ПАШТОВАЯ СКРЫНКА


 

М.Ф. зь Берасьця. У нас таксама няма даверу. Але ня справа газэты — быць арганізатарам. Гэта Вы мусіце быць арганізатарам. "НН" стаіць на пазыцыях палітычнага нацыяналізму. Этнічны нацыяналізм зь перадсудамі што да "р." ці "х." здаецца нам атавізмам і паскудзтвам, хаця пра этнічны падбор найважнейшых урадоўцаў вы слушна заўважаеце. Падбіраюць, каму давяраюць.


 

Уладзіславу Ж. зь Менску. А дзе ж мы возьмем грошы, каб Вам падпісаць газэту? Вы думаеце, нам грошы зь неба ляцяць?! Мы бясплатна нямала бібліятэк падпісваем, іншыя бібліятэкі самі выпісваюць — шукайце там нашу газэту.

"Чорную кнігу камунізму" хацела выдаць адно беларускамоўнае выдавецтва, шукала дабрачынцаў, што ахвяравалі б на выданьне гэтай таміны, дык усе адмовілі. Бо перабіла адно маскоўскае выдавецтва, што літаральна за пару тыдняў да таго купіла аўтарскія правы на расейскае выданьне. А ў дабрачынцаў такая ўстанова, што калі нейкую кнігу выдавалі па-расейску, то на беларускае выданьне ўжо не ахвяруюць, кажуць: чытайце па-расейску. Дурасьць, вядома. Трэба нам, беларусам, самім на грошы выбівацца, каб ні ад каго не залежаць.

Хіба ж можна "ачышчаць" чыесьці мастацкія творы, пагатоў ад камуністычных догмаў? Так ня робіцца.

Калі нешта прападае са скрыні, дык скажыце паштаркам, мо якая памылка была, а падкопы тут наўрад ці могуць быць.


 

Кірылу зь Менску. Кніга добрая, але напісалі Вы пра яе менш, чым таго вартая кніга Кастуся Каліноўскага, прычым уласна пра яе — амаль нічога, усё, як Вы самі пішаце, "бясконцыя камэнтары". А чым яна адрозьніваецца ад папярэдніх падобных збораў — ня пішаце. А што ў ёй — таксама ня пішаце. А калі і кім выдаваліся папярэднія, хто іх складаў і хто сабраў гэтую? Дарэчы, адна "асаблівая падзяка" ў ёй чаго вартая і колькі дае глебы для разважаньняў! Рэцэнзія на кнігу можа быць і зусім малой, але ў такім разе яна мусіць быць найперш інфарматыўнай і ляпідарнай. Ваша ж у яе цяперашнім выглядзе выдае на матэрыял для газэты "Культура", перадусім адвольнасьцю меркаваньняў і блытанымі сэнсамі словаў (5 000 — наклад не маленькі, а рэкордны для беларускай кнігі за гэты год, калі не лічыць падручнікаў і слоўнікаў; "Кнігазбор" друкуе дакумэнты адносна больш-менш вядомых гістарычных асоб і падзей" — о Божа мілы, то-то напісалі!). Рэцэнзія — сапраўды адзін з самых складаных жанраў, які патрабуе вялізнага інтэлектуальнага досьведу й густу. Нездарма па-беларуску мала хто піша ў гэтай форме, хаця на Захадзе гэта найпершы з інтэлектуальных жанраў. Не пакідайце спробаў.


 

Ігару зь Менску. Адрас газэты "Беларус": 166-34 Gothic Drive. Jamaica, NY, 11432 USA/ЗША


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0