Адам ГЛЁБУС

Расейская калекцыя-2

Нататкі з «Кішэннай гісторыі культуры»

 

Расейскі розум ярчэй за ўсё выяўляецца ў глупствах...
В.Ключэўскі

 

 

Талстой

Янка Брыль – талстовец і літаратар – пісаў пра ідыятызм вясковага жыцьця. У мяне ідыятызм жыцьця на вёсцы асацыюецца хутчэй з жыцьцём Талстога, чым з жыцьцём селяніна. Васіль Восіпавіч Ключэўскі пра таго ж Талстога сказаў так: «Талстой — позьняя пародыя на старажытнарасейскага бажаволка, які соваўся гарадзкімі вуліцамі голы й не саромеўся».

 

 

Дастаеўскі

У сваіх «Словах пігмэя» Акутагава Руноскэ напісаў пра Фёдара Міхайлавіча наступнае: «Раманы Дастаеўскага поўняцца карыкатурнымі вобразамі. Праўда, большасьць зь іх прымушае маркоціцца й самога д’ябла». Японцу вобразы Дастаеўскага падаліся карыкатурнымі, насамрэч жа выродлівасьць у Дастаеўскага рэалістычная, звычайная расейская.

 

 

Рэпін

Кінэматаграфіст Нікіта Міхалкоў, разважаючы пра жывапіс, не падумаўшы, ляпнуў: творчасьць Ільлі Рэпіна такая ж папулярная ў Расеі, як творчасьць Рафаэля ў Італіі. Мяркую, сам Рэпін вельмі зьдзівіўся б такому мядзьведжаму й чыста расейскаму камплімэнту. Папулярнасьць мастакоў італійскага Адраджэньня пераўзыходзіць вядомасьць астатніх на некалькі парадкаў, і Расея, дзякаваць Богу, не вынятак з правілаў. Пэўна, з-за такіх недарэк-лісьліўцаў, як Міхалкоў, Рэпін на схіле гадоў назаўсёды пакінуў Расею й пасяліўся ў Фінляндыі — «прытулку ўбогага чухонца», як яе называў А.Пушкін. Ёсьць, праўда, і іншая, больш важкая прычына эміграцыі Ільлі Яфімавіча. Пра яе так напісаў Уладзімер Маякоўскі: «І Рэпін, і Бродзкі (меўся на ўвазе мастак, а не паэт. — А.Г.), і Ўрубель верылі толькі ў рубель». Вядома, фінскую марку тады яшчэ толькі-толькі ўвялі, але ў Расеі на той час хлеб па картачках давалі, так што Рэпін меў рацыю, калі рублёвую веру зьмяніў на марачную.

 

 

Гогаль

У Карлавых Варах я пасяліўся ў досыць прыстойным санаторыі. Пастаяльцы — людзі збольшага выхаваныя й ветлівыя. Гаспадары, чэхі, сустрэлі мяне гасьцінна. Усё цякло прыстойна, як у рамане Германа Гесэ «Курортнік». І раптам я заўважыў жанчыну з тварам гогалеўскага Сабакевіча. Давялося тры разы плюнуць церазь левае плячо, каб навалач зьнікла. Ня зьнікла. У рэстарацыі я спаткаў мужчыну з абліччам Каробачкі, які па-расейску размаўляў з казахамі. Раскормленыя да амэрыканскіх памераў казахі гаварылі на такім расейскім дыялекце, што нават Мікалай Васілевіч не аднавіў бы на паперы. Яны абгрызалі словы пад самы корань. Паступова ў кожным расейцу, казаху й немцу я пачаў шукаць рысы гогалеўскіх вобразаў і зь лёгкасьцю знаходзіў. Прычына неверагоднай лёгкасьці знайшлася таксама: у доме, дзе я пасяліўся, сам Гогаль жыў у 1845 годзе.

 

 

Баргузін

Нацыянальная палітыка Расейскай імпэрыі вызначалася выключным цынізмам. Пачытаўшы расейскія падручнікі гісторыі, можна лёгка ў гэтым пераканацца. Захопніцкія войны, на думку расейскіх настаўнікаў, вяліся выключна ў інтарэсах заваяваных народаў, якім Расея несла культуру й асьвету. Якую культуру расейскі заваёўнік мог прынесьці ў Літву ці Фінляндыю ў 1940-м, у Вугоршчыну ў 1956-м, у Чэхію ў 1968-м? Ніякай. Усё, што тычыцца нацыянальнага пытаньня, у расейскіх навучальных установах падаецца блытана, цьмяна й непраўдзіва. А таму ня раз і ня два я чуў на розных тэлевіктарынах адно і тое ж пытаньне: «Хто такі або што такое баргузін?» І расейскі чалавек «нічтоже сумяшеся» адказваў, што гэта чалавек баргузінскай нацыянальнасьці. І рэч не ў пытаньні пра вецер баргузін, які разьвявае ветразь над Байкалам. А ў адказе, які паўтараецца зь віктарыны ў віктарыну і які ёсьць заканамерным вынікам расейскай нацыянальнай палітыкі, згодна зь якой ёсьць вялікія нацыі, а ёсьць народнасьці трэцяга гатунку, пра якія й ведаць няварта.

 

 

Расейская кніга

Куды б я ні паехаў, абавязкова заходжу ў кнігарні. Гэта звычка зь дзяцінства. Добрая, скажу табе, завядзёнка. Пастаіш каля палічак з кнігамі, нешта пагартаеш, нешта пачытаеш, набудзеш. Так вось воляю лёсу й стаў я літаратарам і кнігавыдаўцом. Калі літаратар я беларускі, дык кнігавыдавец расейскі, бо выдаю кнігі на расейскай мове. І за расейскую кнігу нейкім чынам перажываю. Мяне вельмі насьцярожыў той факт, што ва ўсіх замежных крамах расейскімі кнігамі гандлююць інваліды. У віленскай «Русской книге» цябе сустрэне зморшчаны чарнагаловы карузьлік з драўляным голасам; у Празе расейскую кнігу прапануе аднарукі аматар тэалягічных дыспутаў; а ў Карлавых Варах гандляр наагул катаецца ў краме інваліднаю каляскай з кудлатым сабачкам на руках. Зрэшты, кніжная крама — прытулак ня надта прыгожых людзей. Прыгажуны й прыгажуні наведваюць усялякія іншыя крамы — аўтамабільныя, ювэлірныя, моднага адзеньня. А ў кнігарнях шукаюць прытулку людзі самотныя, рамантычныя, крышку бажаволкі.

 

 

Малевіч

Калі што й прызнаецца ў сьвеце з расейскага выяўленчага мастацтва, дык гэта авангард дзясятых — пачатку трыццатых гадоў ХХ стагодзьдзя. Палотны Кандзінскага, Татліна, Родчанкі выстаўленыя ў найлепшых галерэях сьвету. Яны бясспрэчна вартыя самага пільнага вывучэньня, найгрунтоўнейшых дасьледаваньняў і ўрачыстых шанаваньняў. Расейскі рэвалюцыйны авангард канцэнтруецца ў адной найвыбітнейшай асобе Казіміра Малевіча. Чытаючы ягоныя лісты, я знайшоў той факт, што Малевіч, пераправіўшы большасьць сваіх твораў у Нямеччыну, прасіў на прамілы Бог не вяртаць іх у Расею. Таму робіцца зразумелым, чаму найлепшы збор твораў супрэматыста Малевіча знаходзіцца ў Галяндыі. Казімір Малевіч быў празорцам. Ня верыў, што ў Расеі ўсталюецца цывілізаванае грамадзтва. Лізаблюды, што яшчэ ўчора вылізвалі партрэцікі цароў, пачалі старана вылізваць морды Ленінаў, Варашылаваў і Сталінаў. Традыцыя працягваецца: учорашнія атэісты малююць царкоўныя абразы. У адрозьненьне ад бесхрыбетных хамэлеонаў, Малевіч быў наскрозь ідэалягізаваны адной вялікай ідэяю абнаўленьня сьвету, а сьвет Расеі застаўся нязьменны — ні чорны, ні белы, ні чырвоны, а балотнага колеру.

 

 

Купрын

Расейскі бэлетрыст Аляксандар Купрын, якога ніяк не папракнеш у суб’ектыўнасьці ці нелюбові да Расеі, у нарысе «Крышку Фінляндыі» апісвае карціну ў найсапраўднейшым расейскім жанры: «Памятаю, гадоў пяць таму мне давялося зь пісьменьнікамі Буніным і Фёдаравым прыехаць на адзін дзень у Іматру. Назад мы вярталіся позна ўночы. Аб адзінаццатай цягнік спыніўся на станцыі Антрэа, і мы выйшлі перакусіць (далей Купрын апісвае фінскія прысмакі і тое, што расейскія сэрцы былі агаломшаны ежаю. — А.Г.)

А калі мы вярталіся ў вагон, нас чакала цудоўная карцінка ў сапраўды расейскім жанры.

Справа ў тым, што з намі ехалі два падрадчыкі па каменных работах. Усім вядомы гэты тып кулака зь Мішчэўскага ўезду Калускай губэрні: шырокая, сальная, скуластая чырвоная морда, рыжыя валасы, што віюцца з-пад картуза, рэдзенькая барадзёнка, лядачы погляд, вера ў Бога на пяціалтынны, гарачы патрыятызм і нянавісьць да ўсяго нерасейскага — адным словам, добра знаёмы сапраўды расейскі твар.

Трэ было паслухаць, як яны зьдзекваліся зь бедных фінаў!

— Вось дурні дык дурні. Бо такія балваны, чорт іх ведае! Ды я, калі падлічыць, на тры рублі і сем грывен зьеў у іх, у шэльмаў... (а плаціў за швэдзкі стол толькі адзін рубель з драбязой. — А.Г.) Эх, навалач! Мала іх б’юць, сукіных сыноў! Адно слова — чухонцы.

А другі падхапіў, душачыся ад сьмеху:

— А я... знарок шклянку кокнуў, а потым узяў і ў рыбіну плюнуў...

— Так іх і трэба, свалату!»

У гэтай сапраўды расейскай карціне больш за ўсё мяне засмучае тое, што апляваную рыбіну зьелі Купрын з Буніным і Фёдаравым.

 

 

Шолахаў

Выдатны нігіліст Люі-Фэрдынанд Сэлін у сваім рамане «З замку ў замак» абурыўся: «... Вось калі б я быў які-небудзь Влас... Влас Прохрохроффф... з Крыжопалю-на-Доне... Крыжопаль-на-Доне гэта вам не Курбвуа-на-Сэне!.. вось тады Нобэлеўская прэмія была б у мяне ў кішэні... Але ж я тутэйшы і навет не сэфард!.. Такія, як я, нікому не патрэбныя!.. Іх трэба зьніштажаць!.. Каб не назалялі!..» Абураўся Сэлін. І меў права, бо Шолахаў, Пастэрнак, Салжаніцын — Власы Прох-рох-рохарафы горшыя за яго, а ўзнагароды атрымалі. Варта ўдакладніць, што Барыс Пастэрнак, у сілу абставінаў, мусіў адмовіцца ад Нобэлю. А Шолахаў... Шолахаў атрымаў за грувасткі і нечытэльны роман пра Дон. Шолахаў і Ленінскую прэмію атрымаў, і Сталінскую — «яму пашанцавала нарадзіцца ў Крыжопалі».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0