NEWCOSMOPOLIS

«ЛЮБОЎ». Выдавец не пазначаны. Год выданьня невядомы.

«GLORIA PATRIA RUTHENIA ALBA». Выдавец не пазначаны. Год выданьня невядомы.

 

Гаворку пра адразу дзьве касэты вяду адначасова толькі з тае прычыны, што яны ня надта адрозьніваюцца паміж сабой і зьяўляюцца, па сутнасьці, выданьнямі хутчэй падпольнымі, чым пірацкімі. Хоць, азнаёміўшыся зь іх зьместам, я не пачуў наагул нічога, што магло перашкодзіць гурту пазначыць на ўкладках тых, хто апекаваўся справамі зьяўленьня пладоў іх творчасьці на сьвет белы са сьвету падпольля.

Такім чынам, нічога такога крамольнага і такога, што магло б пашкодзіць тонкаму слыху галоўнага дырыжора краіны, не пачуў. Ледзь стрымаўся, каб не напісаць: я наагул амаль нічога не пачуў. І такі ня стрымаўся вось, напісаў. Праўду дык праўду. Вось чаму, відаць, таямніцай засталося імя выдаўца: творчасць Newcosmopolis не прадаецца! Ня ў тым сэньсе, што музыкі гурта — ушчэнт сьвядомыя і скрозь патрыёты, а таму, што такі прадукт на музычным рынку можа ўспрымацца сёньня выключна як анахранізм. Гэта як зьявіцца на вечарыну гіп-гопу і там папрасіць якога ды-джэя Дэ Біла паставіць рымэйк песенькі кшталту «Не спиться б только ветерану...»

Паспрабуйце, ня слухаючы Newcosmopolis, уявіць сабе дуэт Мулявіна ды Данчыка ў песьні з рэпэртуару «Камэлёту». Уявілі? Ну як яно? Прабірае?

Тады — без камэнтароў. Пры гэтым не вазьмуся сьцьвярджаць, быццам бы такога вось кшталту музыка нікога зацікавіць ня ў стане. Нармальна! Ахвотныя знойдуцца. Ды хоць бы аматары музычнае экзотыкі, новых, яшчэ не раскручаных, а таму цалкам невядомых стыляў.

Не, людцы мае, я не разумею: слухаеш так званую ваенна-патрыятычную беларускую эстраду — хоць ты за зброю хапайся! Мяркуючы па тых песьнях, ворагі дагэтуль родную зямлю топчуць. Паслухаеш жыхароў Новага касьмічнага месца — ды амаль тое ж самае! Скрозь беды ды гора! А на маю думку, чым вось так аплакваць залаты век мінуўшчыны, тое, што зьнікла, і падаваць усё з яўным подыхам штучнай патэтыкі, дык варта было лепш колькі рок-н-ролаў запісаць. Няхай і з пуставатымі тэкстамі.

Затое ніхто б тады й не задумаўся, чаму гэта ў тым Новым касьмічным месцы жыве столькі маладых творцаў з заўчасна пастарэлымі душамі?

Усё, што магу адзначыць вартага ўвагі на тых дзьвюх касэтах, дык гэта партыя акустычнай гітары. Там, дзе яна гучыць дарэчы. А электрычнае гітары — на жаль...

Тут жа вось яшчэ які нюансік. Адзін з расейскіх пісьменьнікаў неяк слушна сказаў: маўляў, калі можаш не пісаць — не пішы. Перайначыўшы, выкажуся: калі можаш не запісваць — не запісвай! І не выдавай. Пашкадуй, у рэшце рэшт, слухача, які ніяк не вінаваты, што ў цябе нейкія праблемы!

Слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0