Віктар ШНІП

Ты

Ты створаны Богам, як Ноем каўчэг,
Дзе ўсё ён зьмясьціў, нібы ты ў сабе грэх,
Зь якім ты паўстанеш прад Крыжам сваім,
Як Ноеў каўчэг перад шляхам марскім.
І ты ўжо ідзеш па дарозе зямной,
Забыты і Богам, і вернай жаной.
І ногі твае растрывожваюць пыл,
Які асядае на травы магіл,
Дзе нашы надзеі на будучы час,
Дзе будзе наш Храм, але будзе бяз нас...
І ты ўжо ідзеш і ня помніш, хто ты,
І ты за сабою ня бачыш сьляды...
Ты створаны Богам, як Ноем каўчэг,
Ты створаны Богам, і ты — Божы грэх...

***

На вуліцы цемра, як соннае ў пляшцы віно,
І поўня, як костачка вішні, што ўпасьці на дно
Ніколі ня зможа, бо дна ў гэтай цемры няма,
І мне адзінока, нібыта ў пустэльні вадзе,
Нібыта манаху, які ў сваю Мэкку ідзе
І знае, што сёньня, ён, грэшны, сышоў не дарма
Ад шэрых дамоў, ад глыбокай, як яма, начы,
Дзе сьвет не пачуе цябе, хоць ты крыкма крычы,
Бо цемра навокал, як соннае ў пляшцы віно,
Як попел, якім замятаецца наша жыцьцё,
Як чорнае-чорнае з дрэваў счарнелых лісьцё,
І я, нібы костачка вішні, што ўпала на дно...
І сьмерць мая вып’е са мною віно.

***

Гэты сьвет мы прыдумалі самі...
Ён, як сон, што прысьніў пад кустамі
Валацуга, што выгнаны з раю.
Гэты сьвет, як свой лёс, я ня знаю,
Як ня знаю навокал нікога.
Гэты сьвет, як дарога да Бога,
Што травой зарасла і крыжамі.
Я іду, і ў мяне за плячамі
Сьвет, дзе я ўжо ня буду ніколі,
Як ня будзе ў памерлага долі...
Гэты сьвет мы прыдумалі самі.
Ён стаіць, як туман, прад вачамі,
І ня бачым за ім мы нічога...

***

Гэта лета таксама міне,
Быццам зьнічка ў сусьвеце, мільгне
У жыцьці, што табою пражыта,
Як вада нежывая адпіта
З чашы той, што належыць табе.
І глядзіш ты на лета ў журбе,
Як на хуткі цягнік, што зьнікае,
На які тут білетаў ня мае
Аніхто, бо цягнік не спыніць,
Ён у ноч, як у прорву, ляціць.
А зь яго яшчэ чуецца сьмех,
Яшчэ ў ім сатвараецца грэх,
І табе яшчэ хочацца сьледам
Бегчы, як за спакусай, за летам,
Ды ня ўсьпець, не дагнаць, не спыніць.
Лета можна, як кветкі, любіць,
Толькі тыя, што не на магіле...
Дзень прайшоў незаўважна, як хвіля.
Гэтак лета таксама міне
І, як восень, ты зноў да мяне
Зойдзеш ціха, каб толькі сказаць:
«Як ня хочацца мне паміраць...»
 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0