Музэі, калекцыянаваньне, зьбіральніцтва

Беларускія музэі. Гісторыя. Кроніка. Сучаснасьць. Музэйныя сшыткі. — Уклад. А.Калбаскі. Наклад 250 ас. — Менск, 1998. —132 с. ISBN 985-6138-16-7

Жанар «сшытку» няпэўны. Ёсьць «Віцебскі сшытак» — салідны навукова-папулярны (гістарычны) і мастацкі часопіс. Ёсьць «Музэйныя сшыткі» — зборнікі артыкулаў Беларускага інстытуту праблемаў культуры. Чацьверты зь іх прысьвечаны гісторыі музэяў. Аказваецца, ужо напісаныя дзьве дысэртацыі па гісторыі нашых музэяў: адна — пра зборы другой паловы XVIII — пачатку XX ст., другая — пра музэі 1971—1985 г. Гэтыя досьледы склалі аснову «Музэйнага сшытку», да чаго былі адмыслова напісаныя разьдзелы пра зьбіральніцтва са старажытных часоў, крыху гаварылася пра даваенныя беларускія музэі, далучана «Кроніка станаўленьня і разьвіцьця музэйнай справы ў Беларусі» да 1996 г. Каб яшчэ трохі натужыцца і напісаць разьдзел пра музэі ў 1945—1970 гг., была б абагульняльная манаграфія «Гісторыя музэяў Беларусі», якая даўно патрэбная і для якой назапашана безьліч матар’ялаў.

Спроба знайсьці вытокі музэйнай справы (таго ж калекцыянаваньня) завяла аўтараў у вельмі далёкае мінулае. Дзіўную ролю адыграла тэрміналягічная двухсэнсоўнасьць. Для аўтараў «Сшытку» калекцыянаваньне і зьбіральніцтва — сынонімы. Так яно і ёсьць, калі гаворка йдзе пра этымалёгію. Толькі для сучасных гісторыкаў (і ня толькі для іх) не ўсялякае зьбіральніцтва — гэта калекцыянаваньне. Археолягі зьбіральніцтвам называюць просты збор і нарыхтоўку гатовых прадуктаў ежы. Аўтары «Сшытку» ў прынцыпе з гэтым згодныя: «Пры раскопках Крывінскага тарфянікавага паселішча (ІІІ—ІІ тыс. да н.э.) выяўлены сьляды зьбіральніцтва — шкарлупіны лясных і вадзяных арэхаў, жалуды, ільняное семя, рэшткі рачных малюскаў, крышталікі рыб». Першы музэй Беларусі? «У жалезным веку працягвалася і набыла размах звычка зьбіраць, захоўваць і хаваць матар’яльныя каштоўнасьці: калекцыі каштоўных мэталяў, камянёў, манэт.» Далей пошукі вытокаў вядуць у скарбніцы полацкіх князёў, якіх ніхто ня бачыў, затое існаваньне скарбу вялікіх князёў літоўскіх засьведчана відавочцамі.

Для выкладу далейшай гісторыі музэяў падмуркам сталі манаграфіі Г.Каханоўскага і Л.Аляксеева. У «Сшытку» нічога новага да іх зьвестак не дададзена, ды й самі аўтары на гэта не разьлічвалі («спроба яшчэ раз узгадаць імёны першых зьбіральнікаў і калекцыянэраў»). Аднак пры жаданьні і ўменьні можна дадаць новых фактаў яшчэ на адну кнігу. Вось Канстанцін Радзівіл, які ў сваім Паланэчкаўскім палацы сабраў адну з самых вялікіх мастацкіх калекцыяў: карціны Бачарэлі, Лямпі, Пешкі, Рустэма, Лятура, радзівілаўскія габэлены, гравюры, мэдалі і г.д. Вядома, частка гэтага збору паходзіла зь Нясьвіжу, пасьля была вывезена ў Польшчу і зьбераглася да нашага часу. Эўзэбіюш Марыя Ян Станіслаў Лапацінскі ў маёнтку Лявонпаль на Мёршчыне зьбіраў карціны, малюнкі, гравюры, мэдалі; здаецца, таксама нешта з таго захавалася. І колькі яшчэ калекцыянэраў такога кшталту было на Беларусі. Матар’ял пра іх сабраны нястомным Раманам Афтаназы ў шматтомным выданьні «Гісторыя рэзыдэнцыі». Застаецца дастаць яго адтуль і ўвесьці ў шырокі ўжытак. Што яшчэ варта зрабіць, то гэта апрацаваць іншую польскамоўную літаратуру, бо калекцыянэр у ХІХ ст. — перш за ўсё пан-«паляк».

Дасюль у нашых выданьнях не было аніякіх зьвестак пра даваенны «польскі» Нясьвіскі музэй, які месьціўся ў гарадзкой ратушы, а там былі такія каштоўнасьці як залатыя ключы ад горада і пэргамэнныя прывілеі. Куды ўсё зьнікла, невядома. Крыўдна, што пра зьніклыя магілёўскія срэбныя ключы напісана ў нас усюды, а пра нясьвіскія — нідзе. Яшчэ раз узгаданы вядомы сыгнэт полацкага князя Ўсяслава Чарадзея, праўда, адзнака «мае сусьветнае значэньне» для такога роду фальсыфікатаў — залішні сантымэнт.

Савецкім музэям дасталося ў «Сшытку» добра. Пералічаны ўсе іх грахі, так што на Страшным судзе Пану Богу ня будзе чаго і сказаць. Верхам гістарычнага беспамяцтва названа стварэньне ў 1948 г. Кобрынскага музэю Суворава. Вялікі кавалак аб’ёму «Сшытку» займае кроніка музэйнай справы Беларусі з найдаўнейшых часоў, за якія ўважаецца ХІІ ст. (а як жа шкарлупіньне арэхаў ІІІ тыс. да н.э.?).

На жаль, кроніка складзена паводле апублікаваных тэкстаў, хоць у нетрах роднага «Сшыткам» Міністэрства культуры хаваюцца арыгінальныя дакумэнты, калі які музэй заснаваны і калі адкрыты. Асобныя зьвесткі дасюль не адшуканыя. Чаму мяжу існаваньню Нясвіскага музэю Радзівілаў аўтары кладуць на 1772 г., калі апошні раз яго рабавалі ці то ў 1939 г., ці то ў 1944 г.? Застаецца спадзявацца, што гэта былі апошнія з рабаваньняў нашых музэяў.

Было б варта таксама ўзгадаць Беларускую бібліятэку і музэй імя Ф.Скарыны ў Лёндане.

Валеры Пазьнякоў


 

Кніга пра Валер’я Маракова

Маракоў Л. Валеры Маракоў. Лёс, кроніка, кантэкст. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — 192 с. ISBN 985-6318-47-5

Кніга выйшла зусім нядаўна ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор» (Менск, 1999). Яна напісана ў жанры пашыранага летапісу жыцьця таленавітага беларускага паэта Валер’я Маракова, загубленага ў самым росквіце сіл у 30-я.

Валеры Маракоў быў паэтам з боскай ласкі. Пазнаючы яго творчы і жыцьцёвы лёс, мы пазнаем і лёсы тых двухсот пяцідзесяці рэпрэсаваных беларускіх пісьменьнікаў, якія разам зь ім закладалі падмурак сучаснай беларускай літаратуры. Толькі за 1937-ы год было расстраляна 86 беларускіх пісьменьнікаў, больш за 100 саслана на Калыму, у канцлягеры Сібіру.

Леанід Маракоў, аўтар кнігі — не гісторык, не літаратар, а радыёінжынэр і родны пляменьнік Валер’я Маракова, сын яго малодшага брата Ўладзімера. Да нядаўняга часу (так склаліся абставіны) ён, адарваны ад сям’і, і не падазраваў пра трагічны лёс і талент свайго дзядзькі. А калі пачаў глыбей знаёміцца са сваім радаводам, настолькі захапіўся, што за кароткі час здолеў сабраць усё, што датычылася творчасьці Маракова і іншых рэпрэсаваных пісьменьнікаў.

У змрочных 30-х гадах, у цяжкай, пераднавальнічнай атмасфэры, калі пачаліся арышты, прадчуваючы, што і яго не мінуць чэкісты, Валеры Маракоў пісаў горкія, трывожныя радкі: «Я стаміўся, прыціх, я ня знаю! // Недзе вецер спраўляе магільны разгул... // І так моцна, так глуха галосіць душа, // І на сэрца з трывогай кладзецца рука...»

Першы раз на Галгофу В.Маракоў узышоў у 1935 годзе (першы арышт), затым другі ў 1936-м, і прыняў свой крыж гэты мужны 28-гадовы паэт 29 кастрычніка 1937 году. Разам зь ім у гэты дзень былі расстраляныя Я.Бранштэйн, А.Вольны, П.Галавач, А.Дудар, Х.Дунец, М.Зарэцкі, В.Каваль, М.Кульбак, Ю.Лявонны, З.Півавараў, В.Сташэўскі, І.Харык, П.Хатулёў, М.Чарот, П.Шастакоў, А.Юдэльсод. 30 кастрычніка забілі Т.Кляшторнага, Я.Нёманскага, Ю.Таўбіна.

О Беларусь, ці чуеш ты, ці чуеш?
Твой лепшы сын расьпяты за цябе...

Хоць гэтыя радкі Маракоў прысьвяціў Каліноўскаму, яны маглі б стаць эпітафіяй і яму самому.

Лідзія Савік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0