Вадзім БОЛБАС

Захоп вёскі Мікалаеўкі

 

Ужо на працягу тыдня на Сьветлагоршчыне гуляюць самыя неверагодныя чуткі пра захоп Мікалаеўкі ўзброенай моладзьдзю. Мы прапануем чытачам дзьве вэрсіі падзеяў у Мікалаеўцы і затым у Бабруйску 30 чэрвеня і 3 ліпеня гэтага году.

Вэрсія першая — расказ афіцэра Сьветлагорскага РАУС.

Расейскі бізнэсовец, родам зь вёскі Гамза Сьветлагорскага раёну, Анатоль Сілівончык прывёз на Сьветлагоршчыну 120 падлеткаў — выхаванцаў вайскова-патрыятычнага клюбу «Чорны Беркут» з Сургуту. Яны сталі лягерам у лесе паблізу вёскі Мікалаеўкі ў паляўнічым дамку, абнесьлі гэтае месца равом, усталявалі назіральныя вышкі.

Апэрацыя «Захоп» пачалася па ўзгадненьні з кіраўніцтвам калгасу. Адзін з тэхнічных кіраўнікоў калгасу сабраў у гэты час мужчынаў-мэханізатараў на нейкую нараду. Калі б мужчыны былі ў вёсцы, ды яшчэ нападпітку, дык захопнікам бы «не паздаровілася». І так пад час захопу адзін з мужчынаў аказаў рашучы і эфэктыўны супраціў. Хоць на яго напалі чацьвёра, ён паламаў аднаму з нападнікаў рэбры, астатніх раскідаў. Але разабраўшыся, што перад ім дзеці, «здаўся ў палон». Жанчына-бухгальтарка са страху страціла прытомнасьць. Старшыню калгасу «захопнікі» зьвязалі.

Пазьней, калі прыехала міліцыя, нехта з кіраўнікоў «Беркута» абклаў начальніка Сьветлагорскага РАУС мацюгом, сказаўшы: «Ты, палкоўнік, валі адсюль, а то заўтра будзеш стаяць навыцяжку перад Лукашэнкам».

Пасьля гэтага ўсе «беркутаўцы» перабраліся ў Бабруйск у вайсковую частку. 3-га ліпеня туды прыехаў палкоўнік ужо бабруйскай міліцыі з 12-цю амонаўцамі. Яму таксама прапанавалі ня ўмешвацца, бо нібыта адзін з вэтэранаў-выхавацеляў «Беркута» зьяўляецца кіраўніком вельмі ўплывовай арганізацыі, а Лукашэнка ходзіць у яго ў намесьніках.

Пасьля гэтага й пачалася сутычка, у выніку якой 12 бабруйскіх амонаўцаў паклалі на зямлю 120 падлеткаў і вэтэранаў з Сургуту. Празь нейкі час затрыманых адпусьцілі, а Анатоля Сілівончыка адвезьлі ў сьледчы ізалятар Сьветлагорску, дзе ён знаходзіцца да гэтага часу.

Вэрсія другая — яе распавёў мне чалавек, які асабіста знаёмы з А.Сілівончыкам і сустракаўся зь ім ужо ў час знаходжаньня групы «Беркут» на Сьветлагоршчыне.

Анатоль Сілівончык — пасьпяховы прадпрымальнік, жыве і працуе ў Сургуце. На яго сродкі ўтрымліваецца школа выжываньня, у складзе якой і дзейнічае клюб «Беркут». Выхаванцы клюбу жылі ваенізаваным лягерам, трэніраваліся, капалі акопы, выстаўлялі варту і г.д. Уладам аб гэтым было вядома. У Мікалаеўцы па незразумелых прычынах зьявіліся прадстаўнікі грамадзянскай абароны. Пасьля гэтага і адбылося тое, што адбылося. Чалавек, які расказаў мне ўсё гэта, характарызуе ўсё як «правакацыю міліцыі, прычым не сьветлагорскай, а менскай».

Гэта прыводзіць да наступных думак: умяшальніцтва прадстаўнікоў «грамадзянскай абароны» магло стаць той прычынай, з-за якой, як піша А.Грузьдзіловіч у «Навінах», у дамоўленасьці А.Сілівончыка зь мясцовымі ўладамі «нешта не спрацавала».

Сапраўды, цяжка паверыць, што чалавек, які набыў для аднавяскоўцаў мікрааўтобус і траціць на яго эксплюатацыю паўтысячы даляраў у месяц, укладае 40 тысячаў даляраў у арганізацыю лягеру і паходу па Беларусі 120 падлеткаў, які ўклаў столькі грошай у аднаўленьне крыжа Эўфрасіньні Полацкай, дазволіў бы такія зьдзекі сваіх выхаванцаў над землякамі. Ці не падбухторылі «групу захопу» да такіх жорсткіх дзеяньняў у Мікалаеўцы якраз прадстаўнікі ГА ці тыя, хто сябе за такіх выдавалі?

Магчыма, ва ўладаў былі свае рахункі зь Сілівончыкам. Людзі, якія ведаюць А.Сілівончыка, схіляюцца якраз да такой вэрсіі.

Сьветлагорск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0