Лісты ў рэдакцыю


 

З купюр у 1 000 і 5 000 рублёў можна зрабіць улётку, бо на гэтых купюрах захаваўся наш герб «Пагоня». Вакол вершніка абвесьці контур герба (у форме шчыта), каб малюнак на купюры недвухсэнсоўна асацыяваўся з гербам. Над абведзеным контурам можна напісаць адпаведную, але ненавязьлівую ўстаноўку: «Заўжды Твой», але нельга пісаць непрыхаваныя, нахабныя палітычныя лёзунгі — гэтым можна не замацаваць прызвычаенасьць, але толькі раздражніць і адштурхнуць людзей. Такія рысункі варта рабіць на ўсіх купюрах — калі ёсьць калі.

Віталь Станішэўскі


 

Польскае пытаньне

Старшыня СПБ Гавін цудоўна ўсьведамляў: далучыўся ён да «Хартыі-97», і падтрымка ягоных ініцыятываў апазыцыяй будзе забясьпечаная. Цяперака шлях прапагандзе «польскасьці» сярод беларусаў на старонках апазыцыйнае прэсы адкрыты. Гэтак і выйшла. Гэткае актывізацыі дзеячоў з «польскае нацыянальнае меншасьці» Беларусь яшчэ не назірала. Палякі сапраўды абралі зручны час для сваіх заяваў. Нямоглая апазыцыя, якая вычарпала ці ня ўсе рэсурсы, з радасьцяй ухапілася за новы доказ «дыктатурнасьці» рэжыму . Як бы, праўда, Беларусі гэта ня выйшла бокам. І вось чаму.

Перадусім зьвернем увагу на месца палякаў у нашай гісторыі. Пачнем з пачатку: адкуль узяліся ў Беларусі палякі? Нацыянальная гістарыяграфія тлумачыць гэта адназначна. Яны ніколі не былі на нашых абшарах карэннымі жыхарамі. Рэч у тым, што статуты й законы Вялікага Княства Літоўскага забаранялі ўсім іншаземцам (і палякам у тым ліку) займаць пасады й мець зямлю ў ВКЛ. Зразумела, што папросту міграваць у Беларусь заходнія дзяржаўныя суседзі права ня мелі. Палякамі рабіліся каталікі «праз польскую веру». Колькі славутых беларускіх шляхецкіх родаў былі спольшчаныя! А колькі сялянаў прыпадабняліся да сваіх гаспадароў у паводзінах і веры!

Перапіс 1897 г. паказаў увесь плён касьцёльнае пальшчызны: за палякаў сябе ўжо ўважалі 12 (!) адсоткаў ад беларускага насельніцтва. Гэты пры тым, што ніякіх масавых перасяленьняў з Польшчы не было.

Наступны этап — нашае стагодзьдзе, 20-30-я гады: перасьлед беларускасьці ды культываваньне польскага духу. Гэта не магло не пакінуць глыбокага надрэзу на целе беларускай памяці. Як падагуліў Вацлаў Іваноўскі, «помнім і польскую хлусьню аб свабодзе, аб сужыцьці вольных з вольнымі, роўных з роўнымі, а побач з тым — бязьлітаснае пляжаньне беларусоў і беларушчыны» («Спольшчаныя й змаскоўшчаныя», 1941).

А сёньняшнюю «польскую этнічную меншасьць» лічаць у колькасьці ажно ў 413 тысячаў! З тых тысячаў амаль усе — беларусы, спольшчаныя касьцёлам з ксяндзамі.

Што ж мы бачым у спратах Касьцёлу цяпер? Пэўна, смоўж пойдзе хутчэй, чым у касьцёле ідзе беларусізацыя. Яшчэ ва Ўсходняй Беларусі — сяк-так, але ў вёсках Заходняй Беларусі ды дзе польскія ксяндзы сядзяць... У Горадні, агмені польскім, адзін з касьцёлаў перайшоў цалкам на расейскую мову. Што хоч, абы не беларускае маўленьне.

Калі ксяндзы едуць з Польшчы, можа стварыцца ўражаньне, што беларускіх сьвятароў у прыродзе не йснуе. На гэткае меркаваньне й разьлічвалі. Але гэта няпраўда. Толькі іх збольшага адпраўляюць працаваць служыць у Расею (пасьля расейцы скардзяцца на «польска-беларускі нацыяналізм» ксяндзоў).

Алесь Міксовіч


 

ЗАХІНЕМ ПІКЕТАМ МОВУ

На мінулым тыдні Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны зладзіла свой чарговы пікет – толькі якая карысьць з гэткіх пікетаў?

Мова наша жыве, не пакінутая, сям-там: у вёсцы, сярод малапісьменных людзей, не навучаных праз гэта расейскай, і ў гарадзкіх нацыянальна-сьведамых асяродках. Але ні тым, ні тым дзейнасьць ТБМ нічога не дае.

Калі няма магчымасьці вучыць людзей гаварыць па-беларуску, дык трэба стварыць узор гэткага “размаўляньня”. Найперш - колькі ўжо пра гэта ішлося! - самыя актывісты незалежніцкага руху мусяць размаўляць па-беларуску ня толькі "па працы", а паўсюль. А зайдзіце ў сядзібу ТБМ, з вамі павітаюцца: “Здраствуйце!” – і запытаюцца: “Вы к каму?”

Да пікетаў прыходзяць людзі – з надзеяй, што нешта зьменіцца, што нешта можна зьмяніць. А ім падсоўваюць газэту “Наша слова”: справаздачы, заявы і скаргі, і ўсё – дубовай мовай. Ну, не чыталі ў ТБМ клясыка: “Кінь вечны плач свой аб старонцы!”

В.М.


Водгукі

Паміж «НН» і КГБ Пазьняк выбірае апошні

 

Зянон Пазьняк даслаў у паштовую скрынку «НН» у інтэрнэце наступнае паведамленьне:

 

«У газэце «Наша Ніва» за 14 чэрвеня гэтага году быў надрукаваны матэрыял «Зянон Пазьняк: Словы, справы, працэс». Гэты сумбурны матэрыял ёсьць штучна стыкаваныя вытрымкі з канфідэнцыйнай размовы ў вузкім коле асобаў. Я не даваў такіх зьвестак для друку і не паведамляў публічна, бо сказанае і факты патрабуюць праверкі, высьвятленьня і ўдакладненьня. Не ўдаючыся ў ацэнкі таго, што зрабіла газэта, мушу дэзавуіраваць гэты матэрыял, што зьявіўся незалежна ад мяне. За ўсю гісторыю маёй палітычнай дзейнасьці нават савецкае КГБ не ўжывала супраць мяне такіх мэтадаў. Зянон Пазьняк, 23 чэрвеня 1999".

АД РЭДАКТАРА: Мушу запярэчыць шаноўнаму палітыку. Ніякіх іншых «мэтадаў», апроч звычайных журналісцкіх, мы не ўжывалі. У газэце цалкам пасьлядоўна і поўна ўзноўлены адкрыты, а не таемны, запіс гутаркі Зянона Пазьняка зь сябрамі Таварыства Беларускай Культуры ў Літве, якую інакш як публічны выступ расцаніць немагчыма. Канфідэнцыйныя сустрэчы не праводзяць у грамадзкіх арганізацыях. Рызыкуючы трапіць у прэсу, не гавораць нічога канфідэнцыйнага. Што да «НН», дык прафэсійная задача журналіста — знаходзіць і публікаваць інфармацыю, якой бракуе ў грамадзтве. Пра такую ролю прэсы гаворыць і сам З.Пазьняк, згадваючы Амэрыку: «У грамадзтве, дзе адкрытая інфармацыя, усё робіцца на віду... У такім грамадзтве палітыкам, з аднаго боку, як кажуць, цяжка, з другога боку, лягчэй. Таму што грамадзтва інфармавана».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0