Мікола РАБЧУК 

Вывучэньне Фукідыда ў Каліфорніі, або Чаму мы ва Ўсходняй Эўропе такія бедныя, калі такія разумныя?

 

Нядаўна ў «Herald Tribune» прафэсар Гансан распавёў зварушлівую гісторыю пра «выкладаньне Фукідыда ў Каліфорніі». Зварушлівасьць гэтай гісторыі мае прычынаю тое, што ў ёй ідзецца не пра якую высакалобую і супэрпрэстыжную навучальную ўстанову кшталту Бэрклі ці Стэнфарду, а пра звычайны дзяржаўны, дакладней стэйтавы, фінансаваны штатам Каліфарнійскі ўнівэрсытэт, адна зь філіяў якога разьмяшчаецца ў правінцыйным мястэчку Фрэсна сярод сельскагаспадарчых палеткаў недзе на паўдарозе між Лос-Анджэлесам і Сан-Францыскам.

У прафэсара Гансана не было ніякіх падставаў спадзявацца, што Фукідыдава «Гісторыя Пэляпанэскай вайны» між спартанцамі ды афінянамі, якая адбылася ў V ст. да н.э., выкліча жывую цікавасьць у сёньняшніх студэнтаў. «Большасьць зь іх — дзеці фэрмэраў і рабочай галоты, ня надта падрыхтаваныя да навучаньня ў каледжах. Мала хто зь іх ведае Клеона — афінскага дэмагога, затое ўсе ведаюць Клеона як пэрсанажа «Зорных войнаў»...

Пацьвярджаю: пару гадоў таму я працаваў у падобным унівэрсытэце, праслаўленым вынаходзтвам бэтонамяшалкі ды штучнага апладненьня кароваў, і прыгадваю мёртвую цішу, якая шторазу западала ў аўдыторыі, калі трэ было адказаць, хто такі Гогаль, ці Гётэ, ці Фаўст, ці, бадай, што такое барока. Студэнты пісалі мне на іспыце, што сёньняшняя Ўкраіна мяжуе на захадзе з Аўстра-Вугоршчынай, на поўдні — зь Літвой, а на поўначы — зь Югаславіяй. Імёны «Леанід Краўчук» і «Леанід Кучма» яны ідэнтыфікавалі як «украінскія гетманы XVI ст.» або, яшчэ лепш, «украінскія дысыдэнты з пакаленьня шасьцідзясятнікаў, якія змагаліся проці русіфікацыі й былі высланыя ў ГУЛАГ». І я ня мог паставіць ім двойку, бо ж яны нешта чулі пра Літву, Югаславію і нават Аўстра-Вугоршчыну. Больш таго — пра гетманаў, дысыдэнтаў-шасьцідзясятнікаў, русіфікацыю й ГУЛАГ!...

Прачытаўшы неяк у «New York Times» рэпартаж іхнага маскоўскага карэспандэнта (прафэсійнага русіста, выпускніка прэстыжнага ўнівэрсытэту), які некалькі разоў у тэксьце згадваў п’есу Гогаля «На дне» (sic!), я ня вытрымаў і падзяліўся шматмесячнымі ўражаньнямі з калегам-палітолягам, які здаваўся мне калі не зусім цынічным, дык прынамсі дастаткова скептычным наконт American Way of Life. Я, падобна, недаацаніў ягонага амэрыканскага патрыятызму або, наадварот, пэўнага цынізму. «Окей, — сказаў ён велікадушна, — можа, ты й маеш рацыю. Але калі вы там, ва Ўсходняй Эўропе, усе такія разумныя, дык чаму вы такія бедныя?»

Я шмат чаго мог бы яму сказаць, але паколькі сам не люблю надрыўных нацыянальных плаканьняў з нагоды «неспрыяльных гістарычных абставінаў», «падступных суседзяў» ды «бяздарнага кіраўніцтва», якое ўвесь час «не туды» паказвае булавой і ніяк ня можа між сабой «дамовіцца» ды «аб’яднацца», — я пракаўтнуў падкінутую горкую пігулку, не разжоўваючы.

Праз два гады прафэсар Гансан нечакана адказаў сваім артыкулам на пытаньне, якое мучыць, мабыць, не аднаго мяне і якое вось ужо два стагодзьдзі штурхае шмат каго з украінцаў да прастадушных аргумэнтаў кшталту: «а затое ў нас духоўнасьць вышэйшая», або: «а затое ў нас песьні найлепшыя». Прафэсар Гансан нагадаў, як яны вывучалі Фукідыда ў прэстыжным Стэнфардзе, ужываючы вытанчаныя мэтады структурнага, псыхалягічнага, лінгвістычнага ды іншага аналізу, і заўважыў, што падыход ягоных студэнтаў у правінцыйным Фрэсна да Фукідыда падабаецца яму нашмат больш.

«Оў, ес, — захоплена пераказваў ён рэпліку аднаго з студэнтаў, — можа, ён і прыплёў нешта. А што ж вы хацелі? Фукідыда з рэпартэрскім магнітафонам?» — «Магу паспрачацца, — цытуе ён іншага студэнта, размаляванага з ног да галавы татуяваньнямі ды шнарамі, — гэты чувак, мусіць, не аднаго ўласнымі рукамі кокнуў, раз так клёва ўсё апісвае» (гаворка пра Фукідыдава апісаньне пагрому, учыненага афінянамі ў Дэльфах).

«Калі мы хочам зьберагчы жывымі ідэі старажытнай Грэцыі, — патэтычна абвяшчае далей прафэсар Гансан, — мы мусім ажывіць эліністычны дух. Гэты дух — можа, ужо страчаны ў прэстыжных унівэрсытэтах — жыве, выяўляецца сярод студэнтаў, якія ўдзень працуюць у «Макдональдзах», а ўвечары наведваюць лекцыі, і якія, захопленыя крывёю й целам Фукідыдавай прозы, пачынаюць па-сапраўднаму цаніць ягоную магутную думку. Яны прымаюць яго як свайго крутога чувака, які паказвае, што іх звычайны паўсядзённы жыцьцёвы досьвед — гэты досьвед унівэрсальны, падпарадкаваны вечным абстрактным формулам... Ён паказвае студэнтам розных расаў і клясаў, што мы ўсе нашмат больш падобныя адзін да аднаго, чым нам здаецца. І прапануе ўсім нам мудры погляд на сёньняшні дзень, робячы перажываньне навакольнага жыцьця менш балесным.».

Гансан аказаўся больш рамантычным, чым Фукідыд: ён трохі просталінейна процістаўляе свой правінцыйны каледж прэстыжным унівэрсытэтам, сваіх праставатых студэнтаў-вячэрнікаў — высакалобым інтэлектуалам, забываючы, што Амэрыка моцная якраз тым, што ў ёй ёсьць усё, у прыватнасьці, унівэрсытэты для вундэркіндаў, дзе навучаньне каштуе 20—30 тысячаў у год (але незаможных вундэркіндаў туды бяруць бясплатна, яшчэ й стыпэндыю даюць), і сьціплыя ўнівэрсытэты, дзе год навучаньня каштуе ня больш дзьвюх тысячаў. Аднак ён між словам сказаў самае сутнаснае: краіна моцная менавіта сваёй разнастайнасьцю — кожны можа знайсьці сабе свой унівэрсытэт, свайго Фукідыда і сваё, як казаў наш мудры Скаварада, «сроднае заняцьце». Сацыяльная дынаміка дзіўным чынам суіснуе тут з інстытуцыйнай гіерархічнасьцю, тым часам як мы ніяк ня можам іх зьяднаць. Някепскія заводзкія брыгадзіры робяцца ў нас прэзыдэнтамі, старшыні калгасаў — прэм’ер-міністрамі, а дабрадушныя начальнікі жэкаў — кіраўнікамі творчых саюзаў, дыпляматычных службаў і разнастайных парлямэнцкіх камісіяў.

Як кажа прыказка — разумныя галовы, толькі дурням дасталіся. Вось жа, адкладаючы «Herald Tribune» з прафэсарам Гансанам, я сам сабе сказаў прыблізна тое самае, што й мільёны маіх суайчыньнікаў у тую самую хвіліну, гледзячы чарговую порцыю тэленавінаў: «А ўсё-ткі песьні ў нас найлепшыя!»


 

Мікола Рабчук — лідэр кіеўскага інтэлектуальнага кола, стваральнік месячніка «Крытыка», часопіса «Дух і Літара», а таксама аддзелу культуры самай саліднай украінскай газэты «День», зь якой мы й перадрукоўваем гэтае эсэ.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0