Генрых СЬВЯТАВОЛІЧ

350 гадоў таму пад Лоевам

 

Казацкая вайна, распачатая ў 1648-м ва Ўкраіне Багданам Хмяльніцкім, ахапіла, як вядома, і паўднёвыя ды ўсходнія паветы Беларусі, куды ўкраінскі гетман засылаў унівэрсалы і сваіх людзей. Пасьля цяжкага першага году змаганьня Хмяльніцкі рыхтаваўся да рэваншу. Каб «разабрацца з палякамі», армію Вялiкага Княства яму найважней было затрымаць у Беларусi, дзеля чаго тут зноў раздзімалася полымя вайны.

Гетман Януш Радзівіл, які за зіму здолеў утаймаваць паўстанцаў у Беларусі, вясною таксама энэргічна рыхтаваўся да працягу дзеяньняў. На лета ён сабраў да 6 тысяч жаўнераў пад Рэчыцай і стаў шыхавацца да маршу на Ўкраіну. Не дапускаючы яго да супольных дзеяньняў з палякамi (каб «бавіўся ў сваім краі!»), Хмяльніцкі ў чэрвені накіраваў у Беларусь трохтысячны загон Галоты, а следам — палкоўніка Галавацкага. Пад Загальлем, на Прыпяці, Галота атакаваў харугвы Валовіча, але, хоць сілы меў нашмат перасяжныя, пацярпеў паразу і сам загінуў у сечы. А Галавацкі натрапіў на засаду пад Рэчыцай і скончыў тым жа.

Тады, каб паправіць становішча, Хмяльніцкі сьпешна паслаў 12 тысячаў на чале з Пабадайлам да Лоева, загадаўшы заблякаваць пераправу праз Дняпро. Той спаліў Лоеў і пасьпеў добра ўмацавацца на левым беразе ракі. А Радзівіл ужо пакінуў Рэчыцу і стаў кіравацца проста на Кіеў. Плянаваў пераходзіць праз Дняпро ніжэй Лоева, захапіўшы пераправу ўдарамі з двух бакоў. Аднак перад самым пачаткам апэрацыі выведнікі данесьлі, што Хмяльніцкі выслаў супраць Януша свайго любімага палкоўніка Міхаіла Крычэўскага на чале 15 тысячаў казакоў!

У адно імгненьне сытуацыя радыкальна зьмянілася. Адмовіўшыся атакаваць пераправу, князь Януш загадаў умацаваць абоз і стаў рыхтавацца да бітвы. Тысячу коньнікаў на чале з Адамам Паўловічам накіраваў на ўмацаваньне Рэчыцы, а другую тысячу з Самулем Камароўскім адправіў «на шаты» — вызначыць дакладнае месцазнаходжаньне Крычэўскага. Але Крычэўскі дзейнічаў настолькі імкліва, што ўжо раніцай 31 ліпеня зусім нечакана зьявіўся пад Лоевам і адразу ж атакаваў лягер Радзівіла.

Першая казацкая атака на абоз была адбітая пяхотай з ручной зброі, дзякуючы чаму Радзівіл пасьпеў расставіць свае харугвы (па цэнтры — кавалерыю, па бакох — пяхоту і драгунаў) ды кінуць іх у контратаку. Гусары Невяроўскага моцна паціснулі правае крыло казацкай арміі, аднак прасунуліся задалёка, так што ў іх тыл сталі заходзіць казакі з процілеглага флянгу.

Яшчэ невядома, чым скончылася б сеча, каб не шчасьлівы для Радзівіла і нечаканы для Крычэўскага ўдар вершнікаў Паўловіча, які вяртаўся з Рэчыцы і, здалёк учуўшы бітву, наляцеў на непрыяцеля збоку. Адначасова правае крыло казакоў было атакаванае гусарамі Вінцэнта Гасеўскага. Ня вытрымаўшы шалёнага ціску з двух бакоў, чаркасы адступілі да густога лесу і заселі там, хуценька стварыўшы ўмацаваны лягер.

Радзівіл тым часам расправіўся зь людзьмі Пабадайлы, а потым зноў узяўся за Крычэўскага. Да начной цемры працягваліся атакі на ягоныя акопы, а ўначы казакі ўцяклі зь месца бітвы, кінуўшы на насілах свайго цяжка параненага камандзіра.

То была поўная перамога 5-тысячнай арміі князя Радзівіла над прынамсі ўтрая большымі сіламі славутага палкоўніка ў самай значнай бітве тых гадоў у Беларусі. Войска Крычэўскага перастала існаваць (толькі забітых чаркасаў у дзевятнаццаці курганах пахавалі ажно 7 тысячаў), табары былі захопленыя, а сам зьняволены палкоўнік памёр у абозе гетмана.

Гэты лоеўскі трыюмф палявога гетмана, бяспрыкладны ў той бязьлітаснай вайне, уславіўся потым на карцінах і шпалерах, аб чым парупіўся сам Януш. Бляскам перамогі па вялікім рахунку ён быў абавязаны тым ваенным ведам, якія пасьпеў здабыць на Захадзе.

Застаецца дадаць, што ў Лоеўскай сечы беларусы біліся па абодва бакі: з Крычэўскім былі тыя, хто ўцёк у Запароскае войска, ды ўзбунтаваныя палескія сяляне, а з Радзівілам — шляхта і жаўнеры, набраныя ў беларускіх паветах. Дапамагалі яму і мяшчане ды аддзелы валюнтарыюшаў зь мясцовага люду. На знакавым узроўні Лоеў можна ўважаць за сымбаль расколу і грамадзянскае вайны.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0