Вадзім КАРЦАЎ

Мэсіі і палітыкі

 

Ці даводзілася вам гутарыць пра палітыку з прадстаўніком якой-небудь краіны з устойлівай дэмакратыяй?

Калі гутарка заходзіць пра падставовыя прынцыпы, дык аказваецца, што тыя ідэі, якімі звычна апэруем мы: незалежнасьць, свабодны рынак, культурнае й духовае адраджэньне — гэты комплекс базавых каштоўнасьцяў, які можна назваць макраідэалёгіяй, абсалютна зразумелы й прымальны для ўсіх іншаземцаў, правых, левых і нават якіх-небудзь тамтэйшых палітычных экзотаў. Гэта канстанты, якіх палітыкі за мяжою ў прынцыпе не кранаюць.

Адрозьненьні ж у іхных партыйных плятформах, якія прыводзяць да сапраўдных інфармацыйных і ня толькі інфармацыйных баталіяў, палягаюць на полі мікраідэалёгіі, гэта значыць сукупнасьці другасных, быццам бы, праблемаў і пытаньняў, канкрэтных адказаў на якія ў нас усур’ёз дасюль і не шукалі.

Якое войска лепей: наёмнае ці прызыўное? Як ставіцца да атамнай энэргетыкі? Ці дапушчальнае сьмяротнае пакараньне за цяжкія злачынствы? Хто павінен фінансаваць вышэйшую адукацыю, мэдыцыну? Якім мусіць быць памер дапамогі па беспрацоўі? Якую зброю можна дазволіць для насельніцтва? Што ў дзяржаве варта засакрэчваць, а што – не? Што ёсьць эротыкай, а што — порна? Ці трэба і як, калі трэба, абмяжоўваць амэрыканскі культурны уплыў? Правы жанчыны: дзе мяжа роўнасьці? Гомасэксуалісты: 5% выбаршчыкаў ці купка вычварэнцаў?..

Сотні тэмаў, распрацоўка якіх і прыносіць тыя самыя палітычныя дывідэнды.

Я даводзіў сваім замежным суразмоўцам пра асаблівасьці сучаснай беларускай дзяржаўнасьці, пра тое, што калі нам заняцца добраўпарадкаваньнем газонаў ці, напрыклад, барацьбой з рэклямаю цыгарэтаў, дык празь якісьці час мы будзем займацца газонамі й цыгарэтамі на гэтай жа зямлі, але ўжо ў іншай дзяржаве. Тлумачыў тэорыю, паводле якой нашыя прыхільнікі — спрэс прасьветленыя людзі з высокімі памкненьнямі, а электарат дыктатара — «кілбасьнікі», якіх болей і якіх нішто маштабам вышэй за лецішча не цікавіць.

Я ня здолеў патлумачыць толькі аднаго: чаму мы тады называем сябе палітыкамі, а не мэсіямі, што кажуць толькі ісьціну?

Гэта нясьціпла, але слушна з пункту гледжаньня лёгікі: чалавек, які кажа на публіку несумнеўную праўду й больш нічога, варты звацца голасам ісьціны.

Палітыка ж, то бок авалодваньне прыхільнасьцю масаў дзеля атрыманьня ўлады над імі, ёсьць справаю крыху складанейшай. Палітыкі ня кажуць нечага адразу. Яны гучна ставяць пытаньні, ціха скануюць рэакцыю й зноўку ж гучна даюць адказы, папулярызуючы сябе ў аўдыторыі. І гэтак дзень пры дні: марудная, але ўдзячная праца.

Беларускі абываталь, што быў пастаўлены перад дылемаю кілбасы й Бога, за апошнія гады пабіўся на тры лягеры: 10% — «нацыяналісты», 30 — «саўкі», хата астатніх недзе бліжэй да лесу.

Спрошчаны погляд, але ў ім — адлюстраваньне рэальнага і ўстойлівага падзелу ў нашым грамадзтве. І не прадпрымаць нічога для зьмяненьня абазначаных прапорцыяў, гэта значыцца пакінуць падзеленую нацыю ў тупіку язды па коле, рызыкоўнай язды па коле гісторыі...

Як жа быць? Няўжо дзеля зьмяненьня стану рэчаў трэба хлусіць, абяцаць немагчымае, разыгрываць танныя скандальныя спэктаклі?

Не! Папулізм — гэта антонім мэсіянства, але ня нашая зброя. БНФ па-ангельску — гэта Belarusian Popular Front. Нашая зброя — гэта папулярызацыя.

Масавую прыхільнасьць трэба атрымоўваць не праз дэмагагічныя прыёмы, не праз агалошваньне голае праўды, а праз фармуляваньне папулярных прынцыпаў, зразумелых большасьці, і абвяшчэньне гэтых прынцыпаў сваімі, партыйнымі.

Павыцягваць наш люд з тупікоў і кінуць яго ў вір здаровае палітыкі можна толькі думаючы пра тое, пра што думае маленькі чалавек.

Узгадайце прынцэсу Даяну. Яна рабіла сваю папулярнасьць на другасных, на першы погляд, праблемах. Але, да прыкладу, пад час дыскусіяў пра забарону супрацьпяхотных мінаў — праблемы, якую ў свой час Даяна ўзьняла й акрэсьліла, зьмянілася фракцыйная парлямэнцкая раскладка ў некалькіх краінах.

Ці праблема выратаваньня сініх кітоў. Ахова жывёлаў — наагул некранутая ў Беларусі дзялянка, тымчасам, як дзесь у акіянічных краінах існуюць ужо партыі аховы плянктону.

Калі нядаўна баскі захапілі закладнікам аднаго гішпанца, па ўдалай мэдыйнай кампаніі ўся краіна зьядналася вакол неактуальнага, папраўдзе, для сярэдняга грамадзяніна старажытнае эўрапейскае краіны пытаньня: дзе мяжа між тэрарызмам і вызвольным змаганьнем?

Скандал з Монікай Левінскі, а шырэй — пытаньне роўнасьці перад законам, падзяліў сытую Амэрыку далёка не па лініі «рэспубліканцы-дэмакраты».

Ды што далёка хадзіць! Рытарычнае (ці не?) пытаньне маральнасьці ўва ўчынках палітыкаў выдзяліла, урэшце, левую апазыцыю ў Народным Фронце.

Вось такія «другасныя» рэчы.

Адпрацаваныя праблемы, на якія ўжо атрыманыя й агучаныя адказы — гэта той славуты палітычны багаж, што ўтварае непаўторнае аблічча партыі ці палітыка, гэта код, па якім абіраюць партнэраў, па якім галасуюць «за».

Пачаць можна было б з праблемы легалізацыі лёгкіх наркотыкаў, алькагалізму, абортаў: з тэхналёгіяў барацьбы зь ліхам.

Фармуляваньне мікраідэалёгіі — гэта канец нашае вечнае апазыцыйнасьці, шанец зноўку адабраць у рэжыма палітычную ініцыятыву, стаць стваральнікамі прыгожага й карыснага.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0