Року поўны андэграўнд?

 

28 ліпеня арганізатары канцэрту «Моладзь за Беларусь» зноўку атрымалі адмову ў правядзеньні мерапрыемства ў менскім парку 50-годзьдзя Кастрычніка. Адмова за чэрвень і ліпень пятая(!) ўжо.

Усё пачалося з заяўкі на правядзеньне 19 чэрвеня на плошчы перад опэрай мітынгу і канцэрту «Моладзь супраць фашызму». Ведаючы няроўнае дыханьне кіраўнікоў рэспублікі да маладых, зарганізаваных і ідэалягічна «правільна» падкаваных брытагаловых маладзёнаў, можна толькі падазраваць, чаму тав.Чыкіну не спадабалася пляцоўка каля Опэрнага тэатру. Была прапанаваная, на яго думку, больш прыдатная для канцэрту мясьціна: цырк Шапіто, вул.Арлоўская. Голае поле зь незразумелымі пабудовамі канца першай пяцігодкі — тое месца, дзе меўся адбыцца рок-канцэрт «Моладзь супраць фашызму». Пэўне, у тых менскіх прэрыях фашысты ўжо ня водзяцца.

Працяг адбываўся з заяўкай на правядзеньне канцэрту пад той жа назвай на той жа плошчы 11 ліпеня. На дзіва, заяўка была задаволена, але зь невялікімі адступленьнямі: 1) час правядзеньня рок-канцэрту скарочаны амаль у тры разы; 2) па пытаньнях падключэньня канцэртнай апаратуры да электрычнасьці тав.Чыкін параіў зьвярнуцца ў Менгарсьвятло, якое перанакіравала заяўнікаў да кіраўніцтва Опэрнага тэатру або параіла пашукаць аўтаномныя крыніцы энэргіі; адміністрацыя тэатру, у сваю чаргу, параіла не дурыць ёй галавы: «Падключайцеся да электрычнасьці самастойна!» Пошукі прыстасаваньня для аўтаномнага сілкаваньня праходзілі праз пажарныя часьці, але станоўчы адказ быў атрыманы толькі ў адной часьці, ды й тое — у вайсковай. Генэратар працаваў бяз збояў усю раніцу і першую палову дня 11 ліпеня на пл.Парыскай камуны, покуль не прыехалі... пажарнікі (цікава ж, дзе, апроч пажарных частак, можна ўзяць генэратар); ня той кабэль, ня той генэратар, ненадзейныя людзі ля машыны — другая забарона гатовая.

Заяўка 3: месца правядзеньня — тое ж, дзень — 28 ліпеня. Тав.Чыкін зноў адсылае арганізатараў да цырку Шапіто, дзе адзін раз канцэрт зладжваць ужо адмовіліся.

Чацьвертая адмова зарэгістраваная ў Маладэчна. У лісьце з гарвыканкаму з адмовай у правядзеньні мітынгу і канцэрту, прысьвечаных 27 ліпеня, пішуць, што «ініцыятыўная група ня можа даць гарантыю забесьпячэньня правапарадку пры такім масавым мерапрыемстве, і да таго ж вы як арганізатары ня маеце дакладнай ідэі пра сцэнар правядзеньня падобных мерапрыемстваў і арыентаваныя на стыхійнасьць яго правядзеньня». Вэрсія гучыць хоць і бязглузда, але пераканаўча. Толькі адно непакоіць: чаму ў выканкаме параілі наступны раз зьвярнуцца зь ідэяй правядзеньня да прадстаўнікоў БПСМ?

Нарэшце, пятая адмова на канцэрт 1 жніўня грунтавалася на тым, што хутка рыхтуецца нарада па выніках расьсьледаваньня Нямігі, а тут якіясь незразумелыя канцэрты, ды яшчэ просяць дапамогі ў міліцыі (во нахабства!), ды яшчэ надвор’е гарачае, ды яшчэ 21 і 27 непарадкі ў горадзе былі, ды яшчэ гурты-удзельнікі беларускамоўныя. Карацей, як бы чаво проціў легіцімнасьці не саарудзілі.

Фактычна, беларускі рок забараняюць. Будзе андэграўнд? Будзе андэграўнд.

БМА


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0