Успаміны пра шклоўскую раёнку

 

Паўлава В. Шклоўскія страсьці. Масква. «Полином», 1999. 128 с. ISBN 5-87081-002-3

Былая шклоўская журналістка Вольга Паўлава да заканчэньня прэзыдэнцтва свайго земляка выдала мастацка-дакумэнтальную кнігу ўспамінаў пра ўласную працу ў мясцовай раёнцы. Зрэшты, твор прысьвечаны ня столькі журналісцкай працы, колькі асобе і прыватнаму жыцьцю першага прэзыдэнта РБ. Ня ведаю, ці спадабаецца галоўнаму герою гэты твор, я ж праглынуў яго літаральна за пару гадзiнаў, што называецца, на адным дыханьнi.

Хоць назва мяне спачатку крыху напалохала — нiколi не любiў чытва пра закулiснае жыцьцё моцных гэтага сьвету. Нi былых, нi сёньняшнiх. Пабачыўшы назву, нават хмыкнуў — ну вось, «лукашэнкiяна» паболела на адзін твор: у дадатак да кiнэматаграфiчнага зьявіўся й лiтаратурны. Але зь першых старонак я ўцягнуўся ў гісторыю жаночага захапленьня й расчараваньня.

Напiсаная яна ў форме дакумэнтальных занатовак, багатаю на эмоцыi ды пачуцьцi моваю. Умела складзеная зь невялiкiх аповедаў-карцiнак, што з кранiкальнай дакладнасьцю вяртаюць чытача ва ўсходнебеларускае мястэчка пачатку й сярэдзiны 90-х. Дзе аднойчы, мала вядомы ў краіне, але добра вядомы на Шклоўшчыне дырэктар саўгасу «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка «пабiў мясцовага трактарыста Васiля Бандарукова па мянушцы Муркiн. Дзе малады мiлiцыянт Уладзiмер Канаплёў «палiчыў за лепшае разьвiтацца зь мiлiцэйскай формай i перайсьцi працаваць выкладчыкам у спэцшколу». Дзе дырэктар дзiцячага садка вёскi Рыжкавiчы Галiна Радзiвонаўна (Лукашэнка — калі хто ня ведае) увечары дапамагае адзiнай выхавацельцы i не дае разводу гуляку-мужу. Дзе вядомыя нам героi яшчэ жывуць сваiмi няхiтрымi клопатамi i мала хто думае пра дзень заўтрашнi. Дзень, якi крута зьменiць спачатку iх жыцьцё, затым жыцьцё ўсёй краiны. Дзе з суплёту чалавечай подласьцi, баязьлiвасьцi ды дурасьцi местачковага маштабу няўмольна паўстаюць абрысы «фэномэну Лукашэнкi». I дзе галоўны герой аповеду — зусiм не галоўны, а такi ж самы, дробны i ўбогi статыст, зьбегам акалічнасьцяў выкiнуты на авансцэну. I ягоная незайздросная роля, здаецца, пачынае ўжо палохаць не яго аднаго.

Дзiўна — пад час чытаньня мяне чамусьцi не пакiдала адчуваньне, што галоўныя героi гэтае кнiжкi так i не пакiнулi свайго месца дзеяньня — гораду Шклову. Быццам сёньня ня iхнымi галасамi гавораць нашыя радыё i тэлебачаньне. Можа, гэта ад таго, што лёс пэрсанажаў лёгка ўгадваецца ў яшчэ не напiсаных разьдзелах з заведама сумным эпiлёгам?

Зьмiцер Бартосiк


 

«ARCHE» пра вайну

 

Новы нумар часопіса «ARCHE» піша пра вайну. Найперш мы хацелі рэканструяваць «настрой часу». Мы адшуквалі тэксты, якіх ня ведаем, пра вайну, якой таксама ня ведаем — бо яе нам засланіў міт пра яе. Тэксты пра забабонныя думкі. Пра нацыянальныя ілюзіі людзей, якім выпала паспытаць чарговага чужынскага парадку. Пра закулісныя хаўрусы. Пра авантурныя ідэі. Пра імпэтныя прысяганьні. Пра кроў і варагоў, і сваіх — на вайне заўжды, як на вайне. Пра вайну, якая загасіла апошнія ілюзіі для Беларусі, канчаткова пакінуўшы яе на Ўсходзе... Зьбіваючы заржавелыя замкі накінутых абмежаваньняў, мы ўзнаўляем факты і дапаўняем палітру. Мы шукаем спод тэмы, блізкай кожнаму з маленства — вялікая айчынная вайна.

Юрась Бушлякоў

Сярод тэкстаў нумару: «Трывога» С.Юстапчыка (Антона Адамовіча), «Зь дзёньніка Ів.Ів.Чужанінава» Л.Крывічаніна (Л.Савёнка), «Страшны год» Юр.Монвіда (Ф.Аляхновіча), «Вацлаў Іваноўскі і беларускае адраджэньне» Юр’я Туронка, успаміны беларускага гісторыка Ўладзімера Ісаенкі, які перажыў штурм Бэрліну ў самым цэнтры нямецкай сталіцы, апавяданьні Вячаслава Адамчыка «Леанарда» і Валеркі Булгакава «Правільны выбар», прыпавесьць альбанскага пісьменьніка Ісмаіла Кадарэ «Плач па Косаве» і артыкул «Расейскія прэтэнзіі на рускую спадчыну» прафэсара Гарвардзкага ўнівэрсытэту Эдварда Кінана ў рубрыцы «Гуманістыка», лірыка Чэслава Мілаша, Зьмітра Саўкі і Андрэя Хадановіча, эсэ Цьветана Тодарава.

Даведацца можна праз тэл.: 257 48 69 або 249 08 88.
Пытайцеся у кнігарнях і кіёсках «Белсаюздруку».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0