У лідэра нацыі ёсьць канкурэнт

 

VI зьезд БНФ, які прайшоў 31 ліпеня — 1 жніўня ў Менску, чарговы раз абвергнуў пашыраны стэрэатып, што ў Беларусі няма вартых увагі палітыкаў. Беспрэцэдэнтная канкурэнцыя Зянону Пазьняку на выбарах старшыні БНФ з боку Вінцука Вячоркі, хоць і скончылася нічыёй 0:0, сьведчыць пра тое, што зусім хутка на беларускай палітычнай лаўцы адбудуцца істотныя зьмены.

 

VIзьезд праходзіў пад знакам верагоднага расколу Фронту. Пра гэта пісала прэса, над гэтым, трэба думаць, працавалі і спэцслужбы рэжыму. Ад расколу засьцярог БНФ у сваім прывітальным слове Васіль Быкаў. Між тым, на зьезьдзе не выглядала, што раскол — гэта першае, што непакоіць фронтаўцаў. Відавочны застой, паразы і памылкі апошніх гадоў прывялі да фактычнага развалу кіраўніцтва Фронту яшчэ да зьезду, і зьезд мусіў гэта нейкім чынам пераварыць.

Культ безальтэрнатыўнасьці Зянона Пазьняка на пасадзе старшыні нават пры тым, што сам ён тры гады жыве ў эміграцыі, ствараўся і падтрымліваўся апошнім часам ім самым. Ён уводзіў у кіраўніцтва БНФ «сваіх» стаўленікаў, якія ніяк не спрацоўваліся са старой гвардыяй, а ўрэшце прапанаваў вывесьці з Сойму БНФ тых, хто некалі і стварыў гэты Фронт разам зь ім — в/а старшыні Лявона Баршчэўскага, намесьнікаў старшыні Юр’я Хадыку і Вінцука Вячорку ды іншых. Арганізацыя мусіла перайсьці ў рукі спадароў Папкова, Беленькага, Крыварота. Гэткім чынам у БНФ стварылася дваеўладзьдзе: жывыя намесьнікі старшыні і група ягоных стаўленікаў, кіраваная з-за мяжы. Да зьезду месца разлому паміж першымі і другімі настолькі «нагрэлася», яны настолькі па-рознаму бачылі сытуацыю і настолькі супярэчлівыя прымалі рашэньні, што болей трываць не выпадала. Старая гвардыя прапанавала пагаджальны сцэнар пры зьмене рэальнага кіраўніка Фронту. Пазьняк заявіў, што не пацерпіць калектыўнага кіраваньня і ўказаў сваім паплечнікам на дзьверы, тым самым зрабіўшы іх сваімі канкурэнтамі. З гэткімі настроямі і пачаўся чарговы зьезд.

Трэба сказаць, што харызма Пазьняка і сытуацыя ў Фронце жыва нагадваюць сытуацыю ў краіне і харызму іншага незаменнага чалавека. Харызма патрабуе безагаворачнага падпарадкаваньня і асабістай адданасьці. Але яна не патрабуе самастойна мысьліць і адказваць, шукаць і прымаць рашэньні, — наадварот. У гэтым сэнсе Пазьняк — нібы процілегласьць ад Лукашэнкі. Прыбяры першага, і загайдаецца другі. Прападзе нацяжэньне ў зьбялелых вачах. Канфлікт мэтафарычна можна было пабачыць у першыя гады перабудовы ў Беларусі, калі пачалося вяртаньне бажніцаў і калі на вузкай сьцяжыне сыходзіліся праваслаўныя ды каталіцкія вернікі з роўнымі прэтэнзіямі на адзін храм... У выступоўцаў на зьезьдзе БНФ параўнаньне адданасьці Пазьняку з рэлігійным пачуцьцём гучала ня раз.

І, нібы хочучы падтрымаць гэткае ўражаньне, прыхільнікі старшыні Фронту разьвешалі паўсюль транспаранты «Пазьняк часова ў эміграцыі, але заўсёды — лідэр нацыі». Мой знаёмы літаратар пажартаваў: словы «часова» і «заўсёды» тут можна было б памяняць месцамі. Надта ж не стасуюцца мэты багомленьня лідэра, які б ён ні быў, з патрэбаю грамадзкага руху пашыраць сваю дзейнасьць у цяперашніх умовах.

Чыста вонкава і электарат Пазьняка на зьезьдзе Фронту нагадваў электарат Лукашэнкі ў жыцьці. Прычым такое параўнаньне не закранае канкрэтнае ідэалёгіі. У Літве мне даводзілася назіраць на мітынгу прыхільнікаў кампартыі і СССР, а сьледам за імі — мітынг так званых «вязаных барэтаў» — прыхільнікаў Саюдзіса. І тыя, і тыя нібы шукалі вачыма свайго «бацьку» і гатовыя былі раздушыць любога, хто быў супраць. Гэтыя людзі, як правіла, застаюцца з сваім сымбалем веры да канца, так і ня ўмеючы прыжыцца ў зьмененым часе. Што да астатніх, якія прагнуць жыць і працаваць творча, дасягаць рэальных здабыткаў, дык іхнае расчараваньне ў «бацьку» бывае тым мацнейшым, чым больш доўгім і моцным было зачараваньне. На VI зьезьдзе БНФ заля рашуча падзялілася надвое. Пад час выступу прафэсара Хадыкі можна было пачуць з залі гістэрычнае «Ганьба!», а пад час выступу прафэсара Крукоўскага штосьці зьедлівае выкрыкваў ужо другі бок.

Сутнасна раскол апісваўся ў выступах розным бачаньнем тактычных мэтаў і розным уяўленьнем пра стыль працы ды вобраз Фронту. Прыхільнікі Пазьняка згадвалі пра будучую верасьнёўскую анэксію Беларусі і пра тое, што коней на пераправе не мяняюць. «Дык ён жа за мяжой», — заўважыў я. «Ну і што, — адказаў мне дзядзька ў гадах, — генэралу і ня трэба быць на перадавой, там мы.»

Вячорка і ягоныя прыхільнікі выступілі за пераадоленьне сэктанцтва ў Фронце, за вяртаньне руху прывабнага вобразу, за Фронт масавы, багаты, адукаваны, адкрыты да кантактаў зь іншымі арганізацыямі. Недзяржаўны сэктар, свабодныя прафсаюзы, праваабарончы рух — вось тры кіты, гатовыя ўжо сёньня скласьці базу для стварэньня такога шырокага Фронту. Кожнай радзе — нармальны офіс з аргтэхнікай і сродкамі сувязі. Адкрытасьць для СМІ, шырокія міжнародныя кантакты. Безумоўна, і вулічная барацьба. Гаварылі пра Фронт ХХІ стагодзьдзя, намякалі на тое, што ўяўленьні Пазьняка больш адпаведныя стагодзьдзю ХІХ-му. Можна было б з гэтым паспрачацца, маючы на ўвазе тую сапраўды рэальную анэксію і верагоднасьць чарговага антырасейскага паўстаньня ў духу паўстаньняў мінулага стагодзьдзя або Слуцкага збройнага чыну, калі б Пазьняк прапанаваў хоць нешта канкрэтнае рабіць у такім рамантычным рэчышчы і калі б тыя, хто падтрымлівае яго, хоць крыху выглядалі на паўстанцаў, гатовых «пайсьці ў лясы».

Але замест гэтага Зянон Пазьняк прапанаваў кворумам тых людзей, што запісаліся ў грамадзянства БНР, выбраць Грамадзянскі парлямэнт і правесьці збор подпісаў за адстаўку Лукашэнкі.

Вячорка з таварышамі запярэчылі — ёсьць прызнаны ў сьвеце Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, чыю дзейнасьць можна і трэба напоўніць рэальным зьместам. Акрамя гэтага, менш за год засталося да выбараў новага парлямэнту. Фронт з дапамогай міжнародных інстытуцыяў мусіць дабіцца, каб гэтыя выбары былі справядлівымі і адпавядалі міжнародным стандартам, узяць у іх самы актыўны ўдзел і такім чынам прыйсьці да ўлады.

Заўважу, што агульная энэргія зьезду напачатку расчаравала. Даклад Пазьняка выглядаў кампіляцыяй ягоных ранейшых артыкулаў. Нішто не абяцала агульнага разумовага штурму, так чаканага ў нашыя замутнёныя часы. Становішча зьмянілася ў часе галасаваньня пра парадак выбараў: каго раней выбіраць — старшыню ці Сойм. Зьявілася ўражаньне, што людзі, іхныя душы паступова выходзяць зь летаргічнага сну і што ўдасца пачуць штосьці новае і абяцальнае. І калі страсьці разагрэліся набела, усе гульцы дасталі свае апошнія казыры — у каго яны, вядома, былі. Усяго на пасаду старшыні былі вылучаныя сямёра: Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Зянон Пазьняк, Вячаслаў Сіўчык, Юры Хадыка і Аляксей Шыдлоўскі. Апроч Пазьняка, усе астатнія зьнялі кандыдатуры на карысьць Вячоркі. Прычым выступы кожнага былі сапраўды вартыя ўвагі. Я заслухаўся, нібы ўпершыню за многія гады пачуў праўду.

Часу хапіла толькі на гэтае галасаваньне. Вячорка набраў 152 галасы, Пазьняк 156, але ніводзін — 50 плюс 1 працэнт. Аднак не засталося ўражаньня, што галасаваньне было безвыніковым. Галоўны вынік для БНФ — Фронт не раскалоўся і цяпер ужо ведае, якім чынам засьцерагчыся ад расколу. У выпадку выбраньня Пазьняка як мінімум 50 працэнтаў удзельнікаў пакінуць арганізацыю адразу. БНФ стане таварыствам вэтэранаў адраджэньня, ня больш. У выпадку выбраньня Вячоркі Фронт можа раскалоцца толькі з волі Пазьняка, якога Вячорка з таварышамі, наадварот, уключылі ў сваю прапанову новага складу Сойму. Ня менш важны той вынік, што ў фронце цяпер ёсьць лідэр, які здольны канкураваць з Пазьняком.

Зьезд перанесены на верасень-кастрычнік.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0