Віктар ШНІП

Там, дзе Іслач бруіцца...

 

Там, дзе Іслач між сосен бруіцца,
Можна выпіць і можна напіцца
І ў траве, як сабаку, сканаць,
І ніхто не зьбярэцца шукаць.

 

Радкі крыху сумнаватыя, але мае 10 дзён у Доме творчасьці «Іслач» праляцелі як адзін дзень.

***

Зь дзецьмі пайшоў пад Ракаў, дзе раней ля дарогі прыкмецілі невялічкае азярцо. Яно абнесена высокай жалезнай агароджай, але дзірак хапае. На беразе куча дзяцей. Некаторыя з чырвонымі піянэрскімі гальштукамі. Чамусьці ўспомніліся віетнамцы. Я не пасьпеў памачыць руку, як над сабой пачуў голас: «Здзесь такое дзела. Вам здзесь не палагаецца. Здзесь зона лагера». Перада мной у чорнай форме з дубінкай стаяў амонавец. Малады, зусім хлапчук. «А дзе можна?» «А вот там, на другом берегу».

***

У лесе за рэчкай — піянэрскія лягеры. Кожны вечар да паловы адзінаццатай у іх дыскатэка. Песьні кожны дзень адны і тыя ж. Расейскія. Чуеш іх і, гледзячы на сосны, адчуваеш сябе ў далёкай сібірскай тайзе, зь якой у Беларусь ніколі ня вернесься...

***

Выбраліся ў Ракаў. Магазіны ці то зачыненыя, ці то на пераўліку. Нават у шапіку не змаглі купіць газэтаў. Праўда, два магазіны працавалі — у адным гарэлка, а ў другім — хлеб. Купілі ёмістую пляшку мінэралкі «Фрост» за 87 тысяч, а ў Менску яна каштуе 105. З гэтай пляшкай вырашылі заглянуць да мастака Фэліка Янушкевіча. Адчыніла палац (іначай і нельга назваць камяніцу) маладая гаспадыня, якую я не адразу заўважыў, бо ў паўзмроку перад намі сярод пакоя (карціннай галерэі) стаяў высозны гіпсавы Адам Міцкевіч працы Валяр’яна Янушкевіча. Фэліка не было дома, але на нашы галасы прыйшоў голенькі хлопчык — ягоны сынок. Разгубленую гаспадыню мы ня сталі доўга турбаваць і пайшлі да Язэпа Янушкевіча. Хата ягоная, як амаль ва ўсіх ракаўцаў, але прыкметная — на варотах намаляваны беларускія нацыянальныя сымбалі. Сустрэў нас руды сабака. Праз хвілю на ягоны брэх выйшаў Язэп з тоўстым польска-расейскім слоўнікам. Язэпу не было асабліва калі гаварыць з намі, і мы пайшлі да майго дзядзькі Пашкі. А ён якраз у гэты дзень пасьвіў кароў у радоўцы. Мінэралку давялося піць самім.

***

Сабраліся на экскурсію ў Івенец. Селі ў невялічкі аўтобус. Адна з жанчын, агледзеўшы транспарт, сказала: «Я думала, што тут будзе «Ікарус», а на такіх я ежджу толькі на пахаваньні». Па дарозе да Івенцу праяжджалі месца, дзе два гады назад прайшоўся буран — адны пні засталіся ад вялізарнага, у некалькі кілямэтраў, кавалку лесу.

У Івенцы цэнтральная вуліца перакрытая — рамонт. Наша кіраўніца канстатавала: «Готовятся встречать Алексея Григорьевича...» «Аляксандра», — амаль хорам яе паправілі ў аўтобусе, але яна не зьбянтэжылася.

Першае, што ўбачылі ў горадзе — высокі прыгожы будынак, на чырвоным даху якога выкладзена белай чарапіцай «Жыве Беларусь». Будынак належыць прадпрыемству «Крыніца». Кажуць, што той-сёй загадваў зафарбаваць, але дах зроблены зь нейкай чарапіцы, на якой не трымаецца фарба.

Наведалі керамічную фабрыку. Зайшлі ў Дом мясьніка, дзе апошнія дзесяцігодзьдзі — музэй Жалезнага Фэлікса. Адно, што ў ім запамінаецца амаль усім і на што больш зьвяртаюць увагу экскурсанты, — чорт працы Апалінара Пупко.

***

Былі ў Ракаве на сьвяткаваньні 3 ліпеня. Мерапрыемства праходзіла ля помніка, дзе пахавана 45 салдатаў. Вэтэранаў вайны было чалавекі тры, і тыя губляліся сярод дзятвы. Казалі, што былі б і ўсе вэтэраны, калі б ім, як на Дзень Перамогі, давалі тут грошы, а так ніхто самахоць не прыйшоў.

***

Угаварылі мяне зь Людмілай на вечарыну для адпачываючых. Мы ім пачыталі вершы, расказалі пра «ЛіМ» і «Нашу Ніву». Адна з прысутных у свой час вучылася з паэтам С. Верацілам. Цяпер па-беларуску не гаворыць, але любіць беларускую паэзію. Гаварылі паўтары гадзіны, і недзе пад канец сустрэчы ў залі прагучала пытаньне, выказанае з аптымізмам у голасе: «Дык што? Беларусь жыве?»

***

Бацюшка Аляксандар з Ракаўскай царквы сам наведаў нас. Малады, гадоў пад трыццаць, не валасаты, з узнагародным бліскучым крыжам. Прагаварылі зь ім ажно тры гадзіны. Па-расейску. Мне гэта не падабалася, але маўчаў, паважаючы сьвятара. Калі сустрэча закончылася, Людміла падышла да бацюшкі зь нейкім пытаньнем. І тут высьветлілася, што бацюшка выдатна валодае беларускай мовай. А я думаў, што ў Ракаўскай царкве ўжо амаль два гады сядзіць нейкі магамэт...

***

Апошні дзень у Доме творчасьці. Купальле. З-за ракі зь піянэрскага лягеру з самай раніцы загучалі «Песьняры» зь некалькімі беларускімі песьнямі. Вечарам пайшлі да піянэраў на сьвята. Дзеці танчылі пад песьні «Палацу».

Там, дзе Іслач між сосен бруіцца,
Можна з краляй на ноч заблудзіцца,
Можна ў Доме, як вязьню, сядзець
І ў вакно, бы ў Эўропу, глядзець...

Дом творчасьці «Іслач», 27.06 — 7.07.99 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0