Яня ЖДАНОВІЧ

Трынаццатая ноч

 

Яны выйшлі на вуліцу, калі па Сьвіслачы ўжо даўно плылі агні начнога праспэкту. Час пераваліў на трэцюю гадзіну, але горад ня спаў — дыхаў і ня мог надыхацца чаканай прахалодаю. Сьляды жахлівай сьпёкі засталіся толькі ў асфальце. Цяпер па ім безупынна шапацелі колы аўтамабіляў.

«Добры вечар!» — падумала Марычка, азірнуўшыся на нэонавае зьзяньне над уваходам у рэстарацыю. Неспадзявана праседзелі зь сябрамі тут паўночы.

— Гэта што, тая самая Няміга? — перапытвала тым часам віноўніца ўрачыстасьці, жыхарка расейскага Далёкага Ўсходу.

— Тая самая, — прагучала пад націскам.

— Іншай у нас няма,— сказаў Алесь.

Другі віноўнік урачыстасьці, таксама жыхар Прымор’я, ужо зьвяртаў увагу на актуальную для кампаніі праблему. Пакуль адзначалі прыезд гасьцей, сабраліся яшчэ сябры. Транспарт не хадзіў, аўто ж было адно на цэлую тусоўку.

— Паедзем па чарзе?

— Ці лепей таксі?..

— А нам тут недалёка, мо прагуляемся?

Марычка з Алесем, не змаўляючыся, павярнулі галовы ў бок дому за царквой. І не паверылі вачам.

Ад белага храму рухаліся дзьве постаці — хлопец і дзяўчына.

Штосьці было ў постацях на тым баку страшна прыцягальнае. Што?

Дзяўчына была ў белай вясельнай сукенцы. Ветрык лёгка пагойдваў яе даўгія валасы, не пакрытыя вэлюмам, але ўпрыгожаныя белай кветкай. Хлопец таксама быў у вясельным строі. «Ніколі б не пайшла бадзяцца ў такі час на сваё вясельле!» — падумала Марычка, прыгадаўшы, як яно прайшло ў бацькоўскім доме. Адарваўшыся ад імгненнага ўспаміну, яна адчула трывогу. Муж зь сябрамі ўсё гэтак жа стаялі каля аўто. А вясельная пара ўсё ішла да іх, павольна-павольна.

У жаніха зь нявестай былі вельмі харошыя твары — напэўна, пра такія кажуць «анёльская прыгажосьць» — такія гожыя, што рабілася аж страшна.

Марычка адчула раптоўны жах, калі маладыя гэтаксама, быццам у сьне, ступілі на праезную частку.

— ... Гэй! Ужо сьпіш, Марыша? — гукнуў яе нехта.

— Хутчэй сядайце, ды едзем. Я — да Алеся на калені, — адказала яна.

Іхны сябра, душа кампаніі, ужо распавядаў анэкдот. У яго ўсё жыцьцё складалася зь нейкіх анэкдотаў.

— Во, блін! Хіба так п’юць? — рэзка перабіў душу кампаніі госьць з Прымор’я.

Усе павярнуліся.

Хлопец і дзяўчына ў вясельных уборах сунуліся праз дарогу. Нага ў нагу, запаволеныя крокі. Тыя самыя ўсьмешкі, анёльскія рысы... Тая самая адсутнасьць... Машыны спыняліся перад імі.

Жарты сьціхлі. Усе ня зводзілі вачэй зь нявесты з жаніхом. Тыя нікога й нічога не заўважалі. Белая сукенка дакранулася да бліскучага боку іншамаркі. Ніхто ў салёне не варухнуўся.

— Гасьцей паклалі спаць, а самі — у «Добры вечар». Дзівакі! — пракамэнтаваў душа кампаніі.

— Сьпёка, а незагарэлыя, — заўважыла жонка госьця з Далёкага Ўсходу.

Марычка з Алесем пераглянуліся.

А маладыя ўжо ішлі назад. Проста на іх. Вось яны кружаць вакол машыны, абыходзяць. Плаўна. Нетаропка. Ім няма куды сьпяшацца.

— Ё-маё! — шапнуў нехта.

— Не, не п’яныя, — змрочна адзначыў прыморац.

— Зачыніце вакно! — шапнула Марычка.

Шкло паехала ўгару, і маладыя гэтак жа павольна паплылі ўпрочкі, спыняючы машыны.

— Вось тут?.. — кіўнуў нетутэйшы сябра Алеся.

— Так. Іх пахавалі ў такім самым адзеньні.

***

Пасьля Нямігі прайшло 12 дзён і начэй. Гэтая ноч была трынаццатай. Якраз напярэдадні мінулай ночы неба над Менскам ізноў разразілася залевай.

Раніцай Марычка з Алесем пачулі працяг начной гісторыі. Зрэшты, тое было проста дзіўным супадзеньнем...

Жанчына, якой яны ўвечары пакінулі нянчыць свайго дзіцёнка, прачнулася сярод ночы няведама ад чаго. Раптоўна, як ад штуршка.

Жанчына таксама ня ведала, чаму хочацца на двор. Яна прайшла на кухню й расчыніла шырэй вакно. З боку Нямігі даносіўся ціхі, урачысты, узьнёслы гук. Яна стала слухаць і зразумела: гэта нечая малітва, альбо гімн, альбо сьпевы аргану. Жанчыне стала хораша на душы. Яна падумала, што ўсе храмы цяпер зачыненыя, а яна даўно не заходзіла ў храм.

Дзіцёнак спаў. Гадзіньнік паказваў пачатак на трэцюю.

... Усе, хто ў трынаццатую ноч пасьля Тройцы апынуўся бліз Нямігі, сьцьвярджаюць, што ніякіх царкоўных сьпеваў там не было. Іншыя ж кажуць, што трынаццаць — гэта лічба, зьвязаная з Паннай Марыяй. Ніхто дагэтуль ня ведае, ці прыходзіла зь нябёсаў на зямлю адна зь нявестаў Хрыста, а калі прыходзіла — як яе звалі й каго яна брала з сабою. Па-над старой Нямігай пайшла легенда, быццам нявесту звалі Дашай, і Панна Марыя паслала яе ўпэўніцца, што ейнае імя людзі не забыліся напісаць на мармуровых плітах.

Я не магла паверыць у сапраўднасьць гэтай гісторыі. Я зайшла ў пераход і пабачыла іншае, ад чаго мне стала ня менш страшна, чым Марычцы ў трынаццатую ноч пры спатканьні ці то зь людзьмі, ці то з анёламі. На адной са сьценаў былі прылепленыя тры аркушы з тэкстам на царкоўнаславянскай. На кожным ад рукі былі прыпісаныя сатанінскія знакі і тры лічбы. Тры шасьцёркі...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0