Зь Беларусі за суботу й нядзелю


 

Лукашэнкаў «Форд» раструшчыў машыну

29 ліпеня Лукашэнкаў картэж, вяртаючыся з Горадні, папаў у аварыю. Бранявы «Форд» з Лукашэнкавага картэжу (спэцыяльна ўмацаваны для такіх сутыкненьняў) разрэзаў надвое машыну, што абганяла з сустрэчнай паласы; і кіроўца, і пасажыр гэтай машыны загінулі на месцы. А Лукашэнка як знаў — вяртаўся з жніва верталётам.

 

Няміга: суд будзе

Бацькі Машы Іньковай і Алеўціны Навакоўскай, дзяўчат, што загінулі ў цісканіне на Нямізе, зьвярнуліся ў суд Маскоўскага раёну Менску з зыскамі аб нанясеньні маральнае шкоды. Дзень суду вызначаць сёньня — дырэктар райсуду адмаўляецца прадставіць для разгляду справы залю, матывуючы тым, што ёсьць пільнейшыя працэсы і заля ўвесь час занятая. Наўзамен прапанавана бацькам разгледзець зыскі закрыта ў кабінэце. Але тымчасам да гэтых справаў могуць далучыцца і зыскі іншых сваякоў, чые дзеці сталі ахвярамі таго здарэньня — зь Менску, Маладэчна, Бабруйску і Сьветлагорску. Бацькі гатовыя перанесьці разгляд справы, каб ўсё адбылося па-людзку і суд быў адкрытым. Іх падтрымлівае ў гэтым праваабарончы камітэт «Вясна-96».

 

Статкевіч у астрозе

31 ліпеня прэс-служба Грамады паведаміла, што супраць ейнага лідэра Міколы Статкевіча ўзбудзілі крымінальную справу ў Менскай пракуратуры. Вядзе яе сьледчы Коранеў, а абвінавачваюць Статкевіча ў арганізацыі групавых беспарадкаў. Самога Статкевіча цяпер трымаюць у спэцпрыёмніку-распрэдзяліцелі ГУУС ад 27 ліпеня, калі Статкевіч узначаліў незалежніцкую дэманстрацыю. Тады судзьдзя Шэйко засудзіла Статкевіча на 10 дзён турмы. Паводле закону нельга чалавека за адно два разы судзіць — дзе ж у рашэньні пракуратуры праўда? Пра тыя падзеі чытайце таксама на с.4.

 

Сьмерць не перабірае й не мінае

За паўгады на Віцебшчыне загінула аж 1115 чалавек, падлічыла агенцтва «КонтурINFO». Злодзеі забілі 186, на дарогах разьбіліся 60, у пажарах згарэлі 85, патанулі 130, ад атручвання на той сьвет пайшлі 178 чалавек, у тым ліку ад атрутнай гарэлкі — 134. З-за неасьцярожнасьці на працы ў дрэва ляглі шасьцёра. Самі зрабілі сабе сьмерць 310 крывічоў. У Віцебску заўчасу сьмерць забрала 197, у Наваполацку — 83, у Воршы — 76, у Полацку — 60 жыцьцяў. Хай Бог сьцеражэ!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0