Адам Глёбус

Мастацкае

Афарызмы

 

*

Зьмена паводзінаў -- найцяжэйшае з мастацтваў.

*

У тэксты ўчытвайся, у музыку ўслухоўвайся, у малюнкі ўглядайся... Так нарэшце зможаш пабачыць, пачуць і зразумець самога сябе.

*

Чытачы лёгка падзяляюцца на садыстаў і мазахістаў, садысты чытаюць Захера Мазоха, а мазахісты – маркіза дэ Сада.

*

Хвалячы іншых, міжвольна ўсхваляеш сябе, і гэта лёгка адсочваецца.

*

Фальшывыя манэты зьяўляюцца з-за недахопу сапраўдных грошай у таленавітых людзей.

*

Папулярнасьць фармуецца ў нетрах натоўпу, які прагне яскравых праяваў сьляпога лёсу, адсюль і Папялушка зь ператварэньнем у прынцэсу, і прэзыдэнт зь сялян-жабракоў.

*

Гавары пра свае недахопы — гэта больш цікава, чым развагі пра дасягненьні й перамогі. Набыткі зазвычай у мінулым, а заганы — у будучым.

*

У кожнага чалавека ёсьць свая цана, але існуюць людзі бясцэнныя — геніі й жабракі.

*

Літаратар ня ведае сваіх чытачоў, як мастак незнаёмы са сваімі гледачамі, а музыка — са слухачамі. Так можна адказаць на пытаньне, зададзенае Франсуа дэ Лярошфуко: «Чаму мы запамінаем з усімі падрабязнасьцямі тое, што з намі здарылася, але ня здатныя запомніць, колькі разоў мы распавядалі аб гэтым адной і той самай асобе?»

*

Не бывае больш сумнага занятку, чым імітацыя весялосьці. Спачувай блазнам.

*

Захапленьні, як і каханьне, патрабуюць узаемнасьці.

*

Культура — гэта веданьне дакладнай адлегласьці, на якой мусіш вітацца з ворагам.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0