гэтае перасылкі.

Гэта было ўжо недзе на пачатку 54-га... Каб такое сталася за Сталіна, альбо за Берыі — натуральна, нас бы вельмі строга пакаралі за гэты бунт.

5.

Іван Ляшук прабыў у лягеры з 17 чэрвеня 53-га да 1 кастрычніка 54-га. Яго справу пераглядзелі, і маладога вязьня вызвалілі па стане здароўя — з-за сьлепаты. Па вызваленьні Ляшука папярэдзілі: калі будзе ачарняць савецкую рэчаіснасьць, на ягоную інваліднасьць больш ніхто зважаць ня будзе! Гэтая пагроза вісела над ягонай галавой да скону савецкай імпэрыі.

— Спадар Іван, як і калі вы прыйшлі да Бога?

— Гэта пачыналася яшчэ ў школе. Потым, у пяцьдзесят трэцім, калі ўжо арыштавалі, потым везьлі ў Комі АССР, я вельмі шмат думаў. І вырашыў: шлях да Бога — гэта адзіна правільны шлях. Пісаць тады яшчэ сяк-так мог, а вось чытаць ужо ня вельмі... Я ведаў, што ў будучыні, магчыма, мне будзе вельмі кепска. Але недзе побач, у той жа камуністычнай рэчаіснасьці, існавалі іншыя людзі.

Аднойчы адзін веруючы чалавек мне прасьпяваў песьню: “Вот ворота пред тобой — за німі два путі...” А раз, праляжаўшы ў шпіталі ад зімы да чэрвеня-месяца, я йшоў дадому ў зімовай вопратцы і разважаў... У той час я хацеў злучыць у нейкую сыстэму і свае палітычныя погляды, і рэлігійныя пошукі, і ідэалы маладосьці, каб гэтыя тры “тэмы” не супярэчылі адна адной. І на дарозе са шпіталю нечакана для сябе падышоў да крыжа. Пастаяў перад ім... І раптам тут, каля гэтага крыжа, мяне затрымліваюць: забыўся, што там — памежная паласа, мяжа з Польшчай. Я мала памятаю, як адказваў на пытаньні кшталту: “Хто такі?” ды “Адкуль?”. Тады ў мяне раптам зьявілася іншае, нязвыклае, сымбалічнае бачаньне таго памежжа. Нарадзілася думка: я павінен у імя Хрыста змагацца супраць усіх перашкодаў, спакусаў — усіх сілаў, што перашкаджаюць на шляху да вечнага ідэалу.

— Вернікаў жа моцна перасьледавалі за савецкім часам...

— Так! Калі я паступіў на працу ў Таварыства сьляпых (працаваў там з 59-га па 97-мы год і быў звольнены супраць маёй волі; маю 16-гадовага сына, мушу яшчэ працаваць, хоць мне ўжо 67 гадоў), дык увесь час тут вёў барацьбу сапраць атэізму. Гэтую барацьбу я пачаў у лягеры. Я змагаўся супраць камуністычных поглядаў людзей, за што меў нямала ворагаў сярод зьняволеных. Усялякія былі й вязьні! Некаторыя думалі, што вось так пабудзем, а потым партыя нам “прабачыць”. Як Яўгенія Гінзбург: яе камуністы мучылі-катавалі, а яна ўсё роўна камуністкай заставалася...

На прадпрыемстве барацьба з атэізмам цягнулася трыццаць з лішкам гадоў. Я адмыслова імкнуўся сустрэцца з атэістамі-лектарамі, якіх так шмат было, каб задаваць ім пытаньні. Рабіў гэта, каб прапаведаваць праўду Божую. Яны ня ўмелі адказваць на асноўныя пытаньні хрысьціянства, тады я адказваў сам, і некаторыя мне пагражалі. “Сядзеў адзін раз — яшчэ пасядзіш! Каб цябе не было на нашых лекцыях! А то будзем скардзіцца ў гаркам”. А шмат хто з рабочых былі духоўнымі рабамі ў камуністаў. Цягнуліся за імі, гналі мяне. Я, дзе мог, прапаведваў хрысьціянства. Чытаў свае пабожныя вершы. Мяне спрабавалі яшчэ раз арыштаваць за гэта. Прыходзіў сьледчы ў наш цэх, зьбіраў супраць мяне зьвесткі. А якія зьвесткі, што было ў маіх словах крымінальнага? Я выступаў супраць крадзяжоў, а начальства ды ягоныя падручныя кралі, як толькі маглі. Выступаў супраць п'янства, а п'янства было амаль павальнае навокал! Я змагаўся так, як мог і на што меў сілы. Мне ня трэ было асабістай карысьці. Мне трэ было толькі прапаведваць каштоўнасьці, пра якія гаворыць Хрыстос.

Я вельмі рады, што вы, маладыя, маеце прагу да волі. Каб я меў гэткіх аднадумцаў тады, у свае 20 гадоў, гэта б стала для мяне крыніцаю натхненьня. І на волі, і ў адзіночцы ў Берасьці. Мне вельмі прыемна чуць, калі маладыя людзі гавораць па-беларуску. Гэтая мова мяне ўваскрашае. У мяне адна маці — тая, што мяне нарадзіла; у беларуса адна родная мова — беларуская.

Тацяна Сьнітко

Матэрыял падрыхтаваны ў рамках праекту Архіву Найноўшай Гісторыі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0