Адам Глёбус
Рацыянальнае
Не сумнявайся, народ залічыць тырана ў вялікія дабрадзеі, калі той выпусьціць з турмы цябе, якога сам жа пасадзіў ні за што ні пра што.
***
Тыран раздае ўзнагароды й пасады найгнюсьнейшым зь лісьліўцаў, каб хоць на нейкі час пазбавіцца ад іх.
***
Дэспат хавае злыя дзеяньні за добрымі словамі.
***
Апісаньні сьмерці збольшага наіўныя, як апісаньні несьмяротнасьці й бясконцасьці.
***
Калі ты разумны, цябе досыць проста папракнуць за бессардэчнасьць і маладухоўнасьць.
***
Розум — гэта ўменьне выходзіць з дурных акалічнасьцяў.
***
Мець — не азначае ўмець карыстацца.
***
Каб перамовы мелі посьпех, табе давядзецца ахвяраваць інтарэсамі хаўрусьнікаў.
***
Любую абстрактную параду варта перацягнуць у параду самому сабе, каб убачыць яе сапраўдныя вартасьці.
***
Самы дасканалы данос можна напісаць толькі на самога сябе, а мець з гэтага будуць усё адно інквізытары.
***
З дакладнымі ведамі сваіх жаданьняў жывецца лягчэй; няведаньне, як цемра, поўніцца небясьпекаю.
***
Захапляцца ўласнай працаю лепей за ўсё ў замкнёнай цішыні ўласнага кабінэту, сам-насам.
***
Бедныя бачаць у багацьці праяву лёсу, заможныя — плён уласнай працы.
***
Не гавары пра сяброў кепскае — гэта, хутчэй за ўсё, праўда.
***
Няма мяжы паміж недахопамі й набыткамі.
***
Калі з табою пагадзіліся, гэта не азначае, што ты знайшоў разумнага паплечніка.
***
Разумнага немагчыма пакрыўдзіць; крыўдуеш роўна настолькі, наколькі пачуцьці пераўзыходзяць розум.
***
Быць шчодрым вельмі хутка надакучвае, як і хутка абрыдае цьвярозасьць і разважлівасьць.
***
Вакол вар’ята жывуць адны вар’яты, ва ўсялякім разе, ён так сьцьвярджае.
***
Калі Франсуа дэ Лярошфуко разважае пра пашырэньне розуму да межаў магчымага, міжвольна ўзьнікаюць думкі пра вар’яцтва.
***
Пабытовыя дробязі складаюць вялікія жыцьцёвыя праблемы.
***
Заўтрашнія прыбыткі грунтуюцца на сягоньняшніх стратах.
***
Развагі селяніна часам больш рацыянальныя за часопісную эсэістыку навукоўцаў.
***
Калі перастаеш злавацца, робісься добры... Запэўнівае Лярошфуко. Зусім неабавязкова, можаш стаць і абыякавым.
***
Сапраўднае сяброўства выдумалі ў XVII ст. маралісты кшталту Лярошфуко.
***
Вялікая бяда вылупліваецца з маленечкага няшчасьця, як зьмяя зь яйка.
***
Аднавіць страчанае сяброўства немагчыма, яно разьбіваецца аб зайздрасьць на дробныя пырскі, як хваля аб скалу.
***
Не заўсёды зможаш сабе дазволіць раскошу — быць разумным.