Альтэрнатывы няма і ня трэба

 

Уступленьне ў Саюз Пісьменьнікаў у розныя часы ўспрымалася па-рознаму: як прызнаньне таленту або як праява канфармізму. У розныя часы стаць членам СП было складана, як колісь, і зусім проста, як сёньня. Жартуюць, што сёньня для таго, каб цябе залічылі ў беларускія пісьменьнікі, дастаткова ведаць літару «ў».

Сталы аўтар «НН» паэт Славамір Адамовіч — апошні, хто быў прыняты ў СП, літаральна месяц таму. Хоць заяву туды ён напісаў дзесяць гадоў назад. Я спытаўся ў яго, што гэтая працэдура азначае сёньня ўвогуле і для яго ў прыватнасьці?


 

Славамір Адамовіч

— Кожны, хто ўступае ў Саюз Пісьменьнікаў Беларусі сёньня, мае і свае спэцыфічныя, і агульныя для ўсіх астатніх прэтэндэнтаў на членства інтарэсы і спадзевы. Грамадзянін пэнсійнага ўзросту, які заяву ў СП накрэмзаў раней, чым свой графаманічны зборнічак тэкстаў, спадзяецца, што па сьмерці яго пахаваюць як беларускага пісьменьніка; амбіцыйны аксэлерат з гуманітарнага ліцэю спадзяецца, што членства ў СПБ дапаможа яму пралезьці ў тыя шчыліны, куды ён яшчэ не пралез з-за маладых гадоў; адстаўны палкоўнік аўганскай кампаніі, уступіўшы ў Саюз, спадзяецца хутчэй прыстроіць свае мэмуары, якія насамрэч павінен быў напісаць сяржант; ну і графаман таксама марыць пра сваё — графаманскае.

Здаецца, да 1998 году ўступленьне ў СПБ давала трывалую надзею на больш-менш хуткае атрыманьне казённай кватэры ў Менску. Як сьведчыць тэлефонны даведнік гэтага году, выдадзены мне незадоўга да майго ўласнага ўваходжаньня ў беларускую пісьменьніцкую арганізацыю, апошнімі, хто пасьпеў атрымаць сталічныя кватэры ў доме №117 на вул. Слабадзкой, сталі 12 сяброў СП.

Асабіста я першую рэкамэндацыю ў Саюз здабыў у 1990 годзе — ад колішняга дэкана філялягічнага факультэту БДУ Алега Лойкі. А вось гістарычны момант напісаньня заявы з памяці сьцёрся. Такім чынам, ужо дзясятак гадоў таму Адамовіч быў ня супраць таго, каб стаць паўнапраўным сябрам адной са старэйшых творчых арганізацыяў Беларусі. Праўда, было жаданьне прыйсьці ў СП не з пустымі рукамі, ня з кніжачкай вершаваных дрындушак, а з больш важкім літаратурным даробкам. Думалася, што галоўнае — пісаць, пісаць добра і яшчэ лепш. А калі зьявіцца якасны прадукт, дык сябры СПБ работу маю заўважаць, належным чынам ацэняць і, магчыма, паклічуць у сваю пісьменьніцкую грамаду. На жаль ці на шчасьце, але грамадзе было пляваць нават тады, калі я, аўтар трох паэтычных зборнічкаў, паўгода стаяў у пераходзе пад Круглай плошчай, што ў Менску, зарабляючы на жыцьцё продажам недзяржаўных пэрыёдыкаў. Сёньня, калі мая біяграфія ўжо напоўненая неверагоднай для сучаснага беларускага пісьменьніка фактурай, мяне нарэшце прынялі. Прынялі ў пару ўсеагульнага беларускага крызысу, літаральна празь некалькі дзён пасьля ад’езду ў Польшчу старшыні СПБ паэта Ўладзімера Някляева і напярэдадні 20 ліпеня. Гэта азначае, што нават атрымаўшы пісьменьніцкі білет пад №578, расслабіцца я не патрапляю. Больш за тое, калі сёньня мяне зноў ня сьцягне ў палітыка-патрыятычныя практыкаваньні, дык ужо восеньню, прыхапіўшы з сабою новенькую «ксіву» і шосты зборнік вершаў, я пастараюся выехаць у ЗША, каб зарабіць там на кватэру ў нармальным, не «прэзыдэнцкім» доме ў цэнтры Менску. Зрэшты, маё ўступленьне ў Саюз Пісьменьнікаў — гэта яшчэ адна прадуманая правакацыя. Каб ня ўмёрлі.

Гутарыў С.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0