У Наваградку зруйнавалі помнік XIII ст.

 

Днямі, прыехаўшы ў Наваградак, я пайшоў старога помніка, каб зрабіць новыя фотаздымкі для сваёй калекцыі. Але помніка на месцы не было. Адно грувасьцілася вялікая гурба камянёў і цэглы-пальчаткі. Тутэйшыя людзі расказалі, што нехта ўзяўся даводзіць будынак да ладу. Гэты чалавек прыгнаў тры пажарныя машыны, якія палівалі помнік вадой — мабыць, адмываючы яго ад пылу і сьмецьця. Старая цагляная кладка добра набрыняла вадой, і помнік нечакана абваліўся — імгненна, праз хвіліну, як тры работнікі выйшлі зь вежы на перакур.

На ўгодкі Міцкевіча столькі грошай ўбабурылі на плітку, ліхтары й клюмбачкі ў цэнтры Наваградку, але ніхто не паклапаціўся пра сапраўдны помнік. А гэта ж быў самы стары помнік Наваградка, які набыў сваю сучасную форму пад канец XV ст., калі старую абарончую вежу Малога замку перабудавалі і паднавілі. Даўнейшая ж вежа была квадратнаю ў пляне і яе ўзьвялі на зломе XIII i XIV ст.

Пад час Паўночнае вайны вежу падпалілі швэды. У часе расейскай акупацыі, у 30-я гады ХІХ ст., яе прыстасавалі пад вялікі млын-вятрак, які добра бачны на старых здымках места. Па вайне помнік ніяк не выкарыстоўвалі. І вось пры канцы ліпеня 1999 году помнік проста змылі зь зямлі.

Зьміцер Вайцаховіч


 

Ад рэдакцыі

Зруйнаваны помнік — адзіная вежа наваградзкіх замкаў, што амаль цалкам захавалася да нашых дзён. Яна ўваходзіла ў комплекс Малога замку, які ляжаў крыху ніжэй ад Верхняга замку на дзядзінцы, там, дзе сёньня хаціны й гародчыкі. Малы замак паставілі яшчэ ў ХІ ст., каб бараніць пасад. Пры канцы ХІІІ ст. у замку зрабілі браму з камянёў. Брама-вежа была адзіным мураваным умацаваньнем Малога замку. У ХVІ ст. яна, ацалеўшы пасьля крыжацкіх ды крымскіх наездаў, мела ўжо чатыры васьмігранныя паверхі. Гэткім чынам, ідзецца пра зьнікненьне аднаго з самых старажытных здабыткаў нашага дойлідзтва. Вежа Малога замку была равесьніцай Камянецкае вежы й Калоскае царквы...

Спэц. кар. «НН» Севярын Квяткоўскі высьветліў, што ініцыяваў рэканструкцыю вежы сп.Пятро Сільвановіч, родам зь вёскі Асташына, што пад Наваградкам. Доўгі час ён працаваў у Расеі на Поўначы. У 90-х Сільвановіч зарэкамэндаваў сябе мэцэнатам і падзьвіжнікам. Стварыў у Наваградку гатэльчык, вымасьціў дарогу ў Асташына, аднавіў рыбныя сажалкі, фундаваў сьвяткаваньне Купальля і Калядаў. Але галоўнай марай Сільвановіча было стварыць у колішняй надбрамнай вежы вятрак, а таксама млынарскія майстроўні і музэй млынарства (вежу выкарыстоўваў мясцовы гаспадар пад дрывотню)...

Пятро Сільвановіч атрымаў распрацаваны архітэктарамі праект і з дазволу мясцовай улады пачаў працу...

Сёньня ён шукае грошы на адбудову вежы. Магчыма, аднаўленьне надбрамнае вежы Малога замку, а не ветрака, пад які ў ХІХ ст. яе прыстасавалі, стане пачаткам аднаўленьня нашай старажытнай сталіцы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0