Бязьлюдная Беларусь

Падарожжа на Гарадоччыну

 

Кожнае лета рэдакцыя «Нашай Нівы» выпраўляецца ў вандроўку па Беларусі, каб зьдзейсьніць запавет Францішка Багушэвіча:

Хай жа ўсе, усе, хто можа,
Возьмуць свой кіёк дарожны,
У край айчынны час ісьці нам
Вывучаць свой люд.

Праўда, падарожнічаем мы не з кійком і не па дарогах, а па рэках, зь якіх звычайна адкрываюцца не фасады гарадоў і вёсак, а наадварот, іхная, так бы мовіць, знаніца. Гэта Беларусь такая, якая яна ёсьць насамрэч — не прыхарошаная і не прыхаваная. Яна падыходзіць да рэчак сваімі дварамі і незвычайнымі краявідамі.

Гэтым разам нашай дарогай стала невялікая рэчка Обаль, што цячэ ў Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах Віцебшчыны. Урэшце яе воды ўвальюцца ў Дзьвіну, каб даплысьці да Полацка. Мы ж гэтым разам скончылі сваё падарожжа ў Казьянах, у цэнтры заказьніку, дзе, кажуць, найвялікшая шчыльнасьць ласёў у Эўропе. Гэта самы паўночна-заходні кут краіны, мяжа з расейскай Пскоўшчынай, што праходзіць па возеры Езярышчы, у якім ажно 20 астравоў і адкуль уласна распачаўся наш шлях. Унікальнасьць тутэйшых мясьцінаў у тым, што гэта самая малалюдная Беларусь. У іншы дзень мы не сустракалі тут ніводнага чалавека. Асабліва калі патраплялі ў бясконцы край балатоў, дзе абапал ракі цягнуліся бясконцыя прасторы парослых хмызамі кочак ды вытыркаліся ўсохлыя, быццам пагарэлыя або хворыя голыя ствалы бяроз. У такіх мясьцінах і сапраўды можа быць унікальная шчыльнасьць ласёў і ня менш унікальная няшчыльнасьць людзей.

Аднак працяглыя балаты ўсё ж рана ці позна зьмяняюцца ўзгоркамі, на якіх пасьвяцца статкі пярэстых кароваў і сям-там пракідаюцца хаты. Тутэйшыя вёскі маленькія — дзясятак ці два дамоў, і тое шмат зь іх — пакінутыя. Людзей мала. Аднак дастаткова, каб мы пераканаліся ў іхнай шчырасьці і дабрыні. І ў тым, што яны жывуць далёка ад менскіх палітычных закалотаў, якімі, як лічаць у сталіцы, жыве ўся Беларусь.

Відавочна за апошнія дзесяць гадоў тут нічога не зьмянілася. Хіба што сьляды русіфікацыі за ўсе часы сталі больш кантраставаць з адзнакамі ўласна беларускімі. Як, напрыклад, у назвах паселішчаў. Назвы, якія тояць у сабе загадку і не паддаюцца хуткай расшыфроўцы — як помнікі мовы, мэнтальнасьці, як напластаваньні культурных слаёў, зь якіх чэрпаем мы і будуць чэрпаць веды і пачуцьцё патрыятызму нашыя далёкія нашчадкі. Сама Обаль, Сьвіна, якая ў яе ўпадае, Казьяны і проста прыгожая Ставіца. А побач — Ламаносава, Мішуціна і брутальны Пралетарск, які, дарэчы, тутэйшыя людзі называюць Іванаўкай. Назвы, як правіла, адпавядаюць характару паселішчаў. І гэта асабліва тычыцца новазбудаванага з сілікатнае цэглы сяла Пралетарск, жыхары якога ціха сьпіваюцца, так і ня ўзвысіўшы сваё сяло да вобразу Гораду Сонца. Зрэшты, хто б ім дазволіў...

Знаёмства зь вёскай было б няпоўным без наведваньня мясцовых могілак. Калі ў паселішчы пяць хат і жывуць, як той казаў, два з паловай чалавекі, дык менавіта могілкі ўбіраюць у сябе функцыю і царквы, і архіву, і калектыўнага партрэту некалькіх пакаленьняў вяскоўцаў.

Могілкі ў гэтых мясьцінах не такія як паўсюль. Па-першае, на іх адчуваецца клопат, яны выглядаюць нібы пасьля генэральнай прыборкі. Жывыя магілы, на якія яшчэ прыходзяць людзі, усе падноўленыя, помнікі нядаўна пафарбаваныя, зоркі на стандартных савецкіх слупках замененыя крыжамі. Але ўразіла ня гэта. Магілы не падпісаныя. Працэнтаў на 90. Прычым ня тое, каб нехта сьцёр ці адарваў табліцы. Так было задумана ад пачатку. Стаяць доўгія шэрагі безыменных крыжоў, а паміж іх помнікі, часта са здымкамі, але таксама бяз прозьвішчаў. Высокія надмагільлі, іншы раз ці не ў паўмэтра, абнесеныя дошкамі і нагадваюць дзіцячыя пясочніцы. Вакол — па пэрымэтры — лаўкі. Надмагільле выконвае ролю стала, калі сям’я зьбіраецца сюды на Радуніцу або на Дзяды. Вось яны ядуць, выпіваюць пры дарагім нябожчыку. Навошта пісаць ягонае прозьвішча? Яны і так ведаюць свайго Івана ці бабулю Маньку. А каму тыя яшчэ патрэбныя, акрамя іх, сямейнікаў? Пакуль яны сюды прыходзяць, ёсьць памяць, перастануць хадзіць — і памяць вычарпаецца. Сэрца не падманеш. Паваліцца крыж, зарасьце магілка... Надпісы — для чужых, для сваіх — пачуцьці. А падпісалі б Івана, дык ужо б і сваякі прыходзілі да яго як да чужога. Ёсьць у гэтай лёгіцы шмат прыроднага розуму. Хоць гарадзкому чалавеку, каб прыняць такое, трэба абавязкова ў сабе нешта зламіць.

Аднак хопіць пра могілкі, пара пра жывых.

Жывыя людзі сваімі лёсамі таксама паўтараюць тапаніміку краю. Тут шмат расейцаў — тых, што пераехалі на заробкі або ратуюцца ад міліцыі і турмы. І шмат беларусаў, перамешчаных зь іншых раёнаў краіны. Карэнных, менавіта з гэтых вёсак жыхароў мала, бо ўся моладзь пакінула край.

Тут сапраўды найлепей думаецца пра будучыню краіны. Бо няма тых праблемных вузлоў, якія даводзілася б разблытваць у гарадах, а зьдзічэлы і пасьвяжэлы край выглядае як чыстая старонка паперы, на якой можна лёгка крэсьліць свае паветраныя замкі плянаў і мараў. Прыгожыя краявіды толькі падахвочваюць на самыя сьмелыя ідэі.

Па шляху нам сустрэліся каменныя падмуркі колішняй панскай сядзібы. Пра тое, што гэта была менавіта панская сядзіба, сьведчылі яшчэ й прысады вербаў, і прадуманая пляніроўка тэрыторыі ў злучыне ракі Абалянкі.

Стаўшы лягерам у гэтай бязьлюднай мясьцінцы, мы доўга разважалі пра лёс усходнебеларускіх паноў, сьляды якіх сьцерліся нашмат болей, чым сьляды заходнебеларускай шляхты. Драматычны лёс гаспадароў зямлі, так заманліва апісаных у Марцінкевічавай «Ідыліі». Што з гэтага ўсяго магло б быць, мы бачылі ў паездках па так званых цывілізаваных краінах Эропы. Традыцыя, парадак і ўраджай. Гэтак міжволі хада нашых развагаў каторы раз прывяла да высновы пра рэстытуцыю — вяртаньне зямлі колішнім уласьнікам, альтэрнатывы чаму проста не існуе. Дзяржава мусіць прынамсі дэкляраваць, што ўся маёмасьць будзе вернутая колішнім гаспадарам. Толькі з гэтага і можа пачацца адраджэньне беларускай вёскі. Зразумела, што няпростае адраджэньне, але рэальнае і пэрспэктыўнае.

Мне згадаліся словы Фёдара Дастаеўскага пра тое, што менавіта зь землеўпарадкаваньня пачнецца парадак ва ўсім — і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і ў культуры краіны. Які парадак на зямлі, пісаў ён, такі і ў сыстэме адукацыі.

А яшчэ думалася пра свабоду, якой так шмат у бязьлюднай Беларусі. Гэткае ні з чым не параўнанае пачуцьцё птушынае вольнасьці, якое перажываеш на прасторах роднае зямлі. І побач — яшчэ адным кантрастам — калгасны прыгон, калі трактарыст атрымлівае 6 мільёнаў рублёў і тое нерэгулярна. Прыгон, з-за якога людзі і пакінулі гэты прыгожы край.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0