100 твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

 

Юры Герасіменка.
Партрэт Якуба Коласа

 

Сярод вялізнае коласавіны ў нашым мастацтве ёсьць некалькі рэчаў, што вартыя ўвагі менавіта мастацкімі вартасьцямі. Сярод іх — рыціна Юр’я Герасіменкі «Партрэт Якуба Коласа».

Першае, што прыйдзе ў галаву чалавеку, які вывучаў Коласа ў савецкай школьнай праграме — гэта поўная неадпаведнасьць гэтага вобразу той паліраванай постаці, якой беларусы былі прывучаныя ўспрымаць паэта. Таму мы мусім прымаць гэты твор як жарт. Як дыялёг зь «дзядзькам Якубам», з жывым чалавекам, чыя папулярнасьць у БССР не магла параўнацца ні з чым.

А любы іншы чалавек, не знаёмы з вобразам клясыка, зразумее, што гэта партрэт мысьляра й літаратара. На што беспамылкова паказваюць і хатняя абстаноўка, і пісьменьніцкія атрыбуты на стале.

Нескладаная кампазыцыя моцна здынамізаваная пералікам розных ракурсаў. Галава Коласа — у строгі профіль, крэсла — амаль выгляд зьверху, а ногі, у славутых коласаўскіх «бацінках», ледзь не зьвісаюць з рамкі. Складаецца ўражаньне, што Колас гушкаецца на крэсьле.

Сама штрыхавая манера ў гэтым афорце незвычайная — лёгкая, эскізная, імпрэсіяністычная. Штрыхі пакладзеныя ў розныя бакі, простыя й кругавыя, кожны адпаведны той фактуры, якую ён выяўляе: пляцёнка крэсла, складкі кашулі ды трэсачкі й шчылінкі ў дрэве... Эмацыйная манера лучыць твор з графікай 20-х гадоў. Напрыклад, Філіповіча ці Сеўрука.

Неяк мастацтвазнаўца Віктар Шматаў заўважыў, што «Партрэт Якуба Коласа» адлюстраваны як бы праз калярытныя вобразы твораў пісьменьніка зь іх яркімі народнымі характарамі, прастатой, пачуцьцём добразычлівага гумару. Гэта адзін з самых арыгінальных, самабытных партрэтаў у сучаснай беларускай графіцы». І праўда, гледзячы на гэты калярытны тыпаж, як не згадаць герояў «Новае зямлі» ці «На ростанях». Аднак, перадусім на партрэце — сам Колас. Ня той, які «народны пісьменьнік, акадэмік, член прэзідыюму», а просты разумны дзядзька, зь няпростым пакручастым лёсам і зь цяжарам досьведу, які вядзе дыялёг сам з сабою, узіраючыся найперш у самога сябе.

 

Давай пагамонім, Якубе, з табою.
Ну што ж? Не пярэчу. Аб чым?
Аб тым, як мы ціхенька пойдзем з кульбою
Насустрач дзянькам веснавым...

...Мы трошкі з табой пасумуем, вядома,
Што скарб наш уплыў дарагі,
Што мы ўжо ня знойдзем мастка і парома
З старэцкай прабрацца смугі.

 

У тыя часы, калі быў створаны гэты афорт, у 1972 годзе, Юры Герасіменка быў яшчэ студэнтам. Мо таму ў гэтым творы, пазбаўленым патэтыкі, кленчаньня перад вобразам выбітнага паэта і адчулася, можа самае істотнае, што гэтак вабіць у асобе Коласа — ягоная натуральнасьць. Калі б студэнт Герасіменка задумаўся, напрыклад, пра паэта ці пра чалавека ў сваім палацыку ў двары Акадэміі навук, выйшла б штосьці іншае. А таму вобраз Коласа застаўся невычарпальным...

Жывучы пазьней у Маладэчне, Юры Герасіменка яшчэ ня раз зьвяртаўся да творчасьці Коласа. Дастаткова згадаць ягоныя «Поры году», задуманыя як ілюстрацыі да «Новай зямлі». Аднак «Колас», можа дзеля ягонае гарэзьлівае лёгкасьці, якую мог сабе дазволіць студэнт, гэтак і застаўся адзіным у сваім жанры...

Гэты партрэт пазьней ня надта афішавалі, ён не «ўсплываў» на ўрачыстасьцях да стогадовага юбілею паэта, не патрапіў у энцыкляпэдыі. І нават сам мастак не згадаў яго ў біяграфічнам даведніку «Беларускі Саюз мастакоў». На жаль. Аднак, праўдаю застаецца тое, што гэта — самы цікавы й жывы вобраз Якуба Коласа, не пераўзыдзены й да сёньня...

Сяргей Харэўскі


 

Юры Герасіменка (Герасіменка-Жызьнеўскі) (1948, Даўгінава, Меншчына — 1997, Маладэчна) графік, пэдагог. Сконічыў у 1977 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1977 да 1997 выкладаў у студыі выяўленчага мастацтва ў Маладэчне. Ілюстраваў кнігі Коласа, Віткі, Зуёнка і «Знак бяды» Быкава. Узнагароджаны за афармленьне кніжак дыплёмам імя Скарыны.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0