Уляна Захаранка: Каб мне яго хоць здалі ўбачыць!

 

Два месяцы таму інтэрвію з Юр’ем Захаранкам так і не зьявілася на старонках «Нашай Нівы». Ён хацеў распавесьці нешта, што, відаць, лічыў вельмі важным. Дамовіліся аб сустрэчы. Я была прыемна зьдзіўленая ягонай добрай беларускай мовай — раней яе ад экс-міністра ня чула. «Што гэта вы зьдзіўляецеся? — нібы прачытаў мае думкі спадар Юры. — Па-вашаму, я не такі ж беларус?»

Выслухаўшы пытаньні, Захаранка тут жа пачаў распавядаць. Я шчоўкнула дыктафонам. Падумала, нарэшце чытач даведаецца ня толькі пра Захаранку-міністра, крыміналіста і дзеяча апазыцыі... «Не!» — раптам абарваў ён інтэрвію. Гэта было зусім дзіўна для яго, які заўсёды выконваў абяцаньні. «Вось што: давайце перанясем, пагутарым праз пару дзён», — папрасіў ён. Чаму? Невядома. Калі праз пару дзён рэдактар «НН» патэлефанаваў мне, каб нагадаць пра абяцанае інтэрвію, Захаранка ўжо зьнік. Мы спачатку падумалі, што ён проста пайшоў у падпольле. «Ну, калі раптам сустрэнеце на вуліцы, дык усё ж задайце яму пару ніўскіх пытаньняў», — пажартаваў рэдактар.

Мінула больш за два месяцы. Цяпер ня так важна, ці адкажа ўрэшце Юры Захаранка на пытаньні «НН». Калі вернецца, дык і адкажа.

Маці чалавека, які мог бы стаць рэальным канкурэнтам прэзыдэнта Лукашэнкі, жыве ў мястэчку Васілевічы ля Рэчыцы. «Я ўжо не вытрымліваю гэтага перажываньня», — кажа яна і амаль усю размову плача. — «Як мне перанесьці гэтае гора?!»

«НН»: Ці адчувалі Вы там, у сябе, нейкі ўціск пасьля адстаўкі Вашага сына? Ці нешта зьмянілася за апошнія два месяцы?

Уляна Захаранка: Усё тут ціха, спакойна, мяне ніхто не трывожыў... Можа, людзі дзе што й казалы, але ўсе так жа, як раней, да нас адносяцца. Юра рос харошым, добрым, у трудных умовах. Бацька быў хворы. Як толькі канікулы прыходылы — ён у калгас працаваць, дапамагаць... Ён быў такі адданы бацькам, дому, што ўсе люды завідавалы. А потым мне так не пашанцавала. Сын старшы памёр, а тэпер і Юра зьнік... Яго брат рабіў падводнікам на атамнай падводнай лодцы. Ён казаў мне: «Мама, я недаўгавечны. Тут доўга не вытрымліваюць». Пасьля яго сьмерці ў лютым у тым годзе я ледзь не дайшла... Юра мяне вельмі падтрымліваў. А тут яшчэ такое гора. Я асталася адна... У бальніцы ўсё жыцьцё прапрацавала, 16 год прарабіла звыш пэнсіі.

Можна прыехаць к нам, пабачыць, у нас няма таго, што яны там гавораць. Ён нічога ня краў, я яму сама ўсё жыцьцё памагала. А яго зьнялы, у варажнечу ўтапталы. Юра з малых год быў шчырым і чэсным, ня піў, не курыў. Ён многа чытаў! Ва ўсіх характарыстыках у школе адмячалі гэта, пісалі: «Вельмі разьвіты гуманітарна». Настаўнікі мне казалы: «Адзін у нас у школе такі хлопец! Такі акураціст, у каго ўдаўся — у тату ці ў маму?» А як служыў у марфлоце, усё ішлі благадарнасьці з Кранштату! «Спасібо, дарагая мамаша, што выхавалы сына такога добрага...»

Ня знаю, што дальш рабіць. Як сказалы, што ён прапаў, два тыдні дэржалы мяне на ўколах... Усе завідавалы раней: такія два сыны! Бацька наш ужо 20 год як памёр, а тут бяда і з сынамі. Яны так мяне глядзелы, прыяжджалы памагалы ўсё: і прыбяруць, і пасеюць, дроў нарубаюць... Вельмі любылы свой двор. Цяпер адна сяджу, дэнь і ноч, і плачу. І ня сплю. Хіба ноччу на пяць хвілін засну — і тое самае. Хаця знаць, што Юры жывы — мне было б лягчэй... Мярэшчыцца, бывае, што нежывы. Што мёртвы.

 

«НН»: Уляна Рыгораўна, перад зьнікненьнем ваш сын даволі шмат часу, як мне казалі, праводзіў у бацькоўскім доме. Штосьці яго асабліва туды цягнула?

У.З.: 5-га мая ён паехаў у Мінск. Перад тым мне казаў: «Мама, не беспакойся, я пабуду на мітынгу на Дэнь Пабеды і вярнуся дадому. Усё зробім». Агарод трэ було сеяць, дровы секчы... І тут мне кажуць, што Юру пахітылы!..

Я ўсё роўна стараюся, усё загатоўляю, штоб сям’і было што есьці. У вёсцы ж усё ёсьць. Бывае, даю вясковыя прыпасы — бульбу, бурачкі ды ўсё сваё, — а Юра кажа: «Калёса ў машыны прагнуцца!» Можа, нехта глядзеў ды казаў: «Во, накраў і вязе...» Мае дзеці — не бандыты! Работнікі абодва, любілі свой двор, памагалы ўсе адзін адному.

 

«НН»: Ці заўважалі Вы пад час прыездаў сына нейкія трывожныя знакі? Пагрозы ці людзей якіх нядобрых?

У.З.: Нічога не було. Калі Юра буў дома, ён тут нікуды не хадзіў, ня езьдзіў, буў спакойны, нічога не расказваў. Ён казаў мне: «Як сюды прыеду, то як на сьвет нараджуся. Дома мне спакойна, добра». Казаў: «Я такі рады, мама, што ты тут ёсьць! Ня знаю, як я буду жыць на сьвеце, калі цябе перажыву».

 

«НН»: Вы калі-небудзь сварыліся на сына?

У.З.: Я ніколы на іх абодвух не сварылася, ня лаяла іх. Бацька як жыў, ні плахога слова не гаварыў. І мае сыны ніколы паміж сабой не ругалыся. Мы з бацькам іхным усё жыцьцё побач у больніцы рабылы.

 

«НН»: А чаму ўсё ж спадар Юры вырашыў у міліцыю пайсьці? Вы, калі ён вырашыў, не былі супраць?

У.З.: Як ён выбраў, я тады яшчэ й не разбыралася добра, што гэта за прафэсія. Каб ведалы, што чакае такое гора, то ніколы мы б яго, ніколы б не дапустылы! Ён такі спасобны, а трапіў у гэту міліцыю.

Няўжо мой сын — такі злачынец, як яго там называлы? Вон і Чыгіра забралі, і іншых. Няхай паведамяць тады, што ён зрабіў благога, напішуць у газэтах, калі ён нешта нарабіў. А яго як у ваду кінулы! Не магу прадставіць, што далей рабіць. Не магу прадставіць, куды сына майго можна дзець. Мы б яму ежу, адзежу хоць перадалы. Я яго ўсё раўно жду, прыгатаўляюся. У нас клубнікі многа было, варэньне зварыла. Думаю: вернесься — каб не галадаў.

Усе яго ўважалы, так ласкава да яго адносылыся. Бо Юра ж такі: ні голасу ніколі не павысіць, не пакрыўдзіць чалавека. Вось усе пытаюцца, што я адчуваю, ці жывы. Ня ведаю, я ўжо не адчуваю. Але я думаю чамусьці, што ён дзесьці жывы. Каб засудылы, то далей Беларусі не завезлы б. А так дзе ён? Зара я адно хачу: штоб быў ён жывы. Штоб мне яго хоць здалі ўбачыць.

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0