Зьміцер Бартосік

Сякера невядомага салдата

 

У адной роце ў Расеі разам са мною служылi два беларусы, два зямлякi. Памiж iмi была вялiкая розьнiца ў гадах — аднаму 19, другому 28. За плячыма першага быў толькi няскончаны тэхнiкум. У другога — бурлiвае жыцьцё, што пакiнула на ягоным целе красамоўныя шнары i татуiроўкі. Прозьвiшча старэйшага запомнiць было няцяжка. Яго звалi Немец.

Паколькi ў войска Немца забралi з калёніі і пад самы ўзроставы лiмiт, дык увесь свой эмацыйны запал ён абрынуў на галовы й душы аднапалчанаў. Ня дзiва, што на працягу ўсяго свайго новага двухгадовага тэрмiну ён стаў аб’ектам нянавiсьцi для ўсiх — ад навабранца да «дзембеля». Але асаблiвай увагай Немец адорваў свайго земляка. Не даваў яму праходу анi на аб’екце, анi ў казарме. Абразы, жорсткiя поўхі ды iншыя «нестатутныя дачыненьні» сыпалiся на галаву беднага «зёмы» i ўдзень, i ўначы. Той маўчаў. І гэта працягвалася датуль, пакуль аднойчы ранкам Немца не знайшлi за будаўнiчым вагончыкам з праламаным чэрапам. Скарыстаная на тое сякера ляжала побач.

Наш атрад уздыхнуў з палёгкай. А слава героя, дзякуючы гэтаму ўчынку, пайшла на ўсю вайсковую акругу. Усё было разьлiчана ім да дробязяў — маршрут Немца з абеду, непрагляднае зь iншых кропак месца памiж вагонамi. Нават час забойства.

Немцу заставалася служыць некалькi тыдняў. Таму, чыё прозьвiшча назаўжды сьцерлася з маёй памяцi, — паўгода. Ён зрабiў тое, аб чым нам усiм толькi марылася. Таму ўсе шчыра жадалi яму нiколi ня быць злоўленым.

А злавілі яго праз тры месяцы. Суд прызначыў шэсьць гадоў агульнага рэжыму. Пэўна, Бог быў на ягоным баку. Немец выжыў. Ён мог моргаць вачыма, мыкаць i прымаць ежу з матчынай рукi...

Адзiнае, што для мяне засталося няясным — цi зьдзейсьнiў бы герой задуманае, калi б Немец быў узбэкам цi грузiнам? Цi дасягнула б нянавiсьць таго накалу, якi безразважна ўзьняў руку на крыўдзiцеля-адзiнакрэўнiка? Ня ведаю. Магчыма, аднаго чакала б цяпер кар’ера бандыта. Другi ж насiў бы сваю злосьць па сёньняшнi дзень.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0